Медыцынская дапамога за мяжой: куды звяртацца і як працуе?

medpomoch-za-granicey.jpg
У кожнай краіне медыцынская апека арганізавана па-свойму. У гэтым артыкуле вы знойдзеце, як працуе сістэма медыцынскіх паслуг у Польшчы, Літве, Грузіі і Чэхіі.

Польшча

Экстранная медыцынская дапамога

У выпадку экстраннай сітуацыі ў Польшчы можна выклікаць хуткую дапамогу па нумары 112 ці 999.
Абгрунтаванай падставай для выкліку хуткай дапамогі ў Польшчы лічыцца:

  • цяжкая траўма;
  • крывацёк, сутаргі, раптоўная страта прытомнасці, востры боль у страўніку ці кішэчніку, прыкметы харчовага ці іншага вострага атручэння;
  • рэзкае пагаршэнне самаадчування, падазрэнне на інфаркт альбо інсульт.

Высокая тэмпература ці проста дрэннае самаадчуванне не з'яўляецца падставай для выкліку "хуткай". У выпадку няўважлівых прычын выклік расцэняць як беспадстаўны і могуць выпісаць штраф.
Калі выявіцца, што хуткая дапамога не патрэбная, то вам параяць звярнуцца ў найбліжэйшы ці ў нейкі пэўны прыбальнічны аддзел экстраннай дапамогі. Экстранная медыцынская дапамога таксама можа быць аказана ў адной з дзяжурных паліклінік, якія працуюць кругласутачна і не патрабуюць накіравання ад урача.

Прыбальнічны аддзел экстранай дапамогі (SOR, Szpitalny oddział ratunkowy). На SOR трэба ехаць тады, калі патрабуецца хуткае медыцынскае ўмяшанне, а стан здароўя настолькі стабільны, што асоба здольная сама да такога аддзела дабрацца. Медперсанал бальнічных аддзелаў можа аказаць першапачатковую дапамогу, правесці аперацыю ў крызіснай сітуацыі, накласці гіпс, паставіць кропельніцу і гэтак далей.

Медыцынская страхоўка

Народны Фонд Аховы здароўя (Narodowy Fundusz Zdrowia, NFZ) – гэта дзяржаўная арганізацыя, якая фінансуе медыцынскую апеку ў Польшчы. Выплачваючы страхавыя ўзносы ў NFZ, людзі набываюць права карыстацца дзяржаўнымі медыцынскімі паслугамі.

У Польшчы не ўсе маюць доступ да бясплатных медыцынскіх паслуг, страхаванне залежыць ад працаўладкавання. Непрацаўладкаваны чалавек можа стаць на ўлік па беспрацоўі ў цэнтры занятасці (Urząd Pracy), і ў такім выпадку страхавыя ўзносы будзе выплачваць цэнтр.

Асоба без афіцыйнага працаўладкавання, якая не мае права стаць на ўлік у цэнтры занятасці, можа быць уключана ў страхоўку сваяка(чкі), набыць прыватную медыцынскую страхоўку або добраахвотнае страхаванне NFZ.

Быць дадазенымі ў страхоўку сваяка(чцы) маюць права дзеці да 18 гадоў, бацькі, муж (жонка) ўладальніка страхоўкі. Для гэтага ён (яна) павінен(на) падаць дадзеныя сваіх сваякоў работадаўцу, каб той занёс іх у базу дадзеных ZUS.

Добраахвотнае медыцынскае страхаванне ў Польшчы падыходзіць тым, хто не падпадае пад абавязковае страхаванне, але легальна знаходзіцца ў краіне. Гэта могуць быць прадпрымальнікі, студэнты(кі), работнікі(цы) з дамовай падраду (umowa o dzieło) і іншыя катэгорыі грамадзян. Яны самастойна адлічваюць грошы на медыцынскае страхаванне. Памеры ўзносу могуць моцна адрознівацца ў залежнасці ад роду дзейнасці і даходу застрахаванага.
Добраахвотнае медыцынскае страхаванне таксама прадугледжвае бясплатную страхоўку для блізкіх родзічаў, калі іх дадзеныя прыведзены пры падпісанні дамовы.

Планавая медыцынская дапамога

Для атрымання планавай дапамогі вам неабходна падпісаць дэкларацыю з паліклінікай, падаўшы сваю страхоўку. Пасля падпісання дэкларацыі вы можаце звяртацца па кансультацыю да тэрапеўта(кі) або лекара педыятрыі.

Каб звярнуцца да эндакрынолага, гастраэнтэролага, стаматолага і да любога іншага адмыслоўца, трэба атрымаць накіраванне ў тэрапеўта(кі). Яно можа быць пазначана як "тэрміновае" ці "стабільнае".

