У гэтым артыкуле чытайце:
- Якімі бываюць зборы?
- Хто вызваляецца ад вайсковых збораў?
- Якія ёсць уважлівыя прычыны нез'яўлення па позве?
- Хто падлягае зняццю і выключэнню з воінскага ўліку?
- Якія іншыя магчымасці адмаўлення ад збораў існуюць?
- Якія могуць быць наступствы ўхілення ад збораў?
Якімі бываюць зборы?
Ваенныя зборы праводзяцца з мэтай павышэння баявой гатоўнасці арміі, і на іх прызываюцца ўсе ваеннаабавязаныя, якія не маюць адтэрміновак ад мабілізацыі.
Зборы арганізуюць Мінабароны, іншыя дзяржаўныя органы, у якіх прадугледжана ваенная служба. Але ёсць асобны від збораў, што праводзіцца па распараджэнні кіраўніцтва краіны.
Па пастаўленых задачах зборы падзяляюцца на навучальныя і праверачныя.
Хто вызваляецца ад вайсковых збораў?
Ад праходжання ўсіх відаў збораў вызваляюцца:
- ваеннаабавязаныя, што прайшлі альтэрнатыўную службу, а таксама якіх забраніравалі розныя дзяржорганы і арганізацыі;
- ваеннаабавязаныя, у якіх ёсць права адтэрміноўкі ад прызыву ў перыяд мабілізацыі па сямейным становішчы, стане здароўя, а таксама якія маюць трох і больш дзяцей да 18-гадовага ўзросту;
- суддзі і пракурорскія работнікі;
- дэлегаткі(ты) і дэпутаткі(ты) Нацыянальнага збору;
- работніцы(кі) авіяцыйнага і чыгуначнага транспарту – кіраўніцы(кі), прадстаўніцы(кі) лётнага і тэхнічнага саставу, што непасрэдна займаюцца перавозкамі, абслугоўваннем самалётаў (верталётаў), аэрадромнай тэхнікі, чыгуначнага транспарту, а таксама авіяцыйных арганізацый ДТСААФ;
- экіпажы судоў рачнога флота – у перыяд навігацыі;
- асобы, што навучаюцца на вочных аддзяленнях сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў адукацыі, – на ўвесь перыяд навучання, а на завочных і дыстанцыйна – падчас сесій.
На ваенныя зборы, арганізаваныя Мінабароны і іншымі дзяржорганамі, не прызываюцца:
- асобы, непасрэдна занятыя на пасяўных і ўборачных работах, – у перыяд правядзення гэтых работ;
- педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі;
- ваеннаабавязаныя жаночага полу.
Таксама рашэнне аб вызваленні ад збораў можа быць прынятае пры наяўнасці ўважлівых прычын. Але для гэтага трэба падаць адпаведныя дакументы.
Увага! Асобы, што абмежавана прызываюцца ў ваенны час, могуць быць накіраваны на зборы толькі з іх пісьмовай згоды.
Якія ёсць уважлівыя прычыны нез'яўлення па позве?
1) Захворванне са стратай працаздольнасці.
"Са стратай працаздольнасці" паказвае тут на тое, што захворванне (калецтва) значнае, і яго наяўнасць пацвярджаецца ўстановай аховы здароўя. Важна таксама, каб гэтае пацверджанне распаўсюджвалася на дату выкліку.
Выключэннем з'яўляюцца калецтвы і захворванні, якія чалавек прычыніў сабе сам (або папрасіў каго-небудзь гэта зрабіць) для ўхілення ад яўкі.
2) Цяжкі стан здароўя бацькі, маці, жонкі, мужа, сына, дачкі, родных брата ці сястры, дзеда, бабкі альбо ўдзел у іх пахаванні.
Такі падрабязны пералік сваякоў прыводзіцца ў заканадаўстве таму, што на іншых блізкіх гэтая норма не распаўсюджваецца.
Адзначым, што мае значэнне толькі факт цяжкага стану здароўя. Не важна, ці даглядае гэтага сваяка непасрэдна асоба, якую выклікалі на зборы.
А вось у выпадку страты сваяка самога факту смерці недастаткова, патрабуецца менавіта ўдзел у пахаванні.
3) Іншыя прычыны, прызнаныя ўважлівымі прызыўной камісіяй або судом.
Пералік такіх абставін заканадавец не прыводзіць. Галоўнае – наколькі аб'ектыўна прычына перашкаджае яўцы. На практыцы такой могуць прызнаць, напрыклад, неабходнасць догляду адзінокага сваяка, які не ўказаны ў пераліку 2). Такую сітуацыю трэба пацвердзіць дакументальна.
Прычына не павінна быць штучна створанай, надуманай. Нельга, напрыклад, узяць адпачынак і з'ехаць.
Калі прычыну прызналі няўважлівай, можна ў тыднёвы тэрмін звярнуцца са скаргай спачатку ў абласную (Мінскую гарадскую) прызыўную камісію, а потым у суд.
Хто падлягае зняццю і выключэнню з воінскага ўліку?
На ваенныя зборы не выклікаюцца асобы, якія зняты ці выключаны з уліку.
