У гэтым артыкуле чытайце:
- спыненне дзейнасці банка;
- прыпыненне аперацый па рахунках;
- арышт грашовых сродкаў;
- замарожванне сродкаў, блакіраванне фінансавых аперацый;
- магчымыя праблемы з замежным рахункам.
Банкі як арганізацыі, якім людзі давяраюць свае зберажэнні, вядома ж берагуць рэпутацыю. Ім вельмі важна гарантаваць вяртанне грашовых сродкаў кліенту(цы). Аднак могуць узнікнуць сітуацыі, калі ўкладчык(ца) губляе магчымасць свабодна карыстацца сваім рахункам. У асноўным гэта не звязана з дзеяннямі непасрэдна банка, хаця здараецца і такое.
Мы сцісла распавядзем, чаму могуць узнікнуць падобныя сітуацыі.
Спыненне дзейнасці банка
Згодна з беларускім заканадаўствам дзяржава гарантуе для фізічных асоб поўную захаванасць грашовых сродкаў у банках рэспублікі. Гэта датычыцца рахункаў і ў рублях, і ў валюце.
У гэтых мэтах было створана Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб. Фінансавыя арганізацыі, якія атрымалі ліцэнзію на прыманне сродкаў ад фізічных асоб, абавязаны ў гэтым агенцтве зарэгістравацца (пералік банкаў можна паглядзець тут).
У выпадку адклікання ў банка такой ліцэнзіі фізічным асобам пакрываецца 100% сумы іх сродкаў незалежна ад колькасці ўкладаў у канкрэтным банку (выключэнне – рахункі, што выкарыстоўваюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі). Уся сума выплачваецца ў валюце рахунку.
Агенцтва на працягу 5 працоўных дзён з даты ўзнікнення ў яго абавязацельства па вяртанні ўкладаў публікуе ў СМІ і размяшчае на сваім сайце інфармацыю пра месца, час і парадак кампенсацыі. Звярнуцца па выплату можна не раней за 14 працоўных дзён з даты гэтай публікацыі (а максімальны тэрмін звароту складае 5 гадоў).
Калі права на кампенсацыю ўкладу пацвярджаецца дагаворам з банкам, заява аб выплаце па форме, якая вызначана агенцтвам, падаецца ў так званы банк-павераны. Ён можа быць зазначаны ў дамове з вашым банкам ці звесткі пра яго мажліва атрымаць у агенцтве. Акрамя заявы з дакументаў патрабуецца толькі пасведчанне асобы.
У некаторых выпадках (напрыклад, калі ліквідаваны банк выплаціў частку сумы, уклад перайшоў у спадчыну і да т.п.) заява падаецца ў агенцтва. Тады акрамя пашпарта прыдасца пацвярджэнне права на выплату.
Уклад кампенсуецца ў агульным выпадку на працягу 7 працоўных дзён з даты падачы заявы.
Такім чынам, калі банк спыніў дзейнасць па прыманні сродкаў фізічных асоб, некаторы час, які спатрэбіцца на пералічаныя дзеянні, распараджацца ўкладзенымі вамі грашыма вы не зможаце. Але пры гэтым вяртанне іх гарантаванае.
Прыпыненне аперацый па рахунках
Прыпыніць аперацыі па рахунку, які быў адкрыты фізічнай асобай, могуць у выпадку нявыплаты ім падатку (пені) і калі на яе заведзена выканаўчая вытворчасць (з-за нявыплачаных пазык, неаплачаных тавараў, паслуг і да т.п.).
У першым выпадку рашэнне аб прыпыненні прымаецца дзяржаўным органам (службовай асобай). Спыняюцца ўсе расходныя аперацыі па гэтых рахунках, за выключэннем выпадкаў, калі:
яны звязаны з плацяжамі ў бюджэт і дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды;
сума на рахунку перавышае тую, што зазначана ў рашэнні (г.зн., напрыклад, нявыплачаны падатак менш колькаці сродкаў на рахунку – тады "лішнімі" грашыма можна будзе карыстацца).
