У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Дзе трэба стаць на ўлік пасля вызвалення?
- Якія гарантыі па працаўладкаванні паводле заканадаўства ёсць у былых асуджаных?
- Як ідуць справы насамрэч?
- Хто яшчэ можа дапамагчы з пошукам працы?
- Якія яшчэ ёсць варыянты працаўладкавання?
Дзе трэба стаць на ўлік пасля вызвалення?
Для садзейнічання ў працоўным уладкаванні пасля вызвалення адміністрацыя папраўчай установы накіроўвае адпаведныя матэрыялы ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па абраным месцы жыхарства.
Асуджанай(му) тлумачыцца парадак звароту ў названыя органы, але спачатку, цягам трох дзён пасля прыбыцця да месца жыхарства, ён (яна) мусіць з'явіцца ў мясцовы орган унутраных справаў для пастаноўкі на ўлік.
Для рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнай(го) неабходны наступныя дакументы:
- пашпарт;
- працоўная кніжка;
- дыплом ці іншы дакумент аб адукацыі, кваліфікацыі;
- даведка аб вызваленні з папраўчай установы.
Якія гарантыі па працаўладкаванні паводле заканадаўства ёсць у былых асуджаных?
Саздейнічанне ў працаўладкаванні грамадзян(к)ам, вызваленым пасля адбыцця пакарання, аказваецца бясплатна пры асабістым звароце ў адпаведнасці з іх пажаданнямі, адукацыяй і наяўнымі вакансіямі.
Асобы, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, належаць да грамадзянаў, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якім даюцца дадатковыя гарантыі ў сферы занятасці. Гэтыя гарантыі
ўключаюць:
- вылучэнне броні для прыёму на працу;
- наяўнасць магчымасці прайсці ў першачарговым парадку прафесійную (пера)падрыхтоўку па накіраванню органаў па працы, уключаючы выдаткі па аплаце жылля, праезду. У перыяд навучання выплачваецца стыпендыя і матэрыяльная дапамога;
- аказанне падтрымкі (у т.л. фінансавай) для арганізацыі прадпрыемніцкай, рамеснай дзейнасці, дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. Таксама ёсць магчымасць прайсці навучанне асновам прадпрыемніцкай дзейнасці;
- удзел у грамадскіх работах, за якія выплачваюцца грошы, дзеля атрымання прыбытку ў перыяд працаўладкавання;
- спрыянне ў перасяленні на новае месца жыхарства і працы.
Калі асуджаны(ая), які(ая) адбываў кару ў калоніі-паселішчы і меў(ла) дазвол жыць і працаваць за яе межамі, пасля вызвалення хоча застацца там жыць і працаваць, яму (ёй) належыць падаць адпаведную заяву.
Як ідуць справы насамрэч?
Паводле дадзеных даследнікаў працоўныя месцы, што забраніраваны пад асоб, якія вызваліліся, цалкам не запаўняюцца, таму як далёка не ўсе хочуць уладкоўвацца на працу. Аднак праблемы з працаўладкаваннем усё ж такі ўзнікаюць.
Першае, прыведзеныя вышэй статыстычныя дадзеныя рахуюцца цалкам па рэспубліцы. У асобных рэгіёнах сітуацыя можа быць іншай. А на адкрытыя вакансіі не ўсе работадаўцы хочуць прымаць былых зняволеных (асабліва гэта датычыцца «палітычных»). Тады ўзнікае замкнёнае кола: чалавека вымушаюць працаўладкавацца, але яго не бяруць на прапанаваную вакансію – і ўсё пачынаецца спачатку.
Другая праблема – неадпаведнасць вакансій адукацыі, асабістым амбіцыям, а таксама стану здароўя. Зазвычай прапануюцца месцы для рабочых прафесій і некваліфікаваных работ.
Таксама пытанні ўзнікаюць у сувязі з удзелам у грамадскіх работах – плата за іх вельмі невысокая, а праца галоўным чынам цяжкая.
Хто яшчэ можа дапамагчы з пошукам працы?
