У гэтым артыкуле чытайце:
Як вядома, еўрапейская вышэйшая школа заснавана на прынцыпах Балонскага працэсу, што дазваляе уніфікаваць узроўні адукацыі ў краінах, якія далучыліся да яго. Такая сістэма дае значную свабоду ў выбары навучальных праграм – у прыватнасці, можна падаваць дакументы адразу на некалькі з іх (у адной або розных ВНУ).
Адпаведна, і спіс дакументаў для паступлення ў цэлым падобны. Але ўсё ж з-за спецыфікі нацыянальных заканадаўстваў, палітыкі ўстаноў адукацыі мажлівы адрозненні. Таму непасрэдна перад падачай трэба ўдакладніць, ці ўсе дакументы вы сабралі. Гэта можна зрабіць на сайце ўніверсітэта, альбо па электроннай пошце, альбо па тэлефоне.
Дадзены артыкул дапаможа вам яшчэ да выбару канкрэтнай ВНУ і ступені адукацыі (на бакалаўра або магістра) пачаць збіраць неабходныя дакументы, а таксама падрыхтавацца да магчымых нечаканасцяў.
Дакументы ў бакалаўрыят
Амаль дакладна вам спатрэбяцца:
- заява аб залічэнні (форму можна будзе спампаваць з сайта універсітэта, іншы раз для гэтага патрэбна рэгістрацыя);
- атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі (яго копія) з засведчаным перакладам альбо апастылем (усе старонкі!);
- сертыфікаты цэнтральнага экзамену і цэнтральнага тэсціравання (іх копіі) з засведчаным перакладам ці апастылем;
- засведчанная копія пасведчання асобы;
- пацвярджэнне ўзроўню ведання мовы (нацыянальнай або англійскай);
- медыцынская страхоўка;
- матывацыйны ліст (эсэ);
- фота пашпартнага тыпу.
Увага! Таксама рэкамендуецца даслаць сведчанні дасягненняў у галіне, што была абрана для вучобы: дыпломы пераможцаў алімпіяд, сертыфікаты аб сканчэнні дадатковых курсаў, вынікі іспытаў у беларускай ВНУ (калі паступалі альбо вучыліся) і г.д. Гэтыя дакументы таксама неабходна перавесці з натарыяльным сведчаннем ці паставіць на іх апастыль.
Дадаткова могуць папрасіць:
- квітанцыю аб аплаце рэгістрацыйнага збору;
- рэкамендацыйныя лісты;
- выпіс з банкаўскага рахунку, які пацвярджае плацежаздольнасць, ці квітанцыю аб аплаце навучання;
- даверанасць на падачу дакументаў (у выпадку, калі яны перадаюцца ад імя абітурыента іншай асобай);
- запрашальны ліст на здачу ўступнага іспыту (прыйдзе па пошце);
- згоду на праходжанне навучання непаўналетнім абітурыентам ад яго законных прадстаўнікоў;
- розныя ўнутраныя заявы для ВНУ: на выдачу студэнцкага білета (з пацвярджэннем аплаты), аб азнаямленні з памерам платы за адукацыйныя паслугі і да т.п.
Дакументы ў магістратуру
Для паступлення на 2-ю ступень па Балонскай сістэме звычайна патрабуюцца:
- дыплом бакалаўра (універсітэцкага ўзроўню) альбо эквівалентны дакумент, пажадана ў адпаведнай галіне, – пры неабходнасці з засведчанным перакладам на нацыянальную ці англійскую мову;
- транскрыпт акадэмічнай паспяховасці на 1-й ступені (таксама пры неабходнасці з перакладам);
- справаздачы аб выніках экзаменаў (тэстаў) па пройдзеных праграмах;
- пасведчанне асобы;
- моўны сертыфікат;
- матывацыйны ліст (заява);
- фота пашпартнага тыпу.
Таксама могуць прыдацца рэкамендацыі ад выкладчыкаў.
Некаторыя нюансы падачы дакументаў
Спосабы падачы. Яны таксама могуць адрознівацца. Многія ВНУ маюць сістэму анлайн-рэгістрацыі заяў. У ёй ствараецца акаўнт, з дапамогай якога і здзяйсняюцца ўсе дзеянні. Адпаведна, дакументы трэба адсканіраваць і далучыць у электронным выглядзе. Шматстаронкавы дакумент могуць пры гэтым папрасіць звесці ў адзін PDF-файл.
У Польшчы рашэнне аб стварэнні анлайн-рэгістрацыі было прынята цэнтралізавана, і цяпер усе ВНУ прымаюць дакументы такім чынам (праз IRK – Internetowa Rekrutacja Kandydatów).
