Выпіска з кватэры ў Беларусі - гэта працэс зняцця грамадзяніна з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства. У Беларусі дзейнічае важны прынцып права - нельга проста так пазбавіць чалавека жылля. Выпісаць кагосьці з кватэры можна толькі па законных прычынах. У залежнасці ад абставін працэдура можа адрознівацца.
У гэтым артыкуле чытайце:
- Як зняцца з рэгістрацыйнага ўліку?
- Ці можна выпісацца з кватэры "ў нікуды"?
- Ці можна выпісаць чалавека з кватэры без яго (яе) асабістай прысутнасці?
- Як выпісацца (зняцца з рэгістрацыйнага ўліку), знаходзячыся ў іншай краіне?
- Ці можна выпісаць чалавека праз суд?
- Як выпісаць чалавека праз суд, калі ён (яна) жыве за мяжой?
- Каго можна і каго нельга выпісаць з кватэры ў прымусовым парадку?
- Як выпісаць чалавека з кватэры перад продажам?
- Ці магчыма выпісаць з жылога памяшкання непаўналетніх?
- Як выпісаць з кватэры дзяцей?
Як зняцца з рэгістрацыйнага ўліку?
Для выпіскі спатрэбяцца наступныя дакументы:
- пашпарт,
- заява аб зняцці з рэгістрацыйнага ўліку (можна запоўніць у ЖЭС альбо ў пашпартным стале),
- дакументы, што пацвярджаюць права на жылое памяшканне,
- пасведчанне аб нараджэнні (калі выпісваюцца дзеці).
З гэтымі дакументамі трэба звярнуцца ў арганізацыю, якая адказвае за рэгістрацыю грамадзян(ак) па месцы жыхарства (звычайна гэта ЖЭС або РУУС па месцы знаходжання кватэры ці дома), і падаць заяву аб зняцці з уліку.
Пасля паспяховай падачы дакументаў у пашпарт уносіцца адзнака аб зняцці з рэгістрацыйнага ўліку. Тэрміны залежаць ад канкрэтнай арганізацыі, але звычайна гэта займае ад 1 да 7 працоўных дзён. Калі плануецца пераезд на новае месца жыхарства, трэба будзе зарэгістравацца па новым адрасе на працягу 10 працоўных дзён пасля выпіскі.
Ці можна выпісацца з кватэры "ў нікуды"?
У Беларусі рэгістрацыя абавязковая, таму самастойна выпісацца "ў нікуды" немагчыма. Калі ўласнік(ца) хоча зняцца з уліку і не плануе рэгістравацца па новым адрасе, у паслузе аўтаматычна адмаўляецца.
Ці можна выпісаць чалавека з кватэры без яго асабістай прысутнасці?
Пры немагчымасці ці нежаданні самастойна вырашаць задачу высялення з жылплошчы можна аформіць генеральную даверанасць з уключанымі ўмовамі пра перарэгістрацыю па канкрэтным месцы жыхарства. У гэтым выпадку законны(ая) прадстаўнік(ніца) зможа выканаць усе неабходныя дзеянні на падставе даверанасці і пашпарта заяўніка(ніцы).
Звярніце ўвагу: даверанасці, якія былі аформленыя за межамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і выдадзеныя да ўступлення ў сілу Указа № 278, з'яуляюцца несапраўднымі. Даверанасць павінна быць аформлена ў Беларусі.
Як выпісацца (зняцца з рэгістрацыйнага ўліку), знаходзячыся ў іншай краіне?
У сувязі з тым, што даверанасці, што афармляліся за межамі Беларусі, не з'яўляюцца сапраўднымі, застаецца толькі два варыянты выпіскі з жылля.
Першы - вашыя блізкія сваякі могуць зняць вас з рэгістрацыйнага ўліку на падставе рашэння суда.
Другі - вас здымуць з рэгістрацыйнага ўліку пры выдачы пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для пастаяннага пражывання за межамі краіны. Для гэтага неабходна стаць на консульскі ўлік (гэта значыць аформіць пастаяннае знаходжанне за мяжой). Аднак пашпарт серыі РР таксама трэба афармляць асабіста ў Беларусі - у консульскім аддзеле МЗС альбо ў органах унутраных спраў па месцы апошняй вядомай рэгістрацыі па месцы жыхарства.
Ці можна выпісаць чалавека праз суд?
Закон не дае суду права непасрэдна выпісваць людзей. Суд можа вынесці рашэнне, якое, уступіўшы ў законную сілу, стане падставай для зняцця з рэгістрацыі. Пералік такіх падстаў прыведзены ў п. 37 Палажэння аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання, зацверджанага Ўказам ад 07.09.2007 г. № 413.
