Хто такія палітычныя вязні?

У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Хто такія палітычныя вязні?

Палітычная(ы) зняволеная(ы) – гэта статус, які сведчыць аб палітычным крымінальным пераследзе чалавека за рэалізацыю правоў і свабод. Такім статусам надзяляе чалавека кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый паводле прынятых правілаў міжнароднай праваабарончай супольнасці.

Таксама вы маглі чуць пра статус «вязня сумлення», якім надзяляе міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International актывістак(аў), журналістак(аў), праваабаронцаў і іншых асоб, якія з прычыны сваёй мірнай дзейнасці ў абарону правоў чалавека апынуліся ў зняволенні. Важна, што гэтым статусам надзяляюць асобаў, якія не ўчынялі агульнакрымінальных злачынстваў, не прымянялі гвалту і не заклікалі да яго.

Amnesty International адносіць да вязняў сумлення таксама тых, хто пазбаўлены волі не за погляды, а праз паходжанне, рэлігію і і т.п., і наадварот, не прызнае вязнямі сумлення тых, хто прапаведуе расавую, рэлігійную варожасць і інш.

Згодна з падыходам кааліцыі беларускіх праваабарончых арганізацый палітычная(ы) зняволеная(ы) – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. пазбаўленне волі было прымененае выключна праз яе (яго) палітычныя, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. пазбаўленне волі было прымененае выключна праз негвалтоўную дзейнасць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
  3. пазбаўленне волі было прымененае выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча або іншых прыкметах альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

 

Палітычнай(ым) зняволенай(ым) таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе (яго) пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. пазбаўленне волі было прымененае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. пазбаўленне волі было заснаванае на фальсіфікацыі доказаў інкрымінаванага правапарушэння (злачынства), або пры адсутнасці падзеі альбо складу правапарушэння (злачынства), або яго ўчыненні іншай асобай;
  3. працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню (злачынству), у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца або была прызнаная вінаватай;
  4. асоба пазбаўлена волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

 Хто не будзе прызнаны палітвязняволенай(ым)

Нават пры наяўнасці фактараў, прыведзеных вышэй, палітычнай(ым) зняволенай(ым) не прызнаецца асоба, якая:

  1. здзейсніла гвалтоўнае правапарушэнне супраць асобы, за выключэннем выпадкаў неабходнай абароны або крайняй неабходнасці;
  2. здзейсніла злачынства супраць асобы або маёмасці на глебе нянавісці або заклікала да гвалтоўных дзеянняў па нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай ці іншых прыкметах.

Палітычнай(ым) зняволенай(ым) таксама не прызнаецца асоба, чые гвалтоўныя дзеянні накіраваныя на скасаванне правоў і свабод, якія гарантуюцца Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, альбо на іх абмежаванне ў большай меры, чым гэта прадугледжваецца гэтымі дамовамі.

    Дадаткова:

  • чалавек, якой(му) прызначана пакаранне, напрыклад у выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу;
  • чалавек, якая(і) вымушаная(ы) хавацца за мяжой ад пераследу;
  • чалавек, якой(му) прызначана мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

 

Поўная версія Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны 

зняволены» ад Праваабарончага цэнтру «Вясна».

 

Акрамя гэтага падыходу таксама ёсць падыход праваабарончай кааліцыі з ініцыятывай Dissident.by, якая разам з іншымі арганізацыямі (54 ініцыятывы) выступае за пашырэнне крытэрыяў аб прызнанні палітзняволенай(ым). Яны падрыхтавалі сумесную заяву. Арганізацыі прапануюць выкарыстоўваць як рэкамендацыі, крытэрыі ПАРЕ, лабіруюць гнуткі праваабарончы падыход, заклікаюць не ацэньваць тактыкі пратэсту і супраціву рэжыму, а ставіцца як да асабістага выбару кожнага чалавека, звяртаюць увагу на несправядлівыя і бесчалавечныя ўмовы пераследу (процізаконнасць, гвалт, катаванні ў момант затрымання і пры зняволенні).

 

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...