У гэтым артыкуле чытайце:
- дзяржаўная дапамога;
- працоўныя льготы;
- падатковыя льготы;
- пенсіённыя льготы;
- аплата камунальных паслуг, ільготы на жыллё;
- ільготы ў галіне адукацыі;
- іншыя льготы і гарантыі;
- кантакты ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;
- партал сацыяльнай абароны.
Дзяржаўная дапамога
Звычайна дапамога даецца аднаму з бацькоў (у т.л. прыёмных або апекуноў).
Ніжэй коратка разглядаюцца тыпы дзяржаўных ільгот для дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі.
-
Па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у павышаным памеры. Дапамога выплачваецца штомесяц па дзень дасягнення дзіцём узросту 3 гадоў уключна.
Памер дапамогі – 45% ад сярэднямесячнай заработнай платы. Калі маці (бацька), на якую(ога) яна аформлена, выйшла(аў) на працу і заняты больш за палову працоўнага дня, ці працуе як індывідуальны прадпрымальнік, ці атрымлівае стыпендыю ва ўстанове адукацыі і да т.п., выплата скарачаецца напалову. - На дзяцей ва ўзросце больш за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў. Памер дапамогі ў такім выпадку складае 70% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму.
-
Па догляду дзіцяці з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў. Для атрымання гэтага віду дапамогі трэба быць не занятым, г.зн. не працаваць поўны дзень, не быць дзейным індывідуальным прадпрымальнікам, не вучыцца на вочным аддзяленні і г.д.
Памер дапамогі залежыць ад ступені страты здароўя і ўзросту дзіцяці – 100% альбо 120% найбольшай велічыні пражытачнага мінімуму.
Дадзены від дапамогі прызначаюць незалежна ад атрымання іншых відаў сямейнай дапамогі. -
Пры часовай непрацаздольнасці па догляду хворага дзіцяці. Звычайная дапамога па часовай непрацаздольнасці складае 80% сярэднядзённага заробку за першыя 12 каляндарных дзён адсутнасці на рабоце. Але калі вы даглядаеце дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 14 гадоў, яна выплачваецца ў 100%-ным памеры. Ільгота захоўваецца да дасягнення дзіцём 18 гадоў у выпадку догляду за ім ў медыцынскім стацыянары.
100% заробку таксама захоўваецца, калі лісток непрацаздольнасці выдадзены ў сувязі з захворваннем асобы, якая непасрэдна даглядае дзіця з інваліднасцю. - Пры часовай непрацаздольнасці па догляду дзіцяці падчас санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі (абілітацыі). Захоўваецца 100% сярэднядзённага заробку да дасягнення дзіцем з інваліднасцю 18 гадоў.
Для атрымання дапамогі варта звярнуцца ў аддзел кадраў па месцы працы, службы, вучобы і да т.п. а калі вы самазанятая(ы), працуеце па грамадзянска-прававым дагаворы і да т.п. – у органы сацыяльнай абароны. Колькасць неабходных дакументаў залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, таму якія з іх патрабуюцца ад вас лепш даведацца на месцы.
Працоўныя льготы
Забараняецца адмаўляць адзінокім бацькам у заключэнні працоўнай дамовы і зніжаць ім заработную плату па матывах, якія звязаны з наяўнасцю дзяцей з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў. Таксама не дапускаецца з імі касаваць дагавор па ініцыятыве наймальніка ў сувязі са скарачэннем колькасці або штата работнікаў і ў выпадку няяўкі на працу на працягу больш за 4 месяцы запар з прычыны часовай непрацаздольнасці (не лічачы водпуску па цяжарнасці і родах).
Працоўны адпачынак па жаданні маці (мачыхі), бацькі (айчыма), якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў, можа быць дадзены да заканчэння 6 месяцаў з пачатку працаўладкавання. Яны могуць узяць яго ў любы зручны для іх час.
