Дзіця палітзняволенай(ага) паставілі на ўлік СНС, што рабіць?

У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Рэкамендацыі пры пастаноўцы дзіцяці на ўлік у СНС

Працэдура пастаноўкі на прафілактычны ўлік сям'і, якая знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС), накіравана на выяўленне дзяцей у сем'ях з неспрыяльным для іх становішчам і рэалізацыю захадаў, што ліквідуюць прычыны і ўмовы, якія выклікалі стварэнне такой абстаноўкі. Адзначым адразу, што пастаноўка на ўлік у СНС можа прывесці да прызнання таго, што дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а гэта значыць, што дзяцей могуць змясціць у прытулак СПЦ (сацыяльна-педагагічнага цэнтра).

Тры этапы пастаноўкі сям'і на ўлік у СНС

Этап 1.

Сацыяльнае расследаванне. На гэтым этапе праводзіцца абследаванне ўмоў жыцця і выхавання дзіцяці. Па выніках расследавання складаецца акт, які перадаецца на азнаямленне бацькам (законным прадстаўнікам).

Этап 2.

Савет прафілактыкі (орган самакіравання ўстановы адукацыі, які садзейнічанне дзейнасці па пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, а таксама кантролю за ажыццяўленнем выхаваўчай і прафілактычнай працы ва ўстанове адукацыі).

На яго пасяджэнні разглядаюцца вынікі сацыяльнага расследавання і прымаецца адно з наступных рашэнняў: накіраваць матэрыялы ў кардынацыйны савет для прыняцця рашэння аб пастаноўцы ў СНС або рэкамендаваць бацькам звярнуцца за атрыманнем сацыяльных паслуг па ліквідацыі цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Этап 3.

Каардынацыйны савет. Менавіта гэты савет можа прыняць рашэнне аб пастаноўцы ў СНС. Пра яго пасяджэнні ў абавязковым парадку паведамляецца бацькам (законным прадстаўнікам). Каардынацыйны савет ствараецца на базе адміністрацыі раёна.

Што рабіць, калі паставілі на ўлік у СНС або пагражаюць ім?

Пераканайцеся, што вы належным чынам былі апавешчаныя аб сітуацыі. У вас на руках ёсць усе дакументы, якія адносяцца да прызнання дзіцяці ў СНС, вы былі азнаёмленыя з актам абследавання ўмоў жыцця і выхавання дзіцяці пад подпіс.

У выпадку, калі вы не былі належным чынам апавешчаныя аб статусе СНС, аб пасяджэннях кардынацыйнага савета, якія праводзяцца або плануюцца, і не падпісвалі, не маеце на руках ніякіх пацвярджальных дакументаў, вы можаце падаць скаргу на парушэнне працэдуры.

Не баяцца задаваць пытанні. Як вусна ў гутарках са спецыялістамі дзяржаўных органаў, так і пісьмова, звяртаючыся да іх з патрабаваннем растлумачыць тыя ці іншыя моманты.

На вашыя пісьмовыя звароты дзяржаўныя органы абавязаны даць адказ. Адмова ў прыёме пісьмовых зваротаў не дапускаецца. Памятайце, што спрыяльнае вырашэнне сітуацыі залежыць у роўнай ступені ад вашай актыўнай пазіцыі і ад наяўнасці пісьмовых адказаў кампетэнтных органаў, на якія ў далейшым вы зможаце спасылацца пры абскарджанні.

Дакументаваць і кантраляваць працэс сацыяльнага расследавання. Здымайце відэа самога працэсу абследавання жыллёва-бытавых умоў, патрабуйце, каб супрацоўніцы(кі), якія прыходзяць да вас дадому, не разыходзіліся па розных пакоях: яны павінны трымацца разам і толькі з вамі заходзіць паслядоўна ў кожны пакой.

Абскардзіць рашэнні і дзеянні, якія лічыце неправамернымі, на любым этапе працэдуры ў наступных органах:

  • у гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтах, мясцовых адміністрацыях раёнаў у гарадах па месцы прыняцця рашэння, у Міністэрстве адукацыі;
  • у пракуратуры (гарадской, раённай, абласной, Генеральнай);
  • у судзе.

Рэкамендацыі па бяспецы

Вашая бяспека і бяспека вашых дзяцей важная. Таму раім вам наступнае.

Крок 1.

Збярыце ўсе дакументы, звязаныя з дзецьмі: пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні, медыцынскія карты і інш., каб быць гатовым да магчымых працэдур.

Крок 2.

Забяспечвайце дзяцей максімальнай аховай, сачыце за іх бяспекай, здароўем і псіхалагічным станам, стварыце належныя бытавыя ўмовы.

Крок 3.

Звяртайцеся па юрыдычную дапамогу, калі гэта неабходна, каб абараніць правы дзяцей і прадухіліць магчымыя наступствы пастаноўкі ў СНС:

Крок 4.

Не пакідайце па-за ўвагай правы і інтарэсы дзяцей, звязаныя з іх бяспекай і будучыняй.

Важна разумець

Працэс барацьбы за правы і інтарэсы дзяцей у падобных выпадках можа быць доўгім і складаным, але неабходна дзейнічаць неадкладна, каб гарантаваць іх бяспеку і абараніць іх.

Калі няма апякуноў, папячыцеляў і дзеці застануцца ў прытулку, палітвязні стануць абавязанымі асобамі па пакрыцці сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей. Гэта значыць, што, калі палітзняволеная(ы) працуе ў калоніі, частка аплаты будзе ўтрымлівацца. Паколькі заробак у калоніі нізкі, пакрываць усю суму будзе немагчыма, і ў палітвязняў будзе назапашвацца запазычанасць, якую яны будуць вымушаныя пагасіць па выхадзе з месцаў пазбаўлення волі.

 

Чытайце таксама:

 

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...