У гэтым артыкуле чытайце:
- Хто можа і хто не можа разлічваць на замену пакарання больш мяккім?
- Калі можа адбыцца змякчэнне пакарання?
- Што яшчэ трэба ведаць пра замену пакарання?
У гэтым артыкуле коратка рапспавядаецца пра такую магчымасць паляпшэння ўмоў утрымання ў зняволенні, як замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім пакараннем.
Вядома, любы зняволены замест змякчэння пакарання аддаў бы перавагу умоўна-датэрміноваму вызваленню, не кажучы ўжо пра памілаванне. Але і скарыстацца гэткімі магчымасцямі складаней (пра гэта можна прачытаць, калі перайсці па спасылках у канцы артыкула). У дадатак, з улікам умоў утрымання ў беларускіх папраўчых установах (асабліва для палітвязняў), любое паслабленне дае шанец на захаванне псіхічнага і фізічнага здароўя асуджанай(га), а можа, і жыцця. Таму лічым, што грэбаваць такой магчымасцю не варта.
Прадстаўленне аб замене пакарання больш мяккім (як і аб умоўна-датэрміновым вызваленні) падаецца ў суд адміністрацыяй папраўчай установы. Ні асуджаная(ы), ні яе (яго) сваякі, ні праваабаронцы звярнуцца з такой просьбай не могуць.
Аднак пры гэтым разгледзець ва ўстаноўлены тэрмін пытанне пра такое прадстаўленне - не права, а абавязак адміністрацыі.
Хто можа і хто не можа разлічваць на замену пакарання больш мяккім?
Змякчэнне пакарання магчыма для асоб, што былі асуджаны на:
- папраўчыя працы;
- пазбаўленне ці абмежаванне волі;
- абмежаванне па ваеннай службе.
Да службовых асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады і асуджаны за карупцыю, замена пакарання не прымяняецца.
Нагадаем, што для ўмоўна-датэрміновага вызвалення зняволены павінен даказаць сваё выпраўленне ўзорнымі паводзінамі. Для змякчэння пакарання дастаткова "цвёрда стаць на шлях выпраўлення". Гэта правяраецца з дапамогай атэстацыі асуджанай(га) радай выхавальнікаў атрада папраўчай установы (у т.л. адкрытага тыпу).
Падчас такой працэдуры вывучаецца асоба асуджанай(га), ацэньваюцца паводзіны ў перыяд адбывання пакарання. Улічваецца, што яна (ён) не мае спагнанняў, добрасумленна ставіцца да працы (вучобы), выканання работ па калектыўным самаабслугоўванні, уборцы і добраўпарадкаванні памяшканняў і тэрыторый, праяўляе ініцыятыву ў іншай грамадска-карыснай дзейнасці, а пры наяўнасці непагашанай шкоды, што была прычынена злачынствам, - прыняла(яў) усе магчымыя меры па кампенсацыі. Таксама залічваецца ўдзел у самадзейнасці, атрыманне адукацыі.
У якасці аднаго з асноўных крытэрыяў, якія дазваляюць радзе выхавальнікаў прыняць рашэнне аб прызнанні асуджанай(га) асобай, што стала на шлях выпраўлення, служыць абавязацельства, пісьмова складзенае ёй (ім) па прыбыцці ў месцы пазбаўлення волі. У гэтым абавязацельстве трэба ўласнаручна выкласці свае намеры выконваць вызначаны парадак адбывання пакарання, выконваць усё, што ўказана ў папярэднім абзацы, а таксама прывесці па магчымасці ўласныя аргументы.
Пісьмовае абавязацельства разглядаецца радай выхавальнікаў. Асуджаная(ы) падпісвае яго на паседжанні гэтай рады, пасля чаго лічыцца, што яна (ён) прыняў на сябе такое абавязацельства.