Маці дзіцяці з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў наймальнік абавязаны па яе жаданні даць адпачынак без захавання заработнай платы працягласцю да 14 каляндарных дзён, а таксама тым, хто даглядае дзіця (маці, бацьку, мачысе, айчыму, апекуну, папячыцелю), па пісьмовай заяве даецца дадатковы вольны ад працы дзень, як на тыдзень, так і ў месяц. Гэты дзень аплачваецца ў памеры сярэдняга заробку.
Маці таксама не маюць права без яе пісьмовай згоды накіроўваць у службовую камандзіроўку або залучаць да працы:
- звышурочна;
- у выходныя, непрацоўныя дзяржаўныя святы, святочныя дні;
- у начны час (з 22:00 да 06:00).
У выпадку, калі бацькі дзяцей з інваліднасцю беспрацоўныя, то матэрыяльная дапамога, якая ім прызначана, аказваецца незалежна ад удзелу ў грамадскіх работах (пры выкананні астатніх неабходных умоў).
Падатковыя льготы
Частка даходу бацькоў да дасягнення дзіцём паўналецця не абкладаецца падаходным падаткам. Такі стандартны падатковы вылік на пачатак 2024 г. пры выхаванні дзяцей з інваліднасцю складае 97 руб. на кожнага з іх. Для атрымання льготы падаецца заява па асноўным месцы працы (службы, вучобы) ці ў падатковы орган па месцы жыхарства. Да заявы прыкладаюцца копіі пасведчанняў аб нараджэнні і па інваліднасці дзіцяці.
Вызваляецца ад падаходнага падатку бязвыплатная (спонсарская) дапамога і ахвяраванні, што паступілі на дабрачынны рахунак і былі атрыманыя людзьмі з інваліднасцю, у памеры не больш за 20843 руб. у суме ад усіх крыніц на працягу падатковага перыяду. Звяртацца па гэтым пытанні трэба ў падатковую па месцы прапіскі.
Стаўка адзінага падатку для плацельшчыкаў, якія выхоўваюць дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, зніжаецца на 20%. Дакументы, што пацвярджаюць права на гэту льготу, падаюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі адначасова з падатковай дэкларацыяй (разлікам) па адзіным падатку.
Пенсіённые льготы
Адзін з бацькоў дзіцяці з інваліднасцю мае права на зніжэнне агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту на 5 гадоў. Праўда, ёсць пэўныя ўмовы: у прыватнасці, час догляду павінен складаць не менш за 8 гадоў да паўналецця, а стаж працы – не менш за 20 гадоў.
Да дакументаў, што падаюцца ў органы сацыяльнага забеспячэння для налічэння пенсіі, трэба дадаць заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, якое пацвярджае прызнанне інваліднасці, і звесткі пра выхаванне дзіцяці на працягу 8 гадоў і больш.
Аплата камунальных паслуг, ільготы на жыллё
Сем'ям, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю, даецца шэраг гарантый і льгот у жыллёвай сферы.
- Права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, г.зн. бясплатнага жылля. Для гэтага трэба быць на ўліку як асоба, што мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і падаць заяву ў выканкам.
- Сацыяльнае жыллё не выдзяляецца, калі ў грамадзянкі(іна) і членаў яе (яго) сям'і, якія сумесна стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, ва ўласнасці ёсць жылое памяшканне ў гэтым населеным пункце агульнай плошчай 15 м2 і болей на аднаго чалавека (у Мінску – 10 м2).
- Ільготны крэдыт на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Тут таксама трэба стаць на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў. Крэдыт выдаюць па спісах, якія зацвярджаюць мясцовыя выканкамы (адміністрацыі).
- Ільготы па аплаце камунальных паслуг. Гэта аплата паслуг газазабеспячэння, забеспячэння звадкаваным вуглевадародным газам па субсідаваных тарыфах. Для атрымання субсідыі падаецца заява ў арганізацыю газазабяспечэння.
- Абмежаванні ў высяленні з інтэрнатаў. Наймальнікі, у складзе сям'і якіх ёсць дзеці з інваліднасцю, не могуць быць выселены з жылых памяшканняў дзяржжылфонду ў інтэрнатах, што былі выдзелены да 2 сакавіка 2013 г., без надання жылога памяшкання тыпавых спажывецкіх якасцей. Выключэннем будуць выпадкі, калі з наймальнікам працоўны дагавор (кантракт) спынены па дыскрэдытавальных абставінах.