У асобных выпадках пры падачы дакументаў патрабуецца асабістая прысутнасць. Калі няма візы, можна для гэтага напісаць даверанасць.
Атэстаты. Акрамя атэстата аб сярэдняй адукацыі ў пераважнай большасці выпадкаў універсітэт патрабуе акадэмічную выпіску – табель (ліст) адзнак па прадметах. У Беларусі адзнакі выстаўляюцца непасрэдна ў атэстаце, таму мы не ўключылі такі дакумент у асноўны пералік. Аднак, магчыма, вы скончылі школу ў іншай краіне – тады гэты нюанс варта прыняць пад увагу і загадзя паклапаціцца пра засведчаны пераклад (апастыль).
Для дакументаў на англійскай мове ў большасці краін перакладу не патрабуецца.
У некаторых краінах неабходна прайсці працэдуру прызнання адукацыі. Напрыклад, у Літве атэстат трэба праверыць у Цэнтры ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі. У Польшчы прызнаюцца беларускія дыпломы, але трэба раздрукаваць сертыфікат адпаведнасці з сістэмы Kwalifikator. Калі ж дакумент не ўключаны ў цэнтралізаваную сістэму – ці такой у краіне навучання папросту няма, – можа спатрэбіцца пацвярджэнне ўзроўню адукацыі з навучальнай установы, якая выдала атэстат.
Калі абітурыент(ка) яшчэ вучыцца і не паспявае атрымаць атэстат да заканчэння тэрміну падачы, прыёмная камісія можа дазволіць яму (ёй) даслаць апошнюю выпіску з акадэмічнай паспяховасці і даведку з указаннем даты атрымання дакумента аб заканчэнні школы. Такім чынам дзейнічаюць і пры паступленні ў магістратуру, калі пакуль няма дыплома бакалаўра.
Сертыфікат ЦТ. У многіх еўрапейскіх дзяржавах ёсць сістэмы – аналагі беларускага цэнтралізаванага тэсціравання. Да прыкладу, у Польшчы, у Расіі балы ЦТ пералічваюцца ў балы нацыянальнай сістэмы, якія ўлічваюцца пры паступленні.
Моўны сертыфікат. Цалкам магчыма, што ўніверсітэт прымае сертыфікаты толькі пэўных тэстаў (напрыклад, у вас ёсць IELTS, а патрабуецца TOEFL) – варта гэты момант удакладніць.
Калі англійская была мовай навучання ў школе, бакалаўрыяце і да т.п., абітурыент(ка) вызваляецца ад неабходнасці падаваць вынікі моўнага тэсту. Адзначым пры тым, што многія магістарскія праграмы выкладаюцца на англійскай, а не нацыянальнай мове ВНУ.
У краінах СНД, Балтыі, у Польшчы можна знайсці праграмы вышэйшай адукацыі на рускай. Беларускі(ы) ў такім выпадку лічацца носьбіткамі(амі) мовы, і сертыфікаты ад іх не патрабуюцца.
Практычна ўсе ўніверсітэты праводзяць падрыхтоўчыя курсы, у т.л. па мове. Пры вучобе на іх дазваляецца не ўключаць моўны сертыфікат у пакет дакументаў пры паступленні, але пры залічэнні ён ужо прыдасцца абавязкова.
Матывацыйны ліст. Можа быць у свабоднай форме (эсэ) альбо ў выглядзе інтэрв'ю.
Гэты дакумент дастаткова важны для ацэнкі патэнцыйнай(ага) студэнткі(а), таму варта паставіцца да яго напісання сур'ёзна. У адкрытым доступе ёсць мноства парад па стварэнні матывацыйных лістоў, у т.л. з прыкладамі. Непажадана карыстацца спампаванымі, шаблоннымі варыянтамі – азнаёмцеся з агульнымі рэкамендацыямі па напісанні і стварыце свой уласны, унікальны ліст, у якім будзе гаварыцца менавіта пра вашыя дасягненні у абранай сферы.
Квітанцыя аб аплаце рэгістрацыйнага збору. Працэдуру падачы дакументаў хутчэй за ўсё давядзецца аплаціць. У большасці еўрапейскіх ВНУ гэта каштуе 100 еўра.
Чытайце таксама:
- Дакументы і тэрміны. Што важна ведаць пра уступную кампанію ў Беларусі?
- Як вырашыць праблему з атрыманнем адукацыі пасля вызвалення?
- Як пасля вызвалення аднавіць дакументы, зрабіць іх пераклад, паставіць апастыль?