Хто можа разлічваць на атрыманне міжнароднай абароны? Якія дакументы падрыхтаваць, знаходзячыся ў Беларусі?

Kak-poluchit-mezhdunarodnuyu-zaschitu.png
У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Што такое міжнародная абарона?

Міжнародная абарона — статус, які надаецца па адмысловай працэдуры просьбітам прытулку ў краінах Еўрапейскага саюза. Ён дазваляе людзям, пацярпелым ад палітычнага пераследу на радзіме, легальна жыць і працаваць у ЕС. Абарона забяспечвае ўсе грамадзянскія правы (апроч права галасаваць) і гарантуе, што чалавек не будзе дэпартаваны(а) ў краіну, дзе яе (яго) чакаюць рэпрэсіі ці рызыка пацярпець ад вайны.

Ёсць два віды міжнароднай абароны: статус уцекача і дадатковая абарона. Які менавіта прысвоіць статус, вырашае адмысловая камісія.

Калі вам пагражае небяспека палітычных рэпрэсій у Беларусі, то міжнародная абарона – гэта дзейсны спосаб перасячы мяжу і легалізавацца ў іншай дзяржаве.

Як на яе падацца?

Падацца на міжнародную абарону можна адразу на мяжы ці ўжо на тэрыторыі краіны, звярнуўшыся ў мясцовую памежную службу ці міграцыйны цэнтр. Для гэтага не трэба мець ніякіх дакументаў, апроч доказаў пераследу. Нават віза ў гэтым выпадку неабавязковая.

Патрэбна паведаміць пра тое, што вы маеце намер прасіць міжнароднай абароны. Вам дадуць перакладчыцу(ка) і анкету, пасля запаўнення якой папросяць зрабіць адбіткі пальцаў.

Паколькі працэдура прапісана ў заканадаўстве ЕС, працэс падачы на абарону ва ўсіх дзяржавах саюза выглядае практычна аднолькава. Аднак дазвол на жыхарства выдаецца толькі ў той краіне, дзе вы папрасілі абароны. Немагчыма, напрыклад, атрымаць міжнародную абарону ў Літве, а дазвол на жыццё ў Германіі.

Якія дакументы (па мажліваці) лепей падрыхтаваць, знаходзячыся ў Беларусі

Каб павялічыць шанцы на атрыманне міжнароднай абароны, патрэбна падаць максімальную колькасць доказаў таго, што ў Беларусі вам пагражае палітычны пераслед.

Шмат якія з іх можна падрыхтаваць, знаходзячыся ў Беларусі, да прыкладу:

1. Любыя сведчанні рэпрэсій: пратаколы затрымання ці ператрусу, прысуды, пастановы аб штрафах, даведкі з праваабарончых арганізацый, квіткі за сплачаныя “суткі”. Нават спісы прадуктаў у перадачы і лісты з турмы могуць у дадзеным выпадку прыдацца.

2. Фота-, відэа- і аўдыёфайлы. Гэта могуць быць як здымкі вашага ўдзелу ў пратэстах, гэтак і сведчанні рэпрэсій (напрыклад, фота кватэры пасля ператрусу ці відэа, дзе вас затрымліваюць).

3. Паказанні сведак. Вы таксама можаце падаць у любым фармаце сведчанні, што дапамогуць давесці, што вы знаходзіцеся пад пагрозай рэпрэсій.

4. Скрыншоты. Можна падрыхтаваць скрыншоты каментароў, якія могуць выклікаць палітычны пераслед, ці ліставанні з пагрозамі/позвамі ад сілавых органаў.

5. Публікацыі ў экстрэмісцкіх СМІ. Калі вы калі-небудзь давалі інтэрв'ю рэсурсам, што прызнаныя экстрэмісцкімі, ці там былі апублікаваны вашыя фатаграфіі, варта таксама падаць гэтыя матэрыялы (напрыклад, у выглядзе скрыншота ці спасылкі).

6. Удзел ў экстрэмісцкіх арганізацыях. Калі ў вас няма чалецкага пасведчання, можна гэта засведчыць праз ліст старшыні арганізацыі (у т.л. у электронным выглядзе з электронным подпісам).

