У гэтым артыкуле вы знойдзеце агульныя рэкамендацыі па афармленні ў дзіцячы садок за мяжой. Некаторыя асаблівасці дашкольнай адукацыі ў Літве, Польшчы, Германіі і Грузіі разглядаюцца ў асобных матэрыялах, спасылкі на якія прыведзены ў канцы артыкула.
- Пачынаць да пераезду
- Спачатку садок – потым кватэра
- Выпіс з медыцынскай карты
- Дзяржаўны ці прыватны?
- Неабходныя дакументы
- Медыцынская даведка
- Куды звяртацца для афармлення?
- Аплата
- Ці камфортна дзіцяці?
Крок 1. Пачынаць да пераезду
У шмат якіх краінах галоўная праблема, з якой бацькі сутыкаюцца пры пошуку дашкольнай установы, – адсутнасць свабодных месцаў.
Калі вы яшчэ знаходзіцеся на Беларусі, а рашэнне пра пераезд у пэўную краіну ўжо ёсць, лепей пачаць пошук адразу, асабліва калі без садка немагчыма (шмат дзетак, бацькі занятыя і г.д.).
Дапамагчы могуць знаёмыя, грамадскія арганізацыі, якія дапамагаюць мігрант(к)ам, сяброўкі(ры) супольнасцяў беларусак(аў) за мяжой.
На некаторых з такіх памагатых даюцца спасылкі ў артыкулах па Літве, Польшчы, Германіі ды Грузіі.
Крок 2. Спачатку садок – потым кватэра
Як вядзецца, колькасць вольных месцаў у дашкольных установах у розных раёнах горада неаднолькавае. Таму па магчымасці лепей спачатку адшукаць садок, а потым шукаць жыллё паблізу.
Крок 3. Выпіс з медыцынскай карты
Да ад’езду гэтаксама належыць атрымаць выпіс з медкарты. Калі атрымаецца, забярыце саму карту. Асабліва важныя звесткі пра вакцынацыю.
Перакладзіце выпіс на мову краіны побыту (як мінімум – карту вакцынацыі). Пераклад жадана натарыяльна засведчыць.
Крок 4. Дзяржаўны ці прыватны?
У большасці краін у дзяржаўную ўстанову дашкольнай адукацыі дзетак прымаюць, калі іх бацькі маюць пасведчанне на права жыхарства. У іншым выпадку, хутчэй за ўсё, вы зможаце разлічваць толькі на прыватны садок.
Перавага прыватных устаноў у тым, што іх болей, таму яны больш даступныя і групы ў іх частяком меншыя. Каб аформіцца ў такі садок, вам належыць толькі напісаць заяву, падаць медыцынскую даведку і ўнесці плату. Для дзяржаўных устаноў гэткая працедура патрабуе больш часу і большай колькасці дакументаў (гл. ніжэй).
Галоўны недахоп прыватных садкоў гэта, канешне, большы іх кошт (гл. ніжэй).
Крок 5. Неабходныя дакументы
Таксама загадзя варта даведацца, якія дакументы патрэбныя для афармления ў садок. Для Літвы, Польшчы, Нямеччыны ды Грузіі яны пералічаны ў адпаведных артыкулах.
Крок 6. Медыцынская даведка
У краіне побыту вам давядзецца звярнуцца да медыкаў па даведку для садка. Часам гэтая паслуга платная, але ўвогуле ніякіх праблем не паўстае, асабліва калі ў вас ёсць пераклад беларускіх медыцынскіх дакументаў.
Крок 7. Куды звяртацца для афармлення?
Для дзяржаўных дашкольных устаноў залічэннне часцей за усё вядзецца праз спецыяльную муніцыпальную службу. Іх назвы ў Літве, Польшчы, Нямеччыне і Грузіі, а гэтаксама некаторыя нюансы працэдуры прыводзяцца у адпаведных артыкулах.
У прыватных садках заяву, зазвычай, падаюць іх кіраўніцтву.
Крок 8. Аплата
Дзяржаўныя дашкольныя ўстановы могуць быть як бясплатнымі, так і платнымі. У абодвух выпадках можа спатрэбіцца асобная плата за харчаванне і за дадатковы час знаходжання ў садку.
У прыватных садках, акрамя асноўнай платы, можа быть прадугледжаны ўступны збор. Ён выплачваецца адзін раз пры падпісанні дамовы.
Яшчэ могуць быць арганізаваны платныя заняткі (музыка, маляванне, шахматы і да т.п.). Наведваюцца яны па жаданні.
У шмат якіх краінах маецца дзяржаўная дапамога па аплаце адукацыі.
Крок 9. Ці камфортна дзіцяці?
Дашкольныя ўстановы створаны перадусім для таго, каб часткова вызваліць бацькоў. Але, канешне, надзвычай важна, каб і дзецям там было добра.
Практычна ва ўсіх краінах у вас будзе магчымасць першым часам наведваць садок разам з дзіцём, пакуль вы не пераканаецеся, што яна (ён) адаптавалася(ўся). Магчыма паступова павялічваць час знаходжання ў садку, пакуль дзіця не прызвычаіцца абыходзіцца без вас.
Некаторые бацькі лічаць, што дзеткам прасцей адаптавацца, калі яны могуць камунікаваць на роднай мове. На наш погляд, гэта спрэчны пункт гледжання – дзеці лёгка сыходзяцца з равеснікамі, плюс дзетсадаўскі ўзрост гэта найлепшы час для вывучэння замежнай мовы. Але мы прыводзім у артыкулах па асобных краінах спасылкі на старонкі з інфармацыяй пра беларуска- і рускамоўныя дашкольныя ўстановы.
Чытайце таксама:
- Як уладкаваць дзяцей у сад у Літве?
- Як уладкаваць дзяцей у сад у Польшчы?
- Як уладкаваць дзяцей у сад у Нямеччыне?
- Як уладкаваць дзяцей у сад у Грузіі?