У гэтым артыкуле чытайце:
- Як адбываецца фотафіксацыя парушэння? Ці можна аспрэчыць?
- Як даведацца, ці ёсць на табе штрафы?
- Як аплаціць штраф?
- За што яшчэ аўтамабіліст, акрамя парушэння правілаў кіравання, можа атрымаць штраф?
- Як забраць аўтамабіль са штрафстаянкі?
- Ці можна аспрэчыць пазбаўленне правоў?
- За што могуць канфіскаваць транспартны сродак?
Як адбываецца фотафіксацыя парушэння? Ці можна аспрэчыць?
Зафіксаваць парушэнне правілаў дарожнага руху могуць не толькі супрацоўнікі ДАІ, але і аўтаматычныя камеры. Пры гэтым пратакол не складаецца – пастанова аб спагнанні ўступае ў сілу адразу ж пасля вынясення і адпраўляецца па пошце.
Пастанову з фатаграфіяй парушэння аўтаўладальніку накіроўваюць заказным лістом па месцы рэгістрацыі. Уручыць ліст могуць не толькі асабіста яму, але і паўналетнім сямейнікам.
У лісце таксама будзе квітанцыя, у якой пазначана, куды і колькі трэба заплаціць. Штраф трэба аплаціць цягам месяца. Гэты тэрмін пачынае адлічвацца адразу пасля вынясення пастановы.
Калі штраф на працягу месяца не пагасіць, то дакументы накіруюць судоваму выканаўцу ці па месцы працы аўтаўладальніка. Адзначым, што калі з нейкіх прычын гэтага не зробяць цягам 3 месяцаў пасля вынясення пастановы, то штраф ужо не будзе спагнаны.
Звычайна ў выпадку фотафіксацыі парушэння да адказнасці прыцягваюць уласніка аўтамабіля. Але ён можа быць не вінаваты – за рулём быў іншы чалавек (напрыклад, машына перададзена па даверанасці). Тады пастанову аб накладанні штрафу можна абскардзіць.
Для гэтага на працягу месяца з дня атрымання пастановы трэба падаць заяву ў аддзяленне ДАІ па месцы жыхарства і давесці прычыны нязгоды. Па заканчэнні гэтага тэрміну апратэставаць пастанову можа толькі пракурор.
З моманту паступлення заявы пастанову адменяць, і працэс будзе весціся ў звычайным парадку. Так, уладальнік аўто атрымае магчымасць знаёміцца з матэрыяламі справы, здымаць копіі з іх.
Цяпер трэба даказаць, што ў момант фотафіксацыі аўтамабілем кіраваў іншы чалавек. Пацвярджэннем можа служыць заява самога парушальніка, а таксама, напрыклад, факт знаходжання ўладальніка за мяжой, у шпіталі і да т.п.
Потым выносіцца новая пастанова па справе. Яе таксама можна абскардзіць у вышэйшы орган ДАІ (вышэйшай службовай асобе) або ў суд. На гэта ёсць 10 дзён, але па ўважлівых прычынах магчыма адтэрміноўка. Аднак за падачу скаргі давядзецца заплаціць пошліну ў памеры 0,5 базавай велічыні.
Як даведацца, ці ёсць на табе штрафы?
Даведацца пра наяўнасць неаплачаных штрафаў, у т.л. вынесеных з дапамогай аўтаматычнай сістэмы фотафіксацыі, можна ў асабістым кабінеце на сайце МУС.
Для пачатку трэба прайсці працэдуру рэгістрацыі. Затым у кабінеце ў раздзеле “Фізічныя асобы” адкрыць падраздзел “Нявыплачаныя штрафы па лініі ДАІ” і ўвесці праверачны код.
Парушэнні, зарэгістраваныя з дапамогай фотафіксацыі, з'яўляюцца ў сістэме толькі пасля вынясення пастановы аб парушэнні. Гэтая працэдура можа заняць да 2 месяцаў.
У выпадку, калі сістэма паказвае штраф, за які ўжо ўнесена аплата, неабходна звярнуцца ў орган, што наклаў спагнанне, і прад'явіць квітанцыю.
Звесткі пра нявыплаты сінхранізуюцца з базай дадзеных пра грамадзян з абмежаваннем на выезд з краіны. Даведацца, ці абмежаваны вам выезд, можна ў суседнім падраздзеле асабістага кабінета.
Як аплаціць штраф?
Плацяжы па штрафах, што былі накладзены падраздзяленнямі ДАІ, прымаюцца праз сістэму АРІП. Адпаведна, плаціць можна ў касе банка, банкамаце, інфакіёску, іншых фінансавых арганізацыях, якія падключаны да АРІП, а таксама ў інтэрнэт-банку і мабільных праграмах.
Для выплаты неабходна паслядоўна выбраць раздзелы “МУС” – “Штрафы” – “ДАІ”, а затым адпаведную паслугу і ўвесці нумар пастановы альбо рэгістрацыйны нумар правапарушэння. Павінны з'явіцца вашыя прозвішча, імя і імя па бацьку, сума плацяжу.
