У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Як аднавіць пашпарт?
- Як аднавіць пасведчанне аб нараджэнні, аб шлюбе і да т.п.?
- Натарыяльнае сведчанне перакладу дакументаў
- Дзе апастыляваць дакументы
Пасля вызвалення многія палітвязні сутыкаюцца з тым, што ў некаторых дакументаў заканчваецца тэрмін дзеяння, а некаторыя і зусім губляюцца.
Мы разгледзім, як аднавіць розныя дакументы (пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні і г.д.), зрабіць натарыяльна завераны пераклад і апастыль, а таксама даведаемся, хто можа дапамагчы з гэтым.
Як аднавіць пашпарт?
Каб аднавіць пашпарт, трэба звярнуцца ў дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Калі ў вас на дадзены момант няма прапіскі, то трэба прыйсці ў гэтакі аддзел па месцы вашай папярэдняй рэгістрацыі.
Якія дакументы неабходна прынесці:
- заяву на выдачу пашпарта;
- заяву з указаннем абставінаў страты або крадзяжу пашпарта;
- 4 каляровыя фатаграфіі, зробленыя нядаўна, памерам 40×50 мм (адным лістом);
- дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы.
У некаторых выпадках могуць папрасіць і іншыя дакументы. Напрыклад, калі вашаму дзіцяці яшчэ няма 18 гадоў, то трэба прынесці яго пасведчанне аб нараджэнні.
Кошт вырабу пашпарта:
- для грамадзян Беларусі, што знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, а таксама не дасягнулі 14-гадовага ўзросту - бясплатна;
- для іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь - 1 базавая велічыня;
- выдача пашпарта ў паскораным парадку - 1 базавая велічыня.
Даведку, якая пацвярджае асобу, атрымаць можна бясплатна, але пасля падачы ўсіх неабходных для аднаўлення пашпарта дакументаў.
Тэрмін вырабу пашпарта з дня падачы заявы:
- без дадатковых абставінаў - не пазней за 1 месяц;
- калі вы даплацілі, каб пашпарт зрабілі хутчэй, - не пазней за 15 дзён;
- у выпадку выдачы пашпарта ў паскораным парадку ў падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі, размешчаных у абласных цэнтрах, - не пазней за 7 дзён.
Як аднавіць пасведчанне аб нараджэнні, аб шлюбе і да т.п.?
Неабходна асабіста або праз прадстаўніка (па даверанасці) звярнуцца ў аддзел загса па месцы жыхарства.
Спатрэбяцца наступныя дакументы:
- заява;
- пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу;
- пацвярджэнне змены прозвішча ці іншых дадзеных (калі іх калісці мянялі);
- пацвярджэнне ўнясення платы.
Увага! Калі даслаць заяву па пошце (у тым ліку электроннай), загс дакументы не выдасць.
Натарыяльнае сведчанне перакладу дакументаў
Перад тым, як з'ехаць за мяжу, варта зрабіць пераводы ўсіх дакументаў, якія вы бераце з сабой, і натарыяльна іх засведчыць.
Так можна аформіць практычна любыя дакументы. Напрыклад, для паступлення ў замежны ўніверсітэт трэба перавесці атэстат, а калі вы хочаце, каб ваш прафесійны вопыт залічыўся ў іншай краіне, – працоўную кніжку.
За правільнасць перакладу нясе адказнасць перакладчыца(ык), а натарыус толькі сведчыць сапраўднасць яе (яго) подпісу. Таму ў прынцыпе пераклад можа зрабіць любы чалавек, які мае пасведчанне аб адпаведнай адукацыі (г.зн. нават вы самі). Але ў гэтым выпадку перакладчыца(ык) павінен разам з вамі пайсці да натарыуса і паказаць яму свой дыплом.
Таму часцей звяртаюцца да паслуг спецыялістак(аў), унесеных у Рэестр перакладчыкаў Беларускай натарыяльнай палаты, - іх прысутнасць пры сведчанні не патрэбная.
Таксама ёсць варыянт, калі сам натарыус робіць пераклад. Ці маецца такая магчымасць, можна даведацца непасрэдна ў натарыяльнай канторы.
Многія бюро перакладаў самі перадаюць гатовыя дакументы на сведчанне, а потым выдаюць іх кліентам.
Апошні спосаб самы просты, але, адпаведна, і самы дарагі.
Увага! У натарыяльную кантору трэба таксама падаць дакумент, з якога зроблены пераклад.
Дзе апастыляваць дакументы
Для таго каб надаць дакументу поўную юрыдычную сілу, яго апастылююць. Гэта працэдура, якой афіцыйныя органы пацвярджаюць сапраўднасць дакумента.
- Калі трэба паставіць апастыль на дакументах, што выдадзены загсам (напрыклад, пасведчанне аб нараджэнні), трэба звярнуцца ў галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС.
- Апастыляваць дакумент аб заканчэнні адукацыі (дыплом, атэстат і г.д.) можна ў Мінадукацыі.
- Натарыяльныя акты, копіі і пераклады праходзяць апастыляванне ў Мінюсце. Для гэтага трэба звярнуцца ва ўпраўленне юстыцыі мясцовага выканкама (у Мінску, напрыклад, сюды).
- Таксама паставіць апастыль можна праз некаторыя бюро перакладаў. Гэта займае значна менш часу, аднак каштуе даражэй.
Прыміце пад увагу, што гэтыя працэсы не варта адкладаць, бо зараз у Беларусі вельмі доўгія чэргі на апастыляванне. Хутчэй за ўсё давядзецца чакаць месяц і больш.
Нарматыўна-прававая база:
- пп. 20 і 29 Палажэння аб дакументах, якія засведчваюць асобу, зацверджанага Указам ад 03.06.2008 г. № 294;
- п. 11.1.3 Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам ад 26.04.2010 г. № 200;
- ст. 225 Кодэкса аб шлюбе і сям'і;
- ст. 54, 59 і 92 Закона ад 18.07.2004 г. № 305-З «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці»;
- пп. 172, 173 і 175 Інструкцыі аб натарыяльных дзеяннях, зацверджанай пастановай ад 23.10.2006 г. № 63;
- п. 2 пастановы ад 15.12.1992 г. № 754 «Аб мерах па рэалізацыі палажэнняў Гаагскай канвенцыі ад 5 кастрычніка 1961 г., якія адмяняюць неабходнасць легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў».
Чытайце таксама:
- Як дапамагчы блізкаму чалавеку, якая (які) вызвалілася(ўся) з месцаў пазбаўлення волі, вярнуцца да звычайнага жыцця?
- Як уладкавацца на працу пасля зняволення
- Як аформіць даверанасць палітвязню ў месцах зняволення?