Ільготы ў галіне адукацыі
Да 18 год дзеці з абмежаванымі магчымасцямі бясплатна карыстаюцца падручнікамі, а таксама не плацяць за інтэрнат дзяржаўных устаноў адукацыі. Таксама не бярэцца плата за харчаванне ў дзіцячых садках, калі яно фінансуецца з бюджэту.
Пры ўдзеле ў цэнтралізаваным тэсціраванні плата за прыём і афармленне неабходных дакументаў не спаганяецца.
Пры прыёме (залічэнні) дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў з інваліднасцю ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ёсць магчымасць праходжання па-за конкурсам і пераважнае права на прыём.
У выпадку размеркавання выпускнікоў асобе, што мае дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў, даюць месца працы па яго жаданні. Калі выпускніком з'яўляецца само дзіця, то яно мае права працаўладкавацца ў тым населеным пункце, дзе пражываюць яго бацькі. Калі пры гэтым яна (ён) прыбыла(ыў) да месца працы ў тэрмін, які указаны ў пасведчанні аб накіраванні, а затым не адпрацавала(аў) абавязковы вызначаны тэрмін, ёй (яму) можна не пакрываць сродкі, што былі затрачаныя дзяржавай на яе (яго) падрыхтоўку. Апошняе датычыцца і накіравання на работу па дамове аб мэтавай падрыхтоўцы.
Іншыя льготы і гарантыі
Ільготы на праезд. Як дзіця з інваліднасцю да 18 гадоў, так і асоба, што яе (яго) суправаджае, маюць права на бясплатны праезд у большасці відаў грамадскага транспарту на тэрыторыі рэспублікі (акрамя таксі).
Ільготы ў медыцынскай сферы. Дзеці да 18 гадоў з інваліднасцю маюць права на бясплатнае:
- забеспячэнне медыкаментамі, уключанымі ў Пералік асноўных лекавых сродкаў, устаноўлены пастановай Мінздароўя ад 16.07.2007 г. № 65, а таксама сродкамі рэабілітацыі згодна з Дзяржаўным рэестрам (пералікам) тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, зацверджаным пастановай Саўміна ад 11.12.2007 г. № 1722;
- выраб (рамонт) зубных пратэзаў у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства (выключэнне – вырабы з дарагіх матэрыялаў);
- першачарговае санаторна-курортнае лячэнне ці аздараўленне. Пры гэтым абавязковая адсутнасць супрацьпаказанняў, а ў выпадку накіравання ў санаторый – наяўнасць медыцынскіх паказанняў. Суправаджальнік таксама бясплатна атрымлівае пуцёўку (без лячэння), але пры ўмове, што неабходнасць у дадзеным суправаджэнні пацвярджаецца заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Пуцёўкі выдаюцца па рашэнні прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па месцы жыхарства.
Пры аказанні сацыяльнага абслугоўвання дома. Тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) бясплатна аказваюцца паслугі нянькі (пагадзіннага догляду дзяцей).
Па пытаннях ваеннай службы. У шэрагу выпадкаў, звязаных з наяўнасцю ў сям'і дзіцяці з інваліднасцю, даецца адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, а таксама службу ў рэзерве. Тыя, хто праходзяць альтэрнатыўную службу, могуць датэрмінова звольніцца з яе, калі ў гэты перыяд у дзіцяці была ўстаноўлена інваліднасць.
Увага! Дзіця з інваліднасцю таксама мае права разлічваць на атрыманне льгот і гарантый, прадугледжаных для дарослых людзей гэтай катэгорыі, напрыклад на выплату сацыяльнай пенсіі. Па яе афармленне неабходна звяртацца ў органы сацыяльнай абароны па месцы жыхарства. Дадатковыя гарантыі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, могуць таксама ўтрымлівацца ў мясцовых і галіновых пагадненнях, калектыўных дамовах. Да прыкладу, кіраўнікі дзяржустаноў адукацыі могуць зрабіць скідкі на кошт навучання.