Запісацца да адмыслоўца можна ў любой паліклініцы, не толькі ў той, дзе вы падпісалі дэкларацыю. Час чакання прыёму звычайна вельмі доўгі, асабліва калі накіраванне "стабільнае". На спецыяльным партале можна прыблізна зарыентавацца па вольных датах і гадзінах прыёму.
Выключэннем з сістэмы накіраванняў з'яўляюцца гінекалагічныя і псіхіятрычныя кансультацыі.
Запісацца можна таксама ў рэгістратуры. Зрабіць гэта можна ў любой паліклініцы.

У пункты начной і выходнай медыцынскай дапамогі не трэба запісвацца. Дастаткова знайсці бліжэйшы ці нейкі канкрэтны пункт (гэта можна зрабіць па карце ці на сайце NFZ), прыйсці туды і прытрымлівацца інструкцый персаналу.

У прыватныя клінікі можна звяртацца без накіравання, дастаткова проста аплаціць кансультацыю, аналізы ці іншыя паслугі. Выняткам з’яўляюцца асобныя працэдуры: напрыклад, на МРТ ці КТ вам усё роўна спатрэбіцца накіраванне адмыслоўца.

Карысныя спасылкі:
Медыцынскія сэрвісы ў Польшчы
Медыцына ў Польшчы: як усё арганізавана?
Дзяржаўная база пытанняў і адказаў пра меддапамогу

Літва

Экстранная медыцынская дапамога

У выпадку рызыкі для жыцця неадкладная і хуткая дапамога ў Літве аказваецца бясплатна ўсім, хто мае патрэбу, незалежна ад страхавога статусу. Звяртацца ў лякарню ў святы, у выходныя, у начны час ці тэлефанаваць па нумары 112 за дапамогай варта тады, калі ўзнікае рэальная пагроза здароўю і жыццю чалавека. Напрыклад, у выпадку аўтамабільнай аварыі, цяжкай траўмы, вострага атручэння, апёкаў, страты прытомнасці ці любога іншага стану, які можа парушыць жыццёва важныя функцыі арганізма.

У Літве таксама ёсць нумар для медыцынскіх кансультацый – 113. Калі вы сумняваецеся, ці патрэбна вам тэрміновая дапамога адмыслоўца, можна патэлефанаваць і пракансультавацца з персаналам цэнтра. Калі тэрміновая дапамога неабходна, вас злучаць з супрацоўнікам лініі 112.

Калі пагрозы жыццю няма, варта ісці да сямейнага лекара – пацыентаў(ак) з вострымі сімптомамі прымаюць без запісу і па-за чаргой, а ў непрыёмныя гадзіны неадкладную дапамогу аказваюць экстранныя аддзяленні бальніц.

Медыцынская страхоўка

Сістэма аховы здароўя ў Літве абапіраецца на агульнаабавязковае медыцынскае страхаванне (PSD). Гэта значыць, усе рэзідэнты, што працуюць па найму, прадпрымальнікі, самазанятыя і іншыя плацяць унёскі ў Дзяржаўную бальнічную касу, якая аплачвае медыцынскае абслугоўванне ў Літве.

Ільготныя катэгорыі насельніцтва – пенсіянеры, непаўналетнія, студэнты, зарэгістраваныя беспрацоўныя або адзін (адна) з бацькоў, якія выхоўваюць дзіця да 8 гадоў або двух дзяцей да 8 гадоў, вызваляюцца ад страхавых узносаў. Права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне ў Літве маюць усе рэзідэнты незалежна ад грамадзянства, у якіх ёсць поліс PSD або раўнавартасныя дакументы:

  • грамадзяне і неграмадзяне Літвы і іх непаўналетнія дзеці;
  • замежныя грамадзяне з пастаянным відам на жыхарства;
  • перамешчаныя асобы і непаўналетнія без суправаджэння;
  • мігранты, што афіцыйна працуюць ці стаяць на ўліку па беспрацоўі з часовым відам на жыхарства;
  • грамадзяне краін Еўрасаюза, Еўразоны і Швейцарыі – па карце EHIC у муніцыпальных медустановах.

Платнае добраахвотнае медыцынскае страхаванне кампенсуе выдаткі на высокатэхналагічнае лячэнне, стаматалогію прэміум-класа і спецыялізаваныя медыцынскія паслугі, якія не ўключаны ў PSD. Замежных грамадзян-нерэзідэнтаў лекары ў Літве абслугоўваюць па камерцыйнай страхоўцы; для гарантаванай кампенсацыі затрат лепш звяртацца ў клінікі, што падпісалі дамову са страхавым аператарам.

