Гандаль людзьмі: як засцерагчы сябе, каб не патрапіць у сэксуальнае ці працоўнае рабства?

trudovoe-rabstvo.jpg
Гандаль людзьмі лічыцца сучаснай формай рабства. Гэта трэці па велічыні нелегальны бізнэс у свеце, ахвярай якога можа стаць любы чалавек незалежна ад полу, узросту, адукацыі і паходжання.

У гэтым артыкуле вы знойдзеце:

Паводле ацэнак Міжнароднай арганізацыі працы ў 2021 годзе 27600000 чалавек па ўсім свеце займаліся прымусовай працай, з іх 6300000 знаходзіліся ва ўмовах прымусовай камерцыйнай сэксуальнай эксплуатацыі.

Толькі паводле афіцыйных звестак за апошнія 20 гадоў 6080 чалавек з Беларусі сталі ахвярамі гандлю людзьмі, з іх больш за 800 – непаўналетнія. Большая частка пацярпелых зведалі сэксуальную эксплуатацыю.

Згодна са статыстыкай беларускія мужчыны найчасцей трапляюць у працоўнае рабства на вытворчых прадпрыемствах у Расіі. Беларускі ж збольшага пакутуюць ад сексуальнай эксплуатацыі, прычым не толькі за мяжой, але і на радзіме.

Што такое гандаль людзьмі?

Да найбольш распаўсюджаных формаў гандлю людзьмі адносяцца прымусовая праца, сэксуальная эксплуатацыя, прымус да жабравання і да ўчынення злачынстваў.

Гандаль людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. Большасць ахвяраў сэксуальнага гандлю людзьмі трапляюць у сэкс-індустрыю супраць сваёй волі: іх завабліваюць падманным шляхам альбо прымушаюць. Часцей за ўсё гэта жанчыны, якіх падвяргаюць фізічнаму і псіхалагічнаму гвалту, пазбаўляюць правоў, дакументаў і грошай, а таксама ізалююць ад знешняга свету і трымаюць пад строгім наглядам.

Гандаль людзьмі з мэтай прымусовай працы не проста так называецца працоўным рабствам. Часцей за ўсё ахвяры вымушаныя перапрацоўваць, жыць у дрэнных умовах, з нізкім заробкам ці зусім без яго. Як і ў выпадку з сэксуальным рабствам, іх пазбаўляюць дакументаў, ізалююць і катуюць.

Часцей за ўсё працоўнае рабства рэгіструецца ў такіх сферах, як сельская гаспадарка, будаўніцтва або на розных падпольных вытворчасцях. Ахвярамі прымусовай працы становяцца незалежна ад полу.

Хатняе рабства – утрыманне людзей, часцей за ўсё жанчын, у сваіх дамах і прымушэнне іх да выканання работы па гаспадарцы. Выкарыстоўваюцца тыя ж формы прымусу, што і прыведзеныя вышэй.

Жабрацтва пад прымусам. Ахвярамі такога гандлю людзьмі становяцца жанчыны, дзеці, людзі ва ўзросце і з інваліднасцю. Яны таксама зведваюць гвалт, шантаж, за імі ўвесь час сочыць наглядчык, а сабраныя грошы ў іх адбіраюць.

Прымус да ўчынення злачынстваў. Некаторых людзей прымушаюць да здзяйснення злачынстваў – звычайна гэта крадзяжы ці кантрабанда псіхаактыўных рэчываў. Ахвярамі часцей за ўсё становяцца падлеткі, людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якія былі раней асуджаныя.

Важна : калі вас збіваюць, шантажыруюць, эксплуатуюць, калі вам не плацяць заслужаны заробак альбо калі вас прымушаюць красці, жабраваць, займацца прастытуцыяй ці працаваць у надзвычай цяжкіх умовах, гэта відавочная прыкмета таго, што вы сталі ахвярай гандлю людзьмі.

Як не стаць ахвярай гандлю людзьмі?

Калі вы атрымалі прапанову па рабоце ці вучобе за мяжой, перш чым згаджацца, праверце дакладнасць інфармацыі.

Калі вам прапануюць працу:

  • даведайцеся, ці дзейнічае асоба або кампанія, у якой вам прапануюць працоўнае месца, на законных падставах, ці была зарэгістравана яна ў дзяржаўным рэестры;
  • праверце рэпутацыю работадаўцы: знайдзіце як мага больш інфармацыі, праверце водгукі і пашукайце кантакты былых супрацоўнікаў(ніц);
  • загадзя азнаёмцеся з кантрактам, каб пераканацца, што ў ім дакладна прапісаны ўмовы працы, яе працягласць, аплата, вашыя правы. Праверце яго з юрыстам(кай) ці адмыслоўцам па працоўным праве;
  • упэўніцеся, што ў вас ёсць патрэбны тып візы для працы ў выбранай краіне. Рабочая віза павінна быць выдадзена на законных падставах і адпавядаць умовам вашага кантракта;
  • не аддавайце свае асабістыя дакументы (асабліва пашпарт) пабочным асобам, уключаючы наймальніка(ніцу);
  • не згаджайцеся на ўмовы пражывання, якія могуць вас абмежаваць ці ізаляваць.

Калі вы едзеце працаваць за мяжу праз пасярэдніка, варта дадаткова:

  • праверыць, ці ёсць у яго дамова з замежным работадаўцам і ці адпраўляў ён ужо людзей на працу за мяжу;
  • запытаць кантактныя дадзеныя фірмы і людзей, якія ўжо скарысталіся паслугамі пасярэдніка і могуць гэта пацвердзіць.