У прынцыпе, апроч работадаўцы ніхто не замінае вярнуцца на ранейшае месца працы. Калі з ім захаваліся нармальныя адносіны, варта скарыстацца гэтым, асабліва калі было здзейснена не крымінальнае, а эканамічнае злачынства (шмат хто разумее, што на Беларусі прысуды за парушэнні ў сферы гаспадарчай дзейнасі часцяком неапраўдана жорсткія).
Перашкодай яшчэ можа стаць пазбаўленне права займаць пэўныя пасады, але гэта не адменьвае магчымасці працаваць па ранейшай спецыяльнасці ў іншым рангу.
З пошукам добрай працы, як і ў кожнай складанай сітуацыі, могуць дапамагчы сябры і знаёмыя.
Раней на Беларусі было некалькі таварыстваў, што аказвалі дапамогу былым зняволеным, але ў цяперашні момант дзейнічае толькі група ВК «Рука дапамогі і падтрымкі». Сітуацыя з часам можа змяніцца, таму варта паспрабаваць праз пошук знайсці аналагічныя супольнасці (яны могуць быць і лакальнымі).
Былыя палітвязні могуць звярнуцца за дапамогай з працаўладкаваннем у Dissidentby. На старонцы гэтай арганізацыі мажліва як апублікаваць рэзюмэ (ананімна ці адкрыта), гэтак і знайсці вакансіі. Зрабіць гэта магчыма і наўпрост з Беларусі (толькі з VPN і ананімна), і знаходзячыся за мяжой.
Якія яшчэ ёсць варыянты працаўладкавання?
Самы відавочны варыянт – самому знайсці працу. Існуе даволі шмат інтэрнэт-пляцовак для пошуку вакансій, а таксама працуе дзяржаўная служба занятасці.
Пры жаданні можна прайсці прафесійную перападрыхтоўку (гл. 1-ы раздзел). Заканадаўствам таксама дазваляецца атрымліваць адукацыю ў зняволенні. Але на практыцы гэта часта праблематычна. Рэч у тым, што гэта суправаджаецца вызваленнем ад працы, што выклікае незадаволенасць з боку начальства калоніі і іншых зняволеных.
Ініцыятыва BySol прапануе для «палітычных» варыянты перанавучання па спецыяльнасцях SMM (стратэгія прасоўвання ў сацыяльных сетках), англійская мова, SEO (маркетынг у пошукавых сістэмах), асновы вэб-дызайну і маркетынг.
Добры спосаб – стаць індывідуальным прадпрымальнікам. Тут таксама можна атрымаць дапамогу ад органаў па працы (гл. 1-ы раздзел).
Пры гэтым шмат якія віды паслуг можна рабіць, не регіструючыся у якасці індывідуальнага прадпрынімальніка. У такім выпадку дастаткова выплаты адзінага падатку. Калі ёсць звычкі ў фатаграфіі, шытве, веды моваў, то гэта можа стаць новай прафесіяй. А для некаторых паслуг асаблівая кваліфікацыя і не патрабуецца. У прыватнасці, для дагляду за дарослымі і дзецьмі, уборкі памяшканняў, продажу ўласнай прадукцыі (у т.л. сельскгаспадарчай), колкі дроваў і інш.
У пікавай сітуацыі можна ўладкавацца на сезонныя работы. Пераважна, канешне. сезонных працаўнікоў шукаюць летам, але можна зімой, прыкладам, уладкавацца гардэробшчыцай(кам). Вакансіі можна знайсці ў інтэрнце праз пошук, а таксама на прыведзеным вышэй сайце службы занятасці (у вакенцы «Характар работы» выбраць «Сезонная»).
Калі няма забароны на выезд за мяжу, можна пашукаць працу і там. Для гэтага існуе мноства сэрвісаў, напрыклад Jetexpo, Глобал Сервіс Интэрнэшынал, Layboard. На прыведзены вышэй сайт службы занятасці можна адправіць рэзюмэ, і тады стануць даступныя вакансіі краін ЕАЭС.
Чытайце таксама:
- На якую дапамогу дзяржавы можа разлічваць самотны пенсіянер(ка) і як яе атрымаць?
- Як фінансава дапамагаць сем'ям палітвязняў?
- Як дапамагчы, калі ў затрыманай(га) былі фінансавыя абавязацельствы