Як абараніць дзіця ад сэксуалізаванага гвалту?

kak-zashitit-rebenka.jpg

У гэтым артыкуле чытайце:

У Беларусі расце колькасць дзяцей, якія зазналі сэксуалізаваны гвалт. У большасці выпадкаў злачынцы былі знаёмыя з дзецьмі і ўмела імі маніпулявалі. Спецыяльна для службы "Адно акно" дасведчаная псіхалагіня і спецыялістка па працы з гвалтам падрыхтавала рэкамендацыі пра тое, як зберагчы дзяцей ад сэксуалізаванага гвалту.

Што могуць зрабіць дарослыя ў якасці прафілактыкі, калі гэта ўвогуле магчыма?

У паўнавартасным сэнсе слова "прафілактыка" мы мала што можам зрабіць, каб гарантавана абараніць нашых дзяцей ад сэксуалізаванага гвалту. Сумны, але важны для ўсведамлення факт - сэксуалізаваны гвалт адбываецца нярэдка, і можа адбывацца нават у самай спрыяльнай на першы погляд абстаноўцы.

Адмыслоўцы ўжываюць выраз "прафілактыка замоўчвання".

Важна, каб дзіця ведала, што можа звярнуцца да бацькоў і іншых блізкіх людзей заўсёды і з любой праблемай. Гэта значыць, чым менш мы лаем і караем дзіця і чым больш падтрымліваем, тым вышэй яго (яе) давер да нас.

Часта дзецям банальна бракуе слоў, каб апісаць, што з ім адбылося. Таму трэба, каб у малога была «мова». Не варта баяцца вымаўляць пры ёй або пры  ім назвы палавых органаў, частак цела, тлумачыць ваша ўласнае разуменне дарэчнасці галізны. Для кагосьці можа быць прымальным агаляцца дома ці ў спецыяльных месцах, дзе ўсе лічаць за лепшае адпачываць аголенымі. Але ў іншых сітуацыях дарослыя не павінны паказваць дзецям свае палавыя органы, каб чаму-небудзь «навучыць» ці на любой іншай падставе.

Таксама трэба гаварыць пра галізну. Не варта "сароміць" дзіця, калі мы прывучаем яго (яе) апранацца пры гасцях ці калі выявілі, што ён (яна) даследуе свае інтымныя зоны ці мастурбуе. Прывучаючы малога да таго, што ў яго (яе) целе ёсць нешта сорамнае і няправільнае, мы не толькі фарміруем складаныя адносіны са сваім целам, але і павялічваем рызыкі таго, што на сораме дзіцяці можа пабудаваць сваю тактыку злачынец. Калі дзіця ўгаварылі распрануцца або паказаць палавыя органы, іншыя часткі цела, то потым яму складана ўсвядоміць, што «дрэнным» было не яно, бо яго (яе) раней саромілі за нешта «такое».

Даследаваць сваё цела, быць аголенай альбо аголеным у прыдатным для гэтага месцы - гэта ок. Не ок, калі нехта просіць цябе пра гэта.

Часта злачынец сам правакуе ў дзіцяці пачуццё сораму. Ён можа казаць, што дзіця зрабіла нешта нядобрае, а калі пра гэта даведаюцца, то менавіта дзіця будуць лаяць, і тады ўсё зразумеюць, якое яно дрэннае. Асабліва можа быць сорамна чалавечку, калі нейкая частка гэтага ўзаемадзеяння была прыемнай. Звычайныя рэакцыі цела могуць адчувацца (ці ўсведамляцца праз доўгі час) як няправільныя, сорамныя, "дрэнныя", што робіць маленькую дзяўчынку ці маленькага хлопчыка паўнавартасным удзельнікам і віноўнікам чагосьці жудаснага.

