У гэтым артыкуле вы знойдзеце кароткія звесткі пра гарантыі і льготы маці:
- якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў;
- якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў;
- самотным;
- што маюць дзяцей з інваліднасцю;
- шматдзетным.
Беларускае заканадаўства ў сферы давання гарантый і льготаў мае мноства нюансаў, з-за чаго ў ім даволі складана разабрацца. Каб вы маглі даведацца пра свае правы ў вобласці працоўных гарантый, падатковых ільготаў, забеспячэння ўмоваў працы і г. д., мы ў кароткім выглядзе сабралі звесткі пра іх.
Гарантыі і льготы маці, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў
1) Работадавец не можа адмовіць у падпісанні працоўнай дамовы і зніжаць заработную плату з-за таго, што ў кабеты ёсць дзеці ва ўзросце да 3 гадоў.
Калі вы ўсё ж такі сутыкнуліся з адмовай, вам абавязаны паведаміць яе прычыну ў пісьмовай форме. Адмова можа быць абскарджана ў судзе.
Змяншэнне заработнай платы магчыма толькі калі ў наймальніцы(ніка) паўсталі вытворчыя, арганізацыйныя ці эканамічныя прычыны для гэтага.
Таксама працоўная дамова не можа быць скасавана па ініцыятыве наймальніцы(ка) у сувязі з:
- скарачэннем штату;
- неадпаведнасцю працаўніцы пасадзе (прафесіі) ці рабоце, якую яна выконвае, з прычыны стану здароўя або недастатковай кваліфікацыі;
- адсутнасцю на працы цягам больш за 4 месяцы запар з прычыны часовай непрацаздольнасці.
2) Частка прыбытку бацькоў да дасягнення дзіцём паўналецця не абкладаецца падаходным падаткам. Такі стандартны падатковы вылік на пачатак 2024 г. для маці аднаго дзіцяці складае 51 руб., а двух і больш дзяцей – 97 руб. на кожнага з іх. Для атрымання льготы падаецца заява па асноўным месцы працы (службы, навучання) ці ў падатковы орган па месцы жыхарства. Да заявы прыкладаецца копія пасведчання аб нараджэнні або даведкі аб знаходжанні ў водпуску па догляду за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў.
3) Калі маці дзяцей ва ўзросце да 1,5 гадоў не могуць выконваць ранейшую працу, іх пераводзяць на іншую, але пры гэтым захоўваецца сярэдні заробак па ранейшай працы.
Таксама ім даюцца дадатковыя перапынкі для кармлення дзіцяці не радзей чым кожныя 3 гадзіны працягласцю не меней за 30 хвілін кожны (пры наяўнасці двух ці больш дзяцей – не меней за гадзіну). Гэтыя перапынкі могуць быць далучаны да перапынку для адпачынку і харчавання альбо ў падсумаваным выглядзе перанесены як на пачатак, гэтак і на канец працоўнага дня (змены), які(ая), адпаведна, будзе скарочаны(а). Перапынкі для кармлення ўключаюцца ў час працы і аплачваюцца па сярэднім заробку.
4) Па жаданні маці ёй даецца водпуск па догляду за дзіцём да дасягнення ім узросту 3 гадоў.
Такі водпуск уключаецца ў стаж працы, у т.л. па спецыяльнасці, прафесіі, пасадзе. Ён можа быць выкарыстаны цалкам або часткамі любой даўжыні.
Па сканчэнні водпуску ці пры датэрміновым выйсці з яго гарантуецца права на ранейшую працу. Перавод на іншую пасаду, якая не абумоўлена працоўнай дамовай (кантрактам), дапускаецца толькі з пісьмовай згоды працаўніцы.
Выключэнне з гэтага правіла – абавязаныя асобы і выпадкі часовага пераводу ў сувязі з вытворчай патрэбай ці прастоем.
У час водпуску па догляду за дзіцём ёсць магчымасць працаваць на ўмовах няпоўнага часу працы. Пры гэтым грашовая дапамога цалкам захоўваецца, але з умовай, што адпрацоўваецца не больш за палову месячнай нормы. Калі ж працаваць поўны дзень ці няпоўны час працы, большы за палову месячнай нормы, то яна змяншаецца на 50%.
