У гэтым артыкуле чытайце:
- Калі вы сутыкнуліся з гвалтам у адносінах
- Першыя крокі да ўцёкаў
- Дзе шукаць дапамогу?
- Фінансавая падрыхтоўка: як сысці, калі залежыш ад партнёра(кі)?
- Трывожная валізка: што неабходна ўзяць перад сыходам ад аб'юзера(кі)?
- Як сысці ад тырана з дзецьмі?
- Чэк-ліст па бяспецы пасля ўцёкаў
- Як дапамагчы сабе?
- Як адаптавацца да новага жыцця?
Выйсці з аб'юзіўных адносін не так ужо і лёгка. Яшчэ складаней, калі вас ізалююць ад сям'і і сяброў, падвяргаюць псіхалагічнаму ціску, фінансаваму кантролю і фізічным пагрозам. Для пацярпелай(ага) такі крок можа здавацца непасільным. Таму важна прадумаць усе нюансы перад сыходам. План бяспекі, які вы ўзгаднілі з іншымі людзьмі, можа дапамагчы забяспечыць вашу бяспеку пасля ўцёкаў. Нават калі вы не адважваецеся сысці зараз, наяўнасць такога плана дапаможа вам падрыхтавацца да гэтага кроку.
Калі вы сутыкнуліся з гвалтам у адносінах, памятайце:
- · Вы не вінаватыя ў тым, што вас збілі ці дрэнна з вамі абыходзіліся.
- · Вы не з'яўляецеся прычынай незадаволенасці або агрэсіі вашага партнёра.
- · Вы заслугоўваеце павагі.
- · Вы заслугоўваеце бяспечнага і шчаслівага жыцця.
- · Вашы дзеці заслугоўваюць бяспечнага і шчаслівага жыцця.
- · Вы не самотныя. Ёсць людзі, якія вам дапамогуць.
Перапыніце маўчанне, раскажыце пра вашу сітуацыю блізкім альбо тым, хто заслугоўвае вашага даверу. І памятайце, што ў эмацыянальным, фізічным, сэксуалізаваным і эканамічным гвалце заўсёды вінаваты гвалтаўнік. Чым больш людзей будуць ведаць вашу гісторыю, тым большая верагоднасць, што вам дапамогуць.
Першыя крокі да ўцёкаў
Вызначыце бяспечнае месца і знайдзіце саюзніка(цу) у асобе сябра, сяброўкі, блізкага чалавека, псіхатэрапеўта(кі), калегі ці калежанкі. Прыдумайце кодавае слова, якое можна будзе выкарыстаць, каб паведаміць ім, што вы ў небяспецы. Пры неабходнасці дамоўцеся пра сакрэтнае месца, дзе вас змогуць забраць.
Трымайце пад рукой запасны мабільны тэлефон. Пастарайцеся не тэлефанаваць па дапамогу па асабістым мабільным тэлефоне, каб ваш партнёр(ка) не здолеў(ла) адсачыць, каму вы тэлефануеце.
Запомніце нумары тэлефонаў сяброў, сваякоў, шэлтэраў ці арганізацый, якія дапамагаюць ахвярам хатняга гвалту. Нават калі ваш партнёр(ка) забярэ тэлефон, вы ўсё роўна зможаце звязацца з блізкімі ці службамі дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, каб знайсці бяспечнае месца для пражывання.
Складзіце спіс рэчаў і збярыце трывожную валізку. Захоўвайце яе ў бяспечным месцы, дзе ваш партнёр(ка) яе не знойдзе.
Абараніце сваю анлайн-бяспеку падчас падрыхтоўкі. Выдаляйце гісторыю браўзэра альбо шукайце інфармацыю з тэлефона/камп’ютэра чалавека, якому вы давяраеце, каб партнёр(ка) не адсачыў(ла) вашыя планы.
Пастарайцеся ўзяць з сабой любыя доказы жорсткага абыходжання ці гвалту. Гэта могуць быць скрыншоты пагражальных паведамленняў або фатаграфіі вашых траўмаў.
