У гэтым артыкуле чытайце:
- першыя крокі: забеспячэнне ўсім неабходным, вырашэнне самых неадкладных праблем;
- вяртанне да звычайнага жыцця;
- аднаўленне дакументаў;
- прызнанне “былым палітвязнем”;
- пагашэнне фінансавых абавязацельстваў;
- пошук працы, працяг адукацыі (перанавучанне);
- ад'езд за мяжу;
- уладкаванне ў новай краіне побыту.
Вызваленыя палітвязні з першага кроку на волі сутыкаюцца з шэрагам праблем: недахоп грошай, рэчаў (часам самых неабходных), страта здароўя, адсутнасць працы і шматлікае, шматлікае іншае.
На сайце Службы "Адно акно" размешчаны артыкулы, дзе гэтыя пытанні разглядаюцца паасобку. Але ў канкрэтнага чалавека іх можа быць некалькі (а то і ўсе адразу). Таму прапануем вашай увазе гайд, у якім коратка прадстаўлены магчымыя рашэнні праблем, сабраны спасылкі на згаданыя артыкулы, а таксама на іншыя карысныя матэрыялы.
Увага! Гэты артыкул прызначаецца не толькі для саміх былых палітвязняў, але і іх сваякоў, сяброў, якія хочуць дапамагчы ім рэсацыялізавацца пасля вызвалення.
Першыя крокі: забеспячэнне ўсім неабходным, вырашэнне самых неадкладных праблем
Галоўныя праблемы, з якімі палітвязні сутыкаюцца непасрэдна пасля вызвалення, – фінансы і стан здароўя.
Калі няма нікога, хто дапаможа з пакупкай прадуктаў харчавання, адзення, лекаў і да т.п., трэба звярнуцца да праваабаронцаў і ў фонды дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій.
З-за дрэннага харчавання і недастатковага медыцынскага абслугоўвання ў зняволеных выяўляюцца розныя захворванні. Вельмі пажадана пачаць лячэнне адразу пасля вызвалення.
Хто можа дапамагчы:
Служба “Адно акно” – патэлефануйце ці напішыце нам па электроннай пошце, у месэнджэрах ці праз чат (іконка справа ўверсе).
Ініцыятыва Вольныя – шукае ментара(ку) для кожнай(га) з тых, хто вызваліўся. Ментар(ка) праводзіць падапечную(га) праз усе этапы адаптацыі ў новым жыцці.
“Служба хуткай гуманітарнай дапамогі” – аператыўная падтрымка палітзняволеных, у т.л. дапамога ў рэабілітацыі. Ініцыятыва створана сумесна BY_Help, BySol, Dissidentby і фондам "Краіна для Жыцця". Кааліцыя аказвае комплексную падтрымку і тым палітвязням, што выйшлі. У падтрымку, апрача іншага, уваходзіць разавая грашовая выплата і медыцынская дапамога. Для атрымання падтрымкі трэба запоўніць форму.
Па прыведзенай спасылцы можна даведацца падрабязней пра дзейнасць службы і перайсці наўпрост на сайты яе стваральнікаў.
Сэрвіс еЗдароўе – праект па падтрымцы людзей, што адчуваюць недахоп медыцынскай дапамогі (у т.л. псіхалагічнай) з-за бягучай палітычнай і эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі.
Падрабязней чытайце:
Як звязацца з праваабарончай арганізацыяй?
Як фінансава дапамагаць сем'ям палітвязняў?
Першаснае медыцынскае абследаванне пасля вызвалення
Вяртанне да звычайнага жыцця
Многім былым палітзняволеным цяжка адаптавацца да жыцця на волі. У прыватнасці, гэта адбываецца па псіхалагічных прычынах.
Умовы ўтрымання палітвязняў і стаўленне да іх у месцах зняволення накіраваныя на прыгнечанне асобы. Чалавек губляе пачуццё ўласнай годнасці, свабоду выбару, самастойнасць.
Таксама пасля вызвалення разам з эйфарыяй узнікаюць такія негатыўныя пачуцці, як крыўда на несправядлівасць пакарання, віны перад тымі, хто застаўся ў месцах зняволення, і інш.
