Хуткая псіхіятрычная дапамога і прымусовая шпіталізацыя ў Беларусі

skoraya-psihiatricheskaya-pomosch.jpg
У гэтым артыкуле чытайце:

Любая хранічная хвароба, якая дае перыядычныя ўскладненні, з'яўляецца цяжкім выпрабаваннем як для пацыентак(аў), так і для тых, хто побач з імі. У выпадку псіхалагічных захворванняў дадаецца верагоднасць экстранага і нават прымусовага лячэння, што вядзе да праблемы маральнага выбару - ці варта звяртацца па медыцынскую дапамогу ў дадзены момант, якімі будуць наступствы такіх дзеянняў?

У заканадаўстве дастаткова падрабязна выкладзены парадак аказання хуткай псіхіятрачнай дапамогі. Нам здаецца, што тым, хто сутыкнуўся з такой праблемай, неабходна ведаць асноўныя яго палажэнні - тады можна дамагчыся дапамогі менавіта ў тым аб'ёме, які неабходны пацыентцы(ту) у канкрэтнай сітуацыі. З гэтай мэтай і быў падрыхтаваны гэты артыкул.

Правы і гарантыі пацыентак(аў)

Пачнем з таго, што крыху выбіваецца з тэмы артыкула, але ўяўляецца важным для абароны пацыентак(аў) з псіхічнымі расстройствамі ад некарэктных дзеянняў - медыцынскіх, адміністрацыйных і да т.п.

У першую чаргу трэба сказаць, што пакуль не ўсталяваны дыягназ, ніхто не можа лічыць, што пэўная асоба мае псіхічнае расстройства. Вызначаць наяўнасць альбо адсутнасць захворвання маюць права толькі лекары(кі)-спецыялісты(кі) ці ўрачэбна-кансультацыйная камісія. І нават калі хваравіты характар парушэнняў даказаны, але спецыяліст(ка) ці камісія не вызначыліся з канкрэтным відам расстройства, прынцып прэзумпцыі працягвае працаваць.

Пры гэтым звесткі пра лячэнне або шпіталізацыю пацыенткі(а) ў мінулым не могуць самі па сабе служыць апраўданнем пастаноўкі дыягназу псіхічнага захворвання.

Інфармацыя пра факт звароту за аказаннем псіхіятрычнай дапамогі, стан псіхічнага здароўя, звесткі аб дыягназе, а таксама іншыя звесткі, у т.л. асабістага характару, што былі атрыманы пры аказанні дапамогі, з'яўляюцца ўрачэбнай таямніцай.

Пацыент(ка) можа запрасіць на свой выбар прадстаўніка(ніцу) для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў. Наяўнасць прадстаўніка(ніцы) абавязковая для непаўналетніх і асоб, якіх прызналі недзеяздольнымі.

Псіхіятрычная дапамога ў агульным выпадку аказваецца з папярэдняй згоды пацыентаў. Яны ці іх законныя прадстаўнікі маюць права адмовіцца ад яе. Аднак ёсць некаторыя выпадкі, калі гэтыя правы не працуюць - пра іх пойдзе гаворка далей.

Пацыенты пры аказанні ім псіхіятрычнай дапамогі, у прыватнасці, маюць права на:

  • паважлівае і гуманнае стаўленне;
  • атрыманне інфармацыі пра стан свайго здароўя, метадах лячэння, меркаванай яго працягласці, магчымых рызыках, пабочных эфектах і чаканых выніках, а таксама пра кваліфікацыю лекара(кі), іншых медыцынскіх работнікаў, якія аказваюць дапамогу;
  • запрашэнне любых спецыялістаў(ак) (з іх згоды) для ўдзелу ў пасяджэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі;
  • абскарджанне дзеянняў (бяздзеяння) службовых асоб арганізацый аховы здароўя.

Дзяржава, сярод іншага, гарантуе асобам, якія маюць псіхічныя расстройствы, аказанне бясплатнай псіхіятрычнай дапамогі, у т.л. хуткай, і правядзенне экспертыз. Таксама падтрымліваецца і сацыяльная сфера: даступнасць адукацыі на ўсіх узроўнях у адпаведнасці са станам здароўя і пазнавальнымі магчымасцямі; садзейнічанне занятасці; сацыяльнае абслугоўванне.

Увага! За парушэнне заканадаўства аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі вінаватыя асобы нясуць адказнасць.

Аказанне хуткай псіхіятрычнай дапамогі

Калі чалавек з псіхічным расстройствам паводзіць сябе так, што ўзнікае рызыка прычынення шкоды навакольным ці яму самому, лепш не разважаючы выклікаць хуткую псіхіятрычную дапамогу.

Чаму ў гэтай сітуацыі не варта вагацца?

