У гэтым артыкуле чытайце:
- Што такое сезонная праца?
- Якімі дакументамі афармляецца сезонная праца?
- Як знайсці сезонную працу?
- Ці маецца такая праца ў асенне-зімовы перыяд?
- Як знайсці сезонную працу за мяжой?
Што такое сезонная праца?
Сезоннай называюць працу, якая з прычны прыродных і кліматычных умоў выконваецца на працягу пэўнага перыяду, які не перавышае 6 месяцаў.
Нельга аднесці да сезоннай тыя віды працы, якія займаюць які-небудзь пэўны перыяд, але не з-за умоў, што прыведзены вышэй, а па эканамічных, камерцыйных або іншых прычынах. Такім чынам, сезоннай працай не з'яўляюцца, напрыклад, фасоўка навагодніх падарункаў, выраб сувеніраў да свят і г.д. Такія працы называюцца часовымі.
Многія сезонныя работы не патрабуюць спецыяльнай кваліфікацыі.
Якімі дакументамі афармляецца сезонная праца?
З сезоннымі працаўніцамі(камі) заключаецца тэрміновы працоўны дагавор. Ён афармляецца альбо на час выканання вызначанай працы, альбо на ўвесь сезон. У першым выпадку працоўныя адносіны могуць доўжыцца не больш за 2 месяцы, а ў другім – не больш за 6.
Увага! Для сезонных работ не патрабуецца папярэдняга выпрабавання. Калі працадаўца ўключыў такую ўмову ў дагавор, то гэта парушэнне патрабаванняў арт. 300 Працоўнага кодэкса.
Для падпісання дагавора трэба мець пры сабе:
- пасведчанне асобы;
- працоўную кніжку (за выключэннем асоб, якія ўпершыню прымаюцца на працу, і сумяшчальнікаў);
- дакументы вайсковага ўліку (для ваеннаабавязаных);
- калі праца кваліфікаваная – дакумент аб адукацыі (навучанні).
У некаторых выпадках (напрыклад, асаблівыя ўмовы працы) могуць спатрэбіцца страхавое пасведчанне, медыцынскае заключэнне аб стане здароўя, іншыя дакументы, што маюць дачыненне да працы. Акрамя таго, наймальнікі могуць запытаць характарыстыку з папярэдніх месцаў працы.
Увага! Калі вы маеце броню для прыёму на працу, калі дадзеная праца ўключана ў праграму рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, тое будзе дадатковай перавагай для вас. Адпаведна, вазьміце з сабой дакументы для пацвярджэння гэтага.
Як знайсці сезонную працу?
У прынцыпе, з пошукам сезонных вакансій асаблівых праблем не ўзнікае. Іх можна лёгка знайсці ў інтэрнэце праз пошук. Калі вы шукаеце нейкі канкрэтны від працы, проста зазначце гэта ў пошукавым запыце.
Таксама вакансіі можна знайсці на сайце службы занятасці ("Пашыраны пошук", і ў акенцы "Характар працы" выбраць "Сезонная") або на спецыялізаваных сайтах (Praca.by, belmeta і іншыя падобныя). На сайтах маюцца фільтры, з дапамогай якіх можна звузіць кола пошуку (напрыклад, абраць «Без досведу працы» і г.д.).
Ці маецца такая праца ў асенне-зімовы перыяд?
У асноўным, вядома, сезонныя працаўнікі патрабуюцца летам. Але існуюць такія віды работ, якія неабходны толькі ў халодны перыяд года. Так, у асенне-зімовы сезон патрабуюцца гардэробшчыкі, апальшчыкі, секары дроў і да т.п.
Увосень, акрамя работ па зборы ўраджая, можна ўладкавацца на прадпрыемствы цукровай, плодаагародніннай, крухмала-патачнай і вінаробнай галін.
Зімой, акрамя ўборкі снегу, ачысткі ад лёду вадаёмаў і да т.п., пачынаюць працаваць каткі, лыжныя трасы, горкі. Адпаведна, неабходны іх падрыхтоўка, абслугоўванне і рамонт, вытворчасць штучнага снега, паслугі пракату. Усё гэта ўваходзіць у паняцце "сезонная праца".
Як знайсці сезонную працу за мяжой?
Сезонную працу можна знайсці і за межамі Беларусі. Для гэтага існуе мноства інтэрнет-сэрвісаў. Тут, напрыклад, прапануецца збор ураджаю ягад, агародніны і іншых культур у Фінляндыі, а тут – работа аніматарам у гатэлях Турцыі і Егіпта. Можна нават знайсці такі варыянт, як сезоннае працаўладкаванне ў Беларусі з камандзіроўкамі на работу за мяжу.
На сайт службы занятасці, што прыведзены вышэй, можна адправіць рэзюмэ, і тады стануць даступныя вакансіі краін ЕАЭС.
Увага! Сезонную працу за мяжой лепш шукаць загадзя – магчымая сітуацыя, калі будуць даступныя вакансіі толькі на наступны год.
Нарматыўна-прававая база:
- разд. 24 Працоўнага кодэкса;
- Пералік сезонных работ, зацверджаны пастановай Мінпрацы ад 14.04.2000 г. № 56.
Чытайце таксама:
- Як уладкавацца на працу пасля зняволення?
- Як і дзе можна працаўладкавацца, калі затрыманая(ы) была(ў) адзіным карміцелем?