Як атрымаць аліменты? Куды звярнуцца па дапамогу і якія ёсць працэдуры?

kak-poluczit-alimenty.png
У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Увага! Галоўным чынам аліменты выплачваюцца на ўтрыманне непаўналетніх. Але існуюць і іншыя выгляды гэтых выплат: на паўналетніх недзеяздольных дзяцей, састарэлых бацькоў, калі развод адбыўся з недзеяздольнай(ым) жонкай (мужам) і г.д.

Як спагнаць аліменты?

Калі аліменты дабраахвотна не выплачваюцца, іх спагнанне ў Беларусі чыніцца ў судовым парадку.
Увага! Пры дабраахвотнай выплаце не выключаецца права асобы, што атрылімвае аліменты, у любы час звярнуцца ў суд з заявай пра іх спагнанне.

Існуюць дзве працэдуры спагнання. Больш просты варыянт – у парадку загаднага выканання.
Загаднае выкананне вядзецца без судовага паседжання і выкліку бакоў – г. зн. вашай прысутнасці не спатрэбіцца. Справа разглядаецца цягам 3 дзён з дня паступлення ў суд заявы.
Аднак існуюць абмежаванні па выкарыстанні гэтага парадку. Так, ён немагчымы, калі патрабуецца вызначэнне бацькоўства, калі будуць закрануты інтарэсы трэціх асобаў (напрыклад, яшчэ адной маці, якая спаганяе аліменты) і інш.

Другі варыянт – іскавое выкананне. Тут ужо неабходна паседжанне з выклікам бакоў, а разгляд справы адбываецца на працягу месяца пасля падачы заявы.
Увага! Вызначыць працэдуру ў пэўным выпадку, скласці заяву, а таксама дапамагчы ў вырашэнні іншых звязаных з гэтым пытанняў можа адвакат па спагнанні аліментаў.

У залежнасці ад акалічнасцяў да заявы прыкладаюцца неабходныя дакументы: копіі сведчанняў аб нараджэнні дзіцяці і аб заключэнні (скасаванні) шлюбу, даведкі з месца жыхарства і аб складзе сям'і і інш.
Па выніках суда выдаецца выканаўчы дакумент – пастанова аб судовым загадзе ці выканаўчы ліст, які выдадзены на падставе судовых пастановаў у выглядзе рашэнняў і прысудаў.

Можна самастойна даслаць выканаўчы дакумент па месцы атрымання аліментніцай(кам) прыбыткаў, прыклаўшы заяву аб спагнанні і пералічэнні аліментаў. Але лепш перадаць яго ў орган прымусовага выканання з заявай аб распачынанні выканаўчай вытворчасці. Гэты орган сам накіруе выканаўчы дакумент па месцы атрымання зарплаты. У дадатак судовыя выканаўцы будуць сістэматычна кантраляваць правільнасць і своечасовасць атрымання аліментаў, а таксама іх пералічэнне.

Кантакты абласных і Мінскага гарадскога кіраванняў прымусовага выканання можна знайсці тут, а на іх сайтах, у сваю чаргу, можна знайсці адрасы раённых аддзяленняў (вось, да прыклада, па Мінску).

З якіх прыбыткаў вылічваюцца аліменты на непаўналетніх?

Аліменты на ўтрыманне дзяцей вылічваюцца практычна з кожнага прыбытку. Выключэннем з'яўляюцца камандзіровачныя, дапамога на пахаванне, кампенсацыі за выкарыстанне асабістай маёмасці працаўніка для патрэбаў наймальніка, выходная дапамога (апрача той, што перавышае сярэднямесячны заробак).

Вылічэнні з дапамог па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах, догляду за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў магчымыя, але толькі па судовай пастанове.

Як выплачваюцца аліменты?

Наймальнік штораз, калі аліментніцы(ку) налічаецца якая-небудзь выплата, вылічвае з яе аліменты. То бок калі за месяц перш была пералічана зарплата, потым адпускныя, а пасля аванс, то аліменты пералічваюцца іх атрымальніцы(ку) тройчы.