Па-першае, вы не спецыяліст(ка) і не можаце ведаць, як будзе развівацца сітуацыя.

Па-другое, яшчэ раз адзначым, што пацыент(ка) можа нанесці шкоду і сабе - тады ваш жаль і сумневы будуць для яе (яго) проста шкоднымі.

Трэцяе - дыспетчар(ка) абавязаны(а) праінструктаваць таго, хто выклікае хуткую дапамогу, аб прафілактычных мерах да прыезду псіхіятрычнай брыгады: як весці назіранне, як папярэджваць небяспечныя дзеянні, як апынуцца ў бяспечным месцы і інш. Пагадзіцеся, што гэта немалаважна.

І апошняе: званок у хуткую зусім не азначае, што псіхіятрычная брыгада абавязкова прыедзе. Дыспетчар(ка) ацэніць вашы сведчанні, і калі ён (яна) убачыць, што экстранага ўмяшання не патрабуецца, то проста перадасць усе звесткі адказнаму(ай) дзяжурнаму(ай) лекару(цы) станцыі, а той (тая) ў сваю чаргу вырашыць, якія дзеянні неабходна распачаць (напрыклад, дасць рэкамендацыі па звароце ў псіхіятрычную арганізацыю аховы здароўя).

У сувязі з такой ацэнкай неабходнасці тэрміновых дзеянняў сама хуткая псіхіятрычная дапамога падзяляецца на экстраную і неадкладную.

Экстраная дапамога даецца пры раптоўным узнікненні псіхічных расстройстваў, абвастрэнні хранічных захворванняў, якія могуць выклікаць пагрозу для жыцця пацыента(кі) і  людзей побач. Каб гэтага не здарылася, пацыенты незалежна ад іх згоды альбо згоды законных прадстаўнікоў накіроўваюцца ў стацыянар.

Неадкладная дапамога адрозніваецца тым, што пры з'яўленні прыкмет растройства ці абвастрэння няма відавочнай пагрозы для жыцця пацыентаў і іншых асоб, якая патрабуе тэрміновага ўмяшання.

Часцяком нагодай для невыкліку брыгады становіцца асцярога прымянення да пацыента(кі) фізічнага ўздзеяння.

Так, пры транспарціроўцы асобы, якой аказваецца экстраная псіхіятрычная дапамога, да яе могуць быць прыменены меры фізічнага абмежавання, але толькі ў выпадках, формах і толькі на перыяд часу, калі інакш немагчыма прадухіліць дзеянні пацыенткі(а), што ўяўляюць непасрэдную небяспеку для яе (яго) ці прысутных. Пры гэтым спачатку лекар(ка) абавязаны(а) ўздзейнічаць на хворую(га) псіхатэрапеўтычнымі метадамі, г.зн. пагутарыць з ёй (ім), прымяніць свае навыкі псіхолага і да т.п.

Калі меры фізічнага абмежавання ўсё ж прыйшлося прымяніць, лекар(ка) вядзе пастаянны кантроль за станам пацыенткі(а). Пры гэтым звесткі пра формы, падставы і час пачатку і заканчэння такога ўздзеяння абавязкова ўносяцца ў суправаджальны ліст, і з імі можна потым азнаёміцца.

Адзначым таксама, што пры даванни псіхіятрычнай дапамогі медыкам забараняецца выклікаць пацыентак(аў) на спрэчкі, канфлікты, агрэсіўныя дзеянні і спрыяць фармаванню ў іх негатыўнага стаўлення да лекараў, што праводзяць лячэнне, і да знаходжання ў арганізацыі аховы здароўя.

Але калі паводзіны чалавека занадта небяспечныя для яго самога і для тых, хто побач, псіхіятрычная брыгада мае права звярнуцца ў міліцыю для садзейнічання ў дастаўцы ў клініку.

Увага! Заканадаўствам дапускаецца аказанне экстранай псіхалагічнай дапамогі любым урачом і нават медыцынскім(ай) работнікам(цай), які (якая) мае сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю, але толькі пры адсутнасці спецыяліста(кі).

Як звярнуцца па псіхіятрычную дапамогу?

Хуткая псіхіятрычная дапамога, як і звычайная, працуе кругласутачна і выклікаецца па тым жа тэлефоне -103.

Пры рэгістрацыі выкліку псіхіятрычнай брыгады дыспетчару(цы) неабходны наступныя звесткі:

  • месцазнаходжанне асобы, якая мае патрэбу ў дапамозе;
  • прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, узрост пацыенткі(а);
  • прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку асобы, што выклікае хуткую, і кім ён (яна) з'яўляецца ў адносінах да пацыенткі(а) - сваяком(чкай) (паведаміць ступень сваяцтва), супрацоўнікам(цай) (пасада, прафесія), суседкам(ай) і да т.п., а таксама кантактны тэлефон;
  • прычына звароту за дапамогай, асаблівасці паводзін і выказванняў, якія могуць сведчыць пра ўзнікненне псіхічнага расстройства ці абвастрэнне захворвання.