Варта размаўляць пра тое, якія бываюць таямніцы. І даць разуменне, што калі дзіця просяць утаіць нешта ад бацькоў, значыць, тут нешта не так і магчыма ў гэтага чалавека не лепшыя намеры. З гэтай жа мэтай важна прасіць бабуль, дзядуль і іншых блізкіх дарослых не ствараць з дзіцем таямніц ад бацькоў.

"Давай з'ямо больш цукерак і даўжэй паглядзім мультык, а маме не скажам", – кажа часам блізкі дарослы з лепшых памкненняў пабалаваць малога ці ўмацаваць з ім сувязь. Гэта дрэнная ідэя, бо прывучае да таго, што змовы з дарослымі «супраць» бацькоў - гэта нармальна.

Чым больш у адносінах дзіцяці і дарослага бяспекі, прыняцця, даверу, адкрытасці, тым больш шанцаў засцерагчы малога.

Як дарослы можа даведацца пра тое, што ў дзіцяці быў досвед сэксуалізаванага гвалту?

Калі такія падазрэнні прыйшлі вам у галаву, магчыма дапамога і падтрымка патрэбна менавіта вам. Можна звярнуцца да дзіцячага або дарослага адмыслоўца, які мае спецыялізацыю па рабоце з гвалтам. Можна разам абмеркаваць сітуацыю, яе рыскі, вашы пачуцці і боязі, і затым скласці нейкі план дапамогі і, умоўна, дыягностыкі. Адмысловец зможа даць больш індывідуалізаваныя рэкамендацыі адпаведна ўзросту дзіцяці і кантэксту.

У вас могуць быць моцныя пачуцці і ў адносінах да дзіцяці, і ў адносінах да магчымага гвалтаўніка, і ў адносінах да сябе. Любыя пачуцці нармальныя, але важна мець падтрымку і не абрушваць іх на дзіця.

Варта таксама адрозніваць прыкметы нармальных сэксуальных паводзін дзяцей і прыкметы, што павінны нас насцярожыць.

Сэксуальныя паводзіны дзяцей у норме:

  • цікаўнасць і патрэба ў інфармацыі заахвочвае дзяцей да даследавання сябе і адзін аднаго;
  • цікаўнасць задавальняецца даволі хутка, і інтарэс перамяшчаецца;
  • дзеці адносяцца да адной узроставай групы, роўныя па фізічным і разумовым развіцці, дзейнічаюць на добраахвотнай аснове;
  • гэтыя праявы бяскрыўдныя і спантанныя;
  • дзеці могуць быць збянтэжаныя, калі іх заспелі за даследаваннем сябе (або адзін аднаго) ці за мастурбацыяй, але не паказваюць яркіх перажыванняў віны, сораму, гневу.

Прыкметы ў сэксуальных паводзінах, якія могуць насцярожыць

У паводзінах дзіцяці дашкольнага ўзросту можна заўважыць больш шырокі дыяпазон ведаў пра сэкс і праяў сэксуальнасці, чым гэта адпавядае ўзросту. Калі яму паказвалі матэрыялы парнаграфічнага характару, калі ён быў сведкам палавых кантактаў альбо стаў аб'ектам сэксуалізаванага гвалту, то можа маляваць малюнкі, прайграваць з цацкамі ці жывёламі адпаведныя сюжэты. Мы таксама можам заўважыць у такім выпадку сэксуальную агрэсію да малодшых дзяцей, сэксуальныя прапановы аднагодкам і дарослым, шараванне палавымі органамі аб іншых людзей, імітацыю палавога акту і спецыфічных гукаў. Часта гэта адбываецца незнарок, між іншым. Напрыклад, у гульнях з лялькамі дзіця гладзіць іх у вобласці інтымных зон, потым частуе цукеркамі.

