У гэтым артыкуле чытайце:
- алгарытм дзеянняў пры страце (крадзяжы) пашпарта;
- што рабіць, калі немагчыма атрымаць новы беларускі пашпарт?
Алгарытм дзеянняў пры страце (крадзяжы) пашпарта
1) Атрымаць даведку аб страце. Як толькі было выяўлена знікненне пашпарта, трэба неадкладна звярнуцца ў паліцыю з заявай аб гэтым.
У заяве важна прывесці ўсе акалічнасці здарэння. Калі ёсць падставы лічыць, што пашпарт скрадзены, абавязкова паведаміце пра гэта.
Вядома, каб дакладна і поўна вытлумачыць сітуацыю, трэба ведаць мову, хаця б англійскую. Калі з гэтым праблемы, паспрабуйце ўзяць з сабой каго-небудзь, хто дапаможа з пераводам. Самы крайні варыянт – праграма-перакладчык.
Паліцыя складзе пратакол і, пасля выканання неабходных фармальнасцяў, выдасць вам даведку аб страце дакумента.
2) Знайсці беларускае пасольства ў краіне знаходжання. Атрымаўшы даведку аб страце пашпарта, трэба звярнуцца ў пасольства (консульства) Рэспублікі Беларусь, каб атрымаць пасведчанне на вяртанне. Яно заменіць пашпарт на ўвесь час знаходжання ў замежнай краіне.
Спіс беларускіх дыпмісій можна знайсці па гэтай спасылцы. У вакенцах трэба выбраць рэгіён, краіну знаходжання і націснуць кнопку «Перайсці». Пры пераходзе адкрыецца старонка патрэбнай амбасады, і на ёй можна знайсці кантакты, у т.л. праз кнопку "Аказанне консульскай дапамогі пры экстрэмальных сітуацыях" (страта пашпарта з'яўляецца менавіта такой).
Увага! Акрамя пасольства ў краіне можа быць консульская ўстанова, і нават не адна. Яны размяшчаюцца ў буйных гарадах і турыстычных цэнтрах.
Калі ў краіне знаходжання няма прадстаўніцтва Беларусі, то давядзецца звярнуцца ў пасольства ў адной з краін, што знаходзяцца паблізу. У выпадку калі і гэта немагчыма ці занадта цяжка, можна звярнуцца ў амбасаду Расіі – адтуль перашлюць вашыя дакументы ў бліжэйшую беларускую дыпмісію. Са спісам расійскіх пасольстваў можна азнаёміцца на Консульскім інфармацыйным партале (у вакенцы трэба пачаць набіраць назву краіны).
У крайнім выпадку можна звярнуцца ў МЗС Беларусі – кантакты тут.
3) Падрыхтаваць неабходныя дакументы. Асноўны іх спіс змяшчае:
- заяву аб выдачы пасведчання на вяртанне ў Беларусь і заяву з указаннем абставін страты пашпарта. Звычайна іх формы можна атрымаць непасрэдна ў пасольстве;
- дзве каляровыя фатаграфіі памерам 40х50 мм, якія адпавядаюць узросту заяўніцы(ка) (адным лістом). Пажадана пры гэтым на адвароце напісаць сваё прозвішча на рускай ці беларускай мове;
- даведку з паліцыі аб страце пашпарта.
- Для дзетак да 14 гадоў неабходна падаць дакумент, які сведчыць асобу іх законнага прадстаўніка (пры яго наяўнасці). Калі непаўналетняя(ні) нарадзілася(ўся) за межамі Беларусі і ўпершыню ўязджае ў рэспубліку, таксама спатрэбіцца пасведчанне аб яе (яго) нараджэнні з перакладам на беларускую (рускую) мову і адзнакай аб легалізацыі (апастылем).
Акрамя таго, пажадана мець копіі (ксераксы, сканы) любых дакументаў, што могуць дапамагчы засведчыць вашу асобу і грамадзянства (пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карты, вадзіцельскага пасведчання, студэнцкага білета і да т.п.).
Увага! У сувязі з тым, што ў розных дыпмісіях працэдура афармлення можа трошкі адрознівацца, перад наведваннем няблага ўдакладніць, якія дакументы неабходна мець пры сабе.
4) Аплаціць консульскі збор. Яго памер зараз складае 20 еўра. Дзецям да 14 гадоў пасведчанне на вяртанне выдаецца бясплатна.
Калі вам прыйшлося дзейнічаць праз пасольства Расіі, дадаткова давядзецца аплаціць перасылку дакументаў.
