Што казаць дзецям, бацькі якіх знаходзяцца ў турме?

У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Казаць ці не казаць?

Чаму многія бацькі выбіраюць не казаць дзецям праўды… Часцей за ўсё гэта тры прычыны: жаданне абараніць дзіця ад шоку, адсутнасць навыкаў і разумення, як правільна гэта зрабіць, і страх не справіцца з эмоцыямі дзіцяці.

Бацька сам напалоханы і не ведае, што рабіць, што казаць, таму падтрымлівае ілюзіі і фантазіі дзіцяці, каб захаваць ідэю, што свет добры і бяспечны.

У якіх сітуацыях казаць няпраўду абгрунтавана і прымальна?

Хлусня на падсвядомым узроўні можа выклікаць трывогу і напругу ў сям'і. Таму хлусня ў цэлым не канструктыўная, мы мусім быць адкрытымі. Але і казаць праўду трэба з улікам узроставых асаблівасцяў дзіцяці.

Чым малодшае дзіця, тым прасцейшымі мусяць быць адказы. Адно пытанне – адзін адказ. Калі дзіця трывожыцца, трэба спытаць, што да гэтага прычынілася, і прагаварыць сітуацыю.

Калі ёсць страх прамаўляць словы «затрыманы», «турма», «калонія», можна сказаць праўду: «Я пакуль не ведаю, як табе растлумачыць, але мне важна, што ты задаеш гэтае пытанне, я падумаю і адкажу».

Чаму варта казаць праўду?

Пра тое, што нехта з бацькоў зняволены, можа сказаць нехта чужы з негатыўнай ацэнкай, напрыклад «твой тата дурань», «твой тата злачынец», «твая маці здрадніца». Менавіта гэтая ацэнка можа застацца самай моцнай, бо будзе звязана з шокавым станам.

Стан напругі, трывогі, нявызначанасці будзе выклікаць у дзіцяці шмат здагадак і домыслаў пра тое, што адбываецца ў сям'і. Часцей за ўсё дзеці будуць вінаваціць сябе і шукаць прычыны ў сваіх паводзінах. А вам давядзецца шмат падманваць і доўга падтрымліваць легенду. Калі-небудзь у ёй могуць узнікнуць нестыкоўкі ці супярэчнасці, і тады можа адбыцца падрыў даверу. Акрамя таго, дзіця можа адчуваць крыўду, што адзін з бацькоў абраў «працу і камандзіроўкі» замест сям'і.

Што рабіць, калі дзіцяці сказалі, што бацька ў камандзіроўцы, а ён даведаўся праўду?

Прызнаць гэта і растлумачыць, што вы былі занадта разгубленыя ў той момант і не ведалі, што адказаць. У вас не было часу падумаць, таму вы зрабілі памылку – вырашылі схлусіць, бо лічылі, што так будзе лепей. Але цяпер вы разумееце – гэта быў няправільны выбар.

Да якіх наступстваў для дзяцей і зняволеных бацькоў можа прывесці «хлусня на карысць?»

Наступствы затрымання аднаго з бацькоў для дзіцяці могуць быць самымі рознымі. Яны вельмі залежыць ад узросту дзіцяці, падтрымкі сям'і з боку сяброў і сваякоў і г.д.

Так, могуць з’явіцца:

  • трывога, розныя фобіі («усім страшна і мне страшна, не зразумела, з якой прычыны»), успышкі агрэсіі;
  • пачуццё віны («мусіць, мама плача і не звяртае на мяне ўвагі праз мае дрэнныя паводзіны»);
  • пачуццё кінутасці і неразумення («тата нават не павіншаваў нас на Новы год і дні нараджэння, мусіць, ён больш нас не любіць»);
  • падрыў адносін і даверу да другога з бацькоў і, як следства, парушэнне базавага даверу да свету («калі мама мяне падманвае, то як я магу давяраць іншым людзям?»).

Пасля вызвалення маці (бацька) таксама можа сутыкнуцца з моцнай напружанасцю, бо давядзецца ўтойваць, дзе яна (ён) знаходзіўся і марнаваць сілы на падтрымку ілюзіі.

Як сказаць праўду маленькім дзецям?

Маленькім дзецям пасуе такі варыянт (можна выкарыстоўваць аналогію з мульцікаў, кніг і казак, паказваць на цацках):

  • наш тата (мама і г.д.) вельмі добры і смелы;
  • ён хацеў, каб усе навокал жылі шчасліва і весела;
  • нядобрыя людзі вельмі спалохаліся гэтага і кінулі тату ў месца, з якога пакуль выйсці нельга. Там вельмі высокая агароджа. Але тата моцны, і яму не страшна. Ён там са сваімі смелымі сябрамі;
  • мы будзем пісаць яму лісты, маляваць малюнкі і збіраць падарункі. А часам хадзіць у госці. Ён будзе вельмі рады. Мы будзем на яго чакаць. І ён абавязкова вернецца, калі злыя людзі стомяцца;
  • ён нас вельмі любіць. А мы яго.

Як сказаць праўду школьніку?

Дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту мы апісваем сітуацыю вельмі проста і гаворым, як мы будзем у ёй жыць.

«Тата цяпер у калоніі, мы не можам пакуль з ім жыць разам, але мы будзем ездзіць да яго ў госці раз на тры месяцы».

Трэба не баяцца вымаўляць слова «турма» ці «калонія», каб не ствараць дадатковага напружання. Калі дзіця пытаецца, калі маці (бацька) вернецца, а вы не ведаеце адказу, то добры варыянт наступны: «Я не ведаю, але мы будзем яе (яго) чакаць». Адказваем толькі на тыя пытанні, якія дзеці задаюць.

