У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
Як паводзіць сябе на допыце?
Сведка выклікаецца на допыт позвай. У ёй павінна быць указана, хто і ў якой якасці выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час яўкі на допыт, а таксама наступствы няяўкі без уважлівых прычын.
Позва ўручаецца выкліканай асобе пад распіску. Для выклікання на допыт могуць быць выкарыстаны і іншыя сродкі сувязі.
Асоба, якая не дасягнула(уў) 16 гадоў, выклікаецца на допыт у якасці пацярпелай(ага) або сведкі пры прысутнасці яе (яго) бацькоў або іншых законных прадстаўніц(коў).
Варта памятаць, што супрацоўніцы(кі) КДБ часта абмяжоўваюцца званком па тэлефоне з патрабаваннем яўкі і без тлумачэння прычын. Вы маеце права настойваць на належным апавяшчэнні (позва, СМС), матывуючы тым, што не можаце пераканацца ў асобе і пасадзе чалавека, і асцерагаецеся за сваю бяспеку. Тут галоўнае не перастарацца, бо могуць скласці пратакол за непадпарадкаванне.
Крок 1.
Перад допытам сведцы ў абавязковым парадку павінна быць растлумачана права не сведчыць супраць самой(ога) сябе, чальцоў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў (арт. 27 Канстытуцыі). Тлумачэнне права засведчваецца вашым подпісам.
Вельмі важна правільна распараджацца гэтым правам, асабліва ў сітуацыі, калі са сведкі вы можаце стаць падазраванай(ым) ці абвінавачанай(ым). Не давайце паказанняў, якія могуць быць выкарыстаныя ў далейшым супраць вас.
Думайце аб наступствах сваіх адказаў: любы з іх можа аказацца вырашальным. Часта ў следства недастаткова доказаў, а вашае прызнанне можа легчы ў аснову абвінавачання і стаць прычынай для пераследу і арышту (не толькі вашага, але і вашых знаёмых). Не прыдумляйце гісторый і не фантазіруйце, гэта толькі вас заблытае. Найлепшая тактыка абароны – не дапамагаць следству сваім прызнаннем і карыстацца канстытуцыйнымі правамі.
Адначасова тлумачыцца абавязак даваць праўдзівыя сведчанні і адказнасць за ўхіленне і дачу загадзя ілжывых паказанняў.
Крок 2.
Правядзенне допыту ў начны час (з 22:00 да 06:00) не дапускаецца, акрамя выпадкаў, якія не церпяць адкладу. Допыт не можа доўжыцца бесперапынна больш за чатыры гадзіны. Працяг допыту дапускаецца пасля перапынку не менш як на адну гадзіну для адпачынку і прыняцця ежы. Пры гэтым агульная працягласць допыту на працягу дня не павінна перавышаць васьмі гадзін. На жаль, практыка паказвае, што некаторыя допыты праводзяцца ў начны час, без належных перапынкаў.
Крок 3.
Як правіла, перад пачаткам допыту супрацоўніца(ік) КДБ запатрабуе ад вас падпіску аб невыдаванні дадзеных следства. Сведка ў адрозненне ад падазронай(ага) або абвінавачанай(ага) абавязаны даць падпіску. Аднак вы маеце права патрабаваць у пісьмовай форме растлумачыць вам, якія менавіта звесткі забараняецца выдаваць.
Крок 4.
Калі вы бачыце, што супрацоўніца(ік) КДБ скажае вашыя паказанні, запісвае іх не даслоўна, інтэрпрэтуе іх па сваім меркаванні, вы маеце права ўласнаручна запісваць свае паказанні ў пратаколе допыту.
Рэкамендуюць абавязкова пісьмова ў самім пратаколе фіксаваць усе парушэнні вашых правоў.
Крок 5.
Следчая(ы) можа прапанаваць вам даць узоры для параўнальнага даследавання (сліна, пазногці, валасы, фатаграфаванне татуіровак, шнараў, іншых асаблівасцяў цела, хады і інш.). Памятайце, што ўзоры можна браць толькі з вашай згоды.
Крок 6.
Калі падчас допыту вядзецца відэаздымка, прысутнічаюць іншыя асобы, гэта павінна быць адлюстравана ў пратаколе.
Крок 7.
Чытайце пратакол уважліва і не адмаўляйцеся ад яго падпісання. Калі вы з нечым не згодныя, лепш зафіксаваць гэта ў пратаколе ўласнаручна, чым за вас тое зробіць супрацоўніца(ік) КДБ.
Крок 8.
Частая прапанова супрацоўніц(каў) КДБ – скланенне да супрацы ў выглядзе падпісання рознага роду пагадненняў. Не рэкамендуем у цэлым весці гэтыя гульні з КДБ. Калі вас змушаюць падпісаць дамову аб супрацы, выкарыстоўваючы гвалтоўныя дзеянні рознага роду, дзейнічайце ў залежнасці ад сітуацыі: можна згаджацца на ўсё, абяцаць выконваць даручэнні, стаць агенткай(ам), дамовіцца аб супрацы. Найважнейшае ў бягучым моманце – захаваць свабоду і жыццё.
Вы можаце не ісці на допыт, а звярнуцца ў службу эвакуацыі BYSOL і тэрмінова пакінуць краіну.
Ці неабходны(ая) адвакат(ка)?
Сведка мае права запрасіць адвакатку(та) для атрымання юрыдычнай дапамогі пры правядзенні працэсуальных дзеянняў з яе (яго) ўдзелам.
Настойліва рэкамендуем ісці на допыт у КДБ у суправаджэнні абранай вамі адвакаткі(та), з якой(ім) трэба загадзя прагаварыць варыянты паводзінаў і якая(і) навучыць вас карыстацца працэсуальнымі правамі.
Матэрыял распрацаваны пры дапамозе ЮрАптэчкі – базы ведаў, падрыхтаванай юрысткамі(амі) анлайн-сэрвісу бясплатнай юрыдычнай дапамогі LegalHub.
Чытайце таксама:
- Як знайсці адвакатку(та) для чалавека, якую(ога) затрымалі?
- Дзе знайсці грошы на аплату адвакаткі(та)?
- Выклікаюць на допыт як сведку ў Следчы камітэт, што рабіць?