Калі вы хочаце ўзяць водпуск па догляду, пасля сканчэння водпуску па цяжарнасці і родах належыць падаць наймальніцы(ку) адпаведную заяву.
Гарантыі і льготы маці, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў
1) Частка прыбытку бацькоў да дасягнення дзіцём паўналецця не абкладаецца падаходным падаткам. Такі стандартны падатковы вылік на пачатак 2024 г. для маці аднаго дзіцяці складае 51 руб., а двух і больш дзяцей – 97 руб. на кожнае з іх. Для атрымання льготы падаецца заява па асноўным месцы працы (службы, навучання) ці ў падатковы орган па месцы жыхарства. Да заявы прыкладаецца копія пасведчання аб нараджэнні.
2) Кабет, якія маюць дзяцей ад 3 да 14 гадоў, могуць залучаць да начных, звышурочных работ, працы ў дзяржаўныя святы, выхадныя і святочныя дні, скіроўваць са службовую камандзіроўку толькі з іх згоды, прытым пісьмовай (напрыклад, роспіс на загадзе). Ініцыятыва па ўдзеле ў такіх работах можа ісці і ад саміх працаўніц.
3) Маці двух і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў можа па сваім жаданні штогод браць водпуск без захавання заработнай платы працягласцю да 2 тыдняў. Апроч таго, яны маюць права планаваць працоўны водпуск у летні ці іншы зручны час.
Гарантыі і льготы самотным маці
Увага! Самотнай прызнаецца маці:
- якая не знаходзіцца ў шлюбе, а звесткі пра бацьку дзіцяці былі запісаны ў акт аб народзінах па яе ўказанні (ці іншай асобы, што падала заяву аб рэгістрацыі);
- муж якой памёр, пазбаўлены бацькоўскіх правоў, прызнаны адсутным без вестак, недзеяздольным, абвешчаны нябожчыкам.
1) Самотнай маці дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў нельга адмаўляць у падпісанні працоўнай дамовы і зніжаць заработную плату. Калі ўсё ж адмова адбылася, наймальніца(нік) абавязана(ы) паведаміць яе прычыну ў пісьмовай форме. Адмова можа быць абскарджана ў судзе.
З самотнымі маці, якія маюць дзяцей у веку ад 3 да 14 гадоў, не дапускаецца касаваць працоўную дамову з-за:
- скарачэння штату;
- неадпаведнасці працаўніцы пасадзе (прафесіі) ці працы, якую яна выконвае, з прычыны стану здароўя або недастатковай кваліфікацыі;
- адсутнасці на працы цягам больш за 4 месяцы запар з прычыны часовай непрацаздольнасці.
2) Частка прыбытку бацькоў да дасягнення дзіцём паўналецця не абкладаецца падаходным падаткам. Такі стандартны падатковы вылік на пачатак 2024 г. для самотнай маці складае 97 руб. на кожнае дзіця. Для атрымання льготы падаецца заява па асноўным месцы працы (службы, навучання) ці ў падатковы орган па месцы жыхарства. Да заявы прыкладаецца копія пасведчання аб нараджэнні і дакумента, што пацвярджае статус самотнай маці.
Гарантыі і льготы маці, якія маюць дзяцей з інваліднасцю
1) Забараняецца адмаўляць самотным маці, якія даглядаюць за дзіцём з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў, у падпісанні працоўнай дамовы і зніжаць ім заработную плату. Калі ўсё ж адмова адбылася, наймальніца(нік) абавязана(ы) паведаміць яе прычыну ў пісьмовай форме. Адмова можа быць абскарджана ў судзе.
Таксама з імі не дапускаецца скасаванне працоўнай дамовы па прычыне:
- скарачэняі штату;
- неадпаведнасці пасады (прафесіі) ці працы, якая выконваецца, з-за стану здароўя або недастатковай кваліфікацыі;
- адсутнасці на працы цягам больш за 4 месяцы запар з прычыны часовай непрацаздольнасці.
