Савет ЕС 29 чэрвеня прыняў рашэнне аб зраўноўванні санкцый: цяпер абмежаванні, што былі ўведзены супраць Расіі, будуць распаўсюджвацца і на Беларусь. У сувязі з гэтым Літва, Латвія, Эстонія і Польшча ўсталёўваюць новыя абмежаванні на ўезд аўтамабіляў з Беларусі.
У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Абмежаванне на ўезд беларускіх аўтамабіляў у Літву
- Абмежаванне на ўезд беларускіх аўтамабіляў у Латвію
- Абмежаванне на ўезд беларускіх аўтамабіляў у Эстонію
- Абмежаванне на ўезд беларускіх аўтамабіляў у Польшчу, калі ў машыне няма ўладальніка
- Забарона на ўвоз тавараў у Беларусь з Польшчы
- Як цяпер беларус(к)ам уехаць у краіны Еўрапейскага саюза?
Літва
З 18 ліпеня Літва забараніла ўезд на тэрыторыю ЕС аўтамабіляў, якія зарэгістраваны ў Беларусі. Забарона распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі на беларускіх нумарах незалежна ад грамадзянства іх уладальніка ці кіроўцы. Выключэнне складуць машыны, што выкарыстоўваюцца дыпміссіямі.
Аднак Літва ўводзіць пераходны перыяд: з 18 ліпеня па 18 жніўня аўтамабілі, якія зарэгістраваны ў Беларусі, могуць уязджаць у краіну, калі яны не прызначаны для продажу і належаць грамадзян(к)ам Беларусі з сапраўднай візай альбо літоўскім відам на жыхарства (часовым ці пастаянным). Аднак кіраваць аўтамабілем павінен яго ўласнік(ца).
Пераходны перыяд не распаўсюджваецца на легкавыя аўто, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах. Ім уезд у ЕС праз літоўскую мяжу забаронены з 18 ліпеня.
Калі вы жывяце ў Літве, аўтамабільныя нумары давядзецца перарэгістраваць
Легкавыя аўтамабілі з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі, якія зараз знаходзяцца ў Літве, павінны да 18 студзеня 2025 года пакінуць краіну ці быць перарэгістраваны. Да гэтай даты іх прысутнасць тэрыторыі Літвы яшчэ магчымая. У тых, хто працягне кіраваць аўто з беларускімі нумарамі пасля пазначанага тэрміну, машыну могуць канфіскаваць, а іх кіроўцаў аштрафаваць у адпаведнасці з артыкулам 515 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Літоўскай Рэспублікі.
Латвія
З 16 ліпеня Латвія забараніла ўезд легкавых аўто на беларускіх нумарах праз латвійска-беларускі і латвійска-расійскі памежныя пераходы. Выключэнне складаюць машыны, якія выкарыстоўваюцца дыппрадстаўніцтвамі.
Латвія не ўвяла пераходны перыяд, забарона на ўезд ужо дзейнічае.
У выпадку, калі кіроўца аўтамабіля рызыкне праехаць праз латвійскі пункт пропуску, яго завярнуць. Калі ж ён адмовіцца вяртацца ў Беларусь, машыну могуць канфіскаваць.
Абмежаванні датычацца толькі перасячэння мяжы. Адносна аўтамабіляў на беларускіх нумарах, што знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, рашэння пакуль няма. Яно з'явіцца пасля прыняцця новага законапраекта.
Чакаецца, што ўзмацненню абмежаванняў будзе папярэднічаць пераходны перыяд – па прагнозах ён зойме каля трох месяцаў. За гэты час уладальнікі машын на беларускіх знаках павінны будуць перарэгістраваць аўтамабіль у Латвіі ці вывезці яго з тэрыторыі краіны.
Пасля заканчэння пераходнага перыяду не выключаецца канфіскацыя тых транспартных сродкаў, эксплуатацыя якіх на тэрыторыі краіны не будзе спынена.
Эстонія
Эстонія забараніла ўезд аўтамабілям з беларускімі нумарамі на тэрыторыю краіны. Пры гэтым забарона распаўсюджваецца на ўсіх, незалежна ад прычын знаходжання ўладальніка ў краіне ці ў Еўрапейскім саюзе.
У некаторых выпадках Эстонія можа зрабіць выключэнне па гуманітарных меркаваннях і для аўтамабіляў з дыпламатычнымі нумарамі.
У Эстоніі ў кіроўцаў аўто з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі ёсць ад 5 дзён да 12 месяцаў (у залежнасці ад сітуацыі), каб перарэгістраваць транспартныя сродкі. Акрамя таго, на працягу 6 месяцаў аўтаўладальнікі павінны задэклараваць машыны на мытні, заплаціць падаткі на імпарт або падаць заяўку на вызваленне ад падаткаў.
Польшча
З 10 ліпеня польская мытня перастала ўпускаць у краіну аўтамабілі на беларускіх нумарах, калі ў салоне няма ўладальніка(цы). Пры гэтым аформленыя генеральныя даверанасці не прымаюцца – уладальнік павінен знаходзіцца ў аўто (ці за рулём, ці ў салоне). Тое ж датычыцца транспартных сродкаў, якія аформлены на юрыдычную асобу.
Апрача таго, з 10 ліпеня не прапускаюць і тых, хто вязе ў краіну моцныя напоі і тытунёвую прадукцыю (цыгарэты, вэйпы і да т.п.).
Польшча пакуль не заяўляла пра неабходнасць перарэгістрацыі аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, якія ўжо знаходзяцца ў краіне.
Забарона на ўвоз тавараў у Беларусь
З 4 ліпеня Польшча ўвяла забарону на ўвоз у Беларусь больш як за 400 катэгорый тавараў. Новаўвядзенне таксама звязана з ураўнаваннем санкцый. Пад забарону патрапілі смартфоны, ноўтбукі, бытавая тэхніка, запчасткі для аўто, некаторыя тавары для хаты і нават пэўныя катэгорыі прадуктаў. Поўны спіс тут.
Аўтамабілі з гэтымі таварамі не прапускаюць праз мяжу і адпраўляюць "на разварот".
Забарона будзе дзейнічаць да рашэння ЕС аб яе адмене.
Важна: новаўвядзенні датычацца толькі новых тавараў, якія вы купляеце ў краме. Калі вы едзеце са сваімі асабістымі рэчамі – напрыклад, з ноўтбукам ці смартфонам, – прычапіцца да вас ніяк не могуць. Тое ўстаноўлена нарматыўным дакументом, гэтую ж інфармацыю пацвярджаюць у тэматычных чатах па перасячэнні мяжы.
Як цяпер беларус(к)ам уехаць у краіны Еўрапейскага саюза?
Абмежаванні краін ЕС не датычацца рэйсавых і турыстычных аўтобусаў, а таксама маршрутных таксі на беларускіх нумарах. Яны па-ранейшаму могуць перасякаць мяжу ЕС.
У адрозненне ад краін Балтыі, Польшча не ўвяла абмежаванні для ўсіх транспартных сродкаў на беларускіх нумарах, таму ўехаць на сваім асабістым аўто (альбо з ягоным уладальнікам у салоне) па-ранейшаму можна праз беларуска-польскі ПП “Брэст-Тэрэспаль”.
У перыяд з 18 ліпеня па 18 жніўня аўтамабіль з беларускімі нумарамі можа ўехаць у Літву пры ўмове, што ім кіруе ўласнік(ца), які (якая) мае сапраўдную літоўскую візу або ВНЖ.
Чытайце таксама: