Змест:
Хто мы?
Служба "Адно Акно" – інфармацыйна-кансультацыйная платформа, на якой размешчана інфармацыя пра магчымую дапамогу для беларусаў і беларусак, якія трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча.
Служба "Адно Акно" – гэта праект, які ініцыявала Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Ён быў распрацаваны ў адказ на шматлікія звароты па дапамогу.
У рамках гэтага праекта Прадстаўніцтва вырашае адну з важных задач — каардынацыю і павышэнне эфектыўнасці ўсіх відаў дапамогі неабароненым сацыяльным групам беларусаў(ак), з фокусам на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных і іх блізкіх, а таксама шырокага кола пацярпелых ад палітычных рэпрэсій у Беларусі.
Па якіх пытаннях можна звяртацца?
Нашы аператаркі гатовы аказаць вам інфармацыйную дапамогу па шырокім коле пытанняў. У тым ліку гэта:
- юрыдычная дапамога;
- медыцынская дапамога;
- псіхалагічная дапамога;
- фінансавая дапамога;
- дапамога ў адаптацыі і легалізацыі за мяжой;
- вырашэнне праблем з дакументамі;
- гуманітарная дапамога;
- дапамога палітвязням, што выйшлі на волю, і іх блізкім;
- дапамога тым, хто трапіў пад рэпрэсіі ў Беларусі.
Таксама на нашай платформе сабраныя карысныя матэрыялы па гэтых тэмах, рэкамендацыі з пакрокавымі інструкцыямі.
Як да нас звярнуцца?
"Адно Акно" - зручная і бяспечная платформа, дзе вы можаце атрымаць інфармацыйную дапамогу любым зручным спосабам:
- бясплатна і канфідэнцыяльна патэлефанаваць аператарцы;
- задаць пытанне праз нашага бота ў Тэлеграм;
- напісаць у асабістыя паведамленні ў Інстаграм , Facebook;
- напісаць нам электронны ліст - help@by.social
Усе вашыя запыты будуць перанакіраваны ў агульны кол-цэнтр і апрацаваны. Вы бясплатна атрымаеце кансультацыю па відам дапамогі ў той краіне, дзе вы знаходзіцеся (у Беларусі і за яе межамі).
Мы знойдзем адказы на ўсе пытанні, што вас цікавяць, і будзем побач, пакуль вы вырашаеце сваю праблему.
Гэта бяспечна?
На дадзены момант некаторыя нашы пляцоўкі ўнесены ў спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў": канал у Telegram, старонка ў Instagram і наш YouTube-канал. Звяртаем вашу ўвагу, што ў сувязі з гэтым рэпост і спампоўка матэрыялаў з гэтых рэсурсаў могуць стаць прычынай адміністрацыйнага пакарання.
Тут вы можаце прачытаць пра даступныя спосабы сувязі і бяспекі.Чэк-ліст па бяспецы - мы просім вас азнаёміцца з ім, каб вы разумелі, як мы працуем.