Пасля аплаты звесткі пра пагашэнне штрафу цягам 2–3 хвілін паступаюць у інфармацыйныя сістэмы МУС, і ў электроннай картцы парушэння аўтаматычна прастаўляецца адзнака пра выкананне спагнання.
Калі штраф у сістэме АРІП адсутнічае, неабходна звярнуцца ў орган, які наклаў спагнанне.
За што яшчэ аўтамабіліст, акрамя парушэння правілаў кіравання, можа атрымаць штраф?
Акрамя спагнанняў за парушэнні правілаў дарожнага руху, якія звязаны з кіраваннем аўтамабілем (такіх як перавышэнне хуткасці, няправільная паркоўка і да т.п.), кіроўца або ўладальнік транспартнага сродку можа быць аштрафаваны і па іншых прычынах.
Ніжэй прыводзіцца спіс такіх парушэнняў. У дужках прыведзены памер штрафу ў базавых велічынях (БВ), а таксама іншыя магчымыя спагнанні (пры іх наяўнасці).
1) Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае на гэта права, ці перадача кіравання такой асобе (ад 5 да 20 БВ; паўторна на працягу года – штраф ад 20 да 50 БВ, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт).
2) Адсутнасць дамовы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў (ад 1 да 3 БВ, а ў выпадку здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння – ад 5 да 10 БВ).
3) Транспартны сродак не мае допуску да ўдзелу ў дарожным руху (да 3 БВ).
4) Рэгістрацыйны знак транспартнага сродку нечытэльны, нестандартны альбо ўстаноўлены з парушэннем патрабаванняў (да 2 БВ).
5) Кіраванне транспартным сродкам, у якога свядома ўтоены, падроблены ці іншым чынам зменены рэгістрацыйны (нумарны) знак, ідэнтыфікацыйны нумар кузава (шасі) альбо няма нумарнога знака (ад 10 да 20 БВ).
Увага! За падробку або знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку ўстаноўлена крымінальная адказнасць.
6) Язда на транспартным сродку, які мае няспраўнасці тармазной сістэмы, рулявога кіравання, шклоачышчальнікаў (падчас ападкаў), з няспраўнымі фарамі і (або) заднімі габарытнымі агнямі (у цёмны час сутак і (ці) ва ўмовах недастатковай бачнасці) (ад 1 да 3 БВ).
7) Язда на транспартным сродку, што мае няспраўнасці, акрамя пералічаных у 6), пры наяўнасці якіх забаронены ўдзел у дарожным руху (да 1 БВ).
8) Наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый (ад 6 да 50 БВ. Калі гэта адбылося ў месцы правядзення масавага мерапрыемства або выклікала стварэнне аварыйнай абстаноўкі, акрамя штрафу магчыма пазбаўленне правоў тэрмінам ад 1 года да 2 гадоў).
Увага! Калі блакаванне прывяло да значнай шкоды, надыходзіць крымінальная адказнасць.
9) Парушэнне правіл карыстання гукавымі сігналамі ў месцы правядзення масавага мерапрыемства (да 10 БВ; магчыма пазбаўленне правоў тэрмінам да 1 года).
10) Невыкананне патрабавання супрацоўніка МУС аб спыненні транспартнага сродку (ад 2 да 8 БВ; неаднаразовых патрабаванняў – ад 3 да 10 БВ або пазбаўленне правоў тэрмінам да 6 месяцаў).
11) Невыкананне патрабавання супрацоўніка МУС аб спыненні транспартнага сродку, якое прывяло да пераследу (ад 30 да 50 БВ з пазбаўленнем правоў тэрмінам да 2 гадоў або адміністрацыйны арышт з пазбаўленнем правоў тэрмінам да 2 гадоў).
12) Перавозка пасажыраў, якія не прышпілены рамянямі бяспекі, а на матацыкле, мапедзе – без шлемаў ці з незашпіленымі шлемамі (да 1 БВ).
13) Парушэнне правіл праезду чыгуначнага пераезду (ад 2 да 4 БВ).
14) Выкідванне смецця, іншых прадметаў з транспартнага сродку (ад 1 да 2 БВ).
15) Адкрыццё дзвярэй падчас руху (ад 2 да 10 БВ).
16) Уезд на аўтамабільную дарогу агульнага карыстання і з'езд з яе ў неўстаноўленых альбо непадрыхтаваных месцах (ад 0,2 да 1 БВ).
17) Стварэнне пастаянных і часовых уездаў (з'ездаў) на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання без узгаднення з арганізацыямі дарожнай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ад 2 да 5 БВ).
Як забраць аўтамабіль са штрафстаянкі?
Калі легкавы аўтамабіль быў прыпаркаваны з парушэннем правілаў дарожнага руху, яго могуць эвакуіраваць на штрафстаянку.
Каб удакладніць, ці сапраўды машына была эвакуіравана і на якой стаянцы яна знаходзіцца, трэба патэлефанаваць у аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў па месцы, дзе яна была прыпаркавана, або па тэлефоне 102.
