У гэтым артыкуле вы знойдзеце інфармацыю пра тое, як атрымаць наступныя віды дапамогі:
- надбаўка да пенсіі на догляд;
- адрасная дапамога;
- сацыяльнае абслугоўванне;
- сацыяльнае жыллё;
- сацыяльныя гарантыі пры падпісанні дамовы пажыццёвага ўтрымання;
- ільготныя цэны на жыллёва-камунальныя паслугі;
- падатковыя льготы;
- зніжэнне натарыяльных і судовых выдаткаў;
- кошт санаторна-курортнага лячэння для ветэранаў працы;
- зніжка на прыгарадны транспарт.
Самотнымі лічацца пенсіянеркі(ы), якія не маюць паўналетніх дзяцей, бацькоў, сужэнцаў, г. зн. асоб, абавязаных па заканадаўстве клапаціцца пра іх, а таксама калі гэтыя асобы ў сваю чаргу самі маюць патрэбу ў сталай дапамозе.
Надбаўка да пенсіі на догляд
Самотным пенсіянер(к)ам, якія маюць патрэбу ў сталай старонняй дапамозе, належыць надбаўка на догляд у памеры 50% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
Для яе атрымання варта звярнуцца ў кіраванні (аддзелы) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (па прызначэнні і выплаце пенсій) па месцы жыхарства. Гэта можна зрабіць асабіста ці праз прадстаўнікоў. Таксама можна заяву і копіі дакументаў адправіць па пошце, але ўсе копіі, апрача копіі пашпарта, трэба натарыяльна засведчыць.
Форму заявы мажліва спампваць тут. З дакументаў спатрэбіцца пасведчанне асобы; заключэнне медыка-рэабілітацыйнай ці медыцынска-кансультацыйнай камісіі аб патрэбнасці у сталай дапамозе; даведка аб складзе сям'і.
Адрасная дапамога
Адрасная дапамога даецца грамадзян(к)ам, у тым ліку і пенсіянер(к)ам, у выглядзе штомесячных і аднаразовых сацыяльных выплат.
Каб яе аформіць, неабходна напісать заяву ў органы сацыяльнай абароны па месцы рэгістрацыі.
Не пазней за 3 працоўныя дні пасля прыняцця рашэння вас пісьмова паведамяць пра прызначэнне дапамогі з указаннем яе памеру і перыяду атрымання або пра адмову ў даванні з тлумачэннем прычыны.
Сацыяльнае абслугоўванне
Грамадзянкі(е), што знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі з прычыны стану здароўя ці ўзросту, могуць атрымліваць сацыяльныя паслугі ў хатніх умовах (паводле пераліку) і ў дамах-інтэрнатах.
Для атрымання сацыяльных паслуг належыць падаць у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заяву; пасведчанне асобы; пасведчанне інваліда, ветэрана ВАВ і да т.п. (калі ёсць); згоду на апрацоўку персанальных дадзеных; медыцынскую даведку аб стане здароўя і (ці) заключэнне медыцынска-кансультацыйнай камісіі па крытэры «самаабслуга».
Потым абследуецца матэрыяльна-бытавое становішча заяўнікаў і запытваюцца даведка аб месцы жыхарства і складзе сям'і, звесткі пра памер пенсіі і адсутнасці догляду. Па выніках гэтага складаецца дамова на сацыяльнае абслугоўванне.
Увага! Некаторыя цэнтры маюць паслугу «Гасцявая сям'я»: працаздольная сям'я запрашае ў выходныя і святочныя дні людзей сталага веку дзеля супольнага правядзення вольнага часу.
Для атрымання жылога памяшкання ў інтэрнаце грамадзянка(ін) ці яе (яго) прадстаўнік накіроўваюць у органы сацыяльнай абароны па месцы жыхарства заяву і заключэнне медыцынска-кансультацыйнай камісіі.
Сацыяльнае жыллё
Самотныя пенсіянеркі(ры), якія не працуюць і знаходзяцца у ліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, маюць права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання.
Заява аб прыняцці на ўлік падаецца па месцы жыхарства ў адпаведны мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.
Сацыяльныя гарантыі пры падпісанні дамовы пажыццёвага ўтрымання
Падпісаўшы адпаведную дамову, грамадзянка(ін) перадае жылое памяшканне, якое яна (ён) мае, ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, а замест гэтага атрымлівае пажыццёвае ўтрыманне. Гэта ў пэўным сэнсе абмен жылля на забяспечаную старасць.
Атрымальнікам такой рэнты належаць штомесячныя платы, памер якіх не можа быць меней за двухразовую базавую велічыню.
Можна скласці дамову з правам пражывання ў інтэрнаце. Сацыяльныя паслугі, пра якія гаварылася вышэй, у кожным разе бясплатныя.
