У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Што такое ператрус і выманне?
- Што рабіць у пачатку ператрусу/вымання?
- Што рабіць падчас ператрусу/вымання?
- Што рабіць пасля ператрусу/вымання?
Што такое ператрус і выманне?
Ператрус – дзеянне, пры якім супрацоўніцы(кі) праваахоўных органаў не ведаюць, што шукаюць. Калі да вас дайшлі з ператрусам, значыць, супрацоўніцы(кі) праваахоўных органаў лічаць, што ў офісе ці дома ёсцбб важныя дакументы ці прадметы, але не ведаюць, якія менавіта.
Выманне – дзеянне, пры якім супрацоўніцы(кі) праваахоўных органаў дакладна ведаюць, якія дакументы, прадметы, у тым ліку носьбіты інфармацыі ім патрэбныя і дакладна ведаюць, што яны ў вас знаходзяцца.
Што рабіць у пачатку ператрусу/вымання?
Крок 1.
Запатрабуйце пастанову аб правядзенні ператрусу/вымання, а таксама пасведчанні асобаў, якія іх ладзяць (калі яны не паказалі самі). Часта яны адмаўляюцца; трэба быць асцярожнымі ў сваіх патрабаваннях, інакш яны прыцягнуць вас за супраціў. Вашая задача – захаваць уласную свабоду і жыццё.
Уважліва вывучыце інфармацыю пра падставы правядзення ператрусу/вымання. Запішыце ці запомніце ключавую інфармацыю.
Памятайце: ператрус/выманне ладзяцца толькі па ўжо ўзбуджанай справе.
Яны праводзяцца з санкцыі пракурора (патрэбная гербавая пячатка і яго подпіс). Калі ў законным валоданні знаходзяцца прадметы, агляд якіх не церпіць адкладаў, то ператрус/выманне могуць быць зроблены па пастанове следчай(ага) органа дазнання без санкцыі пракурора.
Крок 2.
Праверце, ці правільна ўказаны адрас памяшкання, у якім будзе праводзіцца ператрус/выманне.
Крок 3.
Вы можаце не пускаць гэтых асобаў у памяшканне, пакуль не будуць прадстаўлены зазначаныя вышэй дакументы. Але памятайце, што вас могуць абвінаваціць у супраціве, што таксама можа прывесці да гвалту і затрымання.
Крок 4.
Да пачатку ператрусу/вымання супрацоўніцы(кі) праваахоўных органаў павінны растлумачыць вашыя правы і абавязкі (звычайна гэтае тлумачэнне выдаюць у пісьмовым выглядзе пад подпіс), парадак правядзення ператрусу/вымання.
Крок 5.
Па магчымасці выклічце адвакатку(та). Паведаміце пра гэта следчай(аму) да пачатку ператрусу.
Калі вашая (ваш) прадстаўніца(ік) можа прыехаць у найбліжэйшы час, следчыя павінны пачакаць на яе (яго) і не пачынаць следчых дзеянняў. Неабходна настойваць, каб ператрус/выманне не адбываліся, пакуль адвакат(ка) у дарозе.
Крок 6.
Калі вам трэба з кімсьці звязацца, у тым ліку з блізкімі сваякамі, зрабіце гэта да пачатку ператрусу. Выкарыстанне мабільнай сувязі падчас ператрусу не забаронена. Тым не менш на практыцы тэлефоны адразу забіраюць. Не аказвайце супраціву, паколькі гэта можа пагоршыць сітуацыю (адразу могуць абвінаваціць у супраціве і затрымаць).
Супрацоўніцы(кі) маюць права забараніць асобам, якія знаходзяцца ў памяшканні або месцы, дзе праводзіцца ператрус/выманне, і асобам, якія прыходзяць у гэтае памяшканне або месца, пакідаць яго, а таксама мець зносіны адзін з адным ці іншымі асобамі да заканчэння ператрусу/вымання (у тым ліку забараняюць званкі або просяць весці ўсе размовы на гучнай сувязі).