Атэстацыя праводзіцца ў прысутнасці асуджанай(га) на пасяджэнні рады выхавальнікаў. Ёй (яму) даецца магчымасць расказаць пра ўменні і навыкі, якія былі атрыманы для сацыяльнай адаптацыі, пра пераадоленне сваіх негатыўных рыс, наладжванне сацыяльна карысных сувязей, а таксама прывесці любыя іншыя доказы і факты,
Вынікі гэтай атэстацыі перадаюцца ў камісію папраўчай установы. Менавіта гэтая камісія можа з дапамогай ужо сваёй атэстацыі прызнаць асуджаную(ага) асобай, якая цвёрда стала на шлях выпраўлення, і перадаць у суд прадстаўленне да замены пакарання (з указаннем віду мякчэйшага пакарання).
Калі можа адбыцца змякчэнне пакарання?
Замена пакарання мякчэйшым можа ужывацца пасля фактычнага адбыцця:
- не менш як адной трэці тэрміну пакарання, што было прызначана за злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства. Да першых адносяцца як наўмысныя злачынствы, так і тыя, што былі ўчыненыя па неасцярожнасці, за якія прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш 2 гадоў або іншае, мякчэйшае. Да менш цяжкіх адносяцца наўмысныя злачынствы з максімальным пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш 6 гадоў, а таксама па неасцярожнасці з тэрмінам пазбаўлення волі звыш 2 гадоў;
- не менш як паловы тэрміну пакарання за цяжкае злачынства, а таксама калі раней асоба асуджалася да пазбаўлення волі за наўмыснае злачынства ці за злачынства ў перыяд адбывання пакарання. Да цяжкіх адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не звыш 12 гадоў;
- не менш як дзве трэці тэрмiну за асаблiва цяжкае злачынства, а таксама пакаранне, што было прызначана асобе, якая раней мела умоўна-датэрмiновае вызваленне альбо змякчэнне пакарання i ўчынiла новае злачынства на працягу неадбытай яго часткі. Асабліва цяжкімі лічацца наўмысныя злачынствы, за якія прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін звыш 12 гадоў, пажыццёвага зняволення або пакарання смерцю.
Прадстаўленне аб прымяненні замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім пакараннем накіроўваецца ў суд на працягу 10 працоўных дзён з дня пасяджэння камісіі папраўчай установы.
Што яшчэ трэба ведаць пра замену пакарання?
Мякчэйшае пакаранне прызначаецца ў межах усталяваных законам для яго тэрмінаў і не павінна перавышаць неадбытага тэрміну бягучага пакарання. Пры гэтым аднаму дню апошняга адпавядае адзін дзень больш мяккага пакарання. Толькі пры прызначэнні ў якасці мякчэйшага пакарання грамадскіх прац гэтая норма змяняецца – 7 дням пакарання адпавядаюць 12 гадзін прац.
Пры замене пакарання магчыма і вызваленне ад дадатковага пакарання (напрыклад, права займаць пасады, выконваць пэўныя працы і інш.).
Тыя, хто атрымаў змякчэннне пакарання, таксама могуць разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне і памілаванне - адно аднаму не перашкаджае.
Калі пасля замены пакарання асуджаная(ы) ўчыняе наўмыснае злачынства, а таксама злачынства па неасцярожнасці, за якое яна (ён) прысуджаецца да пазбаўлення волі, суд да пакарання па новым прысудзе поўнасцю альбо часткова далучае неадбытую частку папярэдняга тэрміну.
Не варта таксама меркаваць, што змякчэнне даецца канчаткова і беззваротна. Так, напрыклад, пры ўзнікненні падстаў для змянення рашэння рады выхавальнікаў атрада па папярэдняй атэстацыі асуджанай( га) у месячны тэрмін праводзіцца яе (яго) новая атэстацыя.
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 73 і 91 Крымінальнага кодэкса;
- арт. 116 Крымінальна-выканаўчага кодэкса;
- пп. 15, 16 , 28 і 41 Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі асуджаных да пазбаўлення волі на пэўны тэрмін, асуджаных да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і іх прадстаўлення да ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання, замене неадбытай часткі пакарання мякчэйшым пакараннем, пераводу асуджаных да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, зацверджанай пастановай МУС ад 10.11.2010 г. № 353.
Чытайце таксама:
- Як падаваць прашэнне на памілаванне?
- Пры якіх умовах у Беларусі можна атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне?