Выезд з краіны з непаўналетняй(ім) - няпростая задача, рашэнне якой патрабуе дакладнай падрыхтоўкі. Адзін з самых важных аспектаў - гэта дакументы. Бо калі не ўлічыць усе юрыдычныя нюансы, паездка можа не адбыцца.
З гэтага артыкула вы даведаецеся, хто можа суправаджаць непаўналетнюю(га) і якія пры ёй (ім) павінны быць дакументы для паспяховага праходжання мяжы Рэспублікі Беларусь.
- Якія дакументы павінны быць у дзіцяці?Хто можа суправаджаць непаўналетнюю(га) і якія дакументы трэба пры гэтым мець?
- У якіх выпадках пісьмовая згода можа быць толькі ад адной(го) законнай(га) прадстаўніцы(ка)?
- Дзе мажліва засведчыць ліст аб згодзе на выезд дзіцяці?
- Які дакумент можна прадставіць для пацверджання статусу апякункі(на)?
- Нелегальнае перасячэнне мяжы з дзіцём
Якія дакументы павінны быць у дзіцяці?
- Пашпарт ці іншы дакумент, што дазваляе выезд з краіны і ўезд у яе.
Увага! Каб пазбегнуць праблем на мяжы, фатаграфія ў пашпарце павінна прыкладна адпавядаць узросту дзіцяці.
Хто можа суправаджаць непаўналетнюю(га) і якія дакументы трэба пры гэтым мець?
Непаўналетняя(і) можа перасякаць мяжу з рознымі мэтамі: турызм, экскурсіі, спаборніцтвы, адпачынак, эміграцыя і г.д. Суправаджаць дзіця могуць таксама розныя людзі: адна(дзін) з бацькоў або абодва бацькі, бабулі, сёстры, трэнеркі(ы) і г.д. Для кожнай асобнай сітуацыі прадугледжваецца свой пакет дакументаў.
- Абодва бацькі. Ім трэба мець дакумент, які пацвярджае статус законнай(га) прадстаўніцы(ка): пасведчанне аб нараджэнні ці пашпарт са штампам з запісам пра дзіця.
- Адзін з бацькоў. Таксама дакумент, які пацвярджае статус законнай(га) прадстаўніцы(ка). Згоды другой(га) з бацькоў не патрабуецца.
- Трэція асобы. Гэта могуць быць іншыя сваякі, напрыклад бабулі ці сёстры, а таксама класныя кіраўнікі і да т.п. У такім выпадку патрабуецца пры сабе мець натарыяльна завераную згоду абодвух бацькоў (у некаторых выпадках можна толькі аднаго - гл. ніжэй).
- Апекун(ша) або папячыцель(ніца). Трэба падаць пасведчанне аб удачарэнні (усынаўленні) альбо іншыя дакументы, што пацвярджаюць статус апякункі(на).
- Аздараўленчая (медыцынская) арганізацыя. Згода на выезд ад адной(го) з законных прадстаўнікоў і дакументы, якія пацвярджаюць афіцыйны статус арганізацыі.
- Класны(ая) кіраўнік(ніца) або трэнер(ка). Калі непаўналетняя(і) выязджае на экскурсію або спаборніцтвы, спатрэбіцца дазвол ад абодвух бацькоў.
- Самастойна. Дзіця таксама можа само перасячы мяжу. Для гэтага неабходна падрыхтаваць пісьмовыя згоды ад абодвух бацькоў.
Здараецца, што адзін з бацькоў супраць выезду непаўналетняй(га) за мяжу. У такім выпадку ён можа звярнуцца ў суд. Каб пераканацца, што ў дзіцяці няма падобных абмежаванняў, звярніцеся ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі. Адказ на такі запыт даецца бясплатна ў дзень звароту (максімум на наступны).
У якіх выпадках пісьмовая згода можа быць толькі ад адной(го) законнай(га) прадстаўніцы(ка)?