У падлеткаў можна заўважыць у паводзінах сэксуалізаваны пераслед іншых дзяцей, спецыфічныя размовы з дакучлівай прывязкай да тэмы сэксу, недарэчныя прапановы сэксу дарослым, частую змену палавых партнёраў. Спакушальныя і задзірлівыя паводзіны падлеткаў часта з'яўляюцца не прычынай гвалту над імі, а следствам злоўжывання. Аднак пацярпелыя дзеці такім чынам становяцца больш прыступнымі для паўторнага гвалту. Важна, каб у такім выпадку дарослыя не прымалі спакушальныя паводзіны за прыкмету гатоўнасці да сэксуальных адносін або заклік, і не саромілі, а праявілі больш увагі і далучэння.

Што да прыкмет псіхалагічнага няшчасця, увагу дарослых могуць прыцягнуць праявы перажытай траўмы, такія як: міжвольныя трывожныя ўспаміны, дрэнныя сны, неадчэпнае ўзнаўленне нейкага сюжэту ў гульні, раптоўная вострая рэакцыя на звычайныя для нас рэчы (пахі, словы, пэўны чалавек), уніканне якіх-небудзь абставін, пагаршэнне памяці і ўвагі, зніжэнне праяў станоўчых эмоцый і павелічэнне негатыўных, беспадстаўная агрэсія і павышаная раздражняльнасць, аддаленасць, «замарожанасць», здранцвенне, адчужанасць ці, наадварот, павышаная ўзбудлівасць, немагчымасць расслабіцца, а таксама дэпрэсіўныя ці суіцыдальныя думкі.

Дадзеныя праявы асабліва павінны нас насцярожыць, калі пачаліся досыць  раптоўна. Але важна ўлічваць, што ў выпадку развіцця псіхалагічнай траўмы падобныя наступствы мы заўважым хутчэй за ўсё крыху пазней, праз некалькіх тыдняў ці месяцаў пасля падзеі (калі гаворка ідзе пра адзінкавы эпізод гвалту).

Паводзінскія прыкметы, на якія варта звярнуць увагу, у залежнасці ад узросту дзіцяці

Да 3 гадоў дзеці не ўсведамляюць і не могуць асэнсаваць факт гвалту, аднак нават у іх паводзінах можна заўважыць змены. Напрыклад, яны могуць пазбягаць пэўнага чалавека, па незразумелай для навакольных прычыне называць яго (яе) дрэнным(ай) або страшным(ай). Ці наадварот, раптам праяўляюць прыкметы прыхільнасці да яго (яе), што здаецца дарослым дастаткова нечаканым. Як правіла, гэта можа замілоўваць навакольных, але важна захоўваць пільнасць. У такіх малых можа пачацца затрымка развіцця ў іншых сферах, могуць узнікнуць цяжкасці ва ўжо сфарміраваных навыках. Дзеці могуць пачаць раптам казаць пра сябе ў трэцяй асобе або лічыць сябе нейкім іншым персанажам (і гэта доўжыцца больш, чым звычайная гульня).

Ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў можна заўважыць больш выразныя элементы сэксуалізацыі і гвалту ў гульнях, у адносінах да іншых дзяцей або цацак (адрыванне канечнасцяў, раздзіранне адзення, удары). Таксама можна заўважыць пэўны рэгрэс у навыках і паводзінах, могуць з'явіцца нейкія неадчэпныя дзеянні, напрыклад смактанне пальца або абгрызанне пазногцяў, і інш.

Пры наяўнасці падобнай траўмы ў дзяцей у малодшым школьным узросце могуць з’явіцца назойлівыя ўспаміны пра падзеі, пагаршэнні ў вучобе, начныя кашмары і парушэнні сну. Дзіця асабліва непакоіцца аб сваёй бяспецы і бяспецы блізкіх. І можа паводзіць сябе «занадта добра», імкнуцца быць добрым, ці наадварот, дэманстраваць агрэсіўныя пратэстныя паводзіны па не вельмі зразумелых прычынах.

У падлеткавым узросце рэакцыі больш персаналізаваныя. Хтосьці пакутуе ад дэпрэсіі і мучыцца суіцыдальнымі думкамі, ізалюецца, адмаўляецца ад зносін з аднагодкамі, у кагосьці развіваюцца паводзіны з прычыненнем шкоды сабе ці залежнасці.