Калі падставы для прад'яўлення іску ёсць, трэба падрыхтаваць іскавую заяву і, аплаціўшы дзяржпошліну, падаць яе ў суд. Затым, у выпадку здавальняючага рашэння, дачакацца ўступлення яго ў законную сілу і перадаць упаўнаважанаму органу для выканання.
Як выпісаць чалавека праз суд, калі ён жыве за мяжой?
Калі, напрыклад, чалавек выехаў за мяжу, вяртацца не збіраецца, а кватэру прадаць трэба, тады падыходзіць толькі судовы парадак.
У такім выпадку ўласнік(ца) або асоба, якая з'ехала, павінны звярнуцца да юрыста(кі) ці адваката(кі) з просьбай пра складанне іску ў суд аб высяленні на падставе ч. 2 арт. 89 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Высяленне па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання»).
Да заявы прыкладаецца копія пасведчання аб праве ўласнасці на жылое памяшканне, копія асабовага рахунку з указаннем зарэгістраваных грамадзян, квітанцыя аб аплаце дзяржпошліны (3 базавыя велічыні) і іншыя дакументы, калі гэта неабходна (пра гэта скажа юрыст(ка)). У названым іску ўласнік(ца) будзе істцом, а зарэгістраваная асоба - адказчыкам. Іск можна падаць як асабіста ў суд, так і накіраваць па пошце.
Пасля таго як стане вядома, у якога суддзі ў выкананні знаходзіцца грамадзянская справа, адказчыку(цы) неабходна накіраваць заяву ў суд з апавяшчэннем, што ён (яна) прызнае іскавыя патрабаванні і просіць разглядаць справу ў яго (яе) адсутнасці, бо знаходзіцца за мяжой і не можа асабіста прысутнічаць на судовым паседжанні. Заяву можна накіраваць на e-mail ці заказным лістом.
Далей суд прызначае паседжанне, на якое прыходзіць толькі ісцец(ціца). Яму (ёй) неабходна падтрымаць іск. Суддзя зачытае заяву аб тым, што адказчык іск прызнае і просіць разглядаць справу ў яго (яе) адсутнасць. Як правіла, такая справа разглядаецца за адно паседжанне. Суд выносіць рашэнне аб высяленні. Праз 15 дзён неабходна забраць рашэнне суда і перадаць яго адпаведным органам, якія здымуць з рэгістрацыйнага ўліку.
Сітуацыя: кватэра належыць на праве ўласнасці асобе (у гэтай жа кватэры яна зарэгістраваная), якая выехала з Беларусі і не можа вярнуцца ў краіну. Што рабіць?
Тут існуе толькі адзін варыянт - спачатку змяніць уласніка(цу), а потым выпісваць чалавека праз суд.
Хутчэй за ўсё без дапамогі рыэлтара або даверанай асобы тут не абысціся. У Беларусі павінен быць чалавек, які будзе сустракацца з пакупнікамі і тлумачыць сітуацыю, а менавіта тое, чаму кватэра прадаецца з зарэгістраванымі асобамі.
Давераная асоба - гэта чалавек, на якога аформлена генеральная даверанасць, ён мае паўнамоцтвы на веданне маёмасцю, уключаючы яе продаж.
Калі кансэнсус знойдзены, давераная асоба ад імя ўласніка(цы) афармляе пагадненне. Пасля дакументальнай змены ўласніка(цы), ён (яна) можа падаць у суд іск на папярэдняга ўласніка з патрабаваннем аб высяленні.
Каго можна і каго нельга выпісаць з кватэры ў прымусовым парадку?
У Беларусі гэтае пытанне рэгулюецца таксама Жыллёвым кодэксам. У ім гаворыцца, што ў прымусовым парадку нельга выпісаць крэўнікаў уласніка(цы) жылля, а менавіта дзяцей, бацькоў, сясцёр, братоў, бабуль і дзядуляў. Пры гэтым узрост дзіцяці не мае значэння - выпісаць нельга як паўналетніх, так і непаўналетніх.
Акрамя таго, нельга выпісаць і былую жонку ці мужа, калі ў вас ёсць сумеснае маленькае дзіця.
