Як дапамагчы блізкаму чалавеку, якая (які) вызвалілася(ўся) з месцаў пазбаўлення волі, вярнуцца да звычайнага жыцця?

podderzhka_osvobodivshihsya_iz_mest_zaklyucheniya_kak_ee_poluchit.jpeg

У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Пасля вызвалення з месцаў зняволення любому чалавеку патрабуецца час на аднаўленне і зваротную інтэграцыю ў грамадства. Для палітвязняў пытанне рэабілітацыі носіць яшчэ больш востры характар: да іх больш жорстка ставяцца ў турмах, і ім складаней знайсці працу пасля выхаду, чым асуджаным па непалітычных артыкулах.
У першую чаргу варта заняцца здароўем: турэмнае зняволенне адкладае свой адбітак на фізічным і псіхалагічным стане. У гэтым матэрыяле мы спынімся на псіхалагічным баку пытання.

Інтэграцыя ў грамадства - тонкі працэс, і для кожнай(га) ён праходзіць індывідуальна. Час аднаўлення залежыць не толькі ад асобы экс-зняволенай(га) і тэрміну адбывання пакарання, але і ад умоваў утрымання.
Ёсць шэраг агульных рэкамендацый сем'ям і сябрам людей, якія вызваліліся, з тым каб яны маглі дапамагчы ёй (яму) рэабілітавацца і зноўку вярнуцца ў грамадства.

Вяртанне да звычайнага ладу жыцця 

Інтэр'ер

Першае, што варта зрабіць сям'і — забяспечыць чалавеку, што выйшла(аў), гэтакі лад жыцця, які будзе максімальна адрознівацца ад турэмнага. Напрыклад, гэта датычыцца інтэр'ера і навакольных прадметаў. Належыць прыслухоўвацца да той (таго), хто адбыў тэрмін, і замяніць усё, што ей (яму) можа нагадваць пра месцы зняволення. Можа быць, навалачка таго ж колеру, што і ў калоніі; шпалеры нагадваюць сцены ў камеры; двух'ярусны ложак у хостэле і краты на вокнах - усе падобныя моманты важна ўлічваць і імкнуцца пазбягаць іх.

Свабода выбару

Для былога вязня вельмі важна, каб не было абмежавання свабоды выбару. Пажадана пазбавіць яе (яго) ад усялякага ціску, асабліва на першы час. Чалавека трэба ўважліва выслухоўваць, але не заводзіць размоваў, калі яна (ён) пазбягае зносінаў.
Зняволеным забараняюць у поўнай меры праяўляць свабоду волі, таму пасля вызвалення было б надзвычай добра ім нічога не навязваць. Лепш даваць выбар ва ўсім: што і калі есці, калі класціся спаць, прачынацца, шпацыраваць і г.д. Важна дапамагаць чалавеку ізноў станавіцца гаспадаром свайго жыцця.

Сацыялізацыя

Былым вязням нельга знаходзіцца ў адзіноце, вакол заўсёды павінны быць людзі. За час зняволення часцяком абрываецца мноства сацыяльных сувязяў. Гэта адбываецца як натуральным чынам (сябры раз'язджаюцца, у знаёмых з'яўляюцца новыя клопаты і г.д.), так і з-за характару прысуду: некаторыя сцерагуцца мець зносіны з экс-палітзняволенымі. Каб не нанесці чалавеку траўму, важна пастарацца зрабіць так, каб яго атачалі сябры і блізкія людзі.

Адзін з эфектыўных спосабаў не згубіцца і знайсці кампанію - курсы па засваенні новых прафесій. Яны дазволяць і набыць новыя навыкі, якія дадуць больш магчымасцяў пры пошуку працы, і знайсці сяброў. Таксама карыснымі для сацыялізацыі могуць быць розныя гурткі па інтарэсах: кіна- і кніжныя клубы, камандныя віды спорту, музычныя групы, курсы па маляванні і да т.п. Любы калектыўны від дзейнасці, які будзе цікавы былой(му) зняволенай(му), хутчэй за ўсё пайдзе ёй (яму) на карысць.

Сямейная тэрапія

Нажаль, даволі шмат сем'яў былых вязняў распадаецца. Гэта абумоўлена шэрагам прычын: часам сямейнікі зняволенай(га) прывыкаюць жыць без яго, і пасля вяртання даводзіцца зноў аднаўляць ранейшую сістэму адносінаў; часам на чалавека, які (якая) вызваліўся(ася), пачынаюць ціснуць раней часу, напрыклад, актыўна просяць уладкавацца на працу. У маці, якія вярнуліся са зняволення, часта развіваецца пачуццё віны ў адносінах да дзяцей, і гэты момант варта асобна прагаварыць.
Сямейная тэрапія істотна дапамагае вярнуцца да ранейшага ладу жыцця і захаваць сям'ю.

Псіхалагічная падтрымка палітзняволенай(га) і распаўсюджаныя праблемы

Годнасць

Умовы ўтрымання палітвязняў і стаўленне да іх з боку сілавікоў у месцах зняволення накіраваны на прыгнечанне чалавечай годнасці. Таму вельмі важна падтрымліваць былых вязняў: зважаць на любыя зрухі ў рэабілітацыі, поспехі ў новым жыцці і да т.п. Цёплая і добразычлівая атмасфера вакол дапаможа ім ізноў паверыць сабе і хутчэй аднавіцца.

Крыўда

Адно з наймацнейшых пачуццяў, якія ўзнікаюць пасля вызвалення, - крыўда. Чалавек усведамляе, што была(ў) асуджаная(ы) несправядліва і пацярпела(ў) нізашто.
У гэтай сітуацыі важна паказаць, што вы падзяляеце яе (яго) пачуцці, і для вас відавочна, што былая(ы) палітзняволеная(ы) стаў ахвярай самавольства, г.зн. яе (яго) сапраўды пакрыўдзілі.
Крыўдзе важна даваць магчымасць выявіцца: варта гаварыць пра гэта і падтрымліваць пацярпелую(ага), а не гартаць старонку і казаць: «ну было і было, забудзься і будзем жыць далей».

Віна «ацалелага»

Іншае пачуццё, якое сустракаецца шмат у каго з былых палітвязняў, - віна «ацалелага». Чалавек адчувае віну перад тымі, хто застаўся ў месцах зняволення.
Тут важна скіраваць думкі пацярпелых у належнае рэчышча: для іх важна ўсвядоміць, што не яны пасадзілі ўсіх гэтых людзей, не яны з іх здзекуюцца і не яны за гэта адказныя. Паказаць, што пачуццё віны памылковае, і што вінаваціць належыць тых, хто прычыняе рэальную шкоду.

Не ва ўсіх ёсць магчымасць шукаць падтрымкі ў родных і блізкіх, аднак ёсць мноства валанцёрак(аў), якія хочуць дапамагчы чалавеку ў цяжкай сітуацыі і могуць правесці па ўсіх ступенях аднаўлення. Каб знайсці такую(га) ментарку(а), напішыце нам у службу «Адно Акно» па электроннай пошце ці праз чат (іконка справа ўверсе). Нашы аператаркі пастараюцца знайсці адпаведную кандыдатуру.

Крыніцы: belsat, currenttime 

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...