У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Як пацвердзіць беларускі дыплом у краінах СНД?
- Як пацвердзіць беларускі дыплом у ЕС?
- Польшча
- Літва
- Чэхія
- Украіна
- Грузія
- Кітай
Для працаўладкавання за мяжой вам можа спатрэбіцца пацвярджэнне беларускага дыплома замежнай дзяржавай. Для таго каб беларускі дыплом каціраваўся на тэрыторыі іншай краіны, неабходна прайсці пэўную працэдуру легалізацыі.
Як пацвердзіць беларускі дыплом у краінах СНД?
У краінах СНД беларускія дыпломы прызнаюцца аўтаматычна, без дадатковых працэдур (акрамя дыпломаў медыкаў). Да гэтых краін адносяцца: Расія, Азербайджан, Казахстан, Арменія, Малдова, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. У некаторых краінах беларускі дыплом пацвярджаецца па спрошчанай працэдуры – сярод іх Туркменістан, Венесуэла, Кітай, Пакістан, Эквадор і В'етнам.
Важна не пераблытаць настрыфікацыю і апастыль. Апастыляванне – гэта прызнанне сапраўднасці дакумента пры выкарыстанні яго за межамі Беларусі. Настрыфікацыя – гэта пацверджанне атрыманых ведаў і кваліфікацыі. Часам для працаўладкавання дастаткова апастыля, але ў некаторых выпадках можа спатрэбіцца настрыфікацыя.
Асобна можна вылучыць медыкаў: правілы атрымання права на работу па спецыяльнасці моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны. Болей за тое, у шэрагу краін існуе працэдура спрошчанага працэсу атрымання права на працу або абмежаванага права на працу па спецыяльнасці. Больш падрабязную інфармацыю вы можаце атрымаць на сайце Фонду медычнай салідарнасці
Як пацвердзіць беларускі дыплом у ЕС?
Беларускі дыплом прызнаецца ў краінах Еўрасаюза, якія ратыфікавалі Лісабонскую канвенцыю, аднак працэс пацвярджэння дакументаў аб адукацыі можа адрознівацца ў залежнасці ад выбранай дзяржавы ЕС і вашай спецыялізацыі.
Важна: працэдура настрыфікацыі медыцынскага ці юрыдычнага дыплома можа значна адрознівацца.
Для пацвярджэння дыплома ў краінах ЕС неабходны як мінімум такія дакументы:
- пашпарт (або ВНЖ краіны побыту);
- дыплом;
- дадатак да дыплома (выпіска з залікова-экзаменацыйнай ведамасці);
- профіль адукацыйнай праграмы (спіс навучальных курсаў з іх апісаннем, а таксама ацэнкамі па ўсіх прадметах);
- школьны атэстат (або натарыяльна завераная копія).
Усе дакументы павінны быць перакладзены на мову краіны, у якой трэба пацвердзіць дыплом, а пераклады – натарыяльна засведчаны.
Польшча
Нягледзячы на выхад Беларусі з міжурадавага пагаднення з Польшчай аб узаемным прызнанні адукацыі, гэтая краіна па-ранейшаму прызнае беларускія дыпломы. Таму ў большасці выпадкаў няма неабходнасці настрыфікацыі. Але для некаторых прафесій пацвярджэнне дыплома ўсё ж абавязковае: медыкам – лекарам, медсёстрам, псіхолагам, а таксама педагогам, архітэктарам і ў шэрагу іншых выпадкаў. Для гэтых спецыяльнасцяў разрыў пагаднення аб прызнанні дыпломаў нічога не змяніў – пацвярджэнне беларускага дыплома ў гэтых абласцях і раней патрабавалася ў Польшчы.
На першым этапе неабходна звярнуцца ў Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі (Ministerstwo Nauki i Szkolnictwa Wyższego) з заявай аб прызнанні дыплома, самім дыпломам, а таксама яго перакладам, засведчаным у прысяжнага перакладчыка.
На другім этапе належыць выбраць польскую ВНУ, якая адпавядае спецыфіцы вашага дыплома, і падаць дакументы (пералік вы знойдзеце на сайце ВНУ).
Пасля падачы дакументаў неабходна заплаціць пошліну. Яе памер кожны ўніверсітэт вызначае самастойна. Арыентавацца варта на суму ад 3–4 тыс. злотых. У выпадку фінансавых цяжкасцей прадугледжваецца магчымасць вызвалення ад аплаты.
На вынясенне рашэння ў навуковай рады ёсць 3 месяцы. У некаторых выпадках вам могуць прызначыць сумоўе, дадатковыя іспыты альбо праходжанне практыкі.
Пры станоўчым рашэнні вам выдадуць сертыфікат аб прызнанні дыплома.
У выпадку адмовы можна падаць апеляцыю на імя рэктара ўніверсітэта, якая будзе разгледжана ў парадку адміністрацыйнай вытворчасці. Тэрміны падачы апеляцыі законам не абмежаваны. У ёй варта ўказаць недахопы настрыфікацыі. Гэта павялічыць верагоднасць таго, што працэдура будзе праведзена паўторна.
