Кніга заўваг і прапаноў: што трэба ведаць спажыўцу?

kniga-zamechaniy-i-predlozheniy.jpg
У гэтым артыкуле чытайце:

Якія арганізацыі павінны мець кнігу заўваг і прапаноў?

Кніга абавязкова павінна быць у арганізацыях:

  • гандлю, у тым ліку на месцах на рынку і нават у інтэрнэт-крамах. Адзіным выключэннем з'яўляюцца сродкі разноснага гандлю, да якіх, апроч іншага, адносяцца палаткі і латкі;
  • грамадскага харчавання, за выключэннем летніх, сезонных кавярняў;
  • бытавога абслугоўвання;
  • жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у тым ліку што аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама ў жыллёва-будаўнічых кааператывах і інтэрнатах;
  • аховы здароўя, санаторна-курортнага лячэння, аздараўлення;
  • якія аказваюць транспартныя паслугі. Кніга знаходзіцца на вакзалах, аўтастанцыях, дыспетчарскіх пунктах, у дэпо, аэрапортах і іх багажных аддзяленнях, памяшканнях для адпачынку, пакоях маці і дзіцяці і да т.п., а таксама ў любых касах (нават на прыпынку) і ў цягніках з нумараванымі месцамі;
  • па рамонце і тэхнічным абслугоўванні транспартных сродкаў, у тым ліку на дыягнастычных станцыях і пунктах дзяржтэхагляду;
  • прыдарожнага сэрвісу (матэлі і да т.п.);
  • фінансавай і страхавой сферы: банкі (за выключэннем абменнікаў), а таксама месцы давання мікрапазык, лізінгу, страхавых паслуг;
  • сувязі (паштовай, тэлефоннай, сотавай);
  • культуры – сюды ўваходзяць толькі тыя тэатральныя і музейныя касы, што размешчаны асобна;
  • юстыцыі (натарыяльныя канторы, бюро, юрыдычныя кансультацыі і інш., а таксама рыэлтарскія агенцтвы);
  • якія нарыхтоўваюць раслінную, жывёлагадоўчую і іншую такую прадукцыю (прыёманарыхтоўчыя пункты).

Хто можа запатрабаваць кнігу і што для гэтага трэба?

Кніга выдаецца па першым патрабаванні любой(га) кліенткі(та). Для гэтага не трэба ні прад'яўлення дакументаў, ні тлумачэння прычын. Гэта значыць, што ўсё роўна, ці куплялі вы штосьці, ці аказвалі вам паслугу і г.д. Няма і ўмовы, што ўносіць заўвагі і прапановы маюць права толькі паўналетнія грамадзянкі(не).

Але пры запатрабаванні кнігі ўсё ж варта паводзіць сябе стрымана. Адзіны спосаб, якім адміністрацыя можа законна пазбегнуць выдачы кнігі наведвальніцы(ку), – гэта выклікаць міліцыю з-за яе (яго) агрэсіўных, абразлівых паводзін у грамадскім месцы. Тым больш не варта гэтага рабіць у стане ап'янення.

Калі нягледзячы ні на што вам у прад'яўленні кнігі адмовілі, трэба звярнуцца ў вышэйшую арганізацыю. Таксама можна падаць у суд.

Увага! За невыдачу кнігі заўваг і прапаноў па першым патрабаванні прадугледжаны штраф.

На што можна скардзіцца?

Агульны адказ просты – на ўсё. Адзінае абмежаванне заключаецца ў тым, што заўвага (прапанова) павінна непасрэдна датычыцца дзейнасці арганізацыі.

Напрыклад, у краме можна паскардзіцца на вялікія чэргі, на дрэннае абслугоўванне прадаўцамі і да т.п. Але калі канфлікт узнік паміж пакупніцамі(камі), і адна (адзін) з іх абразіў іншую(га), то скардзіцца з дапамогай кнігі не мае сэнсу. Бо абраза – гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, разгляд якога знаходзіцца ў кампетэнцыі праваахоўных органаў.

Або, да прыкладу, пакупніца напісала заўвагу пра тое, што ўвайсці ў краму складана з-за рамонту вуліцы перад ёй. Аднак забяспечыць вольны, бяспечны праход быў абавязаны выканаўца работ.

Якія раздзелы кнігі трэба запоўніць?

Пры ўнясенні заўвагі ці прапановы варта прывесці:

  • дату (у любым фармаце);
  • прозвішча, імя, імя па бацьку (нагадаем, што пашпарта ці іншага дакумента  не патрабуецца);
  • адрас, тэлефон. Гэта важна, бо менавіта на гэты адрас будзе дасланы пісьмовы адказ.

Далей выкладаецца сутнасць заўвагі ці прапановы. Подпіс ставіць не трэба, за выключэннем выпадку, калі пытанне вырашана ў прысутнасці кліенткі(та), пра што ў кнігу ўносіцца запіс, які яна (ён) і засведчвае.

У які тэрмін будзе разгледжана заўвага ці прапанова?

Адказ на зварот павінен прыйсці не пазней за 15 каляндарных дзён. Магчыма, сітуацыя запатрабуе дадатковага вывучэння і праверкі – тады тэрмін дапускаецца падоўжыць да месяца.
Адлік пачынаецца з наступнага пасля ўнясення скаргі (прапановы) дня.

Ці могуць не разгледзець скаргу?

Пры складанні любога звароту неабходна выконваць пэўныя правілы, інакш ён можа быць пакінуты без разгляду.

Таму пры унясенні заўваг і прапаноў важна:

  • запоўніць неабходныя раздзелы кнігі. Асабліва гэта тычыцца прозвішча, імя, імя па бацьку і адраса – інакш зварот будзе лічыцца ананімным, і яго на гэтай падставе не разгледзяць;
  • пісаць акуратна, каб нельга было сказаць, што тэкст нечытэльны;
  • не выкарыстоўваць абразлівыя словы ці выразы, а тым больш мацюкі, пагрозы і да т.п.;
  • не паўтараць прэтэнзію (асабліва шматразова), калі няма аргументаў, што мінулы запіс быў дрэнна разгледжаны.

Пра тое, што зварот пакінуты без разгляду, вас абавязаны паведаміць цягам 5 працоўных дзён. Гэтае рашэнне можна абскардзіць у вышэйшай арганізацыі, а затым у судзе.

Нарматыўна-прававая база:

  • п. 2, 13 і дадатак 2 Палажэння аб парадку выдачы, вядзення і захоўвання кнігі заўваг і прапаноў, зацверджанага пастановай Саўміна ад 16.03.2005 г. № 285;
  • арт. 12, 14, 15, 17, 20, 21 і 24 Закона ад 18.07.2011 г. № 300-З “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”;
  • арт. 10.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...