У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- як размаўляць з чалавекам у стане алкагольнай агрэсіі?
- якія дзеянні можна выканаць?
- чаго нельга рабіць?
Шмат якія людзі ў стане алкагольнага ап'янення робяцца агрэсіўнымі. Дома іх негатыўня эмоцыі найчасцей скіроўваюцца на сямейнікаў. Такім чынам у сям'і павялічваюцца рызыкі пацярпець ад хатняга гвалту, атрымаць псіхалагічную траўму і г.д.
Ніжэй коратка распавядаецца, як дзейнічаць, каб мінімізаваць гэтыя рызыкі.
Як размаўляць з чалавекам у стане алкагольнай агрэсіі?
Важна вытрымліваць нармальны тон гутаркі і захоўваць хаця б вонкавы спакой і ўпэўненасць. Не зважайце на прычэпкі, абразы, спакойна адказвайце на пытанні, імкніцеся перавесці дыялог у больш мірнае рэчышча. Паводзьце сябе так, быццам нічога не адбываецца. Цалкам магчыма, што агрэсіўнасць мае мэтай вывесці вас з сябе.
Пры гэтым вашы паводзіны не павінны быць дэманстратыўна абыякавымі. Згаджайцеся з усім, што кажа ваш блізкі чалавек. Абяцайце яму (ёй) усё, што ён (яна) патрабуе ў дадзены момант, але не выконвайце патрабаванне адразу, працягвайце займацца сваімі справамі. Увага ў стане ап'янення не сканцэнтравана, мажліва, што неўзабаве ён (яна) забудзецца на просьбу.
Якія дзеянні можна выканаць?
Галоўнае, гэта бяспека іншых сямейнікаў, у тым ліку ваша. Найбольш надзейны спосаб забяспечыць яе – напярэдадні канфлікту ўсім сысці з хаты.
Калі сямейнік, які пакутуе алкагалізмам, п'е ў вашай прысутнасці, і вы бачыце, што ён (яна) ўжо губляе кантроль над сабой, – адразу сыходзце. Найлепей пакінуць яго (яе) аднаго(у) ў кватэры да раніцы. У той час ён (яна) ўжо будзе пакутаваць ад похмелкі, і агрэсія знікне.
Але што рабіць, калі ісці няма куды, альбо ён (яна) прыйшоў(ла) дахаты ўжо п'яным(ай), альбо вы не чакалі ад яго (яе) такой агрэсіі?
Паспрабуйце ўсё адно пакінуць кватэру, але рабіце гэта максімальнае незаўважна і хутка. Не варта гучна аб'яўляць пра свой сыход.
Калі сысці не ўдалося, трымайце сябе так, як апісана ў 1-м раздзеле. Паспрабуйце перакінуць увагу агрэсіўна настроенага чалавека на яго самога. Напрыклад, на бруднае адзенне: «Ты выпацкаўся(лася), здымі куртку, я пачышчу».
Рызыкоўным, але эфектыўным сродкам з'яўляецца «халодны душ». Абліўшы нецвярозага чалавека вядром ледзяной вады, вы выклікаеце ў яго кароткачасовы шок. Пакуль ён (яна) ачуньвае, вы зможаце пайсці з хаты. Апроч таго, ад дзеяння холаду адбываецца выкід адрэналіну, і настае кароткачасовае працверажэнне. Агрэсар можа апамятацца і ўсвядоміць недапушчальнасць сваіх паводзін.
Увага! Пры сардэчна-сасудзістых захворваннях халодны душ супрацьпаказаны.
Калі дзеянні чалавека ў стане ап'янення набываюць бескантрольны характар, яны здольныя прывесці да гвалту, пагрому ці іншым цяжкім наступствам, давядзецца выклікаць міліцыю ці наркалагічную брыгаду. Ізноў жа, нельга рабіць гэта дэманстратыўна, у прысутнасці нецвярозай асобы. Найлепей угаворваннямі прымусіць яго (яе) выйсці з хаты, да прыкладу, даўшы грошай на спіртное. Калі гэта не атрымалася, паспрабуйце адасобіцца іншым спосабам.
У самым крайнім выпадку, калі няма іншага выйсця, прапануйце выпіць яшчэ, каб п'яны агрэсар «адключыўся». Але гэта вельмі небяспечны ўчынак, бо замест чаканага выніку вы можаце атрымаць яшчэ большую агрэсію, а можа ўзнікнуць і вострая алкагольная інтаксікацыя.
Яшчэ паспрабуйце зафіксаваць сітуацыю з дапамогай фота- і відэаздымкі. Гэта таксама трэба рабіць скрытна. Добра, калі вы не адзін(на) – іншы сямейнік можа здымаць, пакуль вы займаеце агрэсара гутаркамі.
Фатаграфіі і запісы дапамогуць, калі, прыкладам, пры міліцыі (медыках) агрэсія знікне, і спатрэбяцца доказы. Таксама іх можна паказаць раніцай, так бы мовіць, на цвярозую галаву.
Увага! Трымаць сябе ў руках і ігнараваць абразы ад сямейніка вельмі складана. Таму сваякам чалавека з алкагольнай залежнасцю рэкамендуецца скарыстацца псіхатэрапеўтычнай дапамогай, у прыватнасці, каб навучыцца кантраляваць свае эмоцыі.
Чаго нельга рабіць?
Каб па меры магчымасці ўнікнуць узнікнення агрэсіі (не ўзмацняць яе), варта помніць некалькі важных «не»:
- не паказвайце свайго страху і слабасці;
- не выказвайце папрокаў і абвінавачанняў;
- не зневажайце і не абражайце чалавека з алкагольнай залежнасцю;
- не звяртайцеся да маралі і сумлення;
- не спрабуйце пераканаць у нечым ці давесці сваю рацыю;
- не замінайце піць, не адбірайце і не вылівайце алкаголю, не станавіцеся на шляху, калі ён (яна) памкнуўся(лася) за дадаткам.
Пры праявах агрэсіі:
- не ўжывайце дужасці, нават калі вы заведама мацней – гэта можа прывесці да неспадзяваных наступстваў (выкарыстанне колюча-рэжучых або цяжкіх прадметаў ці, наадварот, сур’ёзнае траўміраванне самаго агрэсара);
- не падсыпайце ў напоі седатыўных ці снатворных сродкаў;
- не зачыняйце п'янага(ую) у пакоі, дзе знаходзяцца колюча-рэжучыя і цяжкія прадметы.
Увага! Калі спробы зрабіць шкоду сям'і робяцца рэгулярнымі, лепш вырашыцца на растанне з такім чалавекам, каб захаваць псіхічнае і фізічнае здароўе вашых блізкіх.
Чытайце таксама:
- Як атрымаць псіхалагічную дапамогу ў Беларусі?
- Як уладкавацца на працу пасля зняволення
-На якую дапамогу дзяржавы можа разлічваць самотны(ая) пенсіянер(ка) і як яе атрымаць?