Куды звярнуцца ў выпадку няякаснага медыцынскага абслугоўвання?

kuda-obrashatsya-esli-nekachestvennaya-medicina.jpg

У гэтым артыкуле чытайце:

Па ацэнках экспертак(аў) у цяперашні час у Беларусі не хапае каля 9000 медыцынскіх работніц(каў). У такой сітуацыі праблема якаснага аказання медыцынскай дапамогі становіцца асабліва вострай. Куды можна падаць скаргу, калі вы лічыце, што вас няправільна лячылі, недастаткова інфармавалі, калі ўзнік канфлікт з лекарам?

Падача звароту ва ўстанову аховы здароўя

Згодна з Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" скарга з'яўляецца адным з відаў звароту. Адпаведна, яна падаецца як любы іншы зварот – вусна, пісьмова ці праз электронныя сродкі.

Такім чынам, можна:

  • запісацца на прыём да галоўнага лекара і выказаць яму прэтэнзію асабіста;
  • напісаць на яго імя заяву;
  • звярнуцца ва ўстанову праз Інтэрнет.

Электронныя звароты падаюцца праз цэнтралізаваную сістэму зварот.бел. У ёй могуць зарэгістравацца як грамадзянкі(не) Беларусі, так і замежныя грамадзяне, а таксама асобы без грамадзянства.

Увага! Для пошуку ўстановы, якой вы хочаце падаць скаргу, у форме звароту ў радку “Абярыце арганізацыю” пачніце набіраць яе найменне.

У пісьмовым звароце трэба ўказаць найменне і (або) адрас арганізацыі ці пасаду і (або) прозвішча, ініцыялы асобы, якім яна накіроўваецца, а таксама свае прозвішча, ініцыялы і адрас пражывання (знаходжання). Затым выкладаецца сутнасць прэтэнзіі і ставіцца подпіс.

Скаргі могуць быць пададзены на працягу 3 гадоў з таго дня, калі вы даведаліся (павінны былі даведацца) пра парушэнні сваіх правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў. Адмовіць у прыёме звароту вам не могуць.

Пасля падачы звароту не пазней за 15 каляндарных дзён павінен прыйсці адказ. Магчыма, сітуацыя запатрабуе дадатковага вывучэння і праверкі - тады тэрмін дапускаецца падоўжыць да месяца. Пры вусным звароце ўсе пытанні могуць быць вырашаны адразу, і тады адказ не патрабуецца. Калі вы хочаце атрымаць пісьмовы адказ на электронны зварот, у радку “Форма адказу” трэба адзначыць “Па паштовым адрасе”.

Гарачыя лініі ў сістэме аховы здароўя

Калі ва ўстанове аховы здароўя разабрацца з праблемай не ўдалося (альбо вы не хочаце па якіх-небудзь прычынах вырашаць пытанне тут), неабходна звярнуцца ў вышэйшую арганізацыю - Міністэрства аховы здароўя або ўпраўленне па ахове здароўя аблвыканкама (камітэт Мінскага гарвыканкама). Прасцей за ўсё гэта зрабіць з дапамогай гарачай лініі.

Непасрэдна Міністэрству аховы здароўя падпарадкоўваюцца толькі рэспубліканскія арганізацыі. Таму калі ў вас узніклі прэтэнзіі да абласных, раённых, гарадскіх устаноў аховы здароўя, лепш спачатку звярнуцца на лініі ўпраўленняў (камітэта), а ўжо потым у міністэрства.

Ніжэй прыводзяцца нумары тэлефонаў і час працы гарачых ліній (буднія дні).

Міністэрства аховы здароўя:
8 (017) 373-70-80;
9:00-13:00; 14:00-18:00.

Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама:
8 (017) 285-00-10;
пн–чц: 9.00–13.00; 14.00-17.30, пт: 9.00-13.00; 14.00-16.30.

Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама:
8 (0162) 58-09-93;
9:00-13:00; 14:00-17:00.

Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама:
8 (0212) 22-45-38;
9:00-13:00; 14:00-17:00.

Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама:
8 (0232) 50-32-04;
09:00-13:00; 14:00-17:00.

Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Гродзенскага аблвыканкама:
8 (0152) 72-13-45;
9:00-13:00; 14:00-17:00.

Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама:
8 (017) 517-20-25;
08.30-13.00; 14.00-17.30.

Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама:
8 (0222) 32-23-42;
8:00-13:00; 14:00-17:00.

З праблемамі, што ўзніклі падчас аказання экстранай медыцынскай дапамогі (выратавання жыцця пацыента ў бальніцы або паліклініцы), Міністэрства аховы здароўя прапануе звяртацца ў Telegam-бот. Акрамя тэкставых паведамленняў можна дасылаць відэазвароты і фота.