Камусьці з блізкіх трэба знаходзіцца ўвесь час побач з вызваленым. Трэба паступова вяртаць адчуванне свабоды, самастойнасці, даваць больш вольнага часу.
Акрамя родных і сяброў вярнуцца да звычайнага жыцця дапамогуць ініцыятывы, што пазначаны вышэй. Таксама пажадана дапамога прафесійнага псіхолага(гіні).
Падрабязней чытайце:
Як дапамагчы блізкаму чалавеку, якая (які) вызвалілася(ўся) з месцаў пазбаўлення волі, вярнуцца да звычайнага жыцця?
Як атрымаць псіхалагічную дапамогу ў Беларусі?
Аднаўленне дакументаў
За час, што быў праведзены ў зняволенні, можа скончыцца тэрмін дзеяння важных дакументаў, а некаторыя з іх могуць быць і зусім страчаны.
Пасля аднаўлення дакументаў рэкамендуецца зрабіць іх натарыяльна завераныя пераклады і паставіць апастыль. Гэта спатрэбіцца, калі будзе прынятае рашэнне з'ехаць за мяжу (у т.л. у выпадку экстранай эвакуацыі).
Падрабязней чытайце:
Як пасля вызвалення аднавіць дакументы, зрабіць іх пераклад, паставіць апастыль?
Прызнанне “былым палітвязнем”
Па розных прычынах не ўсе жадаюць падчас пазбаўлення волі патрапіць у спісы палітзняволеных. Таму праваабарончы цэнтр “Вясна” вырашыў увесці статус “былога палітвязня”, які можа быць прысвоены постфактум. Такім чынам факт пераследу будзе афіцыйна зафіксаваны, а асуджаны па палітычных матывах атрымае падтрымку.
Для прызнання былым палітвязнем трэба звярнуцца ў “Вясну” (viasna@spring96.org, Telegram: @ViasnaSOS, @Viasnainfo) і распавесці абставіны сваёй справы. Да заявы трэба прыкласці дакументы, што пацвердзяць факт знаходжання ў месцах пазбаўлення волі.
Пагашэнне фінансавых абавязацельстваў
Магчыма наяўнасць і такіх праблем, як крэдыты, што не былі выплачаныя да канца, доўг па аліментах і да т.п.
Для збору грашовай нястачы можна звярнуцца да знаёмых і сяброў, арганізаваць краўдфандынг у сацсетках, звярнуцца ў праваабарончыя арганізацыі ці адкрыць персанальны збор на пляцоўках дапамогі.
Калі грошы сабраць не ўдалося ці тэрміны выплат падціскаюць, ёсць магчымасць папрасіць банк змяніць умовы крэдыту. Прасіць можна аб адтэрміноўцы, памяншэнні сумы штомесячных выплат, крэдыце на рэфінансаванне, а калі рэшта пазыкі невялікая, то і аб дараванні доўгу.
Падрабязней чытайце:
Што рабіць, калі не можаш выплаціць крэдыт?
Пошук працы, працяг адукацыі (перанавучанне)
Тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, лічацца асобамі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і таму яны павінны мець дзяржаўныя гарантыі ў сферы занятасці. Але насамрэч сітуацыя больш складаная. На адкрытыя вакансіі не ўсе работадаўцы хочуць прымаць былых зняволеных, асабліва "палітычных". Тады ўзнікае замкнёнае кола: чалавека вымушаюць працаўладкоўвацца, але яго не бяруць на прапанаваную вакансію – і ўсё пачынаецца спачатку.
Другая праблема – неадпаведнасць вакансій адукацыі, асабістым амбіцыям, а таксама стану здароўя. Бо, як правіла, былым зняволеным прапануюцца некваліфікаваныя, цяжкія працы.
Каб выйсці з такой сітуацыі можна прайсці прафесійную перападрыхтоўку, стаць індывідуальным прадпрымальнікам, уладкавацца на сезонныя работы. Калі няма забароны на выезд за мяжу, лепш пашукаць працу там.
Варыянты перанавучання для "палітычных" прапануе BySol. Былыя палітвязні таксама могуць звярнуцца па дапамогу з працаўладкаваннем у Dissidentby.
