У гэтым артыкуле чытайце:
- Чаму зарплата ў канверце – гэта дрэнна?
- Штраф ці крымінальная адказнасць: што пагражае за зарплату ў канверце?
- Як не патрапіць у пастку?
- Што рабіць, калі наймальнік плаціць "шэрую зарплату"?
Некаторыя работадаўцы плацяць сваім работнікам(цам) два заробкі: афіцыйны і неафіцыйны. Афіцыйны заробак мінімальны і абкладаецца падаткамі, а вялікая сума заробку выплачваецца ў канверце і не рэгіструецца афіцыйна. Такім чынам, наймальнікі ўхіляюцца ад выплаты падаткаў, а супрацоўнікі(цы) ўдзельнічаюць ў ценявых схемах, часам нават не падазраючы гэтага. Бо з імі заключаюцца дамовы, а яны распісваюцца ў фінансавых ведамасцях. Аднак такія схемы пазбаўляюць работнікаў(ніц) шматлікіх гарантый і правоў.
Чаму зарплата ў канверце – гэта дрэнна?
Парушэнне правоў. Супрацоўнік(ца), што атрымлівае заробак у канверце, пазбаўляецца абароны сваіх працоўных правоў. У выпадку такога "працаўладкавання" работадаўца можа не даць вам водпуск альбо бальнічны, а абараніць свае інтарэсы і правы будзе практычна немагчыма.
Дапамогі і сацыяльныя выплаты. Пры часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці, родах і іншых жыццёвых сітуацыях работнік можа застацца без фінансавай падтрымкі, бо дапамога разлічваецца зыходзячы з афіцыйнага заробку.
Атрымліваючы заробак «у канверце», трэба быць гатовым, што хварэць ці знаходзіцца ў адпачынку давядзецца за свой кошт. У выпадку захворвання неаформлены работнік не мае права на атрыманне выплаты з Фонду сацыяльнага страхавання па лістку непрацаздольнасці. Калі ж у канверце выплачваецца толькі частка зарплаты, выплаты па бальнічным будуць значна меншыя.
Гэтак жа і ў выпадку з адпускнымі: яны налічваюцца зыходзячы з афіцыйнай зарплаты, а значыць будуць значна меншыя за фактычны заробак. А ў выпадку, калі работнік не аформлены афіцыйна, працадаўца і зусім можа не даць водпуск.
Дапамога па цяжарнасці і родах таксама разлічваецца з афіцыйнай зарплаты – такім чынам, і ў гэтым выпадку вас чакае заніжаная выплата.
Пры атрыманні траўмы на вытворчасці вялікая рызыка застацца без страхавой выплаты. Кіраўнікі, якія не заключаюць працоўныя дамовы з супрацоўнікамі(цамі), таксама не афармляюць і абавязковае страхаванне работнікаў(ніц). Неаформленаму чалавеку будзе практычна немагчыма даказаць, што траўма атрымана на працы.
Права на пенсію і страхавы стаж. Пенсія таксама разлічваецца з афіцыйнага заробку. У Беларусі права на працоўную пенсію па ўзросце і за выслугу гадоў маюць асобы з мінімальным страхавым стажам. У стаж залічваюцца толькі перыяды працы, за якія выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы. Перыяды, калі ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны не плаціліся, не будуць залічаны ў ваш стаж. Таму работнікі(цы), якія атрымліваюць "шэрую зарплату", могуць застацца без уліку значных перыядаў сваёй працоўнай дзейнасці. У выніку памер пенсіі будзе істотна ніжэйшы за заслужаны.
Праблемы з крэдытамі. Банкі і іншыя крэдытныя ўстановы пры разглядзе заявак на крэдыты ўлічваюць толькі афіцыйныя даходы. Работнікі(цы), якія атрымліваюць “шэрую зарплату”, могуць сутыкнуцца з адмовамі ці менш выгаднымі ўмовамі крэдытавання.
Праблемы з атрыманнем візы. Для атрымання візы пасольствы некаторых краін патрабуюць паказаць даведку аб зарплаце за некалькі месяцаў. А значыць, "шэры заробак” можа стаць перашкодай для атрымання візы.
Штраф ці крымінальная адказнасць: што пагражае за зарплату ў канверце?
Работададаўцы, якія практыкуюць выплату зарплаты ў канверце, рызыкуюць быць аштрафаванымі на значныя сумы. Па законе Фонд сацабароны можа проста даналічыць недаплачаныя ўзносы, але калі сума недаплачаных у Фонд сацабароны ўзносаў перавысіць 20 базавых велічынь, службовая асоба атрымае штраф ад 2 да 20 базавых велічынь.
Акрамя таго, з 2021 года ўведзена крымінальная адказнасць за ўхіленне ад налічэння і выплаты абавязковых страхавых узносаў. Зараз у выпадку наўмыснага заніжэння памеру адлічэнняў у Фонд, які перавышае 2 500 базавых велічынь, можна не абысціся адміністрацыйным штрафам, паколькі за такое парушэнне прадугледжана ўжо крымінальная адказнасць.
Работнікі(цы), што атрымліваюць зарплату ў канверце, таксама могуць сутыкнуцца з праблемамі, якія ўзнікаюць пры дэклараванні даходаў і маёмасці. У выпадку, калі пры перавышэнні расходаў над даходамі чалавек не зможа пацвердзіць крыніцу атрымання такіх даходаў, з сумы перавышэння давядзецца заплаціць штраф, а таксама прыйдзецца папоўніць дзяржаўную казну на немалую суму – па стаўцы не 13% (як з даходу, што быў атрыманы афіцыйна), а па стаўцы 26%.
Як не патрапіць у пастку?
Пры працаўладкаванні ў першую чаргу работнік(ца) і наймальнік(ца) абавязаны заключыць пісьмовы працоўны дагавор, экзэмпляры якога павінны захоўвацца як у работніка(цы), так і ў наймальніка(цы). За парушэнне ўстаноўленага парадку прыёму на працу наймальнік нясе адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 20 базавых велічыняў.
Калі наймальнік прапануе "дамовіцца" на словах, вы рызыкуеце застацца не толькі без сацыяльных гарантый, але і без аплаты працы. Толькі афіцыйны працоўны дагавор дапаможа вам абараніць свае правы.
Што рабіць, калі наймальнік плаціць "шэрую зарплату"?
Звярніцеся па юрыдычную кансультацыю:
- у анлайн-сервіс LegalHub;
- у чат-бот «Рабочага Руха».
Скаргі на атрыманне заробкаў у канверце прымаюць у Міністэрстве падаткаў і збораў па тэлефонах 189 і 8-017-229-79-79, а таксама шляхам падачы пісьмовых заяў.
Тэлефанаваць таксама можна на гарачую лінію Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Мінпрацы па тэлефоне 8-017-306-41-23.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 12.15 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях;
- арт. 216 Падатковага кодэкса;
- арт. 56 Працоўнага кодэкса;
- арт. 2433 Крымінальнага кодэкса;
- пастанова Міністэрства па падатках і зборах №14 ад 19.04.2024.
Чытайце таксама:
- Што рабіць, калі не можаш выплаціць крэдыт?
- Якія гарантыі і льготы ёсць ў беларускіх маці і як іх атрымаць?
- На якую дапамогу дзяржавы можа разлічваць самотны пенсіянер(ка) і як яе атрымаць?