У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Кім разглядаецца прашэнне на памілаванне?
- Калі пішацца прашэнне на памілаванне?
- Як падаецца прашэнне на памілаванне?
Кім разглядаецца прашэнне на памілаванне?
Палітвязні часта не разглядаюць варыянт напісання прашэння аб памілаванні з розных прычынаў. Некаторыя з іх лічаць гэта прызнаннем віны ці пацвярджэннем удзелу ў несправядлівым палітычным працэсе. Іншыя страцілі надзею на поспех, грунтуючыся на досведзе іншых зняволеных, якія атрымалі адмовы ў памілаванні. Таксама палітвязні могуць сцерагчыся таго, што грамадства ці блізкія іх асудзяць, абвінавацяць у тым, што яны праявілі слабасць, пайшлі на здзелку з рэжымам, «пакаяліся» ў тым, чаго не рабілі.
Мы рэкамендуем сем'ям і блізкім падтрымліваць любую форму супраціву, абраную палітвязнямі, у тым ліку напісанне прашэння на памілаванне, бо толькі яны могуць ацаніць небяспеку сітуацыі для сябе ў месцах няволі. Вельмі важна падтрымліваць людзей у барацьбе за сваю свабоду і жыццё.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Указ ад 03.12.1994 г. № 250 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку ажыццяўлення ў Рэспубліцы Беларусь памілавання асуджаных, вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія садзейнічалі раскрыццю злачынстваў і ліквідацыі наступстваў іх учынення».
Для разгляду пытання трэба падаць хадайніцтва аб памілаванні. Такое хадайніцтва папярэдне разглядаецца ў Камісіі па пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці (далей – Камісія).
Пасля разгляду Камісіяй хадайніцтва трапляе на разгляд А.Р. Лукашэнкі.
Рашэнні Камісіі прымаюцца простай большасцю галасоў прысутных яе чальцоў, уносяцца ў пратакол і падпісваюцца імі. Пры роўнасці галасоў голас старшыні з'яўляецца вырашальным.
Памілаванне асуджаных адбываецца ў выглядзе:
- замены смяротнага пакарання пажыццёвым зняволеннем;
- вызвалення цалкам або часткова ад адбывання як асноўнага, так і дадатковага пакарання;
- замены пакарання або яго неадбытай часткі мякчэйшым пакараннем;
- вызвалення ад пакарання ўмоўна;
- зняцця судзімасці.
Калі пішацца прашэнне на памілаванне?
Памілаванне ажыццяўляецца па асабістых хадайніцтвах асуджаных. Хадайніцтвы аб памілаванні разглядаюцца толькі пасля ўступлення прысуду ў законную сілу.
У выключных выпадках, калі асуджаныя не адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, выкананне прысудаў па іх справах можа быць адтэрмінавана судом да разгляду хадайніцтваў аб памілаванні.
Асобы, асуджаныя да смяротнага пакарання, могуць звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні на працягу дзесяці сутак з дня ўручэння ім копіі прысуду або апеляцыйнага вызначэння.
Хадайніцтвы аб памілаванні асоб, асуджаных да пажыццёвага зняволення, пазбаўлення волі або больш мяккага пакарання, уносяцца на разгляд пры наяўнасці прапаноў Камісіі па прымяненню памілавання. Калі Камісія не знайшла падстаў для такіх прапаноў, гэта даводзіцца да ведама А.Р .Лукашэнкі. Пры гэтым асуджаным паведамляецца аб адхіленні хадайніцтваў у дзесяцідзённы тэрмін з дня вынясення рашэння.
Хадайніцтвы аб памілаванні, у якіх утрымліваюцца спасылкі, што маюць патрэбу ў праверцы на неабгрунтаванасць асуджэння або парушэнне законнасці, папярэдне накіроўваюцца ў органы пракуратуры і суды для праверкі ў парадку нагляду.
Як падаецца прашэнне на памілаванне?
Хадайніцтвы аб памілаванні падаюцца асуджанымі праз адміністрацыю папраўчай установы або іншага органа, што выконвае пакаранне або іншыя меры крымінальнай адказнасці, якія на працягу месяца з дня падачы гэтых хадайніцтваў накіроўваюць іх на разгляд.
Хадайніцтва аб памілаванні накіроўваецца з дадаткам:
- копіи прысудаў;
- пастановы суда;
- падрабязнай характарыстыкы працы і паводзінаў асуджаных з уключэннем меркаванняў адміністрацыі і назіральнай камісіі ці камісіі па справах непаўналетніх па сутнасці хадайніцтваў;
- ііншых дакументаў і дадзеных, якія маюць значэнне для разгляду пытання аб памілаванні.
Да хадайніцтва аб памілаванні могуць быць прыкладзеныя асабістыя паручыцельствы. Іх сэнс заключаецца ў прыняцці на сябе асобамі, якія заслугоўваюць даверу, пісьмовага абавязацельства аб тым, што асуджаная(ы) у выпадку прымянення да яе (яго) памілавання не ўчыніць новага наўмыснага злачынства на працягу неадбытай часткі пакарання.
Паручы́целямі(камі) могуць быць дзеяздольныя бацькі ці асобы, якія іх замяняюць, іншыя паўналетнія сваякі і блізкія асобы асуджанай(га), асобы па месцы працы (вучобы) або жыхарства асуджанай(га) да яго асуджэння. Лік паручыцелей(ек) не абмяжоўваецца.
Грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, дзяржаўныя службоўцы, працоўныя калектывы, іншыя аб'яднанні грамадзян, юрыдычныя асобы маюць права звярнуцца з просьбай на імя А.Р. Лукашэнкі аб задавальненні хадайніцтва аб памілаванні.
Важна ведаць
За ўвесь час з 2020 года вядомы адзінкавыя выпадкі памілавання палітвязняў. Аднак мы лічым, што ўсе павінны змагацца за сваё жыццё ўсімі даступнымі сродкамі (у тым ліку прававымі). Наша задача – праяўляць салідарнасць з усімі палітвязнямі, а не навешваць ярлыкі і ацэньваць іх паводзіны.
Падчас разгляду хадайніцтваў аб памілаванні прымаюцца да ўвагі:
- характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства;
- асоба асуджанай(ага) і яе (яго) адносіны да зробленага, паводзіны, стаўленне да працы (вучобы), удзел у працы самадзейных арганізацый у месцах пазбаўлення волі;
- тэрмін адбытага пакарання, кампенсацыя маёмаснай і маральнай шкоды, прычыненай злачынствам, выплата даходу, атрыманага злачынным шляхам;
- наяўнасць асабістых паручыцельстваў і заключэнняў па іх органаў унутраных спраў, іншыя вартыя ўвагі акалічнасці;
- меркаванне адміністрацыі папраўчай установы, назіральнай камісіі, камісіі па справах непаўналетніх, а ў іншых выпадках (пры неабходнасці) таксама меркаванне раённага, гарадскога выканаўчых камітэтаў або мясцовай адміністрацыі.
Чытайце таксама:
- Як знайсці адвакатку(та) для чалавека, якую(га) затрымалі?
- Дзе знайсці грошы на аплату адвакаткі(та)?
- Як прызнаць чалавека палітзняволенай(ым)?