Дзеці сярэдняга школьнага ўзросту ўжо цудоўна разумеюць, што такое турма. З імі можна абмяркаваць сітуацыю на прыкладзе «Чыпаліна». Калі мы бачым рэакцыю, то адлюстроўваем яе. Калі дзіця змаўкае, кажам: «Можа, ты разгублены цяпер. Але ты можаш задаць мне пытанні пазней, я заўсёды гатова(ы) з табой гаварыць пра гэта». Тут можна ўжо апярэджваць пытанні і адказваць крыху больш падрабязна.

Як сказаць праўду падлетку?

Вось прыклады фраз, што пасуюць, і патрэбных акцэнтаў:

  • я хачу пагаварыць з табой пра нашу маму (нашага тату і г.д.);
  • на жаль, свет уладкаваны так, што часам адбываецца не тое, што нам хацелася. Мы будзем рабіць усё магчымае, але нашыя жаданні не заўсёды выконваюцца лёгка;
  • у свеце ёсць шмат усяго: ёсць людзі, якія жадаюць праўды і волі, а ёсць такія, якія не гатовыя да гэтага;
  • наш тата вельмі добры і правільны чалавек. Ён хацеў, каб у нашай краіне было шчасце;
  • я згодная(ы) з табой, што ў турме павінны сядзець толькі кепскія людзі, але, як ты ведаеш, часта (нават у тваім класе) караюць невінаватых. Так адбылося і з татам, і з многімі іншымі людзьмі. На жаль, так здараецца.
  • ні я, ні мама (тата) не шкадуем аб гэтым. Часам мы мусім рабіць правільныя рэчы, нават разумеючы, што гарантый на перамогу няма. Гэта называецца «чалавечнасць» і «быць сапраўдным чалавекам». Мама (тата) – сапраўдны чалавек. Мы можам ганарыцца ёй (ім).
  • мы будзем пісаць ёй (яму) лісты, разам перадаваць пасылкі, думаць пра яе (яго), размаўляць з ёю (ім) у думках. Яна (ён) дасць рады. А мы будзем радавацца і жыць, бо яна (ён) не хацеў бы, каб мы сумавалі.
  • Калі-небудзь зярнятка праўды, якое яна (ён) пасеяў сваімі рукамі, прарасце. І гэта будзе вялікі лес. Бо такіх зярнятак тысячы.

Як дапамагчы дзіцяці успрыняць праўду?

Проста знаходзіцца побач і не палохацца пытанняў. Нават калі спалохаліся: «Тваё пытанне важнае, але я цяпер разгубленая(ы) і не ведаю, як адказаць, я падумаю і адкажу пазней». Дзіця ў любым выпадку павінна дакладна ведаць, што яго пытанні важныя і што яно атрымае на іх адказы.

Як даросламу рэагаваць на моцныя эмоцыі дзіцяці?

  • любыя моцныя эмоцыі цалкам нармальныя. Нам не трэба іх баяцца і імкнуцца задушыць. Галоўнае тое, як мы падтрымаем дзіця ў яго стане. Можна абняць і паспрабаваць нармалізаваць пачуцці («Я таксама сумую, як і ты»), пагаварыць пра эмоцыі і пацярпелых бацьках;
  • важна знаходзіць падставыі для радасці, арганізоўваць святы і казаць, што мама (тата і г.д.) была(ў) бы рада(ы) гэтаму. Не трэба фармаваць пачуццё віны («Маме дрэнна, калі ты плачаш»), прасіць дапамогі і разуменні ў дзіцяці («Мне самой дрэнна, лепш бы пра мяне падумаў і пашкадаваў маму»);
  • добра прагаворваць эмоцыі дзіцяці ўслых: «Ты злуешся, ты жадаеш усіх забіць, ты ў роспачы, ты разгублены». Апісваем усё, што адбываецца, і знаходзім фразы, якія падтрымліваюць. Трэба прадумаць, што менавіта не раззлуе дзіця. Фраза «усё будзе добра» – дрэнны варыянт. Мы не ведаем, як будзе. «Я вельмі спадзяюся, што ўсё наладзіцца, але цяпер я не ведаю, што будзе. Я таксама злуюся, але я буду побач з табой»;
  • галоўнае, быць сумленнымі з дзецьмі. Гэта лягчэй, чым здаецца.

Карысныя кнігі

Прапануем для дадатковай інфармацыі азнаёміцца з некаторымі кнігамі, дзе можна знайсці алгарытм зносін і разумення, што адбываецца з дзіцём у тэмах страты аднаго з бацькоў, бяспекі і ранейшага свету. Развод, добраахвотны сыход з сям'і ці нават смерць перажываюцца дзіцячай псіхікай па падобных сцэнарыях. Таму кнігі будуць карысныя і ў сітуацыі са зняволеннем аднаго з бацькоў.

  1. Брэніф'е Оскар, Дэспрэ Жак, «Галоўная кніга супярэчнасцяў. Усё пра жыццё і чалавека».
  2. Патрык Нэс, «Голас монстра» (кніга і фільм).
  3. Гельмут Фігдор, «Развод. Лячэнне траўмы страты і здрады».
  4. Дорыс Брэт, «Жыла-была дзяўчынка падобная да цябе... Псіхатэрапеўтычныя гісторыі для дзяцей».

Матэрыял падрыхтаваны на аснове серыі матэрыялаў аб псіхалагічнай дапамозе Праваабарончага цэнтру «Вясна».

 

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...