Захоўвайце копіі ўсіх дакументаў (папяровых і электронных) на флэшцы.
Дзе шукаць дапамогу?
Перад уцёкамі ў вас можа быць шмат страхаў і сумневаў. Вы можаце баяцца таго, што зробіць тыран, куды вы пойдзеце альбо як вы будзеце ўтрымліваць сябе ці сваіх дзяцей. Але не дазваляйце страху перад невядомасцю трымаць вас у небяспечнай, нездаровай сітуацыі.
Калі вы сутыкнуліся з хатнім гвалтам у Беларусі ці ў эміграцыі, вы можаце звярнуцца па дапамогу ў «Адно Акно».
- патэлефануйце нам бясплатна праз інтэрнет-браўзэр;
- звяжыцеся з намі ў чаце;
- напішыце нам праз сацыяльныя сеткі: Тэлеграм, Інстаграм, Facebook, Вайбер;
- напішыце нам ліст (help@by.social)
Таксама вы можаце звярнуцца па дапамогу ў Oliviahelp. Звязацца з адмыслоўцамі можна праз званок на сайце або напісаць па электроннай пошце, у Тэлеграм ці Вайбер.
Акрамя гэтага, па юрыдычную і псіхалагічную дапамогу можна звярнуцца ў ініцыятыву Яна/Ёй ці ў сервіс падтрымкі Даведка.
Фінансавая падрыхтоўка: як сысці, калі залежыш ад партнёра(кі)?
Нярэдка ў аб'юзіўных адносінах фінансы знаходзяцца пад кантролем тырана. Калі ў вас няма грошай, можна знайсці бясплатны шэлтэр для пацярпелых ад хатняга гвалту альбо звярнуцца па дапамогу да блізкіх людзей. Калі ж вы падрыхтоўваеце ўцёкі загадзя, можна назапасіць падушку бяспекі.
Адкрыйце новы банкаўскі рахунак на сваё імя. Не прывязвайце яго да таго нумара тэлефона, які вядомы тырану. Адрас электроннай пошты таксама мусіць быць новы. Не забывайце чысціць сляды ў інтэрнэце і не ўсталёўвайце банкаўскую праграму на тэлефон, якім вы карыстаецеся. І схавайце новую банкаўскую картку.
Адкладайце грошы. Любыя грошы, што не ўлічваюцца аб'юзерам(кай), вы можаце захоўваць на дадзеным рахунку. Фінансавыя падарункі ад блізкіх людзей, грошы ад продажу старых рэчаў ці нават дробязь, знойдзеная ў зімовай куртцы – усё гэта будзе добрай падмогай для ўцёкаў.
Трывожная валізка: што неабходна ўзяць перад сыходам ад аб'юзера(кі)?
Захоўваеце рэчы ў заплечніку ці сумцы, якая не выкарыстоўваецца сямейнікамі і не прыцягвае ўвагу тырана. Таксама валізку можна перадаць на захоўванне таму, каму вы давяраеце.
Падрыхтаваць трэба:
1. дакументы, якія сведчаць асобу і маёмасныя правы (або іх натарыяльна засведчаныя копіі): пашпарт, ID-карту, пасведчанне аб нараджэнні, правы кіроўцы, дамовы па кватэры, пасведчанне аб шлюбе, страхавыя полісы, а таксама пасведчанні аб нараджэнні вашых дзяцей;
2. зменнае адзенне: бялізну, шкарпэткі, майкі, нагавіцы;
3. сродкі гігіены: зубную шчотку, шампунь, пасту, вільготныя сурвэткі, мыла, пракладкі, тампоны;
4. зарадкі для мабільнага і гаджэтаў, што плануеце ўзяць з сабой;
5. міні-аптэчку і прэпараты, якія звычайна прымаеце;
6. дазволеныя сродкі самаабароны;
7. наяўныя грошы і карту;
8. кантакты сацыяльных службаў, юрыста, давераных асоб.