Планавая медыцынская дапамога

Перад тым як запісацца на прыём да лекара ў Літве па PSD, трэба зарэгістравацца ў амбулаторыі ці ў прыватнай клініцы – запоўніць анкету пацыента(кі) і заплаціць збор. Запісацца на кансультацыю можна па тэлефоне, на сайце клінікі ці праз адзіную электронную сістэму медабслугоўвання (esveikata), у якую ўносяцца дадзеныя пацыента. Кансультацыя тэрапеўта(кі) адбудзецца на працягу тыдня, а ў сезонныя пікі захворвання вас прымуць на працягу 10–14 дзён.

Для візіту да лекара-адмыслоўца па PSD звычайна патрабуецца накіраванне тэрапеўта(кі), за выключэннем стаматолага, гінеколага і дэрматовенеролага, а пры траўмах – хірурга першага ўзроўню.
Калі ў вас ёсць хранічныя захворванні, якія патрабуюць пастаяннага назірання, вам неабходна накіраванне толькі на першую кансультацыю, а затым можна звяртацца да ўрача-адмыслоўца наўпрост.

Тэрміны чакання прыёму або функцыянальнага даследавання па PSD значна большыя – каля двух месяцаў, а планавай аперацыі – год ці два.
Калі вы не хочаце чакаць, можна атрымаць платную кансультацыю па-за чаргой ці пайсці ў прыватную клініку, дзе абслугоўваюць па першым патрабаванні і без накіравання, але за свой кошт.

Карысныя спасылки:
Сістема аховы здароўя ў Літве.

Грузія

Экстранная медыцынская дапамога

Грамадзяне іншых краін, якія не маюць віду на жыхарства ў Грузіі, могуць атрымліваць медыцынскія паслугі толькі на платнай аснове. Выключэнне – выклік неадкладнай дапамогі. Брыгада прыедзе да хворага(ай) і акажа першапачатковую дапамогу бясплатна, але шпіталізацыя, калі яна спатрэбіцца, і далейшае лячэнне будуць ўжо за кошт пацыента(кі).
Адзіны тэлефон экстранных службаў у Грузіі – 112.

Прыватная хуткая дапамога. Яна не падключана да 112, выклікаць трэба па нумары, што пазначаны ў страхоўцы альбо на сайтах клінік. Выезд будзе платным. Калі паслугі хуткай дапамогі ўваходзяць у страхоўку, то яна пакрые выезд поўнасцю. Аднак звычайна ёсць абмежаванне па колькасці выклікаў у месяц, якое залежыць ад страхавой кампаніі і тарыфу.

Медыцынская страхоўка

Дзяржаўная праграма ўсеагульнага страхавання дзейнічае толькі для грамадзян(ак) краіны, і ў яе ўваходзіць толькі мінімальны пакет медпаслуг. Яна дазваляе атрымліваць медыцынскую дапамогу перш-наперш уразлівым групам: пажылым, дзецям ва ўзросце да 5 гадоў, людзям з інваліднасцю, з нізкім узроўнем даходу. Дзяржавай фінансуецца таксама дапамога пры родах.

На іншаземцаў(ак) дзяржпраграма ўсеагульнага страхавання не распаўсюджваецца зусім. З 1 чэрвеня 2024 г. для ўезду ў Грузію медыцынская страхоўка для замежнікаў стала абавязковай.
Для атрымання медыцынскіх паслуг многія іншаземцы карыстаюцца праграмамі добраахвотнага медыцынскага страхавання. Мінімальны тэрмін такой страхоўкі для замежнікаў – адзін год.

Планавая медыцынская дапамога

Іншаземцы(кі), якія маюць від на жыхарства ў Грузіі, могуць зарэгістравацца на партале My.gov.ge і запісвацца да лекара онлайн. Пасля рэгістрацыі на сайце або ў медыцынскай установе пацыент(ка) атрымлівае персанальны код, які будзе выкарыстоўваць для атрымання медыцынскай дапамогі. Гэты код можна ўвесці на старонцы Міністэрства аховы здароўя і атрымаць інфармацыю пра адмыслоўца, графік прыёму, запіс і г.д.

Паслугі платнай медыцыны не абмяжоўваюць пацыента ў выбары медыцынскай установы. Запісацца на прыём да лекара можна па тэлефоне ці ў фармаце анлайн.