Калі вы едзеце на вучобу за мяжой:

  • звяжыцеся з універсітэтам, у які вы падаеце заяву, і праверце, ці сапраўды існуе прапанаваная вам праграма;
  • калі курс арганізаваны незалежным агенцтвам, праверце, ці існуе такое агенцтва насамрэч і ці дзейнічае яно легальна;
  • пагутарыце з папярэднімі ўдзельнікамі(цамі) курса.

Важна : загадзя азнаёмцеся з заканадаўствам краіны, гэта дапаможа вам абараніць сябе ў выпадку праблем. Таксама перад выездам за мяжу неабходна мець пры сабе дастаткова грошай на выпадак надзвычайнай сітуацыі.

Як засцерагчы сябе, згаджаючыся на нелегальную працу?

З-за эканамічных памкненняў людзі нярэдка самі выбіраюць працу без афармлення. Ім абяцаюць хуткі заробак і больш высокую зарплату. Аднак нелегальная праца спалучаецца з вялікімі рызыкамі, і, калі вы вырашыліся на гэта, важна прыняць меры для іх мінімізацыі.

Старанна даследуйце ўмовы працы. Паспрабуйце знайсці як мага больш інфармацыі пра патэнцыяльнага работадаўцу. Даведайцеся, як доўга кампанія існуе, якія водгукі пра яе пакідаюць былыя супрацоўнікі(цы).

Вывучыце законы краіны. Даведайцеся пра прававую сістэму, узроўні злачыннасці і асаблівасцях жыцця ў краіне, куды вы збіраецеся. Даведайцеся, якія правы вы маеце як мігрант(ка), нават калі працуеце нелегальна. У некаторых краінах існуюць законы, якія абараняюць усіх работнікаў(ніц).

Не аддавайце дакументы і захоўвайце іх копіі. Ніколі не перадавайце арыгіналы сваіх дакументаў староннім людзям. Зрабіце копіі ўсіх важных дакументаў (пашпарта, візы і г.д.) і захоўвайце іх асобна ад арыгіналаў. Дадаткова захоўвайце копіі дакументаў і важную інфармацыю на воблачных сэрвісах для доступу да іх у любы момант.

Падтрымка сувязі. Трымайце кантакт з блізкімі: паведамляйце сваякам і сябрам пра сваё месцазнаходжанне і стан спраў. А таксама наладжвайце кантакты з мясцовымі, паспрабуйце знайсці суайчыннікаў(ніц) ці іншыя надзейныя сувязі ў краіне знаходжання, якія змогуць дапамагчы ў выпадку неабходнасці.

Пароль. Загадзя ўзгаднійце слова ці фразу, якую вы будзеце выкарыстоўваць у экстранных сітуацыях. Напрыклад, калі вам пагражаюць, выкарыстанне пароля дазволіць вашым блізкім зразумець, што вы знаходзіцеся ў небяспецы, нават калі вы не здольныя наўпрост паведаміць пра гэта.

Як падрыхтавацца да выезду за мяжу на працу ці вучобу?

Назапасьцеся кантактамі на выпадак пагрозы. Запомніце адрасы і тэлефоны пасольства і консульства Беларусі ў краіне, у якую вы збіраецеся выехаць. Даведайцеся таксама, ці ёсць амбасада ці консульства ў тым горадзе, куды вы накіроўваецеся. Калі вы сутыкнуліся з пагрозай ці небяспекай, звярніцеся ў дыппрадстаўніцтва, там вам могуць аказаць неабходную падтрымку.

Запомніце тэлефоны экстранных службаў. У выпадку непасрэднай пагрозы жыццю альбо здароўю звяртайцеся ў мясцовую паліцыю.

НКА і гарачыя лініі. Загадзя адшукайце і запішыце кантакты мясцовых НКА і арганізацый, што дапамагаюць мігрант(к)ам і займаюцца барацьбой з гандлем людзьмі. Яны могуць у выпадку неабходнасці аказаць юрыдычную дапамогу і абарону.

Куды звяртацца па дапамогу?

Беларусь

Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Рэспубліцы Беларусь

Гарачая лінія па бяспечным выездзе за мяжу і супрацьдзеянні сэксуальнаму гвалту, у тым ліку ў інтэрнэце:
113 (са стацыянарных тэлефонаў),
8 801 201 5555 (для бясплатных званкоў з Беларусі).
+375 162 21 8888 (для званкоў з-за мяжы).
Уся інфармацыя даецца бясплатна і ананімна, лінія даступная з 8:00 да 20:00.

Еўрапейскі саюз

Спіс нацыянальных органаў Еўрапейскага саюза па барацьбе з гандлем людзьмі (на англійскай мове)
Спіс гарачых ліній па барацьбе з гандлем людзьмі краін Еўрапейскага саюза

Літва

Спіс арганізацый, якія аказваюць дапамогу ахвярам гандлю людзьмі ў Літве
Цэнтр супраць гандлю людзьмі і эксплуатацыі ў Літве

Польшча

Спіс недзяржаўных арганізацый, якія супрацьдзейнічаюць гандлю людзьмі ў Польшчы
Фонд La Strada па супрацьдзеянні гандлю людзьмі і рабству

Украіна

Нацыянальная гарачая лінія па прадухіленні хатняга гвалту, гандлю людзьмі і гендэрнай дыскрымінацыі фонду Ла Страда ва Украіне

Расія

Арганізацыя дапамогі ахвярам гандлю людзьмі "Бяспечны дом"
Арганізацыя па супрацьдзеянні гандлю людзьмі і рабству «Альтэрнатыва»

Гарачая лінія арганізацыі для ахвяр гандлю людзьмі ў Расіі:
+7 800 550 71 40 (бясплатна па РФ),
+7 965 345 51 61 (для званкоў з-за мяжы).

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...