У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Паступленне на бюджэт (на вочную і завочную форму)
- Паступленне на мэтавае навучанне ў 2024 годзе
- Прыём на платнае навучанне ў ВНУ
- Для выпускнікоў(іц) профільных класаў і дзіцячага тэхнапарку
Уступная кампанія ў беларускія ВНУ пройдзе ў некалькі этапаў. Для розных катэгорый абітурыентаў(ак) тэрміны падачы дакументаў, здачы ўнутраных іспытаў і даты залічэння – розныя.
Паступленне на бюджэт (на вочную і завочную форму)
Прыём дакументаў
Прыём дакументаў на бюджэт на вочную і завочную форму навучання запланаваны:
- з 12 па 17 ліпеня – у дзяржаўных ВНУ;
- з 12 па 19 ліпеня – на вочнай (дзённай) форме па напрамках адукацыі "Сельская гаспадарка", "Ветэрынарыя", "Рыбная гаспадарка" і "Ахова працы" (за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове) і па ўсіх спецыяльнасцях у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама на ваенных факультэтах і ваенным інстытуце без права юрыдычнай асобы;
- з 15 лістапада па 5 снежня – для тых, хто паступае на завочную форму атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.
Медалісты(кі), выпускнікі(цы) каледжаў і пераможцы алімпіяд
Медалісты(кі) і выпускнікі(цы) каледжаў з чырвоным дыпломам у 2024 годзе маюць права паступаць без іспытаў амаль на ўсе спецыяльнасці ў рэгіянальныя ВНУ. Ім дастаткова падаць дакумент аб адукацыі асаблівага ўзору і характарыстыку са школы або каледжа.
Выключэнне складаюць медыцынскія прафесіі, спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права", "Правазнаўства", "Эканамічнае права", "Дзяржаўнае кіраванне і права", "Усходазнаўства", а таксама напрамкі, дзе профільныя выпрабаванні – творчы конкурс ці экзамен па фізічнай культуры і спорту.
Пераможцы алімпіяд і конкурсаў прафесійнага майстэрства таксама могуць прэтэндаваць на залічэнне ў ВНУ без уступных іспытаў. Падрабязней па спасылцы.
Унутраныя іспыты ў ВНУ (на бюджэт)
У большасці ВНУ унутраныя ўступныя іспыты пройдуць з 18 па 25 ліпеня. Абітурыенты(кі) павінны падаць у прыёмную камісію, у прыватнасці: 2 сертыфікаты Цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ), сертыфікат Цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ), школьны атэстат і характарыстыку. Выпускнікам(цам) мінулых гадоў спатрэбяцца 3 сертыфікаты ЦТ і ЦЭ.
У 2023 годзе выпускны іспыт ва ўстановах сярэдняй адукацыі быў заменены на Цэнтралізаваны экзамен. ЦЭ абавязковы для ўсіх 11-класнікаў, а яго вынікі можна прад'явіць пры паступленні. Цэнтралізаванае тэсціраванне не з'яўляецца абавязковым, яго здаюць толькі тыя, хто хоча вучыцца ў ВНУ.
Па асобных спецыяльнасцях трэба здаць унутраны экзамен альбо творчы конкурс. Гэта датычыцца некалькіх напрамкаў спецыяльнасцей: філалагічнага, журналісцкага, архітэктурнага, дызайнерскага, а таксама тых, што звязаны з фізічнай культурай.
Даты ўступных іспытаў у асобныя ВНУ
Тэрміны правядзення ўступных іспытаў у некаторыя ВНУ адрозніваюцца ад агульнапрынятых:
- з 18 па 20 ліпеня – ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
- з 20 па 21 ліпеня – на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы;
- з 20 па 25 ліпеня – у вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях;
- з 6 па 15 снежня – у завочнай форме атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.
Залічэнне
Залічэнне на бюджэтнае навучанне скончыцца 27 ліпеня.
У асобных навучальных установах прадугледжаны іншыя тэрміны залічэння:
- па 22 ліпеня – у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, на ваенных факультэтах універсітэтаў;
- па 29 ліпеня – у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС;
- па 20 снежня – у завочнай форме атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.
