Ранняя дыягностыка раку малочнай залозы

rannee-diagnostirovanie-raka-molochnoy-zhelezy.jpg
У гэтым артыкуле чытайце:

Рак малочнай залозы - самае распаўсюджанае ў свеце анкалагічнае захворванне сярод жанчын. Аднак у наш час пры ранняй яго дыягностыцы лячэнне ў большасці выпадкаў праходзіць паспяхова. Менавіта таму своечасовым прафілактычным абследаванням надаецца вялікае значэнне.

Вызначэнне рызыкі

Увага! Пералічаныя ніжэй фактары рызыкі - гэта зусім не гарантыя развіцця раку, таму іх наяўнасць не павінна выклікаць перапалоху. Проста трэба паведаміць пра іх лекару і, магчыма, распачаць пэўную прафілактыку.

Першым крокам у прафілактыцы раку малочнай залозы з'яўляецца вызначэнне рызыкі дыягностыкі гэтага захворвання, г.зн. з якой верагоднасцю яно можа быць выяўлена.

Верагоднасць захворвання на рак малочнай залозы даволі нізкая да 40 гадоў, а затым з узростам пачынае расці.

Ёсць і пэўныя фактары, што павышаюць гэтую рызыку. Асноўныя сярод іх:

  • ужо перанесены рак малочнай залозы, яечнікаў, маткавых труб ці брушыны;
  • выпадкі раку малочнай залозы, яечнікаў, маткавых труб або брушыны ў сям'і (асабліва ў мамы, сястры, бабулі па матчынай лініі, а таксама рак грудной залозы ў бацькі);
  • наяўнасць у сябе альбо ў сваяка(чцы) геннай мутацыі, якая можа справакаваць рак малочнай залозы ці яечнікаў;
  • дабраякасныя пухліны малочнай залозы з высокім патэнцыялам перараджэння ў злаякасныя (напрыклад, лістападобная фібрааденома малочнай залозы);
  • наяўнасць уздзеяння канцэрагенных фактараў, да прыкладу праца ў шкодных умовах;
  • прамянёвая тэрапія грудной клеткі ва ўзросце ад 10 да 30 гадоў.

Таксама рызыка выяўлення раку павялічваецца ў жанчын, у якіх адзначаюцца:

  • позняе з'яўленне менструацый (17 гадоў і больш) і, наадварот, ранняе іх з'яўленне (раней 12 гадоў);
  • позняя менапаўза (55 гадоў і старэй);
  • адсутнасць родаў;
  • познія першыя роды (пасля 35 гадоў);
  • шчыльнасць грудзей, што ўскладняе дыягностыку.

Калі ў належнай меры гэтыя фактары не адзначаны, жанчына ўключаецца у групу з сярэдняй рызыкай. Для іх магчымасць дыягнаставання рака малочнай залозы ацэньваецца ў 12,4%.

Калі маецца пацверджаная або магчымая генетычная мутацыя, што павялічвае рызыку рака грудзей, ці ва ўзросце ад 10 да 30 гадоў праводзілася радыётэрапія грудной клеткі, ці былі дыягнаставаны пэўныя захворванні грудзей (атыпічная гіперплазія), ці разліковая пажыццёвая рызыка развіцця рака грудзей перавышае 20%, то рызыка лічыцца высокай. Напрыклад, жанчыны з мутацыяй гена BRCA1 маюць амаль 60%-ную абсалютную рызыку развіцця захворвання да 70 гадоў. Аднак гэтая мутацыя сустракаецца даволі рэдка, і яе носьбіты(кі) складаюць толькі ад 5 да 10% усіх выпадкаў раку малочнай залозы.

У астатніх выпадках рызыку можна лічыць умеранай. Але ўсё ж яе ступень вызначыць даволі складана. Напрыклад, многія жанчыны, якія маюць сямейны анамнез рака грудзей, трапляюць у групу з сярэдняй рызыкай. У інтэрнэце ёсць калькулятары для разліку рызыкі (напрыклад гэты) - можна скарыстацца імі. Аднак апошняе слова ўсё ж за адмыслоўцамі.

Такім чынам, калі ў вас не маецца фактараў рызыкі, прафілактычныя абследаванні ў прынцыпе не патрабуюцца - хіба што для самазаспакаення. У астатніх выпадках варта пракансультавацца ў тэрапеўта(кі) або ўрача-спецыяліста(кі).

Якія метады дыягностыкі існуюць?

