Як развесціся, калі сужэнцы ў розных краінах?

razvesti-suprugov-v-raznyh-stranah.jpg
У гэтым артыкуле чытайце пра магчымасці скасавання шлюбу:

Многія беларускі(ы), што жывуць у цяперашні час за мяжой, з-за пераследу па палітычных матывах не могуць (а некаторыя і не жадаюць) наведваць Беларусь. З-за гэтага з цягам часу ў іх узнікаюць цяжкасці з афармленнем дакументаў, актаў грамадзянскага стану і да т.п. У тым ліку гэта датычыцца і разводу.

Скасаванне шлюбу ў ЗАГСе (консульстве)

Прасцей за ўсё праблема можа быць вырашана пры наступных умовах:

  • жонка ці муж знаходзіцца ў Беларусі;
  • няма непаўналетніх дзяцей;
  • паміж сужэнцамі адсутнічаюць маёмасныя прэтэнзіі.

Апошнія дзве ўмовы дазваляюць развесціся праз ЗАГС на падставе сумеснай заявы мужа і жонкі.

Заява падаецца ў ЗАГС па месцы жыхарства (знаходжання) сужэнцаў або адной (аднаго) з іх. Пры гэтым узгадняецца дата рэгістрацыі скасавання шлюбу (але яна не можа быць прызначана раней як праз 1 месяц і не пазней як праз 2 месяцы з дня падачы заявы).

Важна, што адзін з сужэнцаў можа не прысутнічаць як пры падачы заявы, так і пры рэгістрацыі скасавання шлюбу. Для гэтага яго подпіс на заяве павінен быць натарыяльна засведчаны, а таксама яму трэба напісаць асобную заяву аб згодзе на рэгістрацыю ў яго адсутнасці.

За працэдуру разводу праз ЗАГС спаганяецца дзяржпошліна – 4 базавыя велічыні.

За мяжой функцыі ЗАГСа выконваюць беларускія консульствы і прадстаўніцтвы. Грамадзянкі(не) Беларусі, якія пастаянна пражываюць, часова знаходзяцца за межамі рэспублікі, могуць аформіць развод па месцы пастаноўкі на консульскі ўлік. Пры гэтым беларускае грамадзянства можа быць толькі ў аднаго з сужэнцаў.

Памер консульскага збору складае 200 еўра.

На жаль, гэты варыянт хутчэй за ўсё не падыходзіць тым, хто атрымаў міжнародную абарону з-за палітычнага пераследу, – ім небяспечна заходзіць на тэрыторыю консульства або прадстаўніцтва.

Развод праз беларускі суд

Калі сям'я мае непаўналетніх дзяцей, шлюб можа быць скасаваны толькі праз суд. Звычайна пры гэтым патрабуецца прысутнасць абодвух бакоў. Аднак у заканадаўстве ёсць нюансы, якія дазваляюць абысці гэты момант, і, як паказвае практыка, такое адбываецца. Прычым не толькі тады, калі адзін з сужэнцаў не можа па якой-небудзь прычыне прыбыць у суд (у тым ліку з-за таго, што яна (ён) знаходзіцца за межамі Беларусі), а калі, напрыклад, адносіны ў сям'і канчаткова сапсаваныя.

Пазіцыю адсутнага боку можа растлумачыць адвакат(ка), іншы(ая) прадстаўнік(ніца), на якога (якую) аформлена даверанасць, а таксама яе можна выкласці пісьмова (з натарыяльным сведчаннем подпісу). Аформіць даверанасць і засведчыць подпіс можна ў краіне побыту і даслаць у Беларусь поштай.

Каб суд не пакінуў справу без разгляду, сужэнцам трэба старанна ўзгадніць свае пазіцыі, каб яны не супярэчылі адзін аднаму і не ўзнікла пытанняў да адсутнага боку, і дакладна прапісаць у іскавай заяве важныя для вынясення рашэння моманты: абгрунтаванне прычын разводу, выхаванне дзяцей і догляд за імі, спагнанне сродкаў на ўтрыманне жонкі (мужа), падзел маёмасці, якая была набыта ў шлюбе.

У агульным выпадку заява падаецца ў суд па месцы жыхарства адказчыка (у нашай сітуацыі – па апошнім), але калі непаўналетнія дзеці пражываюць разам з істцом, можна зрабіць гэта і па яе (яго) месцы жыхарства. Таксама гэта дазваляецца ў выпадку дрэннага стану здароўя.

Калі падаваць на развод упершыню, то дзяржпошліна складае 4 базавыя велічыні, а калі гэта быў другі (і наступны) шлюб, то 8.

Пасля падачы заявы мужу і жонцы даецца 3-месячны тэрмін на прымірэнне і ўладжванне спрэчак. Фармальна ён можа быць павялічаны да 6 месяцаў, аднак у сучасных беларускіх рэаліях верагоднасць гэтага вельмі малая.

Значна складаней выпадак, калі ў мужа і жонкі маюцца маёмасныя прэтэнзіі – суд напэўна запатрабуе прысутнасці іх абодвух.