У любым ўзросце могуць узнікнуць пагаршэнні важных адносін, пазбяганне месцаў, дзе трэба здымаць верхняе адзенне, зніжэнне пазнавальнай актыўнасці.

Важна памятаць, што ніякія прыкметы ў асобнасці і нават сукупнасць некалькіх пералічаных сімптомаў не паказваюць непасрэдна на досвед сэксуалізаванага гвалту. Гэта адзнакі, якія павінны прыцягнуць увагу дарослых.

Дзеці баяцца расказваць пра сэксуалізаваны гвалт, які здзейснілі над імі 

На жаль, дзеці вельмі рэдка прызнаюцца дарослым, што зазналі гвалт. Маленькія дзеці часцей прагаворваюцца выпадкова ці ў гульнях, а іх паводзіны могуць указаць на тое, што з імі нешта адбылося. Старэйшыя дзеці могуць раскрыцца, калі гатовыя прасіць дапамогі або калі перажываюць за малодшых братоў і сясцёр, якія знаходзяцца пад пагрозай каля злачынца.

Калі дзіця вам адкрылася, гэта можа быць вялікім шокам. Але ў такой сітуацыі важна падтрымаць яго (яе), не асуджаючы, не настойваючы на ​​тых ці іншых дзеяннях і не выказваючы недавер яго (яе) словам.

Як пагаварыць з дзіцем, калі вы падазраяце, што ён (яна) пацярпеў(ла) ад сэксуалізаванага гвалту?

Падрыхтуйцеся, што такая размова, магчыма, расцягнецца на некалькі эпізодаў і можа не прывесці да яснага адказу на ўсе пытанні. Можна вярнуцца да размовы яшчэ і яшчэ раз. Размова можа быць няпростай, але вельмі важнай. Нават калі падазрэнні не пацвердзяцца, яна стане значным эпізодам для інфармавання пра такія рызыкі.

Паспрабуйце знайсці апору для сябе і ў выказванні сваіх пачуццяў быць не занадта актыўнымі. Часта дзеці баяцца падзяліцца з бацькамі, таму што асцярагаюцца засмуціць іх. Мама памрэ ад гора, а тата заб'е крыўдзіцеля - гэтыя і падобныя думкі даймаюць дзяцей не радзей, чым думкі пра тое, што яго (яе) будуць лаяць і ніхто не паверыць.

«Я спраўляюся, і на мяне можна абаперціся», - такое пасланне мы павінны трансляваць.

Лепш размаўляць у найболей бяспечных абставінах і слухаць не перабіваючы.

Можна для пачатку расказаць дзіцяці, што заўважылі ў яго (яе) паводзінах змены, гэта вас турбуе, і вы хацелі б даведацца пра магчымыя прычыны праблемы, каб дапамагчы. Калі дзіця згаджаецца падзяліцца сваімі трывогамі, выслухайце ўважліва ўсё, што ён (яна) скажа, нават калі тэма не зусім тая, што нас цікавіць.

Магчыма, дзіця не адразу раскажа нам пра эпізодз гвалту, але дакладна атрымае вопыт прымання і будзе ведаць, што заўсёды можа падзяліцца тым, што яго (яе) турбуе.

Сумленна і шчыра гаварыце пра тое, чаго менавіта асцерагаецеся, на зразумелай дзіцяці мове. Можаце згадаць, што сапраўды вам вядома пра сітуацыю. Вельмі важна не ціснуць на дзіця, жадаючы атрымаць адкрыты і дакладны адказ, а таксама не падганяць адказы пад сваю версію падзей і не рабіць паспешных высноў. Настойлівасць тут можа ўспрымацца як пагражальная сітуацыя. І ні здароваму, ні тым больш траўміраванаму дзіцяці такі досвед не патрэбен.