Для прафілактычных даследаванняў на рак малочнай залозы ў асноўным выкарыстоўваецца мамаграфія.

З дапамогай спецыяльнага апарата - мамографа, робіцца здымак кожнай залозы. Звычайна прасвечваюць двойчы: адзін раз зверху ўніз і адзін раз з боку ў бок (гэта называецца "мамаграфія ў дзвюх праекцыях"), каб рэнтгенолаг мог добра разгледзець усе тканіны. З той жа мэтай медсястра заціскае кожную залозу паміж двума панэлямі. Гэта можа быць непрыемна, але доўжыцца толькі некалькі секунд.

Увага! Калі мамаграфія выявіла якія-небудзь адхіленні, паспрабуйце не панікаваць. У 9 з 10 выпадкаў ненармальная мамаграма не азначае рак. Неабходна абследавацца яшчэ раз ці прайсці дадатковыя тэсты.

Важна захоўваць вынікі мамаграфіі для параўнання з наступнымі, асабліва калі вы звяртаецеся ў іншую медыцынскую ўстанову.

Метад дазваляе выявіць вельмі маленькія пухліны - да 0,5 см, а часам і менш. Аднак такое дакладнае распазнаванне можа аказацца празмерным. Часам выяўленыя пухліны характарызуюцца як паталагічна лёгкія, а ў некаторых выпадках яны не маглі развіцца ў поўнасімптомнае захворванне на працягу жыцця.

Мамаграфія дае больш дакладныя вынікі ў жанчын ва ўзросце за 45 гадоў, часткова з-за таго, што з цягам часу фіброзна-жалезістая тканіна замяшчаецца тлушчавай, якую лягчэй адрозніць ад паталагічных утварэнняў. Таксама адчувальнасць метаду змяншаецца пры шчыльнай тканіне малочнай залозы; у гэтым выпадку можа спатрэбіцца дадатковая дыягностыка, напрыклад трохмерная мамаграфія, МРТ.

Да недахопаў можна аднесці і ўздзеянне рэнтгенаўскага выпраменьвання. Але даследаванні паказваюць, што колькасць выратаваных жыццяў дзякуючы ранняму выяўленню раку значна перавешвае вельмі невялікія рызыкі, што нясе з сабой гэтае ўздзеянне.

Даражэйшым метадам абследавання з'яўляецца магнітна-рэзанансная тамаграфія. Яе звычайна выкарыстоўваюць для ўдакладнення дыягназу. Аднак нельга не адзначыць, што МРТ мае вельмі высокую дакладнасць, таму для ранняга выяўлення пухлін гэтая тэхналогія вельмі прыдатная.

Ультрагукавыя даследаванні для скрынінга раку зараз ужываюць рэдка з-за іх нізкай эфектыўнасці. Аднак у некаторых выпадках гэты метад нядрэнна працуе - напрыклад, ён дазваляе вызначыць, ці з'яўляецца пухліна цвёрдай масай альбо кістой, якая запоўнена вадкасцю.

Да прафілактычных мер можна таксама аднесці малекулярна-генетычную дыягностыку, якая дазваляе выявіць мутацыі ў генах, што здольныя справакаваць анкалогію, у прыватнасці, рак малочнай залозы. У першую чаргу варта здаць генетычны тэст тым, хто знаходзіцца ў групе рызыкі па сямейным анамнезе.

А што наконт самаабследавання?

У адкрытых крыніцах часта можна знайсці такія рэкамендацыі па прафілактыцы раку грудзей, як самаабследаванне і агляды гінеколага. Аднак сучасныя даследаванні не паказалі іх эфектыўнасці.

Большасць зацвярдзенняў, якія выяўляюцца пры пальпацыі, не з'яўляюцца ракам. Некаторыя эксперткі(ы) лічаць, што лепш зафіксаваць, як вашы грудзі выглядаюць і адчуваюцца ў норме, і проста адсочваць якія-небудзь змены. Вядома ж, пры іх выяўленні неабходна звярнуцца да лекара.

Што такое скрынінг?

Скрынінг - гэта абследаванне з мэтай выяўлення захворвання пры адсутнасці сімптомаў. У выпадку анкалогіі ён дапамагае выявіць пухліну на ранняй стадыі, пакуль яшчэ дастатковы мінімальны аб'ём лячэння, ці пераканацца, што на дадзеным этапе жыцця рак у пацыенткі адсутнічае.