Калі ж у вас ёсць поліс добраахвотнага медыцынскага/турыстычнага страхавання, для атрымання медыцынскіх паслуг неабходна звязацца з кантактным цэнтрам страхавой кампаніі па тэлефонах, што зазначаны ў дамове страхавання.
Карысныя спасылкі:
Старонка грузінскай дзяржаўнай хуткай дапамогі

Чэхія

Экстранная медыцынская дапамога

Пры ўзнікненні сур'ёзных праблем са здароўем, якія пагражаюць жыццю, неабходна выклікаць хуткую дапамогу па нумары 112. Дапамога будзе дадзена нават калі ў чалавека няма медыцынскага страхавання, аднак пасля яму (ёй) давядзецца пакрыць выдаткі.

Выклікаць неадкладную дапамогу ў Чэхіі можна толькі пры ўмове, што пацыент(ка) знаходзіцца ў крытычным стане і не можа дабрацца да пункта дапамогі самастойна, а таксама калі ёсць пагроза жыццю (напрыклад, сур'ёзная траўма, страта прытомнаці ці парушэнне дыхання, атручэнне, інфаркт). За няпрофільныя выклікі пагражае штраф.

У іншых выпадках неабходна прыехаць у пункт неадкладнай дапамогі самастойна. Такія пункты ёсць пры ўсіх буйных лякарнях.
Для атрымання дапамогі звяртайцеся ў адно з дзяжурных аддзяленняў (дарослае, дзіцячае ці стаматалагічнае аддзяленне службы экстраннай медыцынскай дапамогі, траўмапункт). За абслугоўванне ў дзяжурным аддзяленні (pohotovost) трэба заплаціць рэгуляцыйны збор.

Медыцынская страхоўка

Па законе кожны чалавек на тэрыторыі Чэшскай Рэспублікі павінен мець сапраўднае і аплачанае медыцынскае страхаванне.

Іншаземцы ўваходзяць у чэшскую сістэму дзяржаўнага медыцынскага страхавання, калі ў іх ёсць ПМЖ у Чэхіі або калі яны працаўладкаваны ў работадаўцы з месцазнаходжаннем або ПМЖ у Чэхіі. У пэўных выпадках дзяржаўнае медыцынскае страхаванне могуць мець і грамадзяне(кі) ЕС, іх сямей нікі  і іншыя катэгорыі іншаземцаў(ак), напрыклад асобы, якія падалі заяву на даванне прытулку. Усім пералічаным групам медыцынскія паслугі, што пакрываюцца за кошт дзяржаўнага страхавання, даступныя нараўне з грамадзянамі Чэхіі.
Важна: з 1 студзеня 2024 года ўсе дзеці-замежнікі, якія малодшыя за 18 гадоў і маюць  сапраўдны дазвол на доўгатэрміновае знаходжанне, з'яўляюцца ўдзельнікамі дзяржаўнай сістэмы медыцынскага страхавання. Выдаткі на страхаванне аплачваюць бацькі дзіцяці. Падрабязную інфармацыю можна знайсці тут.

Астатнія катэгорыі мігрантаў (індывідуальныя і іншыя прадпрымальнікі, эканамічна неактыўныя чальцы сем'яў іншаземцаў і студэнты) павінны мець платнае медстрахаванне.
У Чэхіі існуе 2 віды камерцыйнага медыцынскага страхавання для замежнікаў(ніц):

  • страхаванне першай неабходнай і неадкладнай медыцынскай дапамогі (турыстычнае страхаванне для іншаземцаў(ак));
  •  комплекснае медыцынскае страхаванне.

У рамках комплекснага медыцынскага страхавання вас прымуць толькі лекары і медыцынскія ўстановы, у якіх падпісана дамова з вашай страхавой кампаніяй. Спіс варта ўдакладніць загадзя. Часам урач можа папрасіць аплаціць яго (яе) паслугі гатоўкай, а ваша страхавая кампанія пасля пакрые вашы выдаткі. Для гэтага вам спатрэбіцца квітанцыя аб аплаце.

Планавая медыцынская дапамога

Для атрымання планавай медыцынскай дапамогі неабходна зарэгістравацца ў лекара-тэрапеўта(кі). Тэрапеўт(ка) можа выпісаць вам накіраванне да лекараў-адымыслоўцаў (неўролага, уролага і інш.). Да некаторых адмыслоўцаў вы можаце звяртацца без накіравання, а менавіта: да стаматолага, гінеколага, дэрматолага, лора альбо акуліста.

Карысныя спасылкі:
Nzip.cz — карта для пошуку медыцынскіх устаноў.
Спіс зубных лекараў у Чэхіі — дастаткова пазначыць сваю страхавую кампанію і напісаць горад.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...