Праца для падлеткаў у Беларусі: што важна ведаць?

rabota-dlya-podrosptkov-belarusi.jpg
У гэтым артыкуле чытайце:

Ці здольныя падлеткі афіцыйна ўладкавацца на працу?

У Беларусі афіцыйнае працаўладкаванне непаўналетніх дазваляецца з 16 гадоў. Аднак ёсць магчымасць пачаць падзарабляць і раней: падлеткі з 14 гадоў могуць працаваць у вольны ад вучобы час, але толькі з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў.

Натарыяльнага сведчання згоды на працаўладкаванне непаўналетніх заканадаўствам не прадугледжана.

Усе асобы ва ўзросце да 18 гадоў прымаюцца на працу толькі пасля папярэдняга медыцынскага агляду (ч. 1 ст. 275 ПК). Калі работа супрацьпаказана па стане здароўя, у заключэнні дагавора адмовяць (ч. 2 арт. 26 ПК).

Пасля заключэння працоўнай дамовы падлетак павінен(на) быць азнаёмлены(на) пад подпіс з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, інструкцыяй па ахове працы, службовай інструкцыяй, калектыўнай дамовай, палажэннем аб аплаце працы і іншымі лакальнымі прававымі актамі, што дзейнічаюць у наймальніка.
Важна: непаўналетніх нельга прымаць на працу па сумяшчальніцтве, а таксама ім нельга прызначаць выпрабавальны тэрмін.

Дзе падлеткі могуць знайсці працу?

Акрамя пошуку вакансій у інтэрнэце, падлеткі могуць звяртацца ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў у сваім раённым, гарадскім населеным пункце.

Спіс арганізацый, якія гатовы прыняць на працу моладзь, штомесяц абнаўляецца і публікуецца на партале службы занятасці. Тамака можна знайсці актуальныя прапановы і кантакты наймальнікаў па ўсёй Беларусі.

Дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы ва ўзросце да 21 года, што ўпершыню шукаюць работу, маюць броню, якая ўстанаўліваецца для наймальнікаў органамі дзяржкіравання.

Патрабаванні да работы і працоўныя правы падлеткаў

Абмежаванні

Для непаўналетніх існуюць абмежаванні па працягласці працоўнага часу. Гэтыя нормы залежаць ад узросту падлетка і перыяду занятасці (навучальны час ці вакацыі).
Цягам навучальнага года:

  • моладзь ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў мае права працаваць не больш за 2 гадзіны 18 хвілін у дзень;
  • ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў – не больш за 3,5 гадзіны ў дзень.

Падчас летніх вакацый:

  • падлеткі 14–16 гадоў могуць працаваць не больш за 4 гадзіны 36 хвілін у дзень;
  • моладзь 16–18 гадоў – не больш за 7 гадзін у дзень.

Варта зазначыць, што падлеткі 14–16 гадоў маюць шэраг абмежаванняў па працы, а менавіта: яны могуць выконваць толькі лёгкія віды работ са спецыяльнага пераліку, а таксама іх нельга прыцягваць да работы ў выхадныя і святочныя дні, звышурочна і ў начны час.

Калі чалавеку не споўнілася 18 гадоў, наймальнік(ца) не мае права прыцягваць яго (яе) да цяжкіх, падземных і горных работ, да дзейнасці, якая звязана са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы.
Неабходна таксама ўлічваць нормы максімальна дапушчальных велічынь падымання і перамяшчэння цяжараў уручную падлеткамі ад 14 да 18 гадоў.

Дакументы

Для працаўладкавання падлетка ў абавязковым парадку неабходна падаць, у тым ліку:

  • пашпарт;
  • страхавое пасведчанне – за выключэннем асоб, якія ўпершыню паступаюць на працу;
  • працоўную кніжку – за выключэннем тых, хто ўпершыню паступае на працу;
  • дакумент з установы адукацыі;
  • дакументы воінскага ўліку (для ваеннаабавязаных і асоб, якія падлягаюць прызыву на воінскую службу)
  • заключэнне папярэдняга медыцынскага агляду.