7. Сведчанні крымінальнага ці адміністрацыйнага пераследу. Гэта могуць быць позвы, скрыншоты паведамленняў, смс з запрашэннем на гутарку ў сілавыя органы і г.д.

Увага! Не рэкамендуецца перадаваць доказы ў памежную службу (міграцыйны цэнтр). Лепш іх прыкласці да заявы аб даванні прытулку (анкеце).

Якія ёсць шанцы атрымаць міжнародную абарону?

У большасці выпадкаў у Літве і Польшчы беларус(к)ам не складае цяжкасці атрымаць міжнародную абарону. У дадзены момант на станоўчы адказ могуць разлічваць практычна ўсе, у каго ёсць рэальныя падставы: каментары на палітычныя тэмы, што вы пакінулі, удзел у мітынгах, арышты і г.д. Палітвязні, якія выйшлі са зняволення, ці людзі, якім пагражае рэальны крымінальны тэрмін, могуць атрымаць яе практычна з 100%-най імавернасцю.

Што рабіць, калі ў наданні міжнароднай абароны адмоўлена?

У вас будзе магчымасць падаць апеляцыю і аспрэчыць такое рашэнне праз суд. Каб даць рады, найлепей адразу звярнуцца за дапамогай юрыстак(аў) ці напісаць у адну з арганізацый, якія дапамагаюць беларус(к)ам па юрыдычных пытаннях.

Польшча
Інструкцыя для тых, каму адмовілі ў даванні абароны ў Польшчы
Куды магчыма звярнуцца за дапамогай:
Цэнтр беларускай салідарнасці;
Free Belarus Center.

Літва 
Куды магчыма звярнуцца за дапамогай:
Razam;
Dapomoga.

Нямеччына
Інструкцыя для тых, каму адмовілі ў даванні абароны ў Нямеччыне
Куды магчыма звярнуцца за дапамогай:
Razam.de

Ці мажліва атрымаць міжнародную абарону ў краінах па-за зонай ЕС?

На жаль, у іншых дзяржавах гэтая працэдура выглядае інакш, і далёка не ва ўсіх выпадках можна разлічваць на станоўчы адказ. Напрыклад, у Грузіі проста зацягваюць час выдачы рашэння да бясконцасці, і яшчэ ніводнай(му) беларуске(у) абароны не далі.

Калі вы знаходзіцеся ў стане палітычнага пераследу, найлепей легалізавацца праз міжнародную абарону ў краінах ЕС.

У кожнай краіне ёсць свае нюансы і дэталі, якія варта ўлічваць пры падаванні на міжнародную абарону. У гэтым раздзеле мы разгледзім, якія менавіта.

Працэдура падачы дакументаў на міжнародную абарону ў Польшчы

Як на мяжы, гэтак і на тэрыторыі краіны ў любым найбліжэйшым аддзяленні памежнай службы трэба паведаміць, што вы хочаце падацца на міжнародную абарону. У Варшаве варта звярнуцца ў Кіраванне па справах іншаземцаў па адрасе вул. Таборова, 33 (Departament Pomocy Socjalnej UDSC, ul. Taborowa 33, 02-699, Warszawa).

У аддзяленні вас апытаюць (з перакладчыцай(кам)) і выдадуць анкету, якую трэба будзе дэталёва запоўніць. Потым вам давядзецца здаць адбіткі пальцаў і, калі ёсць скаргі на здароўе, прайсці агляд лекара.

Калі вы папрасілі абароны ўжо знаходзячыся ў Польшчы, у вас будзе 14 дзён на запаўненне анкеты, якую разам з доказамі трэба будзе перадаць у Кіраванне па справах іншаземцаў (можна поштай).

Таксама ў вас і вашых сямейнікаў (калі яны заяўленыя ў анкеце і прысутнічаюць пры падачы) забяруць пашпарт(ы) на час разгледжання справы (звычайна да 6 месяцаў). Наўзамен вам выдадуць часовыя пасведчанні асобы TZTC.

Пасля першага праходжання ўсёй працэдуры афармлення міжнароднай абароны яе не трэба будзе паўтараць -- абарона выдаецца бестэрмінова.

Як атрымаць пасведчанне на права жыхарства на падставе міжнароднай абароны ў Польшчы?