Таксама ў Жыллёвым кодэксе прыводзіцца поўны пералік тых, каго можна выселіць у судовым парадку з кватэры без іх згоды, пры гэтым ім не трэба даваць альтэрнатыўнае жыллё. Да іх адносяцца:
- сямейнікі і былыя сямейнікі чалавека, які мае жыллё ва ўласнасці. Галоўнае каб асобам, што выпісваюцца, не было менш за 18 гадоў і яны не мелі права ўласнасці на займаемую плошчу. Калі ўмовы выкананы, то выпіска праходзіць на падставе патрабавання ўласніка жылля;
- тых, хто карыстаўся жыллём на падставе апякунства, але апека па нейкіх прычынах спынілася;
- грамадзян(ак), якія тройчы на працягу года прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці па тых артыкулах, што тычацца ўтрымання і карыстання жылым памяшканнем;
- асоб, што пражываюць у кватэры на падставе дамовы, у якой пазначана магчымасць высялення без давання альтэрнатыўнага жылля;
- наймальнікаў(ніц) жылля і іх сямейнікаў, калі дамова найму была скасавана.
Пры гэтым трэба адзначыць, што прынцыповых адрозненняў па выпісцы з прыватызаванага і непрыватызаванага жылля няма.
Як выпісаць чалавека з кватэры перад продажам?
Пры продажы кватэры ёсць два варыянты выпіскі - да пагаднення ці пасля. Заканадаўствам не прадугледжана неабходнасць заўчаснай выпіскі з жылплошчы, якая прадаецца. У падпісанай дамове куплі-продажу ўказваецца пункт пра незахаванне права карыстання былога ўласніка або зарэгістраваных жыхароў.
Каб выпісацца з кватэры, трэба напісаць заяву і падаць дакументы на рэгістрацыю ў разлікова-даведачны цэнтр па новым месцы жыхарства. Для гэтага спатрэбяцца пашпарт (або іншае пасведчанне асобы), дакументы, што пацвярджаюць сваяцтва, а таксама ўласнасць на кватэру, у якую прапісваецеся, і квітанцыя аб аплаце пошліны. На працягу 3 дзён вам вяртаецца пашпарт са штампам аб новай прапісцы, а са старога месца жыхарства вас выпісваюць.
Зрабіць гэта можна альбо самастойна, альбо праз давераную асобу. Аднак важна, каб даверанасць была аформлена на тэрыторыі Беларусі і каб у вашым дакуменце была пазначана поўная інфармацыя пра жыллё, уключаючы дакладны адрас.
Ці магчыма выпісаць з жылога памяшкання непаўналетніх?
Такая магчымасць ёсць, але перад прыняццем рашэння суд павінен пераканацца, што высяленне дзіцяці не парушыць яго жыллёвыя правы, а таксама яго права на жыццё ў сям'і (ч. 5 арт. 32, ч. 3 арт. 48 Канстытуцыі).
Заканадаўствам замацаваны прыярытэт абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Гэта звязана з тым, што па законе непаўналетнія не маюць поўнай дзеяздольнасці. Прасцей кажучы, яны не могуць сваімі дзеяннямі набываць і рэалізоўваць грамадзянскія правы, ствараць для сябе і выконваць грамадзянскія абавязкі. Усё гэта па агульным правіле ўзнікае ў поўным аб'ёме пасля дасягнення 18 гадоў.
Гэта значыць, што ў прымусовым парадку ўласніку(цы) не атрымаецца выпісаць непаўналетняга грамадзяніна, асабліва без выдзялення альтэрнатыўнага жылля.
Як выпісаць з кватэры дзяцей?
Высяленне дзяцей з жылплошчы магчыма толькі ў выпадку ўзаемнай згоды бацькоў. Аднак калі мірна вырашыць пытанне з прапіскай бацькі непаўналетняга дзіцяці не здолелі, то адзіны варыянт - звярнуцца ў суд з іскавай заявай. Астатнія выпадкі, калі трэба выселіць дзяцей з кватэры, таксама вырашаюцца ў судзе.
Згоды абодвух бацькоў не патрабуецца, калі ёсць рашэнне суда аб тым, што дзіця пастаянна жыве з адным з іх (адпаведнае рашэнне неабходна ўказаць пры рэгістрацыі на новым месцы).
Нарматыўна-прававая база:
- арт. 48 Канстытуцыі РБ,
- арт. 74 Кодэкса аб шлюбе і сям'і РБ,
- п. 4.2 Палажэння аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання, зацверджанага Ўказам № 413 ад 07.09.2007 г.;
- арт. 62, 79, 81, 85, 89, 93, 100, 120, 137 і 157 Жыллёвага кодэкса.
Чытайце таксама:
- Арэнда жылля на доўгі тэрмін: што ўлічыць уладальніку і наймальніку?
- Развод і грошы. Што важна ведаць пра падзел маёмасці і як да яго падрыхтавацца?
- Што рабіць, калі не можаш выплаціць крэдыт?