Пры якіх умовах у Беларусі можна атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне?

udo.jpg
У гэтым артыкуле чытайце:

Як мага хутчэй пакінуць месцы зняволення - цалкам натуральнае жаданне для любога чалавека. Асабліва гэта датычыцца тых, хто атрымаў неапраўдана жорсткае пакаранне ці быў асуджаны па палітычных матывах (што, на жаль, у сучасных беларускіх рэаліях не рэдкасць).

Мы лічым, што ўсе зняволеныя (асабліва несправядліва асуджаныя) маюць права змагацца за сваю свабоду ўсімі даступнымі сродкамі, у т.л. прававымі.

Адной з такіх магчымасцяў (разам з памілаваннем і заменай часткі пакарання мякчэйшым) з'яўляецца ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Адзначым адразу, што прадстаўленне аб умоўна-датэрміновым вызваленні падаецца ў суд толькі адміністрацыяй папраўчай установы. Ні асуджаная(ы), ні яе (яго) сваякі, ні праваабаронцы ў суд з такой просьбай звярнуцца не могуць.

Аднак пры гэтым разгледзець ва ўстаноўлены тэрмін пытанне пра такое прадстаўленне - не права, а абавязак адміністрацыі.

Хто можа атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне?

Гэта асобы, што адбываюць пакаранне ў выглядзе:

  • папраўчых работ;
  • пазбаўленні або абмежаванні волі;
  • пазбаўлення права займаць пэўныя пасады (займацца пэўнай дзейнасцю);
  • абмежаванні па ваеннай службе.

Аднак згодна з заканадаўствам умоўна-датэрміновае вызваленне можа быць прыменена да асуджанай(га) толькі пры яе (яго) ўзорных паводзінах, якія даказваюць выпраўленне. Але як можна вызначыць, выправіўся чалавек ці не?

Аказваецца, што для беларускай пенітэнцыярнай сістэмы няма нічога немагчымага: ступень выпраўлення вызначаецца адміністрацыяй папраўчай установы (у т.л. адкрытага тыпу) па выніках атэстацыі асуджанай(га).

У ходзе гэтай працэдуры вывучаецца асоба асуджанай(га), ацэньваюцца паводзіны ў перыяд адбывання пакарання, стаўленне да ўчыненага злачынства, прызнанне яго, ліквідаванне яго наступстваў, гарантыі правапаслухмянага ладу жыцця пасля вызвалення, а таксама іншыя абставіны.

Для атрымання ўмоўна-датэрміновага вызвалення спачатку трэба прайсці атэстацыю на радзе выхавацеляў атрада. Гэтая рада можа прызнаць, што асуджаны(ая) стаў(ла) на шлях выпраўлення. А менавіта: ён (яна) прыняў(ла) пісьмовае абавязацельства аб правапаслухмяных паводзінах, не мае спагнанняў, добрасумленна ставіцца да працы (вучобы), выканання работ па калектыўным самаабслугоўванні, уборцы і добраўпарадкаванні памяшканняў і тэрыторый, праяўляе ініцыятыву ў іншай грамадска карыснай дзейнасці, а пры наяўнасці непагашанай шкоды, што была прычынена злачынствам, – прыняў(ла) ўсе залежныя ад яго (яе) меры па кампенсацыі. Таксама ўлічваецца ўдзел у самадзейнасці, атрыманне адукацыі.

Адзначым, што пісьмовае абавязацельства выступае ў якасці аднаго з асноўных крытэрыяў, па якіх рада выхавацеляў можа выдаць станоўчую атэстацыю. У гэтым дакуменце трэба дакладна выкласці свае намеры пра выкананне парадку адбывання пакарання, добрасумленные адносіны да працы або вучобы, прыняцце мер па кампенсацыі ўрону і г.д.

Атэстацыя праводзіцца ў прысутнасці асуджанай(га) на пасяджэнні рады выхавацеляў атрада. Ёй (яму) даецца магчымасць расказаць пра ўменні і навыкі, што былі атрыманы для сацыяльнай адаптацыі, пераадоленне негатыўных рыс асобы, наладжванні сувязей са сваякамі і арганізацыямі, якія могуць дапамагчы ў працоўнай і бытавой адаптацыі пасля вызвалення,

Вынікі гэтай атэстацыі перадаюцца ў камісію папраўчай установы. Яна праводзіць сваю атэстацыю, і калі па яе выніках устаноўлена, што ў асуджанай(га) сфарміравана гатоўнасць весці правапаслухмяны лад жыцця, прымаецца рашэнне прызнаць яе (яго) асобай, якая даказала сваё выпраўленне, і перадаць да ўмоўна-датэрміновага вызвалення.

Хто не можа атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне?

У гэтую катэгорыю ўваходзяць асобы, якія:

  • займалі дзяржаўныя пасады і асуджаны за ўчыненне карупцыйных злачынстваў;
  • абавязаны кампенсаваць расходы, што былі затрачаны на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні;
  • ўхіляюцца больш за 3 месяцы на працягу года ад выплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх (непрацаздольных) дзяцей.