Пасля станоўчага рашэння застаецца атрымаць пасведчанне на права жыхарства. Для гэтага трэба занесці ў Кіраванне па справах іншаземцаў наступныя дакументы:

  • рашэнне аб наданні міжнароднай абароны;
  • запоўненыя заявы на карту побыту для кожнага сямейніка, які атрымаў статус міжнароднай абароны;
  • дзве актуальныя каляровыя фатаграфіі 3,5х4,5;

Можна падаць дакументы асабіста, а можна заказным лістом. Адрас, каб паслаць поштай:
Szef Urzędu do spraw cudzoziemców, Ul.Taborowa 33, 02-699 Warszawa
Прыблізна праз месяц вас выклічуць на здачу адбіткаў пальцаў. Тады ўжо можна будзе забраць свой пашпарт, а праз 1--2 месяцы будзе гатовая і карта побыту.

Якія акументы мне выдадуць, калі я атрымаю міжнародную абарону?

Статус уцекача ў Польшчы дае:

  • карту побыту (пасведчанне на права жыхарства) на 3 гады;
  • праязны дакумент уцекача на 2 гады.

Дадатковая абарона:

  • карту побыту (пасведчанне на права жыхарства) на 3 гады.

Калі тэрмін дзеяння пашпарта скончыцца, можна будзе атрымаць пашпарт іншаземкі(ца).

Працэдура падавання дакументаў на міжнародную абарону ў Літве

Атрымаць міжнародную абарону ў Літве можна: 

  • пры ўездзе ў краіну на памежным кантролі. Трэба паведаміць пра тое, што вам патрэбна атрымаць абарону. Вам дадуць перакладчыцу(ка) і анкету;
  • калі вы ўжо знаходзіцеся на тэрыторыі Літвы, трэба прыйсці ў мясцовае аддзяленне Дэпартамента міграцыі;
  • У Цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў (Pabradė, Švenčionys district). 

Якія дакументы мне выдадуць, калі я атрымаю міжнародную абарону?

У Літве пры атрыманні статусу ўцекача вам выдадуць:

  • сталае пасведчанне на права жыхарства на 5 гадоў;
  • праязны дакумент уцекача на тэрмін ад 3 месяцаў да 5 гадоў.

Пры атрыманні дадатковай абароны:

  • пасведчанне на права жыхарства на 2 гады.

Калі тэрмін дзеяння пашпарта скончыцца, можна будзе атрымаць пашпарт іншацемкі(ца).

Нямеччына

Атрымаць міжнародную абарону таксама магчыма і ў Нямеччыне, аднак для гэтага трэба патрапіць у краіну наўпрост, абмінаючы іншыя дзяржавы ЕС (напрыклад, самалётам з Грузіі). Бо калі прыехаць у Германію праз, да прыкладу, Польшчу, то падавацца на абарону можна будзе толькі ў Польшчы.

У адрозненне ад Літвы і Польшчы міжнародную абарону ў Германіі выдаюць значна радзей. І ў цэлым працэс падачы больш складаны.

Для таго каб падацца на статус уцекача ў Нямеччыне, трэба:

1. Прыляцець у Германію наўпрост, абыходзячы іншыя краіны ЕС.

2. Паведаміць пра тое, што вы шукаеце прытулку (для гэтага досыць сказаць «Asyl» – «прытулак») на памежным кантролі ці ва ўстанове па справах іншаземцаў (Ausländerbehörde), у цэнтры прыбыцця (Ankunftszentrum) ці цэнтры першага прыёму суіскальнікаў прытулку (Erstaufnahmeeinrichtung).

3. Прайсці інтэрв'ю, на якім у вас даведаюцца, якія рызыкі для вас існуюць у краіне паходжання, а таксама папросяць даць доказы гэтага. Таксама ў вас возьмуць адбіткі пальцаў.

4. Далей вам прапануюць месца жыхарства ў лагеры для ўцекачоў на час чакання адказу.

5. Прыкладна праз 1–3 месяца вам дадуць адказ.

Больш дэталёва пра працэдуру можна прачытаць на сайце handbookgermany.de/ru/asylum/.

Крыніцы:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...