У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Хто прысвойвае статус палітзняволенай(га)?
- Што трэба для прысваення статусу?
- Што патрэбна для выдалення са спісу палітвязняў?
Хто прысвойвае статус палітзняволенай(ага)?
У Беларусі статус палітзняволенай(га) прысвойваецца людзям, якія былі затрыманыя ці зняволеныя па палітычных матывах, у тым ліку за ўдзел у мірных пратэстах, крытыку дзеючых уладаў ці выказванне сваіх перакананняў.
Статус палітзняволенай(ага) можа быць прысвоены арганізацыямі па абароне правоў чалавека, такімі як Праваабарончы цэнтр «Вясна», Dissidentby, а таксама іншымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.
Што трэба для прысваення статусу?
Згодна з падыходам праваабарончай кааліцыі статус палітычнай(га) зняволенай(га) надаецца на падставе рашэння гэтай кааліцыі. Гэта значыць, некалькі арганізацый збіраюць інфармацыю пра чалавека і яго справу, разглядаюць і прымаюць рашэнне аб прысваенні статусу. Кожны чалавек і кожная справа разглядаюцца індывідуальна. Рашэнне аб прызнанні публікуе Праваабарончы цэнтр «Вясна», на сайце якога таксама ёсць спіс, і іншыя арганізацыі.
Згодна з падыходам альтэрнатыўнай кааліцыі ініцыятыў чалавеку надаецца статус палітычнай(га) зняволенай(га), калі актывіст(к)ам становіцца вядома аб зняволенні па палітычных матывах, незалежна ад артыкула Крымінальнага кодэкса. Такі спіс адрозніваецца прыкладна на 200 чалавек. Поўны спіс можна паглядзець на сайце Dissidentby.
Мы падтрымліваем падыход праваабарончай кааліцыі з ініцыятывай Dissident.by, якая разам з іншымі арганізацыямі (54 ініцыятывы) выступае за пашырэнне крытэрыяў аб прызнанні палітзняволенай(ым). Яны падрыхтавалі сумесную заяву. Арганізацыі прапануюць выкарыстоўваць як рэкамендацыі крытэрыі ПАРЕ, лабіруюць гнуткі праваабарончы падыход, заклікаюць не ацэньваць тактыкі пратэсту і супраціву рэжыму, а ставіцца як да асабістага выбару кожнай(га) чалавека, звяртаюць увагу на несправядлівыя і бесчалавечныя ўмовы пераследу (процізаконнасць, гвалт, катаванні ў момант затрымання і пры зняволенні).
Для прысваення статусу палітычнай(га) зняволенай(га) арганізацыя павінна прааналізаваць факты затрымання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці, каб пераканацца ў палітычным матыве пазбаўлення волі.
Калі вы лічыце, што блізкі чалавек быў затрыманая(ы)/зняволеная(ы) па палітычных матывах, вы можаце звярнуцца ў адну з такіх арганізацый і папрасіць дапамогі ў наданні статусу палітзняволенай(га):
Пры звароце ў вас удакладняць інфармацыю аб справе і запытаюць дакументы, каб усталяваць факты крымінальнай справы і пераканацца ў наяўнасці палітычнага пераследу. Не палохайцеся, гэта стандартная працэдура верыфікацыі і аналізу фактаў.
Адзначым, што па гэтых кантактах вы таксама зможаце атрымаць юрыдычную і іншую дапамогу па вашым выпадку, а таксама па вашым жаданні разам пачаць адвакатыўную кампанію салідарнасці.
Важна адзначыць, што статус палітзняволенай(ага) можа быць усталяваны толькі на падставе доказаў і абгрунтаваных фактаў. Гэта можа заняць некаторы час і запатрабаваць правядзення дадатковых расследаванняў, аналізу юрыдычных дакументаў і іншых матэрыялаў.
Варта ведаць, што Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, таму паклапаціцеся пра бяспеку пасля звароту ў арганізацыю (пачысціце перапіску, выдаліце гісторыю).
Што дае знаходжанне ў спісе палітвязняў?
- Безумоўнае пацвярджэнне невінаватасці і неабгрунтаванага крымінальнага пераследу, поўная рэабілітацыя паводле Канцэпцыі кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму А. Лукашэнкі, і недапушчэння паўтарэння сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, якую распрацаваў Офіс Святланы Ціханоўскай.
- Міжнародная ўвага і ціск праз адвакатыўныя дзеянні. Калі чалавек унесена(ы) ў спіс палітвязняў, гэта можа прыцягнуць увагу міжнародных праваабарончых арганізацый і грамадскасці да яго сітуацыі. Гэта дапамагае міжнароднаму ціску на Беларусь і паказвае, што барацьба беларусак(аў) за свабоду і незалежнасць працягваецца.
- Спрашчэнне наступных магчымых працэсаў легалізацыі, атрыманне рознай дапамогі, у тым ліку рэабілітацыю, і ўсталяванне справядлівасці. Заяву аб прызнанні палітычнай(ым) зняволенай(ым) можна прыкладаць да справы з прашэннем, напрыклад, статусу ўцякачкі(ча) або пры атрыманні гуманітарнай візы. Таксама разам са сведчаннямі дакументавання катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання магчыма праца па аднаўленні справядлівасці і прыцягненні да адказнасці вінаватых у межах універсальнай юрысдыкцыі і іншых механізмаў.
- Прамая падтрымка палітзняволенай(ага) і сям'і з боку грамадства. Калі ёсць публічная інфармацыя, пра яе (яго) ведае больш людзей як у Беларусі, так і за яе межамі, здымаецца стыгма «злачынкі(ца)», акумулюецца салідарнасць. Гэта значыць, палітвязняволенай(аму) змогуць пісаць лісты, падтрымліваць сям'ю, адпраўляць пасылкі і перадачы, яе (яго) фота будзе з’яўляцца на акцыях і інш.
Што трэба для выдалення са спісу палітвязняў?
Калі вы лічыце прысутнасць блізкай(га) чалавека ў спісе палітвязняў небяспечным ці непажаданым, вы заўсёды можаце звярнуцца ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» ці да актывістак(аў) Dissidentby з просьбай пра выдаленне інфармацыі з публічнага доступу. Можна таксама папрасіць не выдаляць інфармацыю пра чалавека з агульнага спісу, але не публікаваць ніякіх дадатковых звестак на інфармацыйных рэсурсах.
Чытайце таксама:
- Блізкую(га) чалавека затрымалі, як знайсці?
- Як знайсці адвакатку(та) для чалавека, якую(ога) затрымалі?
- Блізкай(аму) чалавеку прызначылі суд, што рабіць?