Для працаўладкавання падлеткам ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў неабходна прынесці пісьмовую згоду аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў).

Працоўная кніжка выдаецца работніку(цы) пры ўмове, што ён (яна) адпрацаваў 5 і больш працоўных дзён.

Зарплата

Падлеткі павінны атрымліваць такую ​​ж аплату за адпрацаваныя гадзіны, як і паўналетнія работнікі тых жа катэгорый. Аднак розніца ў зарплаце непазбежная, паколькі падлеткі працуюць скарочаны дзень, а іх паўналетнія калегі (калежанкі) могуць працаваць поўны дзень.

Аплата працы падлеткаў, што атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, якія працуюць у вольны ад вучобы час, налічваецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу або ў залежнасці ад выпрацоўкі.

Згодна з Працоўным кодэксам наймальнікі(цы) могуць рабіць даплаты да заработнай платы падлеткаў.

Адпачынак

Працягласць працоўнага адпачынку непаўналетніх работнікаў(ц) складае 30 каляндарных дзён. Водпуск даецца ў летні альбо любы іншы час па жаданні падлетка.

Адпачынкі даюцца непаўналетнім штогод у поўным аб'ёме без пераносаў на наступны працоўны год. Пры датэрміновым даванні працягласць працоўнага водпуску не змяншаецца, г.зн. ён будез дадзены поўнасцю, а не прапарцыянальна адпрацаванаму часу.

Важна ўлічваць некаторыя асаблівасці разліку даўжыні адпачынку ў тым выпадку, калі падлетак дасягае паўналецця на працягу працоўнага года. У такім выпадку:

  • за час, што быў адпрацаваны да спаўнення 18 гадоў, даўжыня водпуску разлічваецца зыходзячы з 30 каляндарных дзён;
  • за астатні час працоўнага года пасля спаўнення 18 гадоў даўжыня адпачынку разлічваецца зыходзячы з даўжыні асноўнага водпуску, якая была устаноўлена згодна з выкананай работай.

Звальненне

Пры скасаванні працоўнай дамовы з непаўналетнімі па ініцыятыве наймальніка(цы) для падлетка прадугледжаны пэўныя гарантыі.
Важна: нягледзячы на ​​ўзрост, падлеткаў могуць звольніць за прагулы ці з'яўленне на працы ў нецвярозым стане.

Што рабіць, калі вашыя працоўныя правы парушаюцца?

Звярніцеся па юрыдычную кансультацыю:

Таксама можна патэлефанаваць на гарачую лінію Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Мінпрацы па нумары 8-017-306-41-23.

Карысныя спасылкі:
Вакансіі для падлеткаў на сайце praca.by;
Вакансіі для падлеткаў на сайце belmeta.com;
Вакансіі на сайце службы занятасці;
Спіс лёгкіх відаў работ шукайце па спасылцы;
Патрабаванні аховы працы пры падыманні і перамяшчэнні цяжараў уручную;
Пералік работ, якімі могуць займацца маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. 

Нарматыўна-прававая база:

  • арт. 21, 53, 114, 272–279 і 348 Працоўнага кодэкса РБ;
  • пастанова Мінпрацы РБ ад 18 снежня 1997 г. № 116;
  • пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 чэрвеня 2010 г. № 958;
  • пастанова Савета Міністраў РБ ад 24 студзеня 2008 г. № 100;
  • пастанова Мінпрацы і сацабароны РБ ад 27 чэрвеня 2013 г. № 67;
  • пастанова Мінпрацы і сацабароны РБ ад 12 снежня 2005 г. № 173;
  • Максімальныя нормы падымання і перамяшчэння непаўналетнімі цяжараў уручную;
  • ч. 1 арт. 11 Закона ад 15 чэрвеня 2006 г. № 125-З "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь".

 Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...