Калі аб'юзер(ка) рыецца ў вашых рэчах, прапануеце яму (ёй) разам сабраць трывожную сумку для вас абодвух на выпадак пажару. Не кожны пагодзіцца захоўваць дакументы ў адным месцы, тым больш да якога ахвяра мае доступ, і можа нешта западозрыць – таму версія "на выпадак катастрофы" не ідэальная.
Як сысці ад тырана з дзецьмі?
Для пачатку пагаварыце з дзецьмі, растлумачце ім, што адбываецца дома і чаму такія паводзіны другога з бацькоў ненармальныя. Паспрабуйце адаптаваць сказанае пад узрост дзіцяці і не прымушайце яго (яе) адчуваць сябе вінаватым(ай).
Важна данесці да дзіцяці, што:
• збіццё і прымяненне гвалту недапушчальныя;
• ні ты, ні я не вінаватыя ў тым, што другі з бацькоў жорсткі;
• я клапачуся пра цябе і буду побач, ты вельмі важны для мяне.
Прадумайце, якім чынам вашыя дзеці працягнуць хадзіць у школу ці ў садок. У ідэальным выпадку ўстановы лепш змяніць. Калі дзеці працягнуць хадзіць у тое ж месца, папярэдзьце выхавальніц(целяў) і настаўніц(каў) пра вашу сітуацыю, каб тыран не мог забраць дзяцей без вашага ведама.
Калі ж вашай сітуацыяй не прасякнуліся, паспрабуйце згуляць брудна і зманіце. Паведаміце, што другі з бацькоў небяспечны, напрыклад з-за праблем з законам ці з-за згубных звычак.
Бяспека пасля ўцёкаў ад аб'юзера(кі)
Уцёкі той (таго), хто пацярпела(еў) ад тырана, як правіла, узмацняе агрэсію самога аб'юзера(кі). Страх страціць кантроль над партнёркай(ам) часта выклікае ў яго (яе) лютасьць і непераадольнае жаданне вярнуць усё назад. Гэта самы небяспечны момант падчас сыходу ад аб'юзера(кі). Таму варта прадумаць нюансы вашай бяспекі пасля ўцёкаў.
Чэк-ліст па бяспецы пасля ўцёкаў
- Стары тэлефон лепш пакінуць дома, каб нельга было яго адсачыць ці тэлефанаваць па ім з пагрозамі.
- Завядзіце акаўнты ў месэнджарах на новы нумар тэлефона.
- Не паведамляйце свой новы адрас людзям, якія могуць перадаць інфармацыю аб'юзеру(цы).
- Пазбягайце вядомых аб'юзеру(цы) маршрутаў.
- Папярэдзьце свайго работадаўца, калег і калежанак пра магчымае з'яўленне былога(ой) партнёра(кі) на вашай працы. Пакажыце яго (яе) фатаграфію. І папрасіце, каб яны не пускалі яго (яе) ў офіс.
- Паведаміце новым суседзям(кам) пра вашу сітуацыю і папрасіце, каб яны паведамлялі пра падазроных людзей. Калі вы можаце сабе гэта дазволіць, узмацніце меры бяспекі на дзвярах, каб былы(ая) партнёр(ка) не мог (магла) лёгка атрымаць доступ сілай. Разгледзьце магчымасць усталёўкі сігналізацыі ці прафесійнага відэаманіторынгу.
Як дапамагчы сабе?
Будучы ў бяспецы, не забывайце пра сябе. Па прафесійную псіхалагічную і юрыдычную дапамогу вы можаце звярнуцца ў арганізацыю, якая дапамагае пацярпелым ад хатняга гвалту. Аднак вы можаце падтрымаць сябе некаторымі простымі рэчамі.
Паклапаціцеся пра сябе. Прыміце гарачую ванну, выйдзіце на шпацыр, пачытайце кнігу. Увогуле рабіце ўсё, што прыносіць вам задавальненне.
