Як дапамагчы дзіцяці даць рады траўматычнай падзеі?

У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

У падручніках па псіхалогіі не расказваецца, ці можна браць дзіця на спатканне да таты- ці мамы-палітзняволенай, як паводзіць сябе з сынам ці дачкой падчас ператрусу ў кватэры і што сказаць дзецям, калі іх роднага чалавека затрымалі.

Рэкамендацыі і парады ў гэтым артыкуле падрыхтаваныя на аснове серыі матэрыялаў аб псіхалагічнай дапамозе Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Як праяўляецца ПТСР у дзяцей?

ПТСР – посттраўматычнае стрэсавае разладжанне.

Рэакцыя на траўматычную падзею ў розных дзяцей розная. Ад рэакцыі дарослага яе адрознівае тое, што ў дзіцяці няма разумення значэння, кантэксту, уплываў і наступстваў. 

Дзеці ўспрымаюць траўматычную падзею хаатычна.

Таму ў іх можа быць шмат саматычных рэакцый. І чым меншае дзіця, тым больш комплексна яны будуць назірацца:

  • болі ў жываце праз напругу ў целе;
  • галаўны боль;
  • праблемы з страваваннем;
  • бессань;
  • страта апетыту;
  • пераяданне.

Часта можа выяўляцца гіперпільнасць: дзіця можа ўвесь час сканаваць асяроддзе на прыкметы небяспекі.

Таксама саматычныя рэакцыі могуць уплываць на паводзіны дзіцяці. Яно можа замкнуцца ад усяго, што адбываецца. Гэта будзе заўважна па закрытых жэстах, апушчаных вачах.

Акрамя таго, дзеці часта пражываюць падзеі праз гульню. Калі размова пра траўматычную падзею, то будзе назірацца пастаянны набор дзеянняў.

Напрыклад, дзіця, якое ад вайны з'ехала ў Данію, тамака пастаянна капала яму ў зямлі. У яго не было часу і магчымасці раскласці ўсе падзеі па палічках у сваёй галаве, усвядоміць іх, і толькі з псіхатэрапіі стала зразумела, што самы яркі і траўматычны ўспамін для яго – як бабуля ўпала ў яму.

Што можна зрабіць у такой сытуацыі? Прайграць сцэну да канца: разам выкапаць яму, абмеркаваць досвед, паспрабаваць даць яму значэнне і кантэкст, каб дзіця магло гэта пражыць.

Як дапамагчы дзіцяці разабрацца з эмоцыямі?

Калі міліцыя абшуквае дом пры дзіцяці або затрымлівае аднаго з бацькоў, шмат залежыць ад колькасці ўжытага гвалту. Напрыклад, калі дзіця ўсведамляе, што паказвала цацкі чалавеку, які забраў ягонага тату, у малога можа ўзнікнуць пачуццё сораму. Такое пачуццё можа нарабіць большай шкоды, чым сама падзея.

Таму дарослыя павінныя дапамагчы дзіцяці зразумець, што гэта нармальна – давяраць дарослым, сябраваць з імі, паказваць свае цацкі. Трэба растлумачыць сітуацыю ягонымі словамі на зразумелай яму мове, не ўдаючыся ў палітычныя прычыны.

Важна быць побач, прымаць рэакцыі дзіцяці, дапамагаць яму выказваць іх у словах, даць кантэкст траўматычным падзеям.

Сказаць: «Я бачу, што ты ў стрэсе, давай я дапамагу табе расслабіцца».

Калі вы не разумееце, якая падзея выклікала пэўныя эмоцыі, не трэба прымушаць дзіця распавядаць пра яе. Трэба дапамагчы пераносіць дзіцяці ягоныя рэакцыі, эмацыйны стрэс. Напрыклад, можна сказаць: «Я ведаю, нешта жудаснае было ў тваім жыцці, але цяпер ты ў бяспецы».

Калі бацькі збянтэжаны, калі не ведаюць, як дапамагчы дзіцяці перанесці стрэс, лепш звярнуцца да дзіцячага ці сямейнага псіхолага.

Пры тлумачэнні важна даць дзіцяці самому абмяжоўваць аб'ём інфармацыі, які яно можа ўспрыняць. Для прыкладу, ідзе гутарка пра тое, што ягоныя маці і тата ў турме і невядома, калі дзіця іх убачыць. Калі раптам яно пачынае расказваць абсалютна іншае, трэба ісці за ім, а не даводзіць тэму да канца. Значыць, гэта менавіта той аб'ём інфармацыі, які дзіця можа засвоіць у гэты момант.

Калі ж дзіця задае пытанні, трэба шчыра адказваць на іх, але таксама не забываць пра абмежаванні. Напрыклад, не распавядаць падрабязна ўмовы ўтрымання ягонага бацькі ці тлумачыць палітычныя матывы. Паколькі часта дзеці засвойваюць інфармацыю, ствараючы карцінкі ва ўяўленні, у яго можа скласціся больш жахлівае апісанне; і чым малодшае дзіця, тым страшнейшая карціна можа яму ўявіцца.

Часам дзіцяці можа спатрэбіцца тэрміновая дапамога, каб авалодаць эмоцыямі.