2) Маці дзяцей да 18 гадоў з інваліднасцю не маюць права без іх пісьмовай згоды скіроўваць у службовую камандзіроўку ці залучаць да працы звышурочна, у непрацоўныя дзяржаўныя святы, выходныя і святочныя дні, у начны час.
3) Такім маці штогод па іх жаданні даецца водпуск без захавання заработнай платы працягласцю да 2 тыдняў. Апроч таго, наймальніца(нік) абавязана(ы) запланаваць іх працоўны водпуск (таксама па жаданні) у летні ці іншы зручны час.
4) Маці дзіцяці да 18 гадоў з інваліднасцю даецца дадатковы выходны ў тыдзень, які аплачваецца ў памеры сярэдняга заробку. Аплата таксама можа быць узгоднена з наймальнікам. Ёсць агаворка, што гэта не павінна перашкаджаць дзейнасці арганізацыі.
Пры гэтым працягласць працы (змены) скарачаецца на 1 гадзіну з захаваннем заработнай платы.
Для атрымання льготы трэба падаць заяву наймальніцы(ніку).
5) Беспрацоўныя маці дзяцей з інваліднасцю атрымваюць дапамогу па беспрацоўі незалежна ад удзелу ў грамадскіх працах, за якія выплачваюцца грошы.
6) Частка прыбытку бацькоў да дасягнення дзіцём паўналецця не абкладаецца падаходным падаткам. Такі стандартны падатковы вылік на пачатак 2024 г. для маці дзетак з інваліднасцю складае 97 руб. на кожнага з іх. Для атрымання льготы падаецца заява па асноўным месцы працы (службы, навучання) ці ў падатковы орган па месцы жыхарства. Да заявы прыкладаецца копія пасведчанняў аб нараджэнні і інваліднасці дзіцяці.
Стаўка адзінага падатку для плацельшчкаў, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, зніжаецца на 20%. Дакументы, што пацвярджаюць права на гэтую льготу, падаюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі адначасова з падатковай дэкларацыяй (разлікам) па адзіным падатку.
7) Сем'ям, што выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, таксама даюцца гарантыі і льготы ў жыллёвай сферы. Да іх адносяць:
- для бацькоў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, – права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання. Для гэтага трэба знаходзіцца на ўліку і падаць заяву ў выканкам;
- ільготны крэдыт на будаванне (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў. Тут таксама трэба быць на ўліку як асоба, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў;
- аплату паслуг газазабеспячэння, забеспячэння звадкаваным вуглевадародным газам па тарыфах, якія субсідзіруюцца. Заява падаецца ў арганізацыю, што забяспечвае пастаўку газу;
- абмежаванні ў высяленні з інтэрнатаў.
8) Маці, якая выхоўвала дзяцей з інваліднасцю, мае права на зніжэнне агульнапрынятага пенсіённага ўзросту на 5 гадоў. Праўда, тут ёсць пэўныя ўмовы: у прыватнасці, яна павінна была даглядаць іх не меней 8 гадоў да паўналецця, а стаж яе працы – складаць не меней за 20 гадоў. Яшчэ адзін нюанс – гэтым правам можа скарыстацца толькі адзін з бацькоў.
Да дакументаў, што падаюцца ў органы сацыяльнага забеспячэння для налічэння пенсіі, належыць дадаць даведку МРЭК, якая пацвярджае прызнанне інваліднасці, і звесткі пра выхаванне дзіцяці цягам 8 гадоў і больш.
9) Калі ў дзіцячым садку харчаванне аплачваецца з бюджэту, то бацькі дзетак з інваліднасцю за яго не плацяць.
Гарантыі і льготы шматдзетным маці
1) Маці, якая выхоўвае траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, даецца дадатковы выходны ў тыдзень, які аплачваецца ў памеры сярэдняга заробку. Аплата таксама можа быць узгоднена з наймальніцай(нікам). Ёсць агаворка, што гэта не павінна перашкаджаць дзейнасці арганізацыі.