Лепш не задаваць пытанняў, на якія можна адказаць "так" ці "не". Замест гэтага папрасіце дзіця расказаць падрабязней. Няхай дзіця раскажа сваімі словамі пра тое, што адбылося, без падказак і без нашых версій. Так мы зможам пазбягаць "засмечвання" карціны для дзіцяці, бо ён і сам можа не разумець, што адбываецца.

Не варта задаваць пытанні, пачынаючы са слоў "чаму" і "навошта". Тым больш калі яны маюць на ўвазе асуджэнне: “Чаму ты не распавёў маме?” “Чаму ты не ўцякла, а села ў машыну?”

Не варта даваць ацэнку паводзінам дзіцяці. Тым больш, што ён (яна) ні ў чым не вінаваты(ая), і добра, што расказаў(ла) вам пра тое, што здарылася. Таксама не варта папракаць яго (яе) за ўтойванне фактаў, хлусню ці неспрактыкаванасць. Дарослы злачынец заўсёды хітрэй і ўмее заспець знянацку, прымусіць адчуваць сябе вінаватым і запалохаць.

Калі дзіця хоча спыніць размову, варта да яго (яе) прыслухацца і даць яму (ёй) права выбару. У такой справе важная не спешка, а давер у адносінах. Размову можна прадоўжыць наступным разам.

Дзіця павінна разумець, што можа пагаварыць пра праблему не толькі з бацькамі, але і з іншымі, каму ён (яна)  давярае. Можна прапанаваць дапамогу псіхолага па той тэме, што непакоіць самое дзіця.

З старэйшымі дзецьмі можна гаварыць больш адкрыта пра свае асцярогі, гэта можа даць і дзіцяці права гаварыць шчыра.

З малышамі давядзецца праявіць больш крэатыўнасці. З імі можна часцей балбатаць пра тое, пра гэта, ладзіць бесклапотныя гутаркі пра тое, што вас турбуе. Напрыклад, пра чалавека, на якога дзіця незвычайна рэагуе, чаму яно не любіць бываць у пэўных месцах, з кім з выхавальнікаў адчувае сябе добра, ці любіць хадзіць у садок, каго лічыць сваім сябрамі, што такое сяброўства і каханне, што разам робяць сябры.

Гуляйце з малымі ў ролевыя гульні і ўводзьце розных персанажаў. Прапануйце разам скласці казку і паслухайце, якія павароты сюжэту выдумляе дзіця. Такія гутаркі і гульні спрыяльныя не толькі для бяспекі дзіцяці, але і для ўмацавання вашых адносін.

Памятайце, што маленькія дзеці могуць не ведаць слоў, якія пасуюць  для апісання пэўных падзей, і карыстаюцца тым слоўнікам, што зразумелы ім. Напрыклад, могуць гаварыць "папісалі", кажучы пра эякуляцыю, або "парэзаў" кажучы пра праніканне, так як арыентуюцца на знаёмыя адчуванні і з'явы.

Акрамя таго, маленькія дзеці могуць не ведаць, што сэксуалізаваны гвалт - гэта нешта дрэннае. Напрыклад, дзяўчынка можа лічыць добрым, што дзядзька яе вельмі кахае, цалуе ўсюды, дае ёй цукеркі і кажа, што яна самая лепшая на свеце.

Важна не ставіць словы дзіцяці пад сумневы, а даць зразумець, што вы яму верыце.

Таксама неабходна, каб дзіця ведала, што пасля прызнання яго (яе) па-ранейшаму любяць і шануюць і гатовыя абараняць. Гэты досвед будзе для яго (яе) пазітыўным і дапаможа яму (ёй) дзяліцца праблемамі ў далейшым.

Разам можна падумаць, што рабіць, каб засцерагчы дзіця ад небяспечнага кантакту, а таксама да каго звярнуцца па параду і дапамогу. Ёсць арганізацыі і адмыслоўцы, якія могуць дапамагчы і зарыентаваць вас, таму не заставайцеся з гэтай складанай тэмай сам-насам.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...