Што важна ведаць пра дэкрэт ў Беларусі?

dekret-v-belarusi.jpg
У гэтым артыкуле чытайце:

Ці ўключаецца ў працоўны стаж час, што быў праведзены ў дэкрэце?

Афіцыйна дэкрэт называецца "водпускам па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў". Гэта адзін з відаў сацыяльных адпачынкаў.

З самога паняцця "водпуск", як яно вызначана ў заканадаўстве, вынікае, што пры яго даванні захоўваецца ранейшая праца: у таго ж наймальніка, на той жа пасадзе або па прафесіі, кваліфікацыі і на тым жа працоўным месцы.

Водпуск па догляду дзіцяці ўключаецца ў стаж работы па спецыяльнасці, прафесіі ці пасадзе. Але гэты стаж не будзе ўплываць на наступны працоўны адпачынак – гэта значыць, што калі вы захочаце ўзяць яго адразу пасля выхаду з дэкрэта, адпускныя будуць разлічвацца зыходзячы з сярэдняга заробку за апошнія рэальна адпрацаваныя 12 месяцаў.

Таксама перыяд водпуску па догляду дзіцяці не ўключаецца ў спецыяльны стаж для прызначэння пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы альбо за выслугу гадоў і ў стаж дзяржаўнай службы.

Колькі можа доўжыцца дэкрэт?

Дэкрэт адкрываецца на наступны дзень пасля даты заканчэння водпуску па цяжарнасці і родах і доўжыцца да дасягнення дзіцем узросту 3 гадоў, што пацвярджаецца пасведчаннем аб нараджэнні.

Работніца(ік) мае права выкарыстоўваць водпуск па догляду дзіцяці цалкам ці часткамі любой працягласці, г.зн. у любы час перапыніць яго, а потым аднавіць. Хоць заканадаўствам не прадугледжана неабходнасць пісьмова апавяшчаць пра тое наймальніка, рэкамендуецца загадзя напісаць адпаведную заяву – пісьмовая фіксацыя дапаможа пазбегнуць непаразуменняў, а работадаўцу будзе прасцей аформіць неабходны загад. У заяве варта пазначыць дату аднаўлення працы, але не абавязкова ўказваць тэрмін вяртання ў водпуск. Апошняе можна зрабіць потым, калі вам зручна, напісаўшы заяву аб аднаўленні адпачынку па догляду за дзіцём.

Таксама можна працаваць на ўмовах няпоўнага працоўнага часу. Пры гэтым не абавязкова выходзіць на асноўнае месца працы, дазваляецца ўладкавацца дзе-небудзь у іншым месцы.

Калі падчас догляду дзіцяці да 3 гадоў маці зноў зацяжарыла, дэкрэт перарываецца на час водпуску па цяжарнасці і родах і працягваецца пасля яго заканчэння.

Якія выплаты і надбаўкі належаць?

Тым, хто знаходзіцца ў дэкрэце, выплачваецца штомесячная дзяржаўная дапамога ў памеры 35% сярэднямесячнай заработнай платы працаўнікоў у рэспубліцы на 1-е дзіця, 40% – на 2-е і наступных, 45% – на дзіця з інваліднасцю. У 2024 г. гэта складае, адпаведна, 724,85, 828,40 і 931,95 руб.

Ва ўмовах няпоўнай занятасці выплаты захоўваюцца поўнасцю, калі працаваць менш за палову месячнай нормы, а пры перавышэнні гэтага парога скарачаюцца на 50%.

Калі сям'я ў перыяд дэкрэта выхоўвае іншае дзіця ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, на яго належыць дапамога ў памеры 50% бюджэту пражытачнага мінімуму за 2 апошнія кварталы. Сёння гэта сума складае 209,37 руб.

Хто можа аформіць?

Акрамя маці, дэкрэт можна аформіць на бацьку, бабку, дзеда дзіцяці, яго мачыху, апекуна. Умовы пры гэтым наступныя:

  • маці выйшла на працу (працягнула вучобу);
  • названы член сям'і таксама працуе і пры гэтым фактычна даглядае дзіця.

Напрыклад, бацька дзіцяці беспрацоўны, а бабуля – пенсіянерка, але працуе. Калі мама вырашыць выйсці на працу, то водпуск па доглядзе дзіцяці ў такой сітуацыі павінен быць аформлены на бабулю.