Крок 7.
Удакладніце, адкуль узяліся панятыя. Вельмі часта ў якасці панятых залучаюць стажораў следчых органаў ці курсантаў праваахоўных органаў. Калі ёсць сумневы, настойвайце на замене панятых. Загадзя прадумайце, каго можна ў якасці такіх выклікаць (мінімум дваіх), запішыце кантактныя тэлефоны. Пры гэтым памятайце, што супраціў можа пагоршыць сітуацыю і прывесці да затрымання.
Калі з супрацоўнікамі прыйшлі яшчэ некалькі чалавек і прысутнічаюць падчас ператрусу/вымання, іх імёны павінны быць занесеныя ў пратакол.
Што рабіць падчас ператрусу/вымання?
Крок 1.
Прыступаючы да ператрусу/вымання, супрацоўніцы(кі) прапануюць выдаць добраахвотна прадметы, што падлягаюць канфіскацыі і могуць мець значэнне для крымінальнай справы: прылады злачынства, дакументы, каштоўнасці і г.д. Калі прадметы выдадзены добраахвотна і няма падстаў асцерагацца іх ўтойвання, супрацоўнікі маюць права не праводзіць далейшых пошукаў.
Крок 2.
Выразна паведаміце аб сваёй гатоўнасці выдаць любыя дакументы і прадметы, якія цікавяць праваахоўныя органы. Праверце, каб у пратаколе гэта было зафіксавана.
Крок 3.
Пры правядзенні ператрусу/выманні могуць быць узломаны зачыненыя памяшканні і сховішчы, калі ўладальніцы(кі) адмаўляюцца добраахвотна іх адчыніць.
Крок 4.
Пры правядзенні ператрусу/выманні павінны адбірацца толькі тыя прадметы і дакументы, якія могуць мець дачыненне да справы.
Крок 5.
Памятайце, што вы не абавязаны паведамляць паролі і ключы доступу да файлаў, дакументаў і прыладаў. Пры гэтым памятайце, што вам могуць пагражаць, прымяняць гвалт, катаванні. Калі разблакіроўка прылад для вас небяспечная, нашая рэкамендацыя – маўчаць, пакуль не прыедзе адвакатка(ат). У выпадку невыдавання пароляў хутчэй за ўсё вас затрымаюць.
Крок 6.
Прадметы, дакументы і каштоўнасці, забароненыя да звароту, падлягаюць канфіскацыі незалежна ад таго, маюць яны дачыненне да справы ці не.
Выразна паведаміце, што не маеце прадметаў, дакументаў і каштоўнасцяў, забароненых да звароту. Праверце, каб у пратаколе гэта было адлюстравана.
Калі ўсё ж забароненыя да абароту прадметы, дакументы, каштоўнасці ёсць, адразу здайце іх добраахвотна і праверце, каб гэта было ўказана ў пратаколе.
Крок 7.
Уважліва сачыце за дзеяннямі ўдзельнікаў ператрусу/вымання.
Крок 8.
Каб не забыць дэталі, вазьміце нататнік або паперу і фіксуйце пісьмова ўсё, што адбываецца. Потым свае заўвагі трэба ўнесці ў пратакол.
Крок 9.
Падчас ператрусу/вымання не рэкамендуецца здымаць працэс на мабільны тэлефон, бо яго таксама могуць забраць (нават калі ён не адносіцца да справы).
Крок 10.
Не дапускайце наведвання адразу ўсіх пакояў (калі іх некалькі). Не пакідайце нікога з прадстаўнікоў праваахоўных органаў без нагляду.
Крок 11.
Не дакранайцеся да незнаёмых рэчаў ці прадметаў, якіх вы раней не бачылі ў памяшканні. Тым больш і не бярыце іх у рукі.
Крок 12.