Як ужо адзначалася ў папярэднім раздзеле, у накіраванні брыгады можа быць адмоўлена. Прычыны гэтага абавязкова рэгіструюцца ў карце выкліку, якую запаўняе дыспетчар(ка). Таксама туды ўносяцца рэкамендацыі ўрача.

Прымусовы псіхіятрычны агляд і шпіталізацыя

Калі сімптомы выклікаюць трывогу, і вы баіцеся за жыццё чалавека, у ягога маюцца праявы псіхічнага расстройства, а таксама за здароўе іншых людзей, магчыма, не варта чакаць моманту, калі давядзецца выклікаць псіхіятрычную брыгаду, а папярэдзіць негатыўныя падзеі. Для гэтага прыйдзецца звярнуцца да такой крайняй меры, як прымусовая шпіталізацыя.

Шпіталізацыі папярэднічае прымусовы псіхіятрычны агляд. Ён выконваецца дзяржаўным псіханеўралагічным дыспансерам, псіхіятрычнай бальніцай па месцы жыхарства.

Для пачатку падаецца адпаведная заява. Кола асоб, што маюць права падаць яе, заканадаўствам не абмежаванае. Такім чынам, гэта могуць быць не толькі сваякі і службовыя асобы (лекар(ка), пракурор і г.д.), але і любы грамадзянін, які валодае звесткамі пра дзеянні, што даюць падставы меркаваць пра наяўнасць псіхічнага расстройства.

У заяве варта прывесці сведчанне пра адмову ад звароту да псіхіятра (самой(га) пацыенткі(а) ці законнай(га) прадстаўніцы(ка)), а таксама падрабязныя звесткі, якія абгрунтоўваюць неабходнасць агляду. Такімі, у прыватнасці, лічацца:

  • непасрэдная небяспека для сябе і навакольных (чалавек б'ецца, выкідваецца з акна, спрабуе скончыць жыццё самагубствам або напасці на каго-небудзь);
  • няздольнасць самастойна задавальняць асноўныя жыццёвыя запатрабаванні: есці, піць, утрымліваць сябе і жыллё ў чысціні, набываць прадукты харчавання і т.д. (часцей за ўсё гэта датычыцца людзей у сталым узросце);
  • магчымасць прычыніць істотную шкоду свайму здароўю з прычыны пагаршэння стану псіхікі (напрыклад, адмова ад ежы).

Ухіленне ад лячэння мяркуецца як адмова ад добраахвотнай шпіталізацыі ў стацыянар альбо невыкананне ўрачэбных прадпісанняў, калі псіхіятрычная дапамога даецца ўжо ў бальніцы.

Спецыяліст(к)амі арганізацыі аховы здароўя выконваецца дакладная праверка дадзеных у заяве. Таксама яны пісьмова паведамляюць пацыента(ку) пра тое, што разглядаецца пытанне аб яе (яго) аглядзе, і прапануюць прайсці яго добраахвотна.

Варта заўважыць, што ў выпадку, калі вы валодаеце дакладнымі звесткамі пра непасрэдную небяспеку чалавека для сябе і (ці) блізкіх, дазваляецца звярнуцца асабіста да псіхіятра без падачы пісьмовай заявы. У гэтым выпадку заключэнне аб неабходнасці агляду выносіцца ўрачом неадкладна, пра што робіцца запіс у медыцынскіх дакументах.

Увага! За падачу заведама фальшывай заявы заканадаўствам прадугледжваецца прыцягненне да адказнасці.

На працягу 3 дзён з моманту падачы заявы камісія выносіць заключэнне аб неабходнасці прымусовага агляду і накіроўвае яго ў пракуратуру па месцы жыхарства магчымага(ай) пацыента(кі) для атрымання санкцыі.

У выпадку, калі інфармацыя з заявы не пацвердзілася, камісія альбо псіхіятр выносяць заключэнне аб адсутнасці неабходнасці агляду і паведамляюць пра гэта заяўніцы(ку) ў пісьмовай форме з указаннем матываў.

Калі заключэнне аб неабходнасці прымусовай шпіталізацыі і лячэння ўсё ж выносіцца, стацыянар падае ў суд заяву аб гэтым. Заява разглядаецца судом на працягу 5 дзён з дня яе паступлення. У судовым паседжанні ўдзельнічаюць прадстаўнік(ца) псіхіятрычнай арганізацыі, пракурор, пацыент(ка). Калі ўдзел апошняй(га) у паседжанні немагчымы па стане здароўя, выклікаюцца законныя прадстаўнікі, і працэс вядзецца ў яе (яго) адсутнасці.

