Накапляльная пенсія ў Беларусі: як гэта працуе і якія гарантыі?

pensiya.jpg
У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Як накопліваецца дзяржаўная пенсія?

Дзяржаўная пенсія залежыць ад вашага працоўнага стажу, заслуг, ступені страты працаздольнасці, наяўнасці іншых крыніц даходу. У абавязковым пенсіённым страхаванні ўдзельнічае ўсё працоўнае насельніцтва. І выглядае гэта так: вы працуеце і, адпаведна, застрахаваныя ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. У бюджэт фонду штомесяц уносіцца сума ў памеры 35% вашай заработнай платы ( з іх 29% – на пенсіённае, 6% – на сацыяльнае страхаванне) . Гэтая сума фарміруецца так: 1% выплачваецца з вашай заработнай платы, астатняе адлічвае работадаўца з фонду аплаты працы арганізацыі.

Гэтая сістэма салідарная, то бок сродкі, якія адлічваюцца ў ФСАН, не назапашваюцца ў яго бюджэце, а размяркоўваюцца на выплаты тым, хто ўжо дасягнуў пенсіённага ўзросту.

Добраахвотнае накапляльнае пенсіённае страхаванне: як працуе?

Накапляльная пенсія працуе інакш і дае магчымасць самастойна павялічыць свае пенсіённыя выплаты. Выглядае гэта так: чалавек падпісвае дамову са страхавой арганізацыяй і пачынае рабіць адлічэнні ў дадатак да абавязковага 1% узносу на працоўную пенсію. Памер дадатковага адлічэння ў працэнтах ад фактычнай заработнай платы ён выбірае сам. Аднак максімальны памер узносу не можа перавышаць 10%.

Калі супрацоўнік(ца) вырашыў(ла) ўдзельнічаць у такой пенсіённай праграме, то да гэтага падключаецца і наймальнік(ніца), які (якая) таксама будзе плаціць ўзнос у памеры адлічэння работніка(цы), але не больш за 3%.

Удзельнічаць у новай сістэме страхавання могуць усе працоўные грамадзяне, якім да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту застаецца не менш як 3 гады.

Як выплачваецца накапляльная пенсія?

Пасля дасягнення пенсiйнага ўзросту з пазбіраных узносаў i даходаў ад iх інвесціравання выплачваецца дадатковая пенсiя. Тэрмін яе выплаты – 5 ці 10 гадоў (на выбар).

Такім чынам, памер штомесячнай выплаты залежыць не толькі ад аб'ёму зберажэнняў, але і ад перыяду, на працягу якога будзе выплачвацца пенсія. Пры гэтым выплаты размяркоўваюцца так, каб да завяршэння тэрміну ўсе зберажэнні былі цалкам вычарпаныя.

Ці гарантуецца выплата накапляльнай пенсіі?

Дзяржава забяспечвае вяртанне назапашаных сродкаў некалькімі спосабамі. Грошы страхоўшчыкаў размяшчаюцца ў дзяржаўных банках і каштоўных паперах Міністэрства фінансаў і Банка развіцця. Калі страхавыя дамовы заключаны з дзяржаўнымі страхавымі кампаніямі, выплаты гарантуюцца.

Для абароны грамадзян ад магчымага невыканання абавязацельстваў страхавымі кампаніямі ствараюцца гарантыйныя фонды. Гэтыя фонды пералічваюцца ў рэспубліканскі бюджэт і могуць быць выкарыстаны, калі страхоўшчык не можа выканаць свае абавязацельствы.

Пры скасаванні дамовы дадатковага накапляльнага пенсіённага страхавання ў выпадку смерці або інваліднасці выплачваецца сума, якая фактычна роўная выплачаным страхавым узносам за вылікам расходаў на вядзенне справы і з улікам даходу (норма даходнасці і страхавы бонус).

Ці можна скасаваць дамову, забраць грошы раней надыходу пенсіённага ўзросту?

Калі спыніць выплату страхавога ўзносу, то сабраная да гэтага перыяду сума замарожваецца. Пры гэтым на яе працягваюць налічвацца даходнасць і бонус. Аднак атрымаць грошы можна толькі пасля наступлення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту.