Не пазней за 1 рабочы дзень з моманту прыняцця рашэння аб прыпыненні аперацый яно павінна быць накіравана плацельшчыку ў пісьмовай альбо электроннай форме. Тое ж датычыцца і рашэння аб адмене гэтага рашэння.
Адмяніць рашэнне аб прыпыненні можа толькі той, хто яго прыняў. Таму, каб рахунак хутчэй разблакіравалі, пасля выплаты падатку варта паведаміць пра гэта ў адпаведны орган.
У рамках выканаўчай вытворчасці аперацыі па банкаўскіх рахунках прыпыняюцца (цалкам або часткова) судовым выканаўцам. Ён высылае пастанову аб гэтым, паміж іншага, банку і пазычальніку(цы).
Спыніць аперацыі па рахунку банк можа толькі пасля атрымання пастановы. Пры гэтым дапускаецца перасылаць яе пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій.
Дадатакова банкі, якія атрымалі пастанову, перастануць адкрываць пазычальніку(цы) новыя рахункі.
Адмяняецца прыпыненне аперацый адпаведнай пастановай судовага выканаўцы.
Арышт грашовых сродкаў
Рашэнне аб накладанні арышту на грашовыя сродкі фізічных асоб можа быць прынята ў рамках:
- выканання прыгавору па крымінальнай справе ў частцы грамадзянскага іску, іншых маёмасных спагнанняў для кампенсацыі страт, што былі ўчынены злачынствам, магчымай канфіскацыі і інш.;
- выканання пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання;
- іску па грамадзянскіх і эканамічных справах.
Арышт можа быць накладзены толькі паводле пастановы:
- судовай;
- пракурора (яго намесніка), старшыні Следчага камітэта або КДБ (асоб, якія выконваюць іх абавязкі);
- падатковых ці мытных органаў.
У дадатак, як і ў выпадку з прыпыненнем аперацый па рахунках, пастанову можа прыняць судовы выканаўца па справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні.
Згодна з агульным парадкам заканадаўства патрабуе адпраўкі ў банк арыгінала пастановы (яго заверанай копіі), але ўсё ж робіцца агаворка, што ў некаторых выпадках дазваляецца перасылка ў электронным выглядзе.
Накладанне арышту на грашовыя сродкі не перашкаджае адкрыццю іншых рахункаў у банках. Аднак упаўнаважаныя службовыя асобы могуць прыняць асобнае рашэнне аб забароне гэтага.
Здымаецца арышт пасля вынясення адпаведнай пастановы, задавальнення іску, адмены арышту.
Замарожванне сродкаў, блакіраванне фінансавых аперацый
Замарожванне сродкаў на банкаўскім рахунку – гэта забарона на распараджэнне, карыстанне імі. Блакіраванне фінансавай аперацыі палягае ў забароне на яе ажыццяўленне (за выключэннем паступлення грашовых (банкаўскіх, паштовых) пераводаў, залічэння каштоўных папер на рахункі "дэпо").
Банкі замарожваюць сродкі, блакіруюць аперацыі ў тых выпадках, што прадугледжаны заканадаўствам аб прадухіленні легалізацыі даходаў, якія былі атрыманы злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці.
Гэтыя дзеянні выконваюцца ў стасунках да тых, хто быў уключаны ў Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. На жаль, паняцце "тэрарызм" у сённняшні час у рэспубліцы трактуецца вельмі шырока, таму ніхто з беларусаў(ак) не застрахаваны ад таго, каб патрапіць ў гэты пералік.
Пра замарожванне рахункаў іх уласнік(ца) або ўладальнік(ца) папярэдне не інфармуецца. Таксама адзначым, што замарожванне сродкаў, блакіраванне аперацый не з'яўляюцца падставамі для адказнасці банка за страты і маральную шкоду, што былі прычынены ў выніку такіх дзеянняў.