Здымаюцца з уліку грамадзянкі(не), якія, у прыватнасці:
- праходзяць альтэрнатыўную службу;
- служаць у органах фінансавых расследаванняў, падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях і маюць пры гэтым спецыяльныя званні;
- маюць пастаянны від на жыхарства за межамі Беларусі;
- адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання альбо пазбаўлення волі.
Выключэнню з уліку падлягаюць:
- асобы, якія прызнаны непрыдатнымі да ваеннай службы;
- ваеннаабавязаныя жанчыны, якія маюць двух і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў;
- якія страцілі беларускае грамадзянства;
- якія дасягнулі гранічнага ўзросту знаходжання ў запасе.
Апошняе азначае, што чалавек дасягнуў наступнага ўзросту (гадоў):
- салдаты, матросы, сяржанты, старшыны – 50;
- прапаршчыкі, мічманы, малодшыя афіцэры – 55;
- маёры і падпалкоўнікі (капітаны 3-га і 2-га рангу) – 60;
- палкоўнікі (капітаны 1-га рангу) – 60;
- вышэйшыя афіцэры – 65;
- жанчыны, якія маюць званні прапаршчыкаў, мічманаў або афіцэраў, – 50;
- астатнія ваеннаабавязаныя жанчыны – 48.
Якія іншыя магчымасці адмаўлення ад збораў існуюць?
На жаль, заканадаўства дае вельмі мала прычын адмовіцца ад удзелу ў ваенным зборы, і шанцы пры гэтым дастаткова нізкія. Але калі не ўдалося скарыстацца прыведзенымі вышэй магчымасцямі, можна паспрабаваць наступнае.
1) Позва на збор павінна быць уручана не пазней за 10 дзён да яго пачатку пад роспіс. Калі гэтага не адбылося, можна звярнуцца ў ваенкамат і запатрабаваць вызваліць ад збораў.
Праўда, часцяком позву высылаюць на працу, таму што на тэрмін збораў захоўваецца заробак, і бухгалтэрыя павінна гэта аформіць. Аднак у абавязкі наймальніцы(ка) не ўваходзіць пошук супрацоўніцы(ка), якога выклікалі на зборы, для ўручэння ёй (яму) позвы.
Таксама позва можа быць адпраўлена заказным лістом, але каб яна лічылася ўручанай, неабходна апавяшчэнне аб атрыманні.
2) Калі ў вас няма захворвання са стратай працаздольнасці, аб якім ішла гаворка вышэй, але вы дрэнна сябе адчуваеце, перад пачаткам збораў можна запатрабаваць агляд лекара. Калі вы сапраўды нездаровыя, вызваленне ад іх цалкам магчымае.
3) Як гаварылася вышэй, на зборы не заклікаюць тых, хто прайшоў альтэрнатыўную службу. На такую службу накіроўваюцца асобы, якія не могуць ісці ў войска па рэлігійных перакананнях. Аднак магчымыя сітуацыі, калі на збор выклікаюцца тыя, хто ў свой час не прызываўся на тэрміновую службу і, адпаведна, не мог тады запатрабаваць альтэрнатывы. Таксама цалкам верагодна, што з часу заканчэння службы светапогляд чалавека змяніўся.
4) Асобы, якія былі прызваны на зборы, могуць быць з іх адлічаны з-за парушэння агульнавоінскіх статутаў, а таксама пры іх неадпаведнасці ваенна-ўліковай спецыяльнасці (г. зн. няздольнасці, няўменні выконваць пэўныя дзеянні). Робіцца гэта па прадстаўленні камандзіраў частак, што праводзяць зборы. Пра тое, што адбылося, неадкладна паведамляецца працадаўца прызыўніка. Якія-небудзь іншыя наступствы адлічэння ў заканадаўстве не адзначаюцца.
Якія могуць быць наступствы ўхілення ад збораў?
Ухіленне ад яўкі на зборы караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 1 года, або арыштам. Калі ўхіленне суправаджалася падманам (наўмысным прычыненнем сабе цялеснага пашкоджання, сімуляцыяй хваробы, падробкай дакументаў і г.д.), то прысуджаецца штраф, ці арышт, ці абмежаванне волі да 2 гадоў.
Самавольнае пакіданне часткі (месца), дзе праходзяць зборы, караецца арыштам.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 10, 17, 39, 69, 70 і 71 Закона ад 05.11.1992 г. № 1914-XII "Аб воінскім абавязку і воінскай службе";
- пп. 16, 17 і 38 пастановы Саўміна ад 27.01.2004 г. № 78 "Аб парадку праходжання ваенных і спецыяльных збораў";
- арт. 3 Закона ад 04.06.2015 г. № 276-З "Аб альтэрнатыўнай службе";
- арт. 436 і 445 Крымінальнага кодэкса.
Чытайце таксама:
- Як пасля вызвалення аднавіць дакументы, зрабіць іх пераклад, паставіць апастыль?
- Развод і грошы. Што важна ведаць пра падзел маёмасці і як да яго падрыхтавацца?
- Што рабіць, калі не можаш выплаціць крэдыт?