Скрынінг гэта не нейкі асобны метад дыягностыкі, а цэлая праграма, прычым дзякуючы намаганням Сусветнай арганізацыі аховы здароўся многія нацыянальныя медыцынскія сістэмы прынялі яе на дзяржаўным узроўні. Удзел у такой праграме добраахвотны і бясплатны.

Згодна з рэкамендацыямі СААЗ жанчынам, пачынаючы з пэўнага ўзросту, неабходна рэгулярна рабіць мамаграфію. У залежнасці ад краіны ўзрост і перыядычнасць такога скрынінга могуць адрознівацца.

Так, у Беларусі скрынінг праводзіцца для жанчын 50-69 гадоў 1 раз на 2 гады. Для праходжання працэдуры трэба звярнуцца ў паліклініку па месцы прапіскі. Пасля мамаграфіі яе вынік будзе прачытаны незалежна двума ўрачамі-рэнтгенолагамі.

Праграмы комплекснага скрынінгу прапануюць прыватныя медцэнтры. Напрыклад, у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры існуюць праграмы з улікам узроставых катэгорый пацыентак: да 29; ад 30 да 39; старэйшыя за 40 гадоў.

У завяршэнне гэтага раздзела неабходна адзначыць, што, як і ў любога скрынінга, недахопамі скрынінга рака малочнай залозы з'яўляюцца выяўленне "нязначных" ракаў і ілжыва-станоўчыя вынікі, якія могуць прыводзіць да непатрэбных дадатковых абследаванняў.

Дзе ў Беларусі можна прадыягнаставацца і колькі гэта будзе каштаваць?

Медыцынския даследаванні, пра якія ішла гаворка вышей, можна прайсці як у дзяржаўных, так і ў прыватных медыцынскіх установах.

Мамографы ёсць у многіх абласных і раённых дзяржаўных клініках - вось іх спіс . Таксама на старонцы "Дыягностыка" на сайце Міністэрства аховы здароўя можна знайсці спасылкі на дыягнастычныя цэнтры, дзе праводзяцца МРТ, і лабараторыі малекулярнай генетыкі.

Калі жанчына не знаходзіцца ў групе рызыкі, за прафілактычныя абследаванні пэўна давядзецца заплаціць. Зрэшты, у дзяржаўных клініках кошты на мамаграфію адносна невысокія. Так, у Мінскім гарадскім клінічным анкалагічным цэнтры мамаграфія абедзвюх малочных залоз у 2 праекцыях з кансультацыяй урача вышэйшай катэгорыі цяпер каштуе 76,48 руб.

МРТ і генетычныя тэсты значна даражэйшыя. Напрыклад, у тым жа Мінскім анкалагічным цэнтры комплексная тамаграфія абыдзецца ў 295,75 руб. (а пры наяўнасці імплантаў наогул у 522,05 руб.), а тэст у малекулярна-генетычнай лабараторыі пры Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі каштуе да 350 руб.

Медыцынскія агляды за мяжой

Пры жаданні можна прайсці прафілактычнае абследаванне за мяжой. З-за цяжкасцей з атрыманнем віз прасцей і танней гэта зрабіць у краінах СНД.

Адносна недарагая мамаграфія і ў краінах Балтыі. Напрыклад, у Літве цэны знаходзяцца ў раёне 80–100 еўра.

Выязджаць у больш "далёкія" краі для такой працэдуры не бачыцца асаблівага сэнсу. Лепш тады замовіць комплексную праграму скрынінга. Вось невялікі агрэгатар замежных клінік, дзе такая паслуга аказваецца.

Беларускам, якія выехалі за мяжу на часовы ці сталы побыт, пры наяўнасці фактараў рызыкі неабходна праінфармаваць пра тое сямейнага лекара, пажадана пры першым жа наведванні. Пры неабходнасці ён (яна) прызначыць прафілактычныя абследаванні.

Дзяржаўная праграма скрынінга ў большасці краін уключана ў страхоўку альбо проста бясплатная.

На заканчэнне адзначым, што ў многіх краінах ЕС існуюць мабільныя мамографы - аўтобусы, у якіх манціруецца адпаведная апаратура. Для праходжання абследавання ў іх звычайна не патрабуецца накіравання, гэта можа зрабіць любы, хто пажадае. Асабліва часта такія акцыі праходзяць на працягу "ружовага кастрычніка" - месяца, абвешчанага СААЗ месяцам барацьбы з ракам малочнай залозы.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...