Паклапаціцеся пра сваё здароўе. Пастарайцеся добра харчавацца, адпачывайце і высыпайцеся, не забывайце пра фізічную нагрузку – усё гэта дапаможа зняць напружанне і перажыць стрэс.
Узнагароджвайце сябе за маленькія дасягненні і хваліце.
Спрабуйце новае. Паспрабуйце маляваць, пісаць ці граць на музычным інструменце. Паспрабуйце нешта, што ніколі раней не рабілі.
Медытуйце. Рабіце практыкаванні для расслаблення, дыхальныя практыкі, mindfulness і г.д.
Аднаўляйце, наладжвайце і падтрымлівайце кантакты. Прысутнасць прыемных вам людзей дапаможа пераадолець сітуацыю і не адчуваць сябе ў самоце.
Скарыстайцеся тым, што вы незалежны чалавек і можаце рабіць усё самастойна.
Як адаптавацца да новага жыцця?
Адкрыццё сябе нанова, аднаўленне самаадчування і сепарацыя – неабходныя крокі для адаптацыі да новага жыцця пасля ўцёкаў ад тырана, і гэты працэс можа быць доўгім. Не прыспешвайце сябе і не вінавацьце сябе за слабасці.
Вы чакалі, што калі гвалт нарэшце скончыцца, вы будзеце ў бяспецы і адразу пачнеце сябе адчуваць выдатна. На жаль так не бывае. Некаторы час пасля ўцёкаў вам можа быць сумна, нязвыкла і некамфортна, а думкі пра будучыню могуць выклікаць трывогу. Вельмі важна перавесці ўсю ўвагу на сучаснасць і будучыню.
Аднаўленне пасля гвалту з боку таго (той), з кім была моцная эмацыйная сувязь, каму вы давяралі і каго кахалі, – гэта працяглы і балючы працэс. Наступствы могуць адчувацца на працягу нейкага часу. Сітуацыя можа пагаршацца, калі аб'юзер(ка) будзе рабіць усё магчымае, каб вярнуць кантроль над вамі.
Важна не весціся на маніпуляцыі. Не верце абяцанням. Сутыкнуўшыся з наступствамі, крыўдзіцелі(ькі) часта ўпрошваюць даць яшчэ адзін шанец, выбачаюцца і абяцаюць змяніцца. Яны могуць нават верыць у тое, што кажуць у дадзены момант, але іх сапраўдная мэта – захаваць кантроль і не даць вам сысці. У большасці выпадкаў яны хутка вяртаюцца да аб'юзу, як толькі вы іх даруеце.
Здаецца, што ўсё ззаду, а вы, верагодна, адчуваеце гора, боль і глыбокае пачуццё страты. Гэта нармальна, бо ваш давер здраджаны, а вы пачынаеце новы жыццёвы этап. Шмат у чым гэта падобна на журбу і бедаванне, як ў выпадку смерці блізкіх, загойванне зойме час. Вы можаце адчуць сябе самотнай(ым) і нікому не патрэбнай(ым). Часам будзе здавацца, што вы зрабілі ўсё гэта дарма, паколькі зараз успамінаеце ў асноўным добрыя, цёплыя моманты. Часам вы будзеце шчыра сумаваць. Але важна не паддавацца мімалётным эмоцыям.
Падтрымка блізкіх, псіхатэрапія і групы падтрымкі для пацярпелых ад хатняга гвалту могуць дапамагчы вам перажыць тое, праз што вам прыйшлося прайсці, навучыцца нанава давяраць людзям і будаваць новыя, здаровыя адносіны.
Чытайце таксама:
- Што рабіць, калі сямейнік у стане ап'янення паводзіць сябе агрэсіўна?
- Як атрымаць псіхалагічную дапамогу ў Беларусі?
- Як дапамагчы дзіцяці даць рады траўматычнай падзеі?