Перыяд, на які замарожваюцца сродкі, – бестэрміновы, да моманту размарожвання.
Банк неадкладна размарожвае сродкі альбо разблакіруе аперацыі пры выключэнні укладчыка(цы) з згаданага вышэй пераліку. Таксама гэта можа адбыцца, калі пры фінансавым маніторынгу ўстаноўлена яго недатычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці. У гэтым выпадку падставай для размарожвання (разблакіравання) з'яўляецца паведамленне органа, што праводзіў маніторынг. Яно накіроўваецца ў банк не пазней за працоўны дзень, які ідзе за днём прыняцця рашэння аб размарожванні сродкаў і (ці) разблакаванні аперацыі.
Магчымыя праблемы з замежным рахункам
Згодна з заканадаўствам грамадзяне(кі) Беларусі маюць права без абмежаванняў адкрываць рахункі (у рублях і валюце) у замежных банках. Пры гэтым на іх не распаўсюджваюцца абавязкі паведамляць у падатковы орган пра адкрыццё рахункаў і дасылаць інфармацыю аб руху грашовых сродкаў на іх.
Такім чынам, для беларусаў(ак) абмежаванні па адкрыцці рахункаў за мяжой, руху сродкаў на іх могуць узнікнуць у сувязі з палітыкай канкрэтнага банка, а таксама асаблівасцямі заканадаўства краіны, у якой ён працуе.
У многіх выпадках банк можа запатрабаваць для адкрыцця рахунку акрамя пашпарта з візай і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць падставу для знаходжання ў краіне. Гэта можа быць від на жыхарства, працоўнае пагадненне, пасведчанне аб шлюбе, даведка з месца вучобы і г.д. Могуць папрасіць і дэкларацыю даходаў.
Асноўныя праблемы з замежнымі банкамі ўзнікаюць ў беларусаў(ак) з-за санкцый. У прыватнасці, грамадзян(к)ам Беларусі, якія не маюць пастаяннага віду на жыхарства ў Еўрапейскім саюзе, забаронена адкрываць дэпазіты на суму, большую за 100000 еўра.
Некаторыя банкі пасля ўвядзення санкцый сталі рассылаць кліент(к)ам з беларускім пашпартам патрабаванні прынесці пацвярджэнне легальнага знаходжання ў краіне і (ці) прывесці крыніцы даходу, а некаторыя і проста вырашылі па палітычных матывах закрыць ім рахункі. Таксама вядомыя выпадкі, калі банк абмяжоўваў выкарыстанне анлайн-сэрвісаў, мабільных праграм.
У такой хісткай, зменлівай сітуацыі застаецца толькі параіць пры адкрыцці ўкладу за мяжой папярэдне сабраць усю магчымую інфармацыю пра банк.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 3, 7 і 8 Закона ад 08.07.2008 г. № 369-З "Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб";
- арт. 120 і 129 Банкаўскага кодэкса;
- арт. 22, 54 і 56 Падатковага кодэкса;
- арт. 132 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса;
- арт. 63 Закона ад 24.10.2016 г. № 439-З "Аб выканаўчай вытворчасці";
- арт. 1 і 91 Закона ад 30.06.2014 г. № 165-З "Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, што былі атрыманы злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння";
- арт. 17 Закона ад 22.07.2003 г. № 226-З "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі";
- пп. 67 і 68 Інструкцыі аб выканаўчай вытворчасці, зацверджанай пастановай Мінюста ад 07.04.2017 г. № 67;
- пп. 11, 13 і 14 Палажэння аб парадку прымянення мер, звязаных з замарожваннем сродкаў і (ці) блакіраваннем фінансавых аперацый асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, зацверджанага пастановай Саўміна ад 16.09.2016 г. № 735
Чытайце таксама:
- Як дапамагчы, калі ў затрыманай(га) былі фінансавыя абавязацельствы
- Як фінансава дапамагаць сем'ям палітвязняў?
- Што рабіць, калі не можаш выплаціць крэдыт?