Што можна перадаваць у СІЗА?

У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Хто і ў які час можа перадаць перадачу?

СІЗА – гэта следчы ізалятар. Перадачы для палітвязняў, якія знаходзяцца пад следствам, можа рабіць любы чалавек: родная(ы), сяброўка (сябар), прыяцель(ніца).

 

Час прыёму СІЗА на Валадарскага, г. Мінск:

Аўторак – пятніца з 8:00 да 17:00 (абед з 13:00 да 14:00).

Субота з 8:00 да 16:00 (абед з 13:00 да 14:00).

Панядзелак з 9:00 да 11:00 – медыцынская перадача ( лекі забаронеы, выключэнне – імпартны інсулін і вітамінныя комплексы).

Правілы перадачы ў СІЗА

Што пры сабе мець:

Пры сабе неабходна мець дзве заявы, напісаныя паводле ўзору, і пашпарт. Абедзве заявы вы падаяце спачатку ў акенца, а пасля ідзяце ў пакой для перадач і там аддаяце іх у акенца работніцам(кам) СІЗА разам з пашпартам. Пасля вам аддадуць асобнік з вагой прынятай перадачы.

Заявы можна пісаць ад рукі. Важна, каб усё было размешчана на адным аркушы, можна з двух бакоў.

 

Вага перадачы:

На месяц пакладзена толькі 30 кг перадачы. Таму не адпраўляйце перадачаў самастойна, не ўзгадніўшы з роднымі, бо кожны кілаграм важны.

Звыш належных 30 кг у асенне-зімовы перыяд можна раз у месяц адпраўляць «вітамінную бандэроль» вагой 10 кг. Прыносяць яе асобнай перадачай у СІЗА. У гэтую перадачу можна класці толькі яблыкі, апельсіны, лімоны, цыбулю і часнык.

 

Што ўказваць у заяве:

У заяве ўказваецца, што і ў якой колькасці вы перадаяце: напрыклад, памідоры – 450 г, пяць штук у адным пакеце. Дакладную колькасць і вагу трэба ўказваць, каб пазбегнуць крадзяжу з боку работніц(каў) ізалятару.

Чаго нельга перадаваць у СІЗА?

Ежа і напоі:

  • зёлкавай гарбаты;
  • чарнасліву;
  • казінакаў;
  • сланечнікавых семачак;;
  • грэйпфрутаў, памэлаў (мандарыны і апельсіны можна);
  • пекінскай капусты (салат айсберг можна).

Прадметы гігіены і рэчы:

  • станкоў для галення (можна толькі аднаразовыя пластыкавыя);
  • кусачкаў для пазногцяў (можна толькі ў медперадачы);
  • бяспечных нажніцаў;
  • вільготных сурвэтак;
  • акварэляў;
  • запальнічак (запалкі можна);
  • вастрылкі;
  • чырвонай асадкі;
  • пластыкавага посуду;
  • шаліка.

Што можна перадаць у СІЗА?

Ежа і напоі:

  • розныя арэхі, курага, фінікі (чарнасліву і семачак нельга);
  • салёную рыбу (стронга, ласось, селядзец);
  • вяленае мяса, каўбасу (сыравяленую, сыравэнджаную);
  • салёнае сала;
  • сыр;
  • цукеркі («Сталічных» нельга);
  • шакалад;
  • зефір, пасцілу, халву;
  • печыва, вафлі, пакупны торт «Кавалачак шчасця»;
  • каву любую і ліставую гарбату;
  • сланечнікавы алей;
  • садавіну: апельсіны, мандарыны, яблыкі, грушы, лімоны;
  • гародніну: агуркі, памідоры, салодкі перац, часнык, цыбулю;
  • зеляніну: пер’е цыбулі, кроп, пятрушку і інш.

Усе прадукты перасыпайце ў пакеты, пажадана напаўпразрыстыя: запалкі з карабка, кава 3 у 1, кашы-хвілінкі; слабасалёную і салёную рыбу вымайце з вакууму ў падвойны пакет; каўбасу і сыр парэжце; цукеркі, шакалад, вафлі вынуць з абгортак.