Падрабязней чытайце:
Як уладкавацца на працу пасля зняволення
Тыя, каго асудзілі па палітычных артыкулах, нярэдка сутыкаюцца з праблемамі ў атрыманні (працягванні) адукацыі ў дзяржаўных і нават прыватных навучальных установах Беларусі.
Тым, хто вырашыў застацца ў краіне, можна параіць адукацыйныя курсы. Але значна больш магчымасцей для навучання маецца ў замежных установах адукацыі, асабліва калі ведаць мову.
Пры паступленні ў замежную ВНУ ёсць магчымасць атрымаць стыпендыю.
Падрабязней чытайце:
Як вырашыць праблему з атрыманнем адукацыі пасля вызвалення?
Ад'езд за мяжу
Былыя палітвязні знаходзяцца на прафілактычным уліку. Акрамя таго, што ім раз на месяц трэба абавязкова з'яўляцца ў аддзяленне міліцыі, да іх у любы момант могуць прыйсці з праверкай, пагражаць адміністратыўнымі пакараннямі за парушэнні правілаў нагляду і нават завесці крымінальную справу. Падчас рэйдаў сілавікоў у рэгіянальных гарадах іх часта затрымліваюць першымі.
Таму многія, хто прайшоў праз рэпрэсіі ў Беларусі, не адчуваюць сябе ў бяспецы і вырашаюць пакінуць краіну.
Дзейсны спосаб легалізавацца ў іншай дзяржаве – гэта міжнародная абарона. Яна дазваляе людзям, якія пацярпелі ад палітычнага пераследу на радзіме, пражываць і працаваць у ЕС. Абарона забяспечвае грамадзянскія правы і гарантуе, што чалавек не будзе дэпартаваны(на).
Ёсць два віды міжнароднай абароны: статус уцекача і дадатковая абарона. Які менавіта прысвоіць статус, вырашае спецыяльная камісія.
Падрабязней чытайце:
Той, хто пацярпеў ад рэпрэсій, таксама можа сутыкнуцца з абмежаваннем выезду за мяжу (даведацца пра гэта можна ў асабістым кабінеце на сайце МЗС – пра працэдуру рэгістрацыі чытайце тут). У такім выпадку застаецца толькі нелегальны выезд.
Эвакуіравацца з Беларусі дапамагае BySol. Для пачатку трэба запоўніць форму (праз VPN). Спецыялісткі(ты) пракансультуюць вас па ўсіх пытаннях, а таксама складуць план эвакуацыі.
Падрыхтуйце па магчымасці ўсе дакументы: на сябе і на родных. Калі вы з’язджаеце з дзіцём, аптымальны варыянт – перасекчы нелегальна мяжу самастойна, а яе (яго) адправіць асобна. Важна пры гэтым загадзя падрыхтаваць для яе (яго) неабходныя дакументы.
Падрабязней чытайце:
Перасячэнне мяжы з непаўналетнім дзіцём. Якія патрэбны дакументы і хто павінен суправаджаць?
Уладкаванне ў новай краіне побыту
Служба "Адно акно", беларускія праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы дапамагаюць не толькі тым, хто застаўся ў Беларусі, але і суайчыннікам за мяжой. Можна звяртацца да іх па пытаннях легалізацыі, пошуку жылля, працы і г.д.
“Служба хуткай гуманітарнай дапамогі” аказвае падтрымку ў эвакуацыі і інтэграцыі за мяжой. У рамках ініцыятывы адчынены чатыры шэлтэры ў Грузіі, Польшчы і Літве (кантакты прытулкаў у Батумі, Вроцлаве, Варшаве, Вільнюсе). Імі могуць скарыстацца людзі, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі і маюць патрэбу ў часовым жыллі, у т.л. былыя палітвязні.
Практычна ва ўсіх краінах існуюць суполкі беларусаў, да якіх таксама магчыма звярнуцца па падтрымку.
Падрабязней чытайце:
Дапамога з грашыма, прадуктамі і легалізацыяй у Літве і Польшчы
Як знайсці суполкі беларусак(аў) у розных краінах?
Як пацвердзіць беларускі дыплом за мяжой?
Як уладкавць дзяцей у садок ў новай краіне побыту?
Як уладкаваць дзяцей у школу ў новай краіне побыту?