Некаторыя дыпмісіі (напрыклад, у Францыі) патрабуюць выключна безнаяўную аплату картай ці пераводам. Пры гэтым консульскія дзеянні здзяйсняюцца толькі пасля паступлення грошай на рахунак. Гэты момант таксама варта ўдакладніць перад візітам у пасольства.
5) Прыйсці ў пасольства. Як правила, запісвацца на прыём не трэба, бо страта пашпарта лічыцца экстранай сітуацыяй. Але ёсць і выключэнні. Таму рэкамендуецца перш, чым ісці ў пасольства, удакладніць працэдуру.
Зазвычай дыпмісіі прымаюць у першай палове дня, але для тэрміновых пытанняў можа быць зроблена выключэнне.
Увага! Прыбыць у пасольства неабходна асабіста.
6) Атрымаць пасведчанне на вяртанне. Яно можа быць выдадзена ўжо ў дзень звароту. Аднак пры адсутнасці дакументаў, з дапамогай якіх можна ідэнтыфікаваць асобу, спатрэбіцца працэдура засведчання. Для гэтага можна:
- прывесці з сабой двух грамадзян Беларусі з пашпартамі, якія пацвердзяць вашу асобу (лепш за ўсё сваякоў ці сяброў);
- папрасіць каго-небудзь з блізкіх, што знаходзяцца ў Беларусі, даслаць вам дакументы для сведчання (пажадана экспрэс-поштай).
Калі гэта зрабіць не атрымалася, вам давядзецца пачакаць, пакуль пасольства зробіць запыт у органы ўнутраных спраў па вашым месцы жыхарства. Але ў гэтым выпадку выдача пасведчання на вяртанне можа зацягнуцца. Адзначым, што афіцыйна максімальны тэрмін разгляду дакументаў – 1 месяц з дня падачы заявы.
Тэрмін дзеяння пасведчання на вяртанне вызначаецца індывідуальна зыходзячы з часу, неабходнага для выезду ў Беларусь, але не больш за 6 месяцаў. Выдаецца яно для аднаразовага ўезду ў рэспубліку. Такім чынам, вы зможаце пакінуць краіну знаходжання. Страчаны пашпарт пры гэтым будзе лічыцца несапраўдным.
Выехаць з Беларусі па пасведчанні на вяртанне нельга.
7) Звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Па прыездзе дадому неабходна цягам месяца здаць у дадзенае падраздзяленне пасведчанне на вяртанне і падаць дакументы для атрымання новага пашпарта.
Што рабіць, калі немагчыма атрымаць новы беларускі пашпарт?
Як вядома, зараз беларускія пашпарты выдаюцца толькі на тэрыторыі рэспублікі. Але многім беларус(к)ам небяспечна вяртацца на радзіму з-за пагрозы палітычнага пераследу.
У гэтым выпадку для далейшага пражывання за мяжой варта паспрабаваць атрымаць пасведчанне замежніка. Таксама некаторыя краіны прызнаюць для пацярпелых ад рэпрэсій і пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.
На гэтай старонцы маецца спіс дзяржаў, якія прапануюць праграмы па прысваенні статусу рэзідэнта для замежнікаў. Націснуўшы на назву краіны, вы атрымаеце дэталёвую інструкцыю пра тое, як падаць запыт на атрыманне пашпарта ў ёй.
Калі краіны вашага побыту ў спісе няма, а таксама калі ёсць іншыя праблемы з атрыманнем пашпарта, звярніцеся ў народную амбасаду Беларусі. Іх спіс можна знайсці тут.
Агульныя звесткі па пытанні коратка выкладзены ў інфармацыйным лістку.
Нарматыўна-прававая база:
- пп. 35, 36, 40 і 41 Палажэння аб дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і (або) уезду ў Рэспубліку Беларусь, п. 26 Палажэння аб біяметрычных дакументах для выезду з Рэспублікі Беларусь і (або) уезду ў Рэспубліку Беларусь, зацверджаных Указам ад 03.06.2008 г. № 294;
- пп. 11.1, 11.3 і 11.8 Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам ад 26.04.2010 г. № 200;
- п. 5 дадатку 12 да Падатковага кодэкса;
- п. 3 Указа ад 04.09.2023 г. № 278 "Аб парадку выдачы дакументаў і ўчынення дзеянняў".
Чытайце таксама:
- Як пасля вызвалення аднавіць дакументы, зрабіць іх пераклад, паставіць апастыль?
- Хто можа разлічваць на атрыманне міжнароднай абароны? Якія дакументы падрыхтаваць, знаходзячыся ў Беларусі?
- Як звязацца з праваабарончай арганізацыяй?