Паступленне на мэтавае навучанне ў 2024 годзе
Для залічэння ў ВНУ на мэтавае навучанне неабходна паспяхова справіцца з адным унутраным уступным іспытам у вуснай форме па першым профільным вучэбным прадмеце. Уступны экзамен у практычнай форме арганізуюць для спецыяльнасцей, па якіх у якасці профільных іспытаў вызначаны дысцыпліны "Творчасць" і "Фізічная культура і спорт".
Важна: сёлета ўдвая павялічылася колькасць пытанняў па прадметах уступных іспытаў. Цяпер для залічэння на мэтавае навучанне трэба падрыхтавацца па 100 пытаннях.
З гэтага года для тых, хто паступае на мэтавае навучанне, уводзіцца мінімальны сярэдні бал атэстата (дакумента аб адукацыі): ён павінен быць не ніжэйшы за 7. Выключэнне складаюць запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці – у гэтым выпадку сярэдні бал можа быць ніжэйшым.
Для мэтавага навучання вызначаны наступныя тэрміны:
– падачы дакументаў – з 27 чэрвеня па 2 ліпеня;
– правядзення ўступных іспытаў – з 4 па 10 ліпеня;
– залічэння – па 12 ліпеня.
Каб удзельнічаць у конкурсе на мэтавае навучанне, неабходна падаць у прыёмную камісію ВНУ, у прыватнасці:
· дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы;
· рэкамендацыю з апошняй установы адукацыі альбо з апошняга месца працы (службы);
· пасведчанне асобы;
· характарыстыку са школы ці каледжа (для тых, хто скончыў школу ці каледж у год прыёму ў ВНУ).
Залічэнне на мэтавае навучанне скончыцца 12 ліпеня.
Прыём на платнае навучанне ў ВНУ
Для тых, хто плануе навучанне ў ВНУ ў вочнай і завочнай форме на платнай аснове, прыём дакументаў пройдзе з 12 да 17 ліпеня. Аднак гэтая дата актуальная толькі для тых, хто здае ўнутраныя іспыты ў ВНУ.
Унутраныя іспыты ў ВНУ запланаваны з 18 па 25 ліпеня.
Прыём дакументаў на залічэнне без уступных экзаменаў
Для тых, хто не здае ўступныя іспыты, прыём дакументаў будзе праходзіць з 12 ліпеня па 1 жніўня.
Аднак у асобных ВНУ даты прыёму дакументаў адрозніваюцца. Ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС на спецыяльнасці, што не патрабуюць здачы ўнутранага ўступнага іспыту, падаць дакументы неабходна ў тэрмін з 12 па 26 ліпеня.
У ВНУ сельскагаспадарчай накіраванасці з дзённай формай атрымання адукацыі падаць дакументы неабходна ў тэрмін з 12 ліпеня па 2 жніўня.
Тэрміны залічэння на платныя месцы
Па 3 жніўня – у ВНУ (акрамя завочнай формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю).
Па 20 снежня – у завочнай форме атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.
Для выпускнікоў(іц) профільных класаў і дзіцячага тэхнапарку
Прыём дакументаў ад выпускнікоў(ніц) профільных класаў педагагічнай, спартыўна-педагагічнай накіраванасці і выпускнікоў(ніц) Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку ў 2024 годзе запланаваны ў сціслыя тэрміны – з 12 па 14 ліпеня.
Гутарка з абітурыентамі пройдзе арыентыровачна 15 ліпеня, у кожнай ВНУ ўдакладняць сваю дату.
Для паступлення ў ВНУ гэтым катэгорыям абітурыентаў спатрэбіцца паспяхова прайсці гутарку, а таксама прынесці некаторыя дакументы. У прыватнасці:
- рэкамендацыю педсавета школы або назіральнай рады тэхнапарку;
- школьны атэстат;
- характарыстыку.
Вынікі залічэння стануць вядомыя да 27 ліпеня.
Карысныя спасылкі:
Тэлефоны «гарачай лініі» прыёмных камісій ВНУ