Тэма разводу і звязанага з ім падзелу маёмасці па-ранейшаму актуальная для Беларусі. У дадзенай сітуацыі магчымыя тры варыянты: падзел па згодзе бакоў, па шлюбнай дамове ці праз суд. Спынімся на кожным з іх больш падрабязна.
Падзел маёмасці па згодзе бакоў
Самы лепшы спосаб вырашыць пытанне — дамовіцца з жонкай (мужам) пра тое, каму якія даброты дастануцца і ў якіх прапорцыях (у дадзеным выпадку можна ў любых). У такім разе трэба ўсяго толькі пайсці да натарыуса і скласці адпаведнае пагадненне.
Адзначым, што процілеглы бок мае права аспрэчыць умовы падзелу цягам 3 гадоў.
Шлюбная дамова
Каб падстрахавацца і ўнікнуць непрыемных неспадзяванак на выпадак разводу, лепш скласці шлюбную дамову. У ёй можна прапісаць усе дэталі і ўмовы, якім чынам будзе падзяляцца маёмасць у выпадку скасавання шлюбу.
Важнай асаблівасцю гэтага дакумента з'яўляецца тое, што яго можна скласці як да, гэтак і пасля вяселля. Дамову можна аформіць у натарыуса, які пракансультуе па ўсіх пытаннях, якія вас цікавяць.
Агульныя правілы падзелу маёмасці праз суд
Калі ў вас няма шлюбнай дамовы, а мірна вырашыць пытанне не атрымалася, давядзецца звяртацца ў суд. Заява на падзел маёмасці падаецца разам з заявай аб скасаванні шлюбу (за выключэннем выпадкаў, калі падзел маёмасці закранае трэціх асоб).
Пад агульнай маёмасцю маецца на ўвазе шырокі спектр даброт і абавязацельстваў, што былі набытыя ў шлюбе і для патрэбаў сям'і: тэхніка, нерухомасць, аўто, грошы, дэпазіты і аблігацыі, долі ў статутным фондзе гаспадарчых таварыстваў і грамадстваў, крэдыты, пазыкі і да т.п.
Вось некаторыя з агульных правілаў, як падзяляецца маёмасць, калі вырашаць гэтае пытанне праз суд.
- У агульным выпадку ўся маёмасць падзяляецца пароўну, у т.л. калі нехта з сямейнікаў не прыносіў прыбытку па ўважлівых прычынах (вядзенне хатняй гаспадаркі, догляд за дзецьмі і да т.п.). Выключэнні з гэтага правіла прыведзены ніжэй.
Калі аднаму баку дастанецца больш рэчаў, ён павіннен кампенсаваць гэта другому боку. У прыватнасці, калі агульная маёмасць выкарыстоўваецца аднім з бакоў для прафесійных заняткаў (напрыклад, музычныя інструменты, медыцынская тэхніка і г.д.), суд хутчэй за ўсё перадасць яе жонцы (мужу), якая (які) працуе з ёй. Аднак долі пры гэтым застаюцца роўнымі, г.зн. яе кошт трэба будзе кампенсаваць грашамі ці іншай маёмасцю.
- Вам дадуць 3 месяцы на вырашэнне пытання мірным шляхам. Судаводства пачнецца толькі па заканчэнні гэтага тэрміну.
- За разгляд заявы на падзел маёмасці яго падаўцы выплачваюць 5% цаны іску, але не меней за 2 базавыя велічыні.
Выключэнні
Жонка (муж) мае права патрабаваць сабе больш за палову супольна нажытай маёмасці, калі:
- непаўналетнія дзеці будуць жыць з ёй (ім). Таксама гэта датычыцца паўналетніх дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе ці не здольныя працаваць;
- калі адзін(на) з сямейнікаў не прыносіў(ла) прыбытку без уважлівых прычын, а толькі марнаваў(ла) сродкі ў шкоду сям'і;
- калі адзін(на) з сямейнікаў па стане здароўя ці іншым прычынам, што ад яго (яе) на залежаць,не можа атрымліваць даходы.
Маёмасць, якая не падзяляецца пры разводзе
- Маёмасць, што належала вам да таго, як вы пабраліся. Аднак тут ёсць нюанс: калі ў гэту маёмасць вашай(ым) жонкай (мужам) падчас шлюбу ўкладаліся сродкі, тады яна (ён) мае права прэтэндаваць на кампенсацыю гэтых сродкаў. Да прыкладу, вы купілі машыну да вяселля, але потым ёй запатрабаваўся сур'ёзны рамонт, які аплачваў(ла) ваш(а) муж (жонка). Вядома, для кампенсацыі патрабуюцца адпаведныя доказы (акт аб выкананых работах, квіткі і да т.п.).
- Спадчына і падарункі, што былі атрыманы падчас шлюбу, не лічацца агульнай маёмасцю.
- Рэчы індывідуальнага карыстання, такія як адзенне, абутак і да т.п.
- Рэчы індывідуальнага карыстання дзіцяці пераходзяць да боку, з якім ён (яна) будзе жыць. Пры гэтым кампенсаваць кошт рэчаў не патрабуецца.
- Прадметы раскошы і каштоўнасці адыходзяць да таго боку, які імі карыстаўся, нават калі яны былі куплены за агульныя грошы.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 23–26 и 41 Кодэксу аб шлюбе і сям’і;
- арт. 259 Грамадзянскага кодэксу;
- п. 1.14 арт. 288 і п. 1.1 дадатку 13 да Падатковага кодэксу.
Чытайце таксама:
- Развод у месцах несвабоды
- Як атрымаць аліменты? Куды звярнуцца па дапамогу і якія ёсць працэдуры?
- Што рабіць, калі сямейнік у стане ап'янення паводзіць сябе агрэсіўна?