Скарга на няякасныя платныя медпаслугi

Платныя медыцынскія паслугі аказваюцца як прыватнымі, гэтак і дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя. Пацыенткі(ты) у гэтым выпадку з'яўляюцца адначасова і спажыўцамі, бо пры звароце па медыцынскую дапамогу заключаецца дамова на выплатнае аказанне паслуг.

Медпаслуга прызнаецца якаснай, калі:

  • дасягнуты запланаваны вынік, і пацыент(ка) задаволены(ла) ім;
  • паслуга аказана своечасова;
  • яна адпавядае клінічным пратаколам, іншым нарматыўным дакументам у галіне аховы здароўя.

Увага! Аказваць медпаслугі можна толькі пасля атрымання згоды пацыенткі(а) ці, у некаторых выпадках, яго блізкіх сваякоў (выключэнне - неабходнасць тэрміновага ўмяшання). Пры адсутнасці згоды паслуга таксама можа быць прызнана няякаснай.

Увага! Для вызначэння належнай якасці паслугі можа быць праведзена экспертыза. Адзначым, што пацыент(ка) можа правесці яе за свой кошт. Калі ў выніку экспертызы ўстаноўлены парушэнні з боку медустановы, гэтая установа абавязана кампенсаваць расходы на яе.

Таксама пацыент(ка) мае права аспрэчыць вынікі экспертызы ў судовым парадку.

Такім чынам, пры скарзе на няякасную платную медпаслугу можна запатрабаваць ад установы, якая яе аказвала, бязвыплатнай ліквідацыі недахопаў, суразмернага памяншэння цаны, а таксама кампенсацыі:

  • зробленых страт;
  • страчанага з-за пагаршэння здароўя заробку;
  • дадатковых выдаткаў на лячэнне, лекі і да т.п.

Таксама ёсць права на кампенсацыю маральнай шкоды за фізічныя і маральныя пакуты.

Калі ўстанова аховы здароўя адмаўляецца задаволіць скаргу, кампенсацыю можна атрымаць у судовым парадку. Дапамогу ў гэтым могуць аказаць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама грамадскія аб'яднанні спажыўцоў.

Калі была прычынена шкода здароўю, абавязкова праінфармуйце пра тое, што здарылася, органы кіравання сістэмы Міністэрства аховы здароўя.

Медыцынская этыка

Медыцынская этыка і дэанталогія - гэта сукупнасць прынцыпаў, нормаў і правілаў паводзінаў медыцынскіх, фармацэўтычных работніц(каў) пры выкананні імі службовых абавязкаў.

Ва ўстанове аховы здароўя можа быць створаны камітэт па медыцынскай этыцы, які разглядае пытанні пра парушэнні у гэтай сферы і забяспечвае ўдзел пацыентаў у распрацоўцы адпаведных норм.

Як у адміністрацыю медустановы, так і ў гэты камітэт можна падаваць скаргі пры:

  • непаважлівых, нетактоўных паводзінах медыцынскіх работнікаў;
  • незахаванне ўрачэбнай таямніцы, разгалашэнне інфармацыі пра стан здароўя;
  • праявах дыскрымінацыі (па рэлігійнай, нацыянальнай, моўнай прыкметах, палітычных і іншых перакананнях, полу, узросце, сацыяльным паходжанні і да т.п.);
  • фармалізме, бюракратызме, грэблівым стаўленні да пацыентак(аў).

Вельмі важна захаванне права пацыенткі(та) на інфармаванне пра мэты лячэння, яго метадах (у тым ліку пра альтэрнатыву ім), існуючых рызыках, пра асаблівасці лекаў (магчымых пабочных эфектах і г.д.), а таксама пра неспрыяльны прагноз. Уся інфармацыя павінна выкладацца ў форме, якую здолеюць зразумець тыя, хто не валодае спецыяльнымі ведамі. Ігнараванне гэтага права таксама з'яўляецца парушэннем медыцынскай этыкі.

Нарматыўна-прававая база:

  • арт. 1, 10, 11, 13 і 25 Закона ад 18.07.2011 г. № 300-З "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб";
  • арт. 1, 44 і 48 Закона ад 18.06.1993 г. № 2435-XII "Аб ахове здароўя";
  • арт. 2, 7, 8, 16–18, 31–33 і 43 Закона ад 09.01.2002 г. № 90-З “Аб абароне правоў спажыўцоў”;
  • п. 2 і 3 Палажэння аб парадку аказання платных медыцынскіх паслуг грамадзянам Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя, зацверджанага пастановай Саўміна ад 10.02.2009 г. № 182;
  • п. 8, 12 і 25 Палажэння аб парадку правядзення экспертызы тавараў (вынікаў выкананых работ, аказаных паслуг), дакладнасці інфармацыі аб таварах (работах, паслугах), зацверджанага пастановай Саўміна ад 14.01.2009 г. № 26;
  • п. 7, 8, 10 і 11 Правілаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі, зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 07.08.2018 г. № 64.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...