Па выніках разгляду заявы суддзя выносіць рашэнне, якім задавальняе або адхіляе яе. Задаволеная заява становіцца падставай для прымусовай шпіталізацыі і лячэння.

Пацыент(ка) будзе знаходзіцца ў стацыянары да акрыяння альбо значнага ўстойлівага паляпшэння стану псіхічнага здароўя, пры якіх не патрабуецца далейшае аказанне псіхіятрычнай дапамогі ў бальнічных умовах.

Незаконнае ўтрыманне ў стацыянары

Незаконнае змяшчэнне і ўтрыманне ў псіхіятрычным стацыянары мае месца ў тых выпадках, калі:

  • шпіталізацыя праводзілася без згоды асобы ці яе законнага(й) прадстаўніка(цы) або такая згода была атрымана шляхам падману, шантажу, пагроз;
  • адсутнічалі медыцынскія і юрыдычныя падставы для прымусовай шпіталізацыі;
  • мела месца неабгрунтаванае падаўжэнне прымусовай шпіталізацыі і лячэння;
  • пацыенту(цы), які (якая) паступіў(ла) ў псіхіятрычны стацыянар добраахвотна, неабгрунтавана адмовілі ў выпісцы.

За змяшчэнне ў стацыянар заведама псіхічна здаровай асобы альбо незаконнае ўтрыманне яго (яе) там, а таксама за тыя ж дзеянні, што прывялі па неасцярожнасці дя цяжкіх наступстваў, прадугледжана крымінальная адказнасць.

А што за мяжой?

У краінах Еўропы псіхіятрычная дапамога выклікаецца як звычайная, па агульным тэлефоне 112. Практычна ўсюды яна аказваецца бясплатна.

Безумоўна, пацыент(ка) ўсюды можа разлічваць на гуманнае, паважлівае стаўленне, захаванне ўсіх правоў і свабод, строгае выкананне медыцынскіх пратаколаў. Але калі ў чалавека побач з вамі пачнецца абвастрэнне (што ўжо само па сабе стрэс для навакольных), а вы знаходзіцеся ў чужой краіне, не ведаеце мовы і да т.п. - сітуацыя можа стаць крытычнай.

Таксама адзначым, што ў любой краіне дапускаецца прымусовая шпіталізацыя ў стацыянар, хаця для гэтага павінны быць вельмі важкія падставы.

Таму лепш не чакаць крызісу, а адразу па прыездзе пракансультавацца ў псіхіятра, хаця б у звычайным медыцынскім цэнтры - ён пацвердзіць дыягназ і падкажа, як дзейнічаць далей.

Ніжэй прыводзяцца спасылкі на рускамоўных спецыялістаў у Літве, Польшчы, Германіі, Чэхіі, а таксама на сайт з гайдам па псіхіятрычных клініках свету (трэба толькі выбраць краіну).

Псіхолаг анлайн у Літве
Медыцынскія цэнтры «Твой лекар» у Варшаве, Познані, Вроцлаве, Кракаве
Рускамоўны псіхіятр у Варшаве
Пошук рускамоўных псіхіятраў па гарадах Нямеччыны (у вакне “Нямеччына” абраць ваш горад) 
Рускамоўны псіхіятр у Празе
Гайд па псіхіятрычных клініках свету

Нарматыўна-прававая база:

  • арт. 4, 6–8, 14–21, 29, 36, 38 і 39 Закона ад 07.01.2012 г. № 349-З "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі";
  • пп. 3, 51 , 52 , 12–14, 16 і 18 Інструкцыі аб парадку аказання хуткай псіхіятрычнай дапамогі, зацверджанай пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 15.08.2012 г. № 126;
  • радз. 41 Метадычных рэкамендацый па прымусовым псіхіятрычным аглядзе і прымусовай шпіталізацыі грамадзян у псіхіятрычны стацыянар, зацверджаных загадам Міністэрства аховы здароўя ад 17.06.2019 г. № 740;
  • п. 31 Міжгаліновых правілаў па ахове працы для арганізацый, што аказваюць псіхіятрычную дапамогу асобам, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы (захворванні), зацверджаных пастановай Міністэрства працы і Міністэрства аховы здароўя ад 23.03.2015 г. № 19/28;
  • прынцып 4 Прынцыпаў абароны псіхічна хворых асоб і паляпшэнні псіхіятрычнай дапамогі, зацверджаных рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 17 снежня 1991 г. № 46/119;
  • арт. 391 і 392 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса;
  • арт. 184 Крымінальнага кодэкса.

Чытайце таксама:

 

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...