Жыллё павінна трымацца ў належным стане. Усе выдаткі па гэтым, а таксама аплата камуналкі могуць быць уключаны ў дамову.
Таксама органы кіравання бяруць на сябе выдаткі на пахаванне і догляд за месцам пахавання.
Для падпісання дамовы пажыццёвага ўтрымання належыць звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падаюцца заява (з пражываннем у жытле альбо ў інтэрнаце); пасведчанне асобы; дакумент, што пацвярджае права ўласнасці на жыллё; даведка аб стане здароўя з інфармацыяй пра наяўнасць медыцынскіх паказанняхі (ці) іх адсутнасці для атрымання сацыяльнага абслугоўвання ўдома.
Ільготныя цэны на жыллёва-камунальныя паслугі
Пенсіянеркі(ры), што не працуюць, маюць права аплачваць па субсідзіраваных тарыфах паслугі электра- і газазабеспячэння.
Па пытаннях скарыстання льготнымі тарыфамі трэба звяртацца ў арганізацыю, якая адказвае за электра- альбо газазабеспячэнне. Для атрымання розных ільгот пенсіянерцы(ру) зазвычай досыць мець пры сабе пашпарт і пенсіённае пасведчанне.
Увага! Ільготай можна скарыстацца адначасова пры аплаце двух жылых памяшканняў, напрыклад гарадской кватэры і загараднай хаты. Для лецішчаў ільготны тарыф пашыраецца толькі на газ.
Таксама пенсіянеркі(ры), з якімі не жывуць працаздольныя сямейнікі, могуць звярнуцца па атрыманне безнаяўнай субсідыі на аплату жыллёва-камунальных паслуг.
Заява на субсідыю падаецца па месцы жыхарства ў арганізацыю, што налічае плату за паслугі і карыстанне жылым памяшканнем. Неабходны такія дакументы: пасведчанне асобы, пенсіённае пасведчанне (пасведчанне інваліда), даведка аб памеры пенсіі.
Падатковыя льготы
Пенсіянер(ка) вызваляецца ад выплаты падатку на нерухомасць у частцы адной жылой хаты (з нежылымі пабудовамі), якая з'яўляецца яе (яго) уласнасцю. Калі маюцца дзве і больш хаты, ільгота ўжываецца ў дачыненні да адной з іх (даражэйшай ці, пры аднолькавым кошце, набытай раней). Па пытаннях ужывання гэтай ільготы варта звярнуцца ў найбліэйшую падатковую інспекцыю.
Таксама пенсіянеркі(ры) вызваляюцца ад выплаты падатку на зямлю на ўчастках, што адведзены для гародніцтва, садаводства, дачнага будавання, народных мастацкіх рамёстваў і г.д. Звяртацца трэба таксама ў падатковую, але па месцы знаходжання зямельнага ўчастка.
Дадаткова для пенсіянерак(аў), якія выконваюць працы ці аказваюць паслугі, што абкладаюцца адзіным падаткам, прадугледжана зніжэнне яго стаўкі на 20%. Тут звяртаемся ў падатковую па месцы рэгістрацыі.
Зніжэнне натарыяльных і судовых выдаткаў
Пенсіянеркі(ры) выплачваюць тарыф у памеры 50% на шэраг натарыяльны паслуг, напрыклад на выдачу пасведчання аб праве ўласнасці на жыллё, на спадчыну; выдачу дублікатаў натарыяльных дакументаў; сведчанне копій.
Органы мясцовага кіравання маюць права цалкам ці часткова вызваляць грамадзянаў, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ад выплаты пошліны пры звароце ў суд.
Кошт санаторна-курортнага лячэння для ветэранаў працы
Для лячэння і аздараўлення ветэраны працы могуць набыць пуцёўку па льготным кошце.
За пуцёўкай належыць звярнуцца ў абласное ці Мінскае гарадское прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Кантакты прадстаўніцтваў можна знайсці тут.
Зніжка на прыгарадны транспарт
Пенсіянеркі(ы) па ўзросце маюць права на 50%-ную зніжку ад кошту праезду ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа; на водным і аўтамабільным транспарце рэгулярнага прыгараднага злучэння. Зніжка дзейнічае штогод, у перыяд з 1 траўня па 31 кастрычніка.
Увага! Пенсіянеркі(ры) могуць мець і іншыя льготы ў выпадку наяўнасці ў іх дадатковага статусу. Да прыкладу, Героі Беларусі, Героі Савецкага Саюза, удзельнікі ВАВ і інваліды вайны маюць права задарма атрымваць шэраг лекаў.
Чытайце таксама:
Як яшчэ мажліва дапамагчы сваякам палітзняволенай(ага)
Якую іншую дапамогу могуць папрасіць сваякі палітзняволенай(га)