Таксама абмежаванні па ўмоўна-датэрміновым вызваленні могуць быць уключаны ў судовую пастанову.

Калі можа быць атрымана ўмоўна-датэрміновае вызваленне?

Пасля адбыцця часткі тэрміну адміністрацыя папраўчай установы абавязана ў месячны тэрмін разгледзець пытанне пра умоўна-датэрміновае вызваленне. Пры гэтым частка тэрміну з фактычна адбытага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі мусіць складаць не менш за 6 месяцаў.

Умоўна-датэрміновае вызваленне можа быць прыменена пасля адбыцця:

  • не менш за палову тэрміну за злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства. Да першых адносяцца як наўмысныя злачынствы, так і тыя, што былі ўчынены па неасцярожнасці, за якія прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш 2 гадоў, або іншае, больш мяккае. Да менш цяжкіх адносяцца наўмысныя злачынствы з максімальным пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш 6 гадоў, а таксама злачынствы па неасцярожнасці з тэрмінам пазбаўлення волі звыш 2 гадоў;
  • не менш за дзве трэці тэрміну за цяжкае злачынства, а таксама калі раней асоба асуджалася да пазбаўлення волі за наўмыснае злачынства альбо вызвалялася ўмоўна-датэрмінова. Да цяжкіх адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш 12 гадоў;
  • не менш за тры чвэрці тэрміну пакарання за асабліва цяжкае злачынства, а таксама асобам, якія раней умоўна-датэрмінова вызваляліся або атрымлівалі замену неадбытай часткі пакарання больш мяккім і ўчынілі новае злачынства на працягу неадбытага пакарання. Асабліва цяжкімі лічацца наўмысныя злачынствы, за якія прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін звыш 12 гадоў, пажыццёвага зняволення ці пакарання смерцю.

Тэрмін адбыцця пакарання можа быць зменшаны для людзей з інваліднасцю, жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама асобам, што дасягнулі пенсіённага ўзросту:

  • адна траціна тэрміна за злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства;
  • палова тэрміну за цяжкае злачынства, а таксама калі раней асоба асуджалася да пазбаўлення волі за наўмыснае злачынства;
  • дзве траціны тэрміна за асабліва цяжкае злачынства, а таксама пакаранне, што было прызначана раней умоўна-датэрмінова вызваляемым, якія ўчынілі злачынствы на працягу неадбытай часткі.

Якія дадатковыя ўмовы могуць узнікнуць?

Прыняўшы рашэнне аб умоўна-датэрміновым вызваленні, суд можа ўскласці на асуджаных выкананне на працягу неадбытай часткі пакарання наступных абавязкаў:

  • не мяняць без згоды органа кантролю за паводзінамі месца жыхарства, а таксама не выязджаць па асабістых справах на тэрмін больш за месяц за межы раёна (горада) пражывання;
  • перыядычна з'яўляцца ў гэты орган для рэгістрацыі;
  • знаходзіцца пасля наступлення вызначанага часу па месцы жыхарства;
  • не наведваць пэўныя месцы;
  • у абумоўлены тэрмін паступіць на працу;
  • прайсці ці прадоўжыць курс лячэння ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі;
  • пакрыць поўнасцю або часткова з улікам матэрыяльнага становішча прычыненую страту.

Калі на працягу астатняга неадбытага тэрміну асуджаная(ы):

  • не выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі альбо неаднаразова парушыў грамадскі парадак, за што да яго двойчы былі прыменены меры адміністрацыйнага спагнання, альбо ўчыніў іншае правапарушэнне, за якое прадугледжана спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, то па прадстаўленні органа кантролю за паводзінамі суд можа адмяніць умоўна-датэрміновае. вызваленне;
  • здзяйсняе наўмыснае злачынства, а роўна злачынства па неасцярожнасці, за якое ён асуджаецца да пазбаўлення волі, то суд да пакарання, прызначанага па новым прысудзе, поўнасцю або часткова далучае неадбытую частку папярэдняга тэрміну.

Калі ўмоўна-датэрміновае адменена, асуджаная(ы) можа быць зноў прадстаўлены да яго (замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім) не раней чым па заканчэнні 1 года з дня вынясення пастановы суда аб іх накіраванні ў папраўчыя ўстановы.

Нарматыўна-прававая база:

  • арт. 12, 73, 90 і 174 Крымінальнага кодэкса;
  • Арт. 5, 531–108, 109, 116 і 187 Крымінальна-выканаўчага кодэкса;
  • пп. 4, 18–20 і 29 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі асуджаных да пазбаўлення волі на пэўны тэрмін, асуджаных да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і іх прадстаўлення да ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання, замене неадбытай часткі пакарання мякчэйшым пакараннем, пераводу асуджаных да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, зацверджанай пастановай МУС ад 10.11.2010 г. № 353.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...