Прадметы гігіены і рэчы:

  • туалетная папера;
  • туалетнае і гаспадарчае мыла;
  • вадкае мыла ці шампунь (толькі ў празрыстых бутэльках);
  • зубная шчотка і зубная паста;
  • гігіенічныя пракладкі і тампоны;
  • касметыка (крэм і дэзадарант прымаюць толькі ў пластыкавых цюбіках; цвёрды дэзадарант забаронены);
  • грабенчык для валасоў;
  • кішэннае люстэрка;
  • бялізна;
  • насоўкі, панчохі;
  • пластмасавы футарал для мыла і зубной шчоткі;
  • кіпяцільнік (маласільны, да 500 Вт.);
  • гумовыя пантофлі (в'етнамкі нельга),
  • каляровыя алоўкі, фламастэры, шарыкавыя асадкі (чырвонай асадкі нельга);
  • канверты, папера, розныя тэчкі.

Вымайце з рэчаў і абутку ўсе шнуркі, шукайце спартовыя нагавіцы з прашытай гумкай. Усе крэмы і дэзадарант прымаюць толькі ў пластыкавых цюбіках (цвёрды дэзадарант нельга, толькі вадкі ў цюбіку).

Брытва і гадзіннік:

  • электрабрытва павінна быць з трыма галоўкамі (трымер не пасуе), сілкаванне ад батарэек;
  • звычайная аднаразовая брытва;
  • звычайны электронны наручны гадзіннік без металічнага бранзалета (перадаваць праз перадачу па асобнай заяве, як і батарэйкі да гадзіннікаў).

Не перашчыруйце з колькасцю асабістых рэчаў. Памятайце, што гэта ўсё давядзецца чалавеку браць з сабой на этапы.

Медыцынская перадача ў СІЗА

Важна: ва ўсіх СІЗА забаронена перадача медыцынскіх прэпаратаў, за выключэннем вітамінаў, мінеральных комплексаў і імпартнага інсуліну.

 

Час прыёму ў розных СІЗА

Медыцынскія перадачы ў СІЗА прымаюцца толькі ў пэўны час:

  • СІЗА-1, г. Мінск: панядзелак з 9:00 да 11:00;
  • Следчая турма-8, г. Жодзіна: чацвер з 10:00 да 12:00;
  • СІЗА-3, г. Гомель: серада і пятніца з 14:00 да 15:00;
  • Следчая турма-4, г. Магілёў: кожны дзень у 12:45 за 15 хвілін;
  • СІЗА-7, г. Брэст: праз лекара (родныя ідуць да яго, кажуць аб праблемах, і ён дазваляе ці не);
  • Следчая турма-1, г. Гродна: аўторак і чацвер з 11:30 да 12:00.

Што пры сабе мець

Неабходна толькі адна заява паводле ўзору звычайнай перадачы. Пашпарту не патрабуюць, але рэкамендуем яго браць з сабой.

Адразу ідзіце ў пакой для перадач і там займайце жывую чаргу.

 

Чаго не прымаюць:

  • лекаў ў шкляных слоіках, жалезных цюбіках;
  • ватных палачак;
  • вільготных сурвэтак;
  • зубной ніткі.

Важна памятаць

  • Для рэцэптурных лекаў пры сабе лепш мець рэцэпт (зрабіце копію, калі ў аптэцы захочуць забраць арыгінал).
  • Мазі і іншыя лекі з цюбікаў ці шкла трэба перакласці ў пластыкавы слоічак для аналізаў.
  • Кусачкі для пазногцяў прымаюць толькі ў медыцынскай перадачы. Важна, каб у іх не было пілачкі.
  • Аднаразовыя пластыкавыя зубачысткі і зубную нітку (флосеры) можна паспрабаваць перадаць у медыцынскай перадачы.
  • Ва ўсіх СІЗА забаронена перадача медыцынскіх прэпаратаў, за выключэннем вітамінаў, мінеральных комплексаў і імпартнага інсуліну.

Арганізацыі, якія дапамагаюць з перадачамі для палітвязняў

  • Фонд «Краіна для жыцця» – аказвае дапамогу палітвязням і іх сем'ям;
  • Politzek.me – збірае сродкі на аплату адвакатаў і перадач;
  • Dissidentby – збірае на перадачы і пераводы палітвязням, а таксама на дапамогу іх сем'ям;
  • BY_HELP – дапамагае рэпрэсаваным і сем'ям грашыма;

INeedHelpBY – ініцыятыва дапамагае прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і знаходзіцца ў цяжкай фінансавай сітуацыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны на падставе Практычнага дапаможніка па перадачах для зняволеных Праваабарончага цэнтру ​​«Вясна».

 

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...