Тэрмін пераліку – 5 працоўных дзён пасля кожнай выплаты прыбытку. Адзіны вынятак – 3-дзённы тэрмін для аліментаў, што вылічаны на падставе выканаўчага ліста.
Пералічэнне аліментаў выконваецца за кошт асобы, якая выплачвае іх.

Ці мажліва спагнаць аліменты з беспрацоўнай(га)?

У выпадку адсутнасці працы аліменты не касуюцца, а накопліваецца пазыка па іх. Гэтую суму разлічвае судовы выканаўца за кожны месяц няплаты, грунтуючыся на наступных памерах: на адно дзіця – 50% бюджету пражытачнага мінімума; на двух дзяцей – 100%; на трох і больш – 150%.

Якая адказнасць існуе за няплату аліментаў?

За ўхіленне ад выплаты аліментаў больш за 3 месяцы цягам года прадугледжана пакаранне ў выглядзе грамадскіх ці выпраўленчых працаў на тэрмін да 2 гадоў, арышту або абмежавання волі да 3 гадоў ці пазбаўлення волі тэрмінам да года.

Адпаведная заява можа быць скіравана ў органы ўнутраных справаў як судовым выканаўцам, гэтак і атрымальніцай(кам) аліментаў самастойна.
Апрача таго, да няплацельшчыц(каў) прымяняюцца абмежаванні, напрыклад на выезд за мяжу ці кіраванне транспартнымі сродкамі.

Што рабіць, калі былая(ы) жонка (муж) з'ехаў за мяжу?

Спагнаць аліменты на падставе дакументаў, якія выдаў беларускі суд, магчыма толькі ў выпадку, калі паміж Беларуссю і краінай жыцця няплательшчыцы(ка) ёсць адпаведная міжнародная дамова. Такія дамовы падпісаны са шмат якімі дзяржавамі, у т.л. з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Казахстанам, Арменіяй і Кыргыстанам.

Калі краіна побыту Расія, звярніцеся ў абласное (Мінскае гарадское) кіраванне прымусовага выканання (гл. спасылкі пад канец 1-га раздзелу) па месцы жыхарства. Упаўнаважаны орган вызначыць кампетэнтную асобу, якая будзе спаганяць аліменты ў Расіі, і перадасць яму дакументы. Для звароту ў кіраванне неабходны выканаўчы дакумент, заявы аб распачынанне выканаўчай вытворчасці і аб накіраванні выканаўчага дакумента.

У іншых выпадках звярніцеся наўпрост ў суд краіны побыту ці ў беларускі суд, які вынес прысуд аб спагнанні аліментаў. Апошні варыянт лепей, таму што там можна ўдакладніць, як належным чынам скласці хадайніцтва. Таксама вам не давядзецца самастойна рыхтаваць і перадаваць у замежны суд дакументы, што патрабуюцца для выканання прысуду аб спагнанні аліментаў. У хадайніцтве зазначце прозвішча, імя, імя па бацьку і месца жыхарства – як вашыя, гэтак і няплательшчыцы(ка), а таксама што вы просіце дазволіць прымусова спаганяць аліменты па дакуменце беларускага суда.

Нарматыўна-прававая база:
- разд. 31 і 35 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса;
- арт. 95, 104, 105 і 110 Кодэкса аб шлюбе і сям’і;
- арт. 174 Крымінальнага кодэкса;
- арт. 41, 103, 104, 106 і 109 Закона ад 24.10.2016 г. № 439-З «Аб выканаўчай вытворчасці» (у рэд. ад 17.07.2023 г.);
- пп. 80, 84, 89, 204 і 214 Інструкцыі па выканаўчай вытворчасці, зацверджанай пастановай Мінюста ад 07.04.2017 г. № 67 (у рэд. ад 29.05.2023 г.);

Пералік відаў заробку і (ці) іншага прыбытку бацькоў, якія падлягаюць уліку пры вызначэнні памеру аліментаў, што спаганяюцца на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, зацверджаны пастановай Саўміна ад 12.08.2002 г. № 1092 (у рэд. ад 24.05.2022 г.).

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...