Што значыць быць шчырым з дзіцём?

Важна быць як мага больш шчырым з дзіцём, але старацца яго не палохаць. Калі бацьку затрымалі, і мама не ведае, калі ён вернецца, то дзіця таксама павінна ведаць пра гэта.

Можна выкарыстоўваць такія фразы: «Цяпер таты няма, я не ведаю, калі ён вернецца, але абяцаю табе, што скажу, як толькі даведаюся сама». У гэтым выпадку трэба дапамагчы дзіцяці пераадолець нявызначанасць і страх ніколі не ўбачыць бацьку.

Найгоршае, што можна зрабіць, – схлусіць, сказаць, што ўсё добра, калі вы засмучаныя або злуяцеся. Дзіцяці адчувае эмоцыі больш дакладна, чым бацькі могуць сабе гэта ўявіць. Нармальна паказаць, што вы злуяцеся, і прапанаваць пазлавацца разам ці справіцца з гэтымі эмоцыямі разам (напрыклад, прабегчыся). Акрамя таго, з кім бы вы ні размаўлялі, важна памятаць, дзе дзіця знаходзіцца ў гэты момант: насамрэч дзеці бачаць і чуюць усё і вельмі лёгка ўсё падхопліваюць.

Шчырым з дзіцём трэба быць таксама, калі вы збіраецеся ўзяць яго на спатканне ў СІЗА ці калонію. Калі магчыма, трэба падрыхтаваць яго, каб яно разумела, што адбываецца.

Лепш усё ж такі браць дзіця на спатканне, бо тады ў яго будзе карцінка месца, дзе знаходзіцца бацькі, якая дасць пачуццё блізкасці.

Але важна загадзя дапамагчы яму сфармаваць рэалістычны імідж таго, што яно убачыць на спатканні, а потым засвоіць гэта. Таксама важна падрыхтаваць зняволеную(ага) да сустрэчы: растлумачыць ёй (яму), што гэта будзе складана, магчыма, дзіця будзе плакаць і задаваць шмат пытанняў. Таму вельмі важна, каб малое было цэнтрам увагі, як толькі ўвойдзе ў пакой: як бы жорстка гэта ні гучала, вашыя эмоцыі тут другасныя. Спачатку трэба стаць моцным дарослым для яго, а потым разбірацца са сваімі пачуццямі.

Такім жа апірышчам для дзіцяці трэба быць і ў сітуацыі вымушанай эміграцыі. Дзіцяці трэба растлумачыць, што вы едзеце ў бяспечнае месца. Данесці да яго, што вам не пашанцавала, вы перажылі негатыўны досвед, але гэта не назаўжды. Вы знойдзеце месца, дзе зможаце жыць разам нармальным, спакойным жыццём. Важна пакідаць гэтую надзею. Чым малодшае дзіця, тым часцей яно будзе шукаць прычыну ў сабе. Таму важна яшчэ раз пераканаць дзіця, што гэта не звязана з ім.

Як дзіцяці хутчэй перажыць траўму?

Калі дзіцяці доўга не аказваецца дапамога пасля траўматычнай падзеі, у яго могуць узнікнуць розныя праблемы. Комплекснае ПТСР можа ўплываць на саматычнае, псіхалагічнае, эмацыйнае, кагнітыўнае развіццё і ўзмацняцца з цягам гадоў. У дзіцяці могуць з'явіцца разладжанне асобы, разладжанні межаў, паводніцкія, трывожныя разладжанні і г.д..

Тыповымі «званочкамі» праблем, якія развіваюцца, могуць стаць рэакцыі тыпу панічных атак, змен ў паводзінах, саматычных сімптомаў. І хоць дзеці ў цэлым могуць перажыць жудасны досвед досыць хутка, для гэтага важна, каб вакол знаходзіліся клапатлівыя і чулыя дарослыя. Яны павінны дапамагчы дзіцяці адрэгуляваць нервовую сістэму, паставіць усё ў правільны кантэкст, акружыць увагай і клопатам, стварыць бяспечныя ўмовы. Таксама важна нагадваць пра добрыя рэчы ў штодзённым жыцці. Не важна, праз што прайшло малое, трэба канцэнтравацца на добрых рэчах і ўвесь час падкрэсліваць, што ў свеце ёсць і іншы бок.

Карысныя рэкамендацыі

Дзіця можа пісаць лісты аднаму з палітзняволеных бацькоў (але не трэба асуджаць за яго магчымую адмову рабіць гэта), маляваць паштоўкі, запісваць свае мары – усё гэта дапаможа для выяўлення ягоных пачуццяў і эмоцый. Можна прыдумляць прыемныя рытуалы, якія таксама будуць дапамагаць перажываць цяжкія пачуцці (дарыць «ад мамы/таты» падарункі ў значныя даты, рабіць разам фотаальбом, разам размаўляць са зняволенай(ым) па тэлефоне).

І не забывайце, што дзіцяці можа спатрэбіцца падтрымка або дапамога спецыялісткі(та) – псіхалагіні/псіхолага.

 

Матэрыял падрыхтаваны на аснове серыі матэрыялаў аб псіхалагічнай дапамозе Праваабарончага цэнтру «Вясна».

 

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...