Акрамя штрафу (1 базавая велічыня) неабходна будзе аплаціць выдаткі па эвакуацыі і тэрмін знаходжання аўтамабіля на штрафстаянцы. Таму варта забраць аўто як мага хутчэй.
Увага! Транспартны сродак са стаянкі вяртаецца ўласніку па яго першым патрабаванні. Вам не могуць адмовіць у сувязі з тым, што не аплачаны штраф, эвакуацыя і захоўванне на стаянцы.
Акрамя ўласніка (уладальніка) забраць аўтамабіль са штрафстаянкі можа ўпаўнаважаная асоба (напрыклад, па даверанасці).
Доступ на штрафстаянку кругласутачны, неабходна толькі прысутнасць яе ахоўніка. Яму трэба паказаць дакумент аб рэгістрацыі аўтамабіля і пасведчанне кіроўцы.
Пры звароце машыны ўручаецца пратакол агляду, што склаў той супрацоўнік ДАІ, які прыняў рашэнне пра эвакуацыю. У пратаколе адлюстроўваюцца яе бачныя дэфекты і пашкоджанні. У пратаколе неабходна распісацца. Калі ж, на вашую думку, пры эвакуацыі аўтамабіль быў пашкоджаны, то таксама праводзіцца агляд і складаецца акт, у якім адлюстроўваецца пералік наяўных бачных дэфектаў.
Ці можна аспрэчыць пазбаўленне правоў?
Пастанова ДАІ аб пазбаўленні кіроўцы права кіравання транспартным сродкам можа быць абскарджана ў вышэйшым органе альбо ў судзе.
Тэрмін падачы скаргі:
- 10 дзён з аб'яўлення пастановы, калі вы на такой аб'яве прысутнічалі;
- 10 дзён з атрымання копіі пастановы, калі вы на яе аб'яўленні ў ДАІ не прысутнічалі;
- 10 дзён з атрымання копіі матывіровачнай часткі пастановы, калі першапачаткова была вынесена нематываваная пастанова і вы падавалі заяву аб складанні матывіровачнай часткі.
Тэрмін пачынаецца на наступны каляндарны дзень пасля наступлення пералічаных падзей. Калі апошні дзень тэрміну непрацоўны, то тэрмін пераносіцца на наступны працоўны.
У скарзе неабходна прывесці службовую асобу (орган), якой яна адрасуецца, прозвішча, імя, імя па бацьку, месца пражывання, дату, нумар пастановы і найменне органа, які яе вынес. Давядзіце ўсе довады, на падставе якіх вы лічыце, што пастанова падлягае адмене або змене.
Скарга, якая складзена з парушэннямі, лічыцца пададзенай, але вяртаецца кіроўцу з прызначэннем тэрміна для ліквідацыі недахопаў. Калі яны не будуць ліквідаваны ў тэрмін, то скарга будзе разглядацца як непададзеная.
Для абскарджання пастановы ДАІ рэкамендуем звярнуцца да адваката(ткі). Ён (яна) падрабязна растлумачыць парадак абскарджання, азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, складзе скаргу, а таксама ацэніць перспектыву звароту ў суд.
За што могуць канфіскаваць транспартны сродак?
Калі вадзіцель, што мае адміністрацыйнае спагнанне за язду ў нецвярозым стане, на працягу года зноў будзе затрыманы за рулём у стане ап'янення, аўтамабіль, якім ён кіруе, канфіскуецца. Прычым не мае значэння, каму належыць гэты транспартны сродак (выключэнне – машына ва ўгоне).
Астатнія выпадкі канфіскацыі не звязаны непасрэдна з кіраваннем аўтамабілем. Так, транспарт можа быць канфіскаваны, калі ён прымяняўся для незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, кантрабанды, быў задзейнічаны пры ўчыненні крымінальных злачынстваў, набыты на сродкі, здабытыя злачынным шляхам, і да т.п.
Таксама аўтамабіль можа быць канфіскаваны для пагашэння якіх-небудзь даўгоў.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 4.8 і разд. 18 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях;
- арт. 4.1, 10.4, 13.3, 13.5, 13.6, 13.12, 17.2 і 17.3 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях;
- арт. 461, 310 і 3171 Крымінальнага кодэкса;
- падп. 8.1.1 дадатку 13 да Падатковага кодэкса;
- арт. 191 Закона ад 05.01.2008 г. № 313-З “Аб дарожным руху”;
- пп. 7–12 і 14 Інструкцыі аб парадку прымусовай адбуксіроўкі (эвакуацыі) транспартнага сродку і змяшчэння яго на ахоўную стаянку, адбуксіроўкі транспартнага сродку без змяшчэння яго на ахоўную стаянку і блакіроўкі кола транспартнага сродку, зацверджанай пастановай Саўміна ад 17.10.2014 г. № 986.
Чытайце таксама:
- Ці чакаць на ператрус і як да яго падрыхтавацца?
- Што рабіць, калі не можаш выплаціць крэдыт?
- Дзе знайсці грошы на аплату адвакаткі(та)?