Карысныя спасылкі:
Падрабязная інструкцыя па настрыфікацыі дыплома ў Польшчы
Падрабязная інструкцыя для пацвярджэння медыцынскага дыплома ў Польшчы
Падрабязная інфармацыя пра настрыфікацыю з пералікам дакументаў (на польскай мове)
Літва
У Літве ёсць два асноўныя тыпы прызнання кваліфікацый: акадэмічны і прыкладной.
Па акадэмічнае прызнанне можна звярнуцца ў некалькі ўстаноў (у залежнасці ад узроўню адукацыі і заяўленай мэты):
- Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі (Studijų kokybės vertinimo centras). Акадэмічнае прызнанне замежнай кваліфікацыі адбываецца цягам месяца з моманту падачы ўсіх неабходных дакументаў;
- вышэйшыя навучальныя ўстановы, што былі упаўнаважаны міністрам адукацыі і навукі;
- Вучоная рада Літвы (для прызнання замежных ступеняў доктара навук ці мастацтваў).
Падаць дакументы на прызнанне вышэйшай адукацыі можна анлайн праз сістэму EPE (Інфармацыйная сістэма прасторы электроннага прызнання). Інструкцыя па спасылцы.
Прыкладное прызнанне вызначае, ці адпавядае дадзеная кваліфікацыя патрабаванням да прафесійнай дзейнасці. У выпадку, калі прафесія ўваходзіць у спіс рэгламентаваных, рашэнне аб прызнанні прымае кампетэнтны орган. Калі прафесія не ўваходзіць у гэты спіс прафесій, рашэнне прымае работадаўца.
Працэдура прызнання дакументаў аб адукацыі ў Літве бясплатная.
Карысныя спасылкі:
Прызнанне замежнай адукацыі ў Літве
Інструкцыя па анлайн-падачы дакументаў на прызнанне вышэйшай адукацыі ў Літве
Інфармацыя пра неабходныя дакументы для падачы ў Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі
Інструкцыя ЕГУ па прызнанні адукацыі ў Літве
Чэхія
Для настрыфікацыі беларускага дыплома ў Чэхіі неабходна падаць заяву ў любую дзяржаўную ВНУ, якая вядзе навучанне па спецыяльнасці вашага дыплома. Аддзел настрыфікацыі замежных дыпломаў ёсць у кожнай такой установе.
Для падачы дакументаў вам неабходны заява на настрыфікацыю, а таксама перакладзеныя на чэшскую мову і натарыяльна засведчаныя копіі дыплома і дадатку да яго.
Важна: засведчаныя копіі дакументаў можна адправіць адразу ў некалькі ВНУ.
Працэс прызнання адукацыі аплачваецца пошлінай у памеры 3000 крон. Пошліну неабходна аплаціць у ВНУ, у якой вы будзеце рабіць настрыфікацыю.
Калі праграма вашага навучання адпавядае праграме ВНУ, ваш дыплом прызнаюць. Сярэдні тэрмін разгляду складае 30 дзён, максімальны – 60 дзён.
Карысныя спасылкі:
Інфармацыя пра настрыфікацыю дыплома ў Чэхіі
Пералік акрэдытаваных перакладчыкаў
Украіна
У 2022 годзе Украіна спыніла дзеянне дамовы з Беларуссю аб прызнанні дакументаў аб адукацыі. У 2023 годзе пра скасаванне дамовы заявіла і Беларусь.
Раней працэдура пацвярджэння была спрошчаная . Цяпер пры прыёме на працу або вучобу ва Ўкраіне больш не прымаюць да разгляду дыпломы аб вышэйшай адукацыі і школьныя атэстаты, што былі выдадзены ў Беларусі.
Па законе Украіны калі паміж краінамі няма пагаднення пра ўзаемнае прызнанне адукацыі, неабходна прайсці працэс настрыфікацыі, які праводзіць Міністэрства адукацыі і навукі. Аднак беларускія дыпломы ва Ўкраіне не прызнаюць, а працэдура прызнання іх эквівалентнасці таксама не прадугледжана.
Грузія
Беларускія дыпломы ў Грузіі прызнаюцца аўтаматычна, для гэтага не патрэбныя ні апастыль, ні настрыфікацыя. Як правіла, для працаўладкавання дастаткова падаць арыгіналы дакументаў.
Кітай
Пры Міністэрстве адукацыі Кітая існуе анлайн-платформа, дзе студэнт ці будучы працаўнік стварае асабісты кабінет, запаўняе персанальную інфармацыю пра сваю адукацыю, дадае сканы дыплома на рускай мове, выпіса з адзнакамі з дыплома, усіх сертыфікатаў, што да прыкладаюцца да дыплома, а таксама навуковыя публікацыі (калі маюцца) і адпраўляе запыт на прызнанне дыплома ў Кітаі. Пасля праверкі дадзеных прыходзіць пацвярджэнне – анлайн-дакумент аб прызнанні дыплома аб вышэйшай адукацыі ў Кітаі. З гэтым дакументам можна працаўладкоўвацца. Уся працэдура займае каля 30 дзён.
Чытайце таксама:
- Як вырашыць праблему з атрыманнем адукацыі пасля вызвалення?
- Як знайсці суполкі беларусак(аў) у розных краінах?
- Як уладкаваць дзяцей у школу ў новай краіне побыту?