У выпадку, калі дзіця едзе з трэцімі асобам (бабулямі, трэнер(к)амі, класнай(ым) кіраўніцай(ком)) або самастойна, звычайна патрабуецца згода ад абодвух бацькоў. Аднак сустракаюцца выключэнні:
- калі другі(ая) з бацькоў памёр(ла) ці без вестак знік(ла). Трэба падаць дакумент, які пацвярджае гэта (даведку з суда, пасведчанне аб смерці ці копію рашэння суда аб прызнанні без вестак адсутным);
- калі другі(ая) з бацькоў недзеяздольны(ная) або пазбаўлены(а) бацькоўскіх правоў. Для пацверджання гэтага неабходны копіі рашэння суда;
- калі такое права атрымана ў судовым парадку. Патрабуецца копія рашэння суда аб магчымасці выезду дзіцяці без згоды іншага законнага прадстаўніка;
- калі маці дзіцяці прызнана самотнай. Патрабуецца копія даведкі з загса;
- калі другі(ая) з бацькоў знаходзіцца ў крымінальным вышуку. У такім разе трэба падаць даведку з органа, што вядзе следчы працэс;
- калі такая згода ўключана ў шлюбную дамову.
Дзе мажліва засведчыць ліст аб згодзе на выезд дзіцяці?
Згоду на выезд ад бацькоў неабходна засведчыць натарыяльна, інакш яна не будзе мець юрыдычнай сілы і на мяжы яе не прымуць.
Засведчыць згоду можна:
- у натарыуса (асобы, якая ўпаўнаважана выконваць натарыяльныя дзеянні);
- у падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.
Калі дакумент выдадзены замежнай дзяржавай, то яго трэба апастыляваць, а калі ён на замежнай мове - перакласці з натарыяльным сведчаннем.
Калі вы падаеце копіі дакументаў, то іх таксама неабходна натарыяльна засведчыць.
Які дакумент можна прадставіць для пацверджання статусу апякункі(на)?
- Пасведчанне аб удачарэнні (усынаўленні) або копію рашэння суда аб удачарэнні (усынаўленні) непаўналетняй(га).
- Пасведчанне на права рэпрэзентаваць інтарэсы падапечнай(га).
- Дагавор аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей.
- Копію рашэння органа апекі і папячыцельства аб устанаўленні апекі (папячыцельства) над непаўналетняй(ім) і прызначэнні грамадзянкі(ніна) яе (яго) апякункай(ам) або папячыцелькай(ем).
Нелегальнае перасячэнне мяжы з дзіцём
Людзям, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам, можа быць небяспечна праходзіць праз афіцыйныя пагранічныя службы. Як у такім выпадку дзейнічаць?
Падрыхтуйце па магчымасці ўсе дакументы - на сябе і на дзіця (пашпарт; пацвярджэнне статусу законнай(га) прадстаўніцы(ка)).
Запоўніце форму ад BySol (праз VPN), і спецыялісты пракансультуюць вас па ўсіх пытаннях, а таксама складуць план і дапамогуць эвакуіравацца з Беларусі.
Увага! Аптымальны варыянт - перасекчы нелегальна мяжу самастойна, а дзіця адправіць асобна. Важна пры гэтым загадзя падрыхтаваць для яго неабходныя дакументы (гл. «Хто можа суправаджаць непаўналетнюю(га) і якія дакументы трэба пры гэтым мець?»).
Нарматыўна-прававая база:
- гл. 3 Закона ад 20.09.2009 г. № 49-З «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь»;
- п. 1 Указа ад 03.06.2008 г. № 294 «Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь».
Чытайце таксама:
- Дзіця палітзняволена(ага) забралі ў прытулак, што рабіць?
- Як атрымаць аліменты? Куды звярнуцца па дапамогу і якія ёсць працэдуры?
- Хто можа разлічваць на атрыманне міжнароднай абароны? Якія дакументы падрыхтаваць, знаходзячыся ў Беларусі?