У гэтым артыкуле чытайце:
- купля ўжываных тавараў у гандлёвых арганізацыях;
- набыццё ўжываных рэчаў у фізічных асоб;
- ужываныя тавары, якія не падлягаюць продажу.
Ужыванымі лічацца тавары, якія:
- маюць бачныя прыкметы нашэння, мыцця, эксплуатацыі;
- захавалі першапачатковую якасць, вонкавы выгляд, спажывецкія ўласцівасці, але на іх няма цэтлікаў або этыкетак;
- прыняты на камісію ад грамадзян(ак).
Купля ўжываных тавараў у гандлёвых арганізацыях
Ужываныя тавары рэалізуюць камісіёнкі, сэканд-хэнды, аўтасалоны, інтэрнэт-крамы і г.д. па дагаворах рознічнага куплі-продажу. Такім чынам, здзелкі з імі падлягаюць пад дзеянне Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”, і пакупнікі(ніцы) атрымліваюць практычна ўсе гарантыі, што і пры куплі звычайных, новых тавараў.
Апроч той інфармацыі, якая зазначаецца для звычайных тавараў, прадавец абавязаны прывесці звесткі пра стан ужыванай рэчы, наяўных недахопах, а таксама ці праходзіла яна санітарную апрацоўку (гэта тычыцца і пакупак у інтэрнэце).
Пры продажы запчастак да складанай тэхнікі прыводзяцца звесткі пра іх маркі, мадэлі, год выпуску і да т.п., што дазваляе вызначыць, ці падыходзяць яны да вашай прылады.
Усе пералічаныя звесткі, у т.л. недахопы, зазначаюць на таварным цэтліку (этыкетцы), а таксама ў чэку (іншым дакуменце, які пацвярджае факт пакупкі).
Пры куплі тэхнікі з ёй перадаюцца (пры наяўнасці) тэхнічны пашпарт, настаўленне па эксплуатацыі і да т.п., а таксама гарантыйныя талоны (калі гарантыя яшчэ не скончылася).
Калі якія-небудзь недахопы набытага ўжыванага тавару не былі абумоўлены, пакупнік(ніца), які(ая) набыў(ла) яго, мае права па свайму выбару запатрабаваць:
- вяртання грошай;
- замены таварам належнай якасці;
- суразмернага памяншэння кошту;
- неадкладнага бязвыплатнага ліквідавання недахопаў;
- кампенсацыі расходаў па ліквідаванні недахопаў.
Пры адмове прадаўца ў рэалізацыі гэтых патрабаванняў можна звярнуцца ў таварыства абароны правоў спажыўцоў, мясцовыя выканкамы альбо наўпрост у суд.
Увага! Ужываныя тавары належнай якасці абмену і звароту не падлягаюць, г.зн. іх нельга вярнуць за 14-дзённы тэрмін, што магчыма для звычайных тавараў.
Набыццё ўжываных рэчаў у фізічных асоб
Умовы здзелак паміж фізічнымі асобамі рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам. Згодна з гэтым дакументам калі недахопы тавару не былі агавораны прадаўцом, пакупнік(ніца) па свайму выбару можа запатрабаваць:
- памяншэння кошту;
- ліквідацыі недахопаў у разумны тэрмін;
- пакрыцця выдаткаў на ліквідацыю недахопаў.
У выпадку, калі недахопы ліквідаваць немагчыма, або для гэтага патрабуюцца неадпаведныя выдаткі ці затраты часу, або яны выяўляюцца неаднаразова ці выяўляюцца пасля рамонту зноў, тавар можна вярнуць і запатрабаваць грошы назад.
Але гэта дзейнічае толькі ў тым выпадку, калі прадавец добрасумленны. Калі вы ў гэтым не ўпэўненыя, неабходна неяк абараніць сябе.
Добрасумленны прадавец хутчэй за ўсё зазначыць недахопы тавару ў аб'яве, дазволіць самастойна праверыць, прымерыць рэч. Бо калі пакупнік(ніца) пагадзіўся(лася) купіць тавар у такім стане, лічыцца, што ён (яна) задаволены яго якасцю.