І зусім тупіковай сітуацыя становіцца, калі адзін з сужэнцаў не згодны на развод. У яе (яго) адсутнасці суд разглядаць справу не будзе.

Па заяве жонкі (мужа) шлюб адразу скасоўваецца толькі ў выпадках, калі другі сужэнец:

  • прызнаны адсутным без вестак, недзеяздольным;
  • быў прыгавораны да пазбаўлення волі на тэрмін не менш як 3 гады.

Як развесціся ў судах замежных дзяржаў

Калі муж і жонка пражываюць не ў Беларусі, у іх ёсць магчымасць падаць на развод па месцы знаходжання.

Беларуссю з многімі дзяржавамі заключаны дагаворы аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах. Некаторыя з гэтых міжнародных дакументаў былі падпісаны яшчэ Савецкім Саюзам, але дзейнічаюць і зараз.

Такім чынам, грамадзяне Беларусі могуць разводзіцца на тэрыторыі дзяржаў, з якімі заключаны такі дагавор. У некаторых дакументах ёсць нават асобныя артыкулы, дзе гэта пазначана. Ніжэй, у раздзеле "Нарматыўна-прававая база", прыведзены іх нумары.

У першую чаргу гэта датычыцца краін СНД, якія падпісалі так званую Кішынёўскую канвенцыю (адзначым, што яе не падпісаў Туркменістан, а пасля з яе выйшла Украіна). Такія артыкулы ёсць і ў дагаворах з Літвой, Латвіяй, Польшчай, Чэхіяй, Венгрыяй.

Таксама заключаны дагаворы аб прававых адносінах з Італіяй, Турцыяй, Балгарыяй, Сербіяй, Кітаем, В'етнамам, Кубай, Сірыяй.

Скасаванне шлюбу адбываецца паводле нацыянальных заканадаўстваў зазначаных дзяржаў. Некаторыя з іх патрабуюць да гэтага часу пражыць у краіне пэўны тэрмін, а таксама зарэгістраваць беларускае пасведчанне аб шлюбе.

Акрамя пералічаных вышэй дзяржаў скасаваць шлюб беларускі(ы) могуць і ў іншых краінах, але там хутчэй за ўсё спатрэбіцца наяўнасць віда на жыхарства і больш працяглы папярэдні час пражывання.

Нельга не заўважыць, што заканадаўства аб шлюбе шмат у якіх еўрапейскіх дзяржавах даволі строгае. Па-першае, тэрмін на прымірэнне большы, чым у Беларусі (у Германіі, напрыклад, неабходны год паасобнага пражывання). Па-другое, лічацца вельмі важнымі акалічнасці, што суправаджаюць працэс разводу: доказ немагчымасці сумеснага пражывання, правы дзяцей, маёмасныя інтарэсы і да т.п. Таму шлюбаразводныя працэсы як правіла доўгія і складаныя. Палегчыць іх дапамогуць пісьменна складзены шлюбны дагавор, пагадненне аб дзецях і г.д.

Напаследак адзначым, што ў Беларусі прызнаюцца разводы, што былі ўчынены за мяжой, калі муж і жонка ў момант скасавання шлюбу пражывалі за межамі рэспублікі. Тое ж можна сказаць і пра сітуацыю, калі адзін з сужэнцаў мае замежнае грамадзянства і падчас разводу пражываў за мяжой.

Карысныя спасылкі:

Як беларус можа падаць на развод, знаходзячыся ў Польшчы?
Шлюбаразводны працэс у Нямеччыне 
Скасаванне шлюбу ў Літве
Як развесціся ў Чэхіі?

Нарматыўна-прававая база:

  • арт. 13, 351–37, 39, 40, 41, 198, 231 і 2241 Кодэкса аб шлюбе і сям'і;
  • арт. 46, 47 і 267 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса;
  • пп. 28, 37 і 38 пастановы Саўміна ад 14.12.2005 г. № 1454 "Аб парадку арганізацыі работы з грамадзянамі ў органах, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, па выдачы даведак або іншых дакументаў, што змяшчаюць пацвярджэнне фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне";
  • арт. 32 Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, якая заключана ў г. Кішынёве 07.10.2002 г.;
  • арт. 29 Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, які падпісаны ў г. Вільнюсе 20.10.1992 г.;
  • арт. 27 Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, падпісанага ў г. Мінску 21.02.1994 г.;
  • арт. 28 Дагавора памiж Рэспублiкай Беларусь i Рэспублiкай Польшча аб прававой дапамозе i прававых адносiнах па грамадзянскiх, сямейных, працоўных i крымiнальных справах, які падпісаны ў  г. Мінску 26.10.1994 г.;
  • арт. 27 Дагавора паміж Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікай аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, які падпісаны ў г. Маскве 12.08.1982 г.;
  • арт. 26 Дагавора паміж Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Венгерскай Народнай Рэспублікай аб аказанні прававой дапамогі па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, які падпісаны ў г. Маскве 15.07.1958 г.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...