Пры гэтым працягласць работы (змены) скарачаецца на 1 гадзіну з захаваннем заработнай платы.
Для атрымання льготы трэба падаць заяву наймальніцы(ку).
2) Для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце трэба мець пэўны страхавы стаж. Для маці, якія нарадзілі 4 дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, ён складае не меней за 10 гадоў, г.зн. зніжаны прыкладна на палову.
Кабетам, якія маюць 4 і больш дзяцей, перыяд догляду за імі да 3-гадовага ўзросту залічваецца ў агульны стаж у межах 12 гадоў.
Да асноўных дакументаў, што падаюцца ў органы сацыяльнага забеспячэння для атрымання пенсіі, варта прыкласці звесткі пра народзіны дзяцей і выхаванне іх да 8-гадовага (16-гадовага) веку, а пры наяўнасці – і дакументы аб прысваенні звання «Маці-гераіня».
3) Частка прыбытку бацькоў да дасягнення дзіцём паўналецця не абкладаецца падаходным падаткам. Такі стандартны падатковы вылік на пачатак 2024 г. для маці двух ці болей дзетак складае 97 руб. на кожнага з іх. Для атрымання льготы падаецца заява па асноўным месцы працы (службы, навучання) ці ў падатковы орган па месцы жыхарства. Да заявы прыкладаецца копія пасведчання аб нараджэнні або даведкі пра знаходжанне ў водпуску па догляду за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў.
Стаўка адзінага падатку для плацельшчкаў з сямей з трыма і больш дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў зніжаецца на 20%. Дакументы, што пацвярджаюць права на гэтую льготу, падаюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі адначасова з падатковай дэкларацыяй (разлікам) па адзіным падатку.
4) Ад зямельнага падатку вызваляюцца ўчасткі, што былі выдзелены членам шматдзетных сем'яў для:
- будавання і (ці) абслугоўвання аднакватэрнага, блакаванага жылога дома;
- будавання і абслугоўвання кватэр у блакаваным жылым доме;
- вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, гародніцтва, калектыўнага садоўніцтва, сенакосу, пашы;
- дачнага будавання;
- народных мастацкіх рамёстваў;
- будавання (усталёўкі) часовых індывідуальных гаражоў.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 30, 42, 168, 183, 185, 189 і разд. 19 «Асаблівасці рэгулявання працы жанчын і працаўнікоў, якія маюць сямейныя абавязкі» Працоўнага кодэксу;
- арт. 209, 239 і 340 Падатковага кодэксу;
- арт. 105 Жыллёвага кодэксу;
- арт. 20 і 221 Закону ад 17.04.1992 г. № 1596-XII «Аб пенсіённым забеспячэнні»;
- п. 1 Указа ад 18.05.2020 г. № 171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзянаў»;
- п. 1 Указа ад 06.01.2012 г. № 13 «Аб некаторых пытаннях давання грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаванні (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў»;
- пп. 3, 5 і 6 дадатку 2 да Інструкцыі аб параду звароту за пенсіяй і арганізацыі працы і вядзення справаводства па прызначэнні і выплаце пенсій, зацверджанай пастановай Мінпрацы ад 08.07.2019 г. № 35;
- п. 10 Палажэння аб парадку разлікаў і унясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, а таксама пакрыцця выдаткаў на электраэнергію, зацверджанага пастановай Саўміна ад 12.06.2014 г. № 571;
- п. 1 пастановы Саўміна ад 29.02.2008 г. № 307 «Аб памеры і парадку спаганяння платы за харчаванне дзяцей, якія атрымваюць дашкольную адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні дашкольнай адукацыі».
Чытайце таксама:
- На якую дапамогу дзяржавы можа разлічваць самотны(ая) пенсіянер(ка) і як яе атрымаць?
- Як атрымаць аліменты? Куды звярнуцца па дапамогу і якія ёсць працэдуры?
- Што рабіць, калі сямейнік у стане ап'янення паводзіць сябе агрэсіўна?