У любым выпадку варта захаваць скан аб'явы пра продаж, каб потым можна было прад'явіць прэтэнзію аб утоеных недахопах.
Больш надзейны сродак абароны – заключэнне дагавора куплі-продажу. Заканадаўствам для здзелак па ўжываных таварах ён не патрабуецца, дастаткова вуснага пагаднення. Але і права заключыць такі дакумент ніхто не адмяняў. Зрабіць гэта можна па форме дамовы куплі-продажы паміж фізічнымі асобамі. У яго можна ўключыць (прыкласці да яго) пералік недахопаў тавару, пра якія вы ведалі пры куплі.
Дагавор на дарагія рэчы лепш засведчыць у натарыуса.
Выключэннем з разгледжанай сітуацыі з`яўляюцца аўтамабілі. Дагаворы аб адчужэнні механічных транспартных сродкаў павінны заключацца ў пісьмовай форме і рэгістравацца.
Дагавор аб адчужэнні можна:
- зарэгістраваць у адпаведным падраздзяленні ДАІ. Пры гэтым павінны прысутнічаць і прадавец, і пакупнік(ніца). Звычайна гэта робяць пры пастаноўцы транспартнага сродку на ўлік. Плата за рэгістрацыю не спаганяецца;
- засведчыць у натарыяльнай канторы. Прадавец можа звярнуцца да натарыуса адразу пасля зняцця аўтамабіля з уліку. Гэтая паслуга платная.
Увага! Калі вы набываеце аўтамабіль, іншую каштоўную маёмасць, таксама пажадана праверыць, ці не закладзена яна. Бо ў гэтым выпадку на вас пяройдуць усе абавязкі па закладзе.
Запытаць такую інфармацыю можна ў рэестры закладаў – зараз гэта будзе каштаваць 16,80 руб.
Ужываныя тавары, якія не падлягаюць продажу
Арганізацыям гандлю заканадаўства забараняе прадаваць ужываныя прадметы асабістай гігіены, вырабы медыцынскага прызначэння, парфумерна-касметычныя тавары, бытавую хімію, швейныя і трыкатажныя бялізнавыя, панчошна-шкарпэткавыя, гарсэтныя вырабы, некаторыя прадметы для нованароджаных (бразготкі, прарэзкі для зубоў, бутэлечкі, соскі), пасцельную бялізну, цацкі, посуд разавага выкарыстання, газавую апаратуру без агляду адпаведнымі службамі на прыдатнасць да далейшага выкарыстання, шкуры без маркіроўкі вытворцы.
Лічым, што гэтыя забароны звязаныя з бяспекай для здароўя. Таму не варта купляць пералічаныя тавары і ў фізічных асоб.
Таксама не дапускаецца продаж тавараў, што маюць абмежаване ў абарачэнні, напрыклад зброі, дронаў і да т.п.
Нарматыўна-прававая база:
- пп. 2, 74, 75 і 77–79 Правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання, зацверджаных пастановай Саўміна ад 22.07.2014 г. № 703;
- п. 4 Правілаў продажу тавараў пры ажыццяўленні дыстанцыйнага гандлю, зацверджаных пастановай Саўміна ад 15.01.2009 г. № 31;
- арт. 1, 7, 20 і 28 Закона ад 09.01.2002 г. № 90-З “Аб абароне правоў спажыўцоў”;
- арт. 160, 334, 425, 445 і 439 Грамадзянскага кодэкса;
- пп. 1 і 2 Указа ад 15.10.2007 г. № 504 “Аб мерах па ўпарадкаванню здзелак па адчужэнню транспартных сродкаў”;
- п. 49 Інструкцыі аб парадку ўчынення натарыяльных дзеянняў, зацверджанай пастановай Мінюста ад 23.10.2006 г. № 63.
Чытайце таксама:
- Кніга заўваг і прапаноў: што трэба ведаць спажыўцу?
- Куды звярнуцца ў выпадку няякаснага медыцынскага абслугоўвання?
- Якія гарантыі і льготы ёсць ў беларускіх маці і як іх атрымаць?