Кантакты ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне
Тэлефоны і адрасы ўпраўленняў можна знайсці на сайтах камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне:
г. Мінска;
Брэсцкай вобласці;
Віцебскай вобласці;
Гомельскай вобласці;
Гродзенскай вобласці;
Мінскай вобласці;
Магілёўскай вобласці.
Партал сацыяльнай абароны
На гэтым сайце ёсць функцыя «Памочнік», якая дазваляе атрымаць падрабязную інфармацыю пра сацыяльныя льготы, што могуць вам належаць. Тут магчыма ўдакладніць:
- пералік неабходных дакументаў;
- патрабаванні да суіскальніка;
- арганізацыю, якая ўпаўнаважана на разгляд заявы;
- памер выплат;
- перыяд давання;
- тэрмін разгляду заявы;
- кошт і парадак аплаты.
У форме «Памочніка» трэба ўказаць вобласць, сацыяльны статус («Сям'я, якая выхоўвае дзяцей») і сітуацыю («Выхаванне ў сям'і дзіцяці з інваліднасцю да 18 гадоў»).
Таксама тут можна знайсці кантакты органаў сацыяльнай абароны.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 117, 147, 166, 168, 263, 189, 265 і 268 Працоўнага кодэкса;
- арт. 208, 209 і 340 Падатковага кодэкса;
- арт. 105, 106 і 188 Жыллёвага кодэкса;
- арт. 39, 44, 72, 78 і 175 Кодэкса аб адукацыі;
- арт. 13, 15, 18 і 21 Закона ад 29.12.2012 г. № 7-З «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей»;
- арт. 20, 72 і 75 Закона ад 17.04.1992 г. № 1596-XII «Аб пенсіённым забеспячэнні»;
- арт. 10–12, 14 Закона ад 14.06.2007 г. № 239-З «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян»;
- арт. 32 Закона ад 05.11.1992 г. № 1914-XII «Аб воінскім абавязку і воінскай службе»;
- арт. 29 Закона ад 04.06.2015 г. № 276-З «Аб альтэрнатыўнай службе»;
- п. 1 Указа ад 01.03.2010 г. № 126 «Аб дзяржаўнай падтрымцы інвалідаў»;
- п. 1 Указа ад 06.01.2012 г. № 13 «Аб некаторых пытаннях давання грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў»;
- п. 5 пастановы Саўміна ад 17.11.2006 г. № 1549 «Аб парадку рэгістрацыі грамадзян беспрацоўнымі і зняцця іх з уліку і аб парадку і ўмовах аказання матэрыяльнай дапамогі беспрацоўнаму і членам яго сям'і, а таксама грамадзянам у перыяд прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і засваення зместу адукацыйнай праграмы навучальных курсаў»;
- п. 1 пастановы Саўміна ад 29.02.2008 г. № 307 «Аб памеры і парадку спагнання платы за харчаванне дзяцей, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні дашкольнай адукацыі»;
- п. 1 пастановы Саўміна ад 16.04.2008 г. № 565 «Аб спагнанні платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу абітурыентаў у цэнтралізаваным тэсціраванні»;
- п. 18 Палажэння аб парадку забеспячэння дапаможнікамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, зацверджанага пастановай Саўміна ад 28.06.2013 г. № 569;
- п. 10 Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, а таксама кампенсацыі расходаў на электраэнергію, зацверджанага пастановай Саўміна ад 12.06.2014 г. № 571;
- п. 3 Палажэння аб парадку накіравання насельніцтва на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, зацверджанага Указам ад 28.08.2006 г. № 542;
- п. 17 Інструкцыі аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання, зацверджанай пастановай Мінпрацы ад 26.01.2013 г. № 11.
Чытайце таксама:
- Якія гарантыі і льготы ёсць ў беларускіх маці і як іх атрымаць?
- Якія дабрачынныя арганізацыі засталіся ў Беларусі? Каму і ў чым яны дапамагаюць?
- На якую дапамогу дзяржавы можа разлічваць самотны пенсіянер(ка) і як яе атрымаць?