Ёсць магчымасць на час прыпыніць, а затым аднавіць выплату ўзносаў, калі падаць пісьмовую заяву ў страхавую кампанію. Копію ўжо ўхваленай заявы таксама неабходна на працягу 5 дзён перадаць вашаму работадаўцу. Варта адзначыць, што прыпыненне або аднаўленне адлічэнняў прадугледжана з 1 чысла наступнага месяца.

У выпадку датэрміновага выхаду на пенсію ці можа грамадзянін скарыстацца зберажэннямі?

Выплата ажыццяўляецца толькі пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту. Забраць грошы раней магчыма толькі ў выпадку ўстанаўлення інваліднасці I або II групы.

Як аформіць накапляльную пенсію?

Праграма дадатковага накапляльнага пенсіённага страхавання ажыццяўляецца рэспубліканскай страхавой арганізацыяй " Стравіта". Для падпісання дамовы страхавання неабходна наведаць яе офіс або запоўніць заяву аб страхаванні анлайн.

Неабходна будзе прывесці:

  • памер уласных адлічэнняў: ад 1 да 10% ад заработнай платы;
  • тэрмін выплаты (атрымання) дадатковай пенсіі: на працягу 5 ці 10 гадоў;
  • інфармацыю пра наймальніка(цу).

Пасля заключэння дамовы неабходна перадаць наймальніку(цы) копіі гэтага дакумента, а таксама напісаць заяву на ўтрыманне страхавога ўзносу з заработнай платы. Далей работадаўца штомесяц пералічвае на рахунак страхавой кампаніі пэўны працэнт згодна з дамоваю.

І тут характэрна, што ініцыятарам падпісання дамовы страхавання можа быць толькі фізічная асоба.

Прыкладны разлік накапляльнай пенсіі

Дапусцім, ваша налічаная заработная плата – 2000 рублёў. Вы вырашылі збіраць на дадатковыя выплаты за 16 гадоў да выхаду на пенсію і плануеце адлічваць страхавы ўзнос у памеры 3%. Тады штомесяц з вашага заробку будзе ўтрымлівацца 60 рублёў (гэта 3% ад 2000 рублёў), яшчэ столькі ж будзе адлічваць работадаўца. Агульны ўзнос складзе 120 рублёў на месяц.

Далей працуе накапляльная пенсіённая праграма, а вы ў гэты перыяд карыстаецеся падатковым вылікам. Сутнасць яго ў тым, што тая частка вашага заробку, якая пакрывае страхавы ўзнос, не абкладаецца падаходным падаткам. То бок калі ваш заробак 2000 рублёў, а ўзнос на пенсію 60 рублёў, то 13% падатку будзе разлічвацца ўжо не з 2000, а з 1940 рублёў.

Калі на дадатковую пенсію адкладаецца 120 рублёў у месяц, і вы пачалі збіраць за 16 гадоў да наступлення пенсіённага ўзросту, агульная сума адлічэнняў складзе больш за 23000 рублёў. Працэнты пры стаўцы рэфінансавання 9,5% павялічаць яе прыкладна да 50000 рублёў.

Адпаведна, у залежнасці ад абранага працягу пенсіі (5 ці 10 гадоў) вы будзеце дадаткова да працоўнай пенсіі па ўзросце штомесяц атрымліваць каля 830 ці 415 рублёў.

Альтэрнатыўныя праграмы накапляльнага пенсіённага страхавання

Апроч дзяржаўнай праграмы накапляльнага пенсіённага страхавання ёсць і прыватныя альтэрнатывы. Сваю праграму "Пенсіённы капітал 367" прапануе кампанія “Прыёрлайф”. Гэтая праграма падобная да дзяржаўнай, пра што сведчыць яе назва, аднак яна мае некаторыя свае перавагі. Напрыклад, можна выбраць накапленні не толькі ў рублях, але і ў замежнай валюце: доларах ці еўра. Праграма таксама дае больш шырокі выбар магчымасцей атрымання сабранай сумы: па сваім жаданні можна выбраць аднаразовую выплату альбо штомесячны плацеж на працягу 3, 5 або 10 гадоў. Таксама ёсць магчымасць забраць назапашаныя сродкі датэрмінова.

Нарматыўна-прававая база:

  • Указ ад 27 верасня 2021 г. № 367 "Аб добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі"

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...