Распішам крыху падрабязней умовы, пры якіх маці лічыцца занятай:

  • яна працуе па працоўнай дамове, што была заключана на тэрыторыі рэспублікі;
  • атрымлівае ў Беларусі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую ці навукова-арыентаваную адукацыю ў дзённай форме;
  • праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме;
  • з'яўляецца натарыусам, які працуе ў бюро, індывідуальным прадпрымальнікам, творчым работнікам, займаецца рамеснай дзейнасцю, аказвае паслугі ў сферы аграэкатурызму;
  • працуе ў прадстаўніцтве міжнароднай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь, дыпламатычным прадстаўніцтве, консульскай установе замежнай дзяржавы.

Ёсць яшчэ сітуацыі, пры якіх водпуск па доглядзе можна аформіць на іншую асобу.

Да прыкладу, маці можа знаходзіцца ў шпіталі больш за месяц. Тады дэкрэт афармляецца на бацьку як на асобу, што часова выхоўвае дзіця без маці. Магчымыя і іншыя сумныя сітуацыі: смерць маці, пазбаўленне яе бацькоўскіх правоў, прызнанне недзеяздольнай і г.д.

Любы сваяк, член сям'і, апякун, мачыха могуць аформіць дэкрэт на сябе, калі маці не можа даглядаць дзіця ў сувязі з інваліднасцю I групы альбо з-за хваробы, што пацвярджаецца заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі.

Мачыха можа пайсці ў дэкрэт, калі ён не быў дадзены працуючым бацьку, іншаму(ай) сваяку(чцы), сямейніку.

Пры афармленні дэкрэта гэтым асобам неабходна мець даведку з месца працы маці аб выхадзе яе на работу (службу, вучобу) ці дакумент, які пацвярджае наяўнасць умоў, што былі апісаны вышэй.

Увага! Яшчэ бацька (айчым) можа ўзяць асобны адпачынак пры нараджэнні дзіцяці. Калі ён выказаў такое жаданне, наймальнік адмовіць у даванні водпуску не мае права.

Па агульным правіле адпачынак пры нараджэнні дзіцяці афармляецца без захавання заработнай платы і не можа перавышаць 14 каляндарных дзён. Але наймальнікам (напрыклад, у калектыўнай дамове) могуць быць прадугледжаны іншая (больш вялікая) працягласць водпуску, яго аплата.

Гэта адначасны від водпуску, г.зн. браць яго часткамі нельга. Узяць яго магчыма цягам 6 месяцаў з даты нараджэння дзіцяці. Калі гэты тэрмін прапушчаны, атрымаць такі адпачынак ужо нельга. Можна тады паспрабаваць узяць водпуск па сямейна-бытавых прычынах, але гэта ўжо будзе на меркаванне работадаўцы.

Ці спыняецца выплата дапамогі пры выездзе за мяжу?

Выплата дапамогі па доглядзе спыняецца ў выпадку:

  • выезду дзіцяці за межы рэспублікі на тэрмін больш за 2 месяцы (за выключэннем дзяцей, якія выехалі для атрымання медыцынскай дапамогі, а таксама бацькі якіх працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Беларусі);
  • выезду атрымальніка дапамогі за мяжу на пастаяннае месца жыхарства;
  • зняцця дзіцяці з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства (знаходжання) у Беларусі.

Дапамогу перастануць выплачваць з 1-га чысла месяца, што ідзе наступным за месяцам выезду.

Паведаміць пра выезд (лічым, што ў першую чаргу наймальніку) патрабуецца не пазней за 5 каляндарных дзён пасля даты выезду. Калі гэтага не зрабіць, залішне выплачаныя сумы давядзецца вярнуць.

У выпадку адмовы ад вяртання грошай частка з любога даходу будзе адбірацца штомесяц да поўнага пагашэння запазычанасці. Калі ж даходу няма, запазычанасць спаганяецца ў судовым парадку.

Нарматыўна-прававая база:

  • арт. 3, 150, 153, 183, 185, 186, 190 і 271 Працоўнага кодэкса;
  • арт. 13, 24 і 25 Закона ад 29.12.2012 г. № 7-З "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей";
  • п. 1 Указа ад 09.12.2014 г. № 572 "Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей";
  • п. 37 Палажэння аб парадку назначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, зацверджанага пастановай Саўміна ад 28.06.2013 г. № 569;
  • пп. 2.9 і 2.91 Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам ад 26.04.2010 г. № 200;
  • Ліст Мінпрацы ад 09.06.2009 г. № 05-02-09/2708п "Аб стажы дзяржаўнай службы".

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...