У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Час прыёму ў СІЗА медыцынскіх перадач.
- Правілы перадачы лекаў.
- Аптэчка палітзняволеных
- Як перадаць рэцэптурныя лекі?
- Як перадаць медыцынскі прыбор?
- Чаго дакладна не прымуць?
Час прыёму СІЗА медыцынскіх перадач.
Важна: ва ўсіх СІЗА забаронена перадача медыцынскіх рэчываў за выключэннем вітамінаў, мінеральных комплексаў і імпартнага інсуліну. Досвед адпраўкі медыцынскіх прэпаратаў у калоніі сведчыць пра тое, што палітычным зняволеным часта адмаўляюць у прыёме такіх медыцынскіх перадач.
Медыцынскія перадачы ў СІЗА прымаюцца толькі ў пэўны час.
Час прыёму ў розных СІЗА:
- СІЗА-1, г. Мінск: панядзелак з 9:00 да 11:00.
- Следчая турма-8, г. Жодзіна: чацвер з 10:00 да 12:00.
- СІЗА-3, г. Гомель: серада і пятніца з 14:00 да 15:00.
- Следчая турма-4, г. Магілёў: штодня ў 12:45 за 15 хвілін.
- СІЗА-7 г. Брэст: праз лекара (сваякі ідуць да яго, гавораць аб праблемах, і ён дазваляе ці не).
- Следчая турма-1, г. Гродна: аўторак і чацвер з 11:30 да 12:00.
Правілы медыцынскай перадачы
Што пры сабе мець
Неабходна толькі заява па ўзоры звычайнай перадачы (варта дапісаць «Медыцынская»). Пашпарт не патрабуюць, але раім яго мець з сабой.
Адразу ідзіце ў пакой для перадач і там займайце жывую чаргу.
Абмежаванні па вазе
Для медыцынскіх перадач іх няма, яны не ўваходзяць у агульную вагу. Гэта трэба памятаць, бо ў некаторых установах супрацоўнікі парушаюць закон.
Правілы ўпакоўкі
Мазі і іншыя лекі з цюбіка ці шкла трэба перакласці ў пластыкавы
слоічак для аналізаў.
Пластмасавыя акуляры без шкла і металічных дужак зняволеным можна адправіць і праз медыцынскую перадачу, і праз медбандэроль. Бывае, што падследным іх не аддаюць, але да асуджаных яны даходзяць.
Аптэчка палітзняволеных
Аптэчку палітзняволенай(аму) рэкамендуецца сабраць адразу, як толькі яна (ён) трапіла(ў) у СІЗА. Памятайма, што медыцынскія прэпараты імпартнай вытворчасці ў СІЗА забароненыя (акрамя імпартнага інсуліну і вітамінных комплексаў).
Мы рэкамендуем рабіць спробы адпраўляць медыкаменты палітвязням.
Трэба пакласці:
- лекі, якія прымаюцца пры хранічных захворваннях;
- заспакаяльныя (валяр'янка, фенібут, наафен, афабазол і інш.);
- лекі для страўніка (смекта, амепразол, алмагель);
- лекі ад кішэчных расстройстваў;
- абязбольвальныя і гарачкапаніжальныя,
- супрацьзапаленчыя;
- лекі ад ціску;
- лейкапластыр.
У халодны час года важна перадаваць лекі ад прастуды.
Трэба пакласці:
- супрацьвірусныя;
- таблеткі ад болю ў горле,
- таблеткі, парашкі ад кашлю (тыпу АЦЦ);
- кроплі ад катару;
- мазь ад герпесу (ацыклавір).
Палітвязням трэба перадаваць вітаміны ўсіх груп.
Трэба пакласці:
- вітамін D3,
- вітамін С,
- усю групу вітамінаў В,
- Амега-3,
- кальцый і інш.
Некаторыя палітвязні дзеляцца лайфхакам: можна перадаваць вітаміны для цяжарных, бо там вялікая доза на таблетку. Асаблівую ўвагу варта надаць вітамінам для зроку і суставаў. Рэкамендуецца перадаваць гіялуронавыя кроплі для ўвільгатнення вачэй і курсы терафлексу.
Тым, хто праходзіць ЦІП/ІЧУ, дзе людзей утрымліваюць на голым бетоне ў карцэры, а таксама праз маларухомы лад жыцця ў СІЗА і ў турмах, пажадана адразу перадаць лекі ад гемарою (напрыклад, свечкі і крэм «Рэліф»).
Важна: у некаторых калоніях цяпер прымаюць лекі толькі ад беларускіх вытворцаў.
Як перадаць рэцэптурныя лекі?
Рэцэптурныя лекі перадаюцца толькі з дазволу лекара, калі ёсць выпіс з медыцынскай карты. У адваротным выпадку палітзняволенай(аму) трэба звярнуцца да турэмных лекараў, якія выпішуць рэцэпт, а ўжо пасля яна (ён) вышле яго поштай таму, хто будзе перадаваць лекі.
Важна: пры сабе лепш мець рэцэпт (зрабіце копію, калі ў аптэцы захочуць забраць арыгінал, а не копію).
Як перадаць медыцынскі прыбор?
Такія пытанні вырашаюцца індывідуальна ў дачыненні да кожнай(ага) палітзняволенай(ага) праз начальніка СІЗА (загадчыка санітарнай часці). Медыцынскія прыборы прымаюцца па рэцэпце, напрыклад танометр для вымярэння ціску. У медыцынскую перадачу або бандэроль можна пакласці акуляры з пластыкавымі лінзамі (без шкла і металічных дужак).
Чаго дакладна не прымуць?
Дакладна не прымуць;
- рэцэптурных лекаў без рэцэпту;
- лекаў імпартнай вытворчасці, акрамя інсуліну (у СІЗА);
- лекаў ў шкляных слоіках, у жалезных цюбіках;
- ватнах палачак;
- вільготных сурвэтак;
- зубной ніткі.
Важна памятаць
- Для рэцэптурных лекаў пры сабе лепш мець рэцэпт (зрабіце копію, калі ў аптэцы захочуць забраць арыгінал, а не копію).
- Кусачкі для пазногцяў прымаюць толькі ў медыцынскай перадачы. Важна, каб у іх не было пілачкі.
- Аднаразовыя пластыкавыя зубачысткі з зубной ніткай (флосеры) могуць прыняць таксама ў медыцынскай перадачы, але не ва ўсіх установах.
Калі неабходна фінансавая падтрымка ў набыцці лекаў і медыцынскага абсталявання для палітвязняў, можна звярнуцца ў НДА і праваабарончыя ініцыятывы па інфармацыю аб такой дапамозе. Напрыклад, Littowin LIONS CLUB і By Help.
Матэрыял падрыхтаваны на падставе Практычнага дапаможніка па перадачах для зняволеных Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Чытайце таксама:
- Як знайсці адвакатку(та) для чалавека, якую(ога) затрымалі?
- Што можна перадаваць у калонію ці турму?
- Што можна перадаваць у СІЗА?