Сачыце за тым, што менавіта забіраецца, на што была звернутая асаблівая цікавасць. Памятайце, канфіскацыя любога прадмета павінна занатоўвацца ў пратаколе. Паралельна фіксуйце гэта ў сваіх запісах і праверце ў канцы пры падпісанні пратакола.
Крок 13.
Прылады злачынства, прадметы, дакументы і каштоўнасці, якія адбіраюцца, дэманструюцца асобам, якія пры гэтым удзельнічаюць, пакуюцца і апячатваюцца на месцы ператрусу/вымання. На ўпакоўцы павінны пакінуць свае подпісы ўсе, хто прысутнічаў пры гэтым. Свой подпіс рэкамендуецца ставіць на ўпакоўцы ў месцах, якія могуць пашкоджвацца пры раскрыцці ўпакоўкі.
Крок 14.
Вы не абавязаныя даваць тлумачэнні па канфіскаваных рэчах, дакументах. Гэта ператрус/выманне, а не допыт.
Крок 15.
Не звяртайцеся да супрацоўнікаў праваахоўных органаў па сутнасці справы і не давайце якіх-небудзь тлумачэнняў без адвакаткі(та). Адказнасць за адмову ад тлумачэнняў у такой сітуацыі не прадугледжаная, бо гэта не допыт.
Крок 16.
Памятайце, што вашыя тэлефонныя размовы, перамовы па відэасувязі, перапіска па электроннай пошце могуць праглядацца і праслухоўвацца.
Што рабіць пасля ператрусу/вымання?
Крок 1.
Па факце ператрусу/вымання складаецца пратакол, дзе павінна быць указана, у якім месцы і пры якіх абставінах былі знойдзеныя прадметы, дакументы і каштоўнасці, выдадзеныя яны добраахвотна або канфіскаваныя прымусова.
Усе прадметы, што забіраюцца, павінны быць пералічаныя ў пратаколе з дакладным указаннем колькасці, меры, вагі, індывідуальных прыкмет і кошту (па магчымасці).
Крок 2.
Уважліва прачытайце пратакол па выніках ператрусу/вымання. Не адмаўляйцеся ад подпісу ў пратаколах ці іншых дакументах. Калі вы не згодныя са зместам дакумента, спачатку пазначце ў самім дакуменце, з чым канкрэтна вы не згодныя, і толькі пасля гэтага пакідайце подпіс. У пратаколе трэба зафіксаваць любыя пытанні, удакладненні, нязгоды, пярэчанні і да т.п.
Крок 3.
Не падпісвайце незапоўненыя бланкі дакументаў і пратаколы следчых дзеянняў. Калі ёсць сумневы, папрасіце паставіць прочыркі ў пустых месцах.
Крок 4.
Калі вы нешта выдалі добраахвотна, гэта павінна быць зафіксавана ў пратаколе.
Крок 5.
Калі падчас ператрусу/вымання вялася відэа- і фотаздымка, гэта абавязкова павінна быць адзначана ў пратаколе.
Крок 6.
Калі старонкі пратакола не хапае, напішыце свае заўвагі на асобным аркушы і зрабіце ў пратаколе пазнаку, што да яго далучана гэтая інфармацыя на пэўнай колькасці лістоў. Пакіньце свой подпіс пад паметкай і заўвагамі.
Крок 7.
Копія пратакола ператрусу/вымання ўручаецца пад подпіс асобе, у якой яны былі праведзеныя. Калі Вам не далі копію пратакола, патрабуйце яе ўручэння. Супрацоўнікі праваахоўных органаў абавязаныя яе выдаць.
Матэрыял распрацаваны пры дапамозе Юраптэчкі – базы ведаў, падрыхтаванай юрыстамі анлайн-сэрвісу бясплатнай юрыдычнай дапамогі LegalHub.
Чытайце таксама:
- Ці чакаць на ператрус і як да яго падрыхтавацца?
- Як знайсці адвакатку(та) для чалавека, якую(ога) затрымалі